Працуюць усе, вучацца — па жаданні
У «Воўчых Норах» знаходзяцца тыя, хто асуджаны ўпершыню. Спачатку мужчыны трапляюць на каранцін — у асобны блок. Тут яны жывуць да двух тыдняў: рыхтуюцца да адбывання пакарання, прывыкаюць да распарадку дня.
Цяпер на каранціне чалавек пятнаццаць. У шэра-чорнай аднолькавай форме, усе выстраіліся ў прагулачным дворыку.
— Ёсць тыя, каму яшчэ 18?
Дзве рукі.
Пра тое, як шмат тут маладых, не думаць немагчыма. У кладоўцы, дзе захоўваюцца асабістыя рэчы зняволеных, чытаеш ярлыкі, наклееныя на сумках: 1992 год нараджэння, 1995-ы…
— Цяпер у калоніі пад тысячу асуджаных. Прыкладна 60 з іх — да 20 гадоў, 660 — ад 20 да 30, — прыводзіць статыстыку начальнік папраўчай калоніі №22 Андрэй КВАШЭВІЧ.
Усе асуджаныя працуюць — на тэрыторыі змяшчаецца філіял дзяржаўнага прадпрыемства, якое вырабляе мэблю з масіву. Заробкі розныя. У кагосьці 15 рублёў у месяц (столькі каштуе некваліфікаваная праца), у кагосьці — 100. Дзесяць працэнтаў гэтай сумы зняволеным пакідаюць на паход у краму (яна знаходзіцца тут жа), з астатніх можа вылічвацца матэрыяльная і маральная кампенсацыя пацярпелым, выдаткі на ўтрыманне ў калоніі. Месяц утрымання абыходзіцца прыкладна ў 100 рублёў.
— Але ж заробку асуджанага не хапае на гэта. Хто тады кампенсуе, сям’я?
— Не, ніякіх грошай з родных не спаганяецца. Утрыманне аплачваецца дзяржавай, — тлумачыць Андрэй Квашэвіч.
Некаторыя ў калоніі атрымліваюць адукацыю. Так, 20 чалавек дыстанцыйна вучацца ва ўніверсітэце (даступны такія профілі, як менеджмент, маркетынг, эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве, транспартная лагістыка). Тры групы асвойваюць рабочыя спецыяльнасці — сталяр-станочнік, кравец, газаэлектразваршчык.
Краты ў кабінетах і найлепшая сталовая
Ідзём глядзець медыцынскую часць на тэрыторыі калоніі. Тут ёсць стаматалагічны кабінет, кабінет псіхіятра-нарколага, невялікі стацыянар. — Фінансаванне на лекавыя прэпараты ў нас дастатковае, — расказвае начальнік медчасці Дзмітрый ЦЯСЛЮК. — З якімі хваробамі часцей звяртаюцца? Цяпер у 60 працэнтаў пацыентаў звычайныя ВРВІ, нават не грып.
У медчасці, дарэчы, працуюць не толькі мужчыны. Ёсць сярод урачоў і некалькі жанчын. Дзеля бяспекі ў кабінетах, дзе яны вядуць прыём пацыентаў сам-насам, усталяваны краты.
У сталовай тым часам гатуюць абед. На першае — суп, на другое — бульбяная бабка з фаршам. Хлеб «цаглінка» — з пякарні пятай калоніі.
— Сярод арыштантаў кажуць, што ў 22-й калоніі самая лепшая сталовая, — заўважае кухар Юрый.
Юрый і яшчэ некалькі асуджаных дапамагаюць на кухні з гатаваннем. Пра сябе юнак расказвае няшмат. Прафесію кухара атрымаў яшчэ на волі. Чаму апынуўся тут? «Памылка маладосці», — тлумачыць сцісла. За гэтую памылку хлопцу далі восем гадоў. Кажа, ужо крыху адсядзець засталося.
— Тут бібліятэка ёсць, чытаем. На волі столькі часу на гэта не было, — шукае Юрый суцяшальныя плюсы ў новым жыцці.
Некалькі лічбаў. З тысячы асуджаных, што знаходзяцца ў калоніі, каля 600 атрымалі тэрмін ад пяці да дзесяці гадоў, 290 — ад 10 да 15, 17 чалавек — ад 15 да 20. Выйсці раней можна.
— Асуджаны павінен адбыць палову тэрміну, каб яму замянілі пакаранне на больш мяккае, ці тры чвэрці, каб мець права на ўмоўна датэрміновае вызваленне, — адзначае Андрэй Квашэвіч і апісвае, як вырашаецца гэта пытанне ў кожным канкрэтным выпадку:
— Збіраецца камісія, чытае характарыстыку асуджанага, глядзіць, якія ў яго сацыяльныя сувязі, ці гатовы ён весці на волі нармальны лад жыцця. Важна, каб чалавек прызнаў віну і пагасіў іск.
З пачатку года толькі двум зняволеным «Воўчых Нор» замянілі пакаранне на больш мяккае.
Не вінаваты я…
«Мне 35 гадоў, і тут я лічуся старым», — сумна ўсміхаецца Сяргей. «На зоне» ён амаль чатыры гады. Сядзіць за спайсы. Як і 75 працэнтаў асуджаных.
— Калі сцісла, то дапамог прыяцелю купіць наркотыкі. Прыяцель не папаўся, гуляе… Я дасканала памятаю, да секунды, як трапіў сюды. Самыя цяжкія ўспаміны — калі ты яшчэ дома: дзіця ў цёшчы на руках, жонка плача…
Дзяцей у Сяргея двое — 5 і 10 гадоў. «Учора ў іх дзень нараджэння быў: сын і дачка з’явіліся ў адзін дзень з розніцаю ў пяць гадоў. Жонка прывозіць іх да мяне раз на год, каб не траўмаваць: калонія не тое месца, дзе дзецям варта бываць. А з жонкай я бачуся кожныя тры месяцы. Лісты ёй пішу, лічу, колькі дзён засталося да сустрэчы: толькі гэтым і жыву… Я яшчэ спяваю тут, іграю ролі ў тэатры».
Свой тэрмін Сяргей не агучвае, але лічыць, што пакаранне вельмі строгае. На яго думку, двух гадоў на зоне цалкам дастаткова, каб усё зразумець.
— А ёсць сярод асуджаных тыя, хто лічыць сябе вінаватым?
— Такіх мала.
Але мужчына не адмаўляе: на здароўі моладзі, якая гоніцца за модай і ўжывае спайсы, многія зарабляюць.
Мінчаніну Максіму 23. У калонію яго адправілі разам з братам.
— Нам патрэбны былі грошы, дзесяць тысяч долараў, — пачынае сваю гісторыю юнак. — Мне — на аперацыю, выдаліць дабраякасную пухліну, брату — на лячэнне жонкі. Яе ўкусіў энцэфалітны клешч. Пакуль зразумелі, што здарылася, яе стан сур’ёзна пагоршыўся.
Праз інтэрнэт хлопцы знайшлі «работу» — рабіць «закладкі». Хто пастаўляў той спайс, не ведаюць, іх задачай было перакладваць фасаваныя дозы ў іншыя месцы. Займаліся гэтым пару месяцаў. Калі пытаемся, ці шмат зарабілі, Максім пазбягае адказу.
— У 2015 годзе я паступіў сюды. Мы з братам выходзілі з пад’езда дома, і нас затрымалі, — успамінае хлопец.
Братам далі па 14 гадоў пазбаўлення волі. Цікавімся ў Максіма, як ён ставіцца да таго, што асуджаныя за наркотыкі сядзяць у адной калоніі. «З аднаго боку, гэта добра. Мы ізаляваны ад гвалтаўнікоў, — разважае юнак. — З іншага, пастаянна чуць размовы пра наркотыкі ўжо немагчыма».
Сам хлопец, да таго як трапіць у «Воўчыя Норы», вёў нармальны лад жыцця. Займаўся спортам, вучыўся ў двух універсітэтах — на дзённым і завочным аддзяленнях. У БНТУ Максім атрымліваў спецыяльнасць інжынера, у БДУ асвойваў знешнеэканамічную дзейнасць. Менш за год заставалася, каб атрымаць дыпломы. Цяпер дыстанцыйна вучыцца ў калоніі.
— Думаю, цяпер зрабіў бы інакш, — вяртаецца юнак да сітуацыі, якая прывяла яго на зону. — Узяў бы крэдыт, прадаў бы што-небудзь. Але чамусьці ў той момант мы з братам вырашылі, што так дастаць грошы будзе хутчэй.
— Чаго ў калоніі не хапае больш за ўсё?
— Родных і блізкіх…
— Ведаеце, я ўжо 15 гадоў працую з асуджанымі, — дзеліцца начальнік калоніі, калі накіроўваемся да выхаду. — Чую іх гісторыі, стараюся зразумець. А потым гляджу прысуд — і там усё зусім у іншым колеры…
Вакансии разных профессий свободны во многих польских городах. Кого же работодатели? Представляем список вакансий и…
В Кремле и Госдуме отрицают планы по блокировке видеохостинга YouTube в России. А пользователи винят…
Посол Беларуси в России Дмитрий Крутой предложил наказывать предприятия, которые отстают от плановых темпов роста…
Национальный банк поделился информацией об объеме денег в беларуской экономике. Широкая денежная масса за февраль…
Практически одновременно Национальный статистический комитет Беларуси (Белстат) и Евростат представили данные опросов о доверии к…
Министр образования Андрей Иванец заявил, что требования к распределению выпускников-платников останутся прежними То есть пока…
View Comments
Хорошая познавательная статья. Жалко людей, но вот реально показано, к чему приводят наркотики.