Пасля 10 месяцаў ціндараўскага жыцця я вырашыла падзяліцца сваім досведам, бо за гэты час пазбавілася ад дэпрэсіі, вывучыла англійскую мову і, галоўнае, знайшла шмат сяброў.
Пошукі спадарожніка маглі быць значна карацейшымі, але і менш цікавымі, калі б я была звычайнай рускамоўнай дзяўчынай. Кажуць, хапае некалькіх тыдняў, каб знайсці сабе пару праз модны дадатак. Мне спяшацца не было куды, хацелася правесці эксперымент — знайсці чалавека, блізкага па поглядах, якога не будзе пужаць беларуская мова.
Калі нам было па 20 гадоў, у нас былі ўніверсітэт, кампанія, дыскатэка, грамадскі транспарт і лёгкасць. Калі нам 40 — у нас праца, семінары, камандзіроўкі, зноў праца, дзеці і боязь пачаць размову з незнаёмым чалавекам. Вы на вуліцы даўно знаёміліся? Са мной гэта здарылася ў гэтым месяцы першы раз за апошнія 15 год, і мне не спадабалася.
Іншая справа — сайты знаёмстваў. Тут можна і фота лепшае абраць, і ўзрост знізіць, і маску паводзін апрануць, ну і, галоўнае, — быць смелым у камунікацыях. І, паверце, Ціндар — найлепшае, што ёсць на сёння. Ён хіба найбольш «інтэлігентны», калі параўноўваць з Мамбу, Будабу, Раманцік і МэйлРу [нічога не спрабавала, але асуджаю].
Ціндар — гэта мабільны дадатак. Ён сябруе з фэйсбукам, таму пры рэгістрацыі аўтаматычна возьме адтуль ваша імя і ўзрост. Ціндар будзе паказваць вам агульных сяброў і групы, што адпавядаюць вашым цікаўнасцям. Яшчэ адна зручнасць — аўтаматычнае вызначэнне адлегласці да суразмоўцы. Праўда, калі чалавек карыстаецца платным акаўнтам, ён можа змяняць узрост і вар’іраваць кіламетражом. Гэта зручна, калі вы, напрыклад, плануеце паездку ў іншы горад і загадзя шукаеце сабе кампанію. Таксама платнікам прапаноўваецца бясконцая колькасць анкет, бясплатнікам — каля 20 на дзень.
Запаўняем анкету: выстаўляем не больш за шэсць фота і пішам рэзюмэ. Галоўны здымак — той, што павінен зачапіць у першую секунду. Інакш — навечна налева, бо там жа мільёны канкурэнтаў! Не менш важнае апісанне — гэта своеасаблівы фільтр, які пазбавіць вас ад смецця на 80% і адных і тых жа пытанняў. Адразу запісвайце мовы, якімі валодаеце — рэсурс міжнародны. Хоць вы і пазначаеце свой горад, Ціндар усё роўна будзе прапаноўваць усю планету.
Карацей, я прыйшла на Ціндар шукаць беларуса. У Мінску дадаткам карыстаецца шмат народу, і я была ўпэўнена, што мяне, такую прыгожую і разумную, хутка знойдзе такі ж разумны, не абавязкова прыгожы, але сапраўдны беларус.
Канечне, я не афіцыйная статыстыка і не ведаю пра тых, каму да 35, — мая ўзроставая катэгорыя вышэй. Тым не менш смела заяўляю: 80% нашых мужчын каля 40 гадоў жанатыя і праз дадатак шукаюць толькі сэкс. Наладзіць стасункі з жонкай ім лянота, ісці да псіхолагаў — дорага і бессэнсоўна, а шукаць на працы — рызыкоўна. Сарафаннае радыё заносіць іх на Ціндар.
Распазнаць такіх мужчын проста. Большасць з іх баяцца засвяціць свае твары, таму на фота будзе гарызонт, коцік, сабачка, цёмныя акуляры, машына звонку, машына знутры, кветачка ці траўка. Іншыя выкарыстоўваюць праўдзівае фота, на якім добра бачны заручальны пярсцёнак. Я сустракала шмат профіляў, дзе адкрыта ўказвалася мэта пошуку сяброўкі: «жанаты», «жанаты, двое дзяцей, шмат хобі, шукаю дзяўчыну для лёгкіх зносін. Сумленны».
Са мной рэдка пачыналі дыялог мужчыны гэтай катэгорыі [дзякуй майму добра запоўненаму профілю!]. Ды і ўжо праз пару месяцаў я адразу задавала пытанне пра сямейны стан. «Прабачце, вы жанатыя?» — «Вядома!» — упэўнена адказвалі яны.
Гэта яшчэ адна вялікая група.
Мужчына, можа, нават і нежанаты, які шукае лёгкіх адносін ці прыемнай перапіскі, наважваецца першым зрабіць крок і піша: «Привет». А яму ў адказ як гром сярод яснага неба: «Прывітанне». І вось гэтае «прывітанне» — усяго адно слова, звычайная ветлівасць — дзейнічае на некаторых як чырвоная ануча на быка. Двойчы мне пісалі: «Ой, бл*, только не это».
Больш ветлівыя прасілі перайсці на «велікій і могучій». Іншыя тут жа выдалялі мяне альбо знікалі.
З часам у мяне сталі з’яўляцца фанаты, якія па 20 гадоў не чулі беларускай мовы. Адны пісалі на жудаснай трасянцы, іншыя звярталіся на «вы», для кагосьці беларуская мова была натуральнай, хоць самі яны ёю не карысталіся, але я адчувала праз экран тэлефону, як у іх свецяцца вочы, як ім хочацца дзяліцца сваімі думкамі. Яны надалі мне аптымізму.
Але ў гэтай групе беларусаў [калі яны не прасякаліся з першай], часта ўзнікала іншая праблема.
Беларусы — людзі сціплыя. Калі і спадабалася дзяўчына, то запрасіць яе на каву і абмеркаваць тыя ж пытанні пры сустрэчы, а заадно і пазнаёміцца бліжэй — божа ж ты мой, як страшна!
Пасля двух тыдняў цікавай насычанай перапіскі з адукаваным чалавекам запрашаю яго прагуляцца ўвечары. Адказ: «Я баюся жанчын з дзецьмі. Я сваіх хачу».
Менавіта «баюся», пры тым, што наяўнасць дзіцяці пазначана ў маім профілі. Ды і жаніцца я яго не клікала, і не намякала нават, так, сціпла на «вы» камунікавалі.
Праз месяц перапіскі нарэшце запрашае на шпацыр. Аказваецца, я трэцяя, з кім ён перапісваецца за апошнія пяць год, і першая, каго ён бачыць з Ціндару. Навошта там сядзіць? Проста глядзіць фотакарткі.
Іншая крайнасць — таксама тыповы пікап па-беларуску:
— Привет (без клічніка, без смайліка)
— Прывітанне! (мой стандартны фільтр №1)
— Встретимся? (О, не напужаўся! І так адразу?)
— Навошта? (фільтр №2)
— Для сэксу.
— Мне падабаецца твой профіль, і мова, і ты — давай сходзім у пятніцу на каву. …О, ты любіш арт-хауснае кіно? Прабач, не, ты мне не падыходзіш.
Падсумоўваючы, я б сказала, што адукаваныя і цікавыя беларускія мужчыны на Ціндары ёсць, але яны сціплыя, баяцца рызыкаваць у наладжванні новых стасункаў, шмат працуюць і маюць мала часу для сустрэч. Адным словам — пасіўныя.
Амаль усе яны маюць запоўненыя профілі, і іх цікава чытаць. Разведзеныя ці без афіцыйных былых шлюбаў, замежныя мужчыны ўказваюць наяўнасць дзяцей. Нават калі ім ужо па 18 год.
Замежнікі любяць камунікаваць — апроч агульных інтарэсаў, усім цікава даведацца больш пра Беларусь. Хто чытаў пра дыктатуру, хто бачыў па тэлебачанні «маршы недармаедаў», але амаль усе ведаюць пра пяцідзённы бязвізавы рэжым, таму пытаюцца пра сэрвіс у гатэлях, веданне англійскай мовы і экскурсіі.
Як я ўжо пісала напачатку, большасць людзей ва ўзросце каля 40 год разведзеныя. Гэта аб’ядноўвае. Наш чалавек на пытанне пра прычыну разводу скажа штосьці цьмянае: не сышліся характарамі. Замежнік адкажа разгорнута і будзе доўга задаваць пытанні і спрабаваць разгадаць нашу псіхалогію.
Некалі я пашкадавала грошаў на псіхолага, але цяпер праз гэтыя размовы знайшла адказы на большасць сваіх пытанняў датычна прычыны майго разводу. І галоўнае з іх — моўнае. Калі мы стваралі беларускамоўную сям’ю, думалі, што атрымалі пажыццёвую гарантыю стасункаў, бо мова і культура нас яднала. Але развяліся, бо перасталі размаўляць.
На Ціндары я навучылася не вешаць маркеры. Вядома, я над сабой яшчэ працую, але цешуся, калі бачу вынік. Узяць, напрыклад, стэрэатыпы, звязаныя з нацыянальнасцю: англічане — аўсянка, немцы — парадак, французы — каханне, італьянцы — халерыкі, фіны — флегматыкі. Але мы не ўлічваем міжнародныя шлюбы і адсутнасць межаў у Еўропе.
Сёння больш сэнсу ў пытанні пра рэлігійнасць, чым пра нацыянальнасць. На Ціндары палова «брытанцаў» — гэта індусы. Альбо вось яшчэ тыповы адказ пра нацыянальнасць: «Мой бацька — турак, маці — балгарка, я нарадзіўся і вырас у Бельгіі, але апошнія пяць гадоў жыву ў Дубаі, нерэлігійны — хто я? Чалавек свету».
Выглядае, што 80% карыстальнікаў Ціндара — туркі. Адразу скажу: я не ведаю, што за праграма вызначае, жыхароў якой краіны паказваць, але на першым узроўні гэта будуць туркі, а недзе на 80-м узроўні — швейцарцы, бельгійцы, шведы і гэтак далей.
Першы турак, які мне напісаў, адразу запытаўся, ці ёсць у мяне стэрэатыпы наконт «турэцкага хлопца». А я якраз ніколі ў жыцці турка не бачыла, дай, думаю, паразважаю з ім на гэты конт.
З яго слоў я даведалася, што 95% туркаў — мусульмане і могуць жаніцца толькі на сваіх. Маюць слабасць да славянскіх жанчын нават не столькі праз знешнасць, колькі праз непатрабавальнасць — выходзіць замуж яны вялікага жадання не маюць. А вось правесці некалькі дзён на моры з мужчынам у рэжыме «ўсё ўключана» беларускі, абдзеленыя ўвагай на радзіме, пагаджаюцца лёгка.
Таму ў турэцкіх мужчын ужо сфарміраваўся стэрэатып «беларуская дзяўчына», які за апошнія гады стаў такім жа папулярным, як «руская дзяўчына» ці «ўкраінская дзяўчына». Туркі не губляюць час на лішнія размовы пра культуру і палітыку, іх англійская абмяжоўваецца фразамі кшталту «якая прыгожая і сэксі», пасля чаго адразу прыходзіць запрашэнне на ўік-энд у Стамбул. Я такіх запрашэнняў атрымала некалькі дзясяткаў.
Стэрэатыпу наконт турэцкіх мужчын у мяне не склалася. Усе розныя. Ёсць тыя, хто атрымалі еўрапейскую адукацыю і любяць паразважаць пра нашых прэзідэнтаў, ёсць тыя, якія шукаюць сур’ёзных стасункаў з перспектывай шлюбу.
Першым мужчынам, які напісаў мне па-беларуску, быў не толькі не беларус, а замежнік, які ні разу не быў у Беларусі.
Толькі на трэці дзень я даведалася, што сам ён з Ісландыі, але цікавіцца славянскімі мовамі і цяпер (пасля польскай і харвацкай) вывучае беларускую. Навошта? Я і сама да канца не зразумела — маўляў, цікава. Гэтым летам ён планаваў наведаць нашу краіну, нават зарэзерваваў гатэль. Але пачаўшы адпачынак з Польшчы і Харватыі, ісландзец спачатку скараціў свой візіт у Беларусь да бязвізавых пяці дзён, а потым і ўвогуле адклаў яго да лепшых часоў, калі «Белавія» знізіць кошты на пералёты. Ісландзец таксама папрасіў даслаць яму якую-небудзь кнігу са сваёй бібліятэкі — я выбрала казкі.
Вось хто сапраўдныя прыхільнікі беларускай мовы — дык гэта ўкраінцы, літоўцы і палякі. Я пісала па-беларуску, а яны самі перакладалі і нават адказвалі на мове, каб дагадзіць. Большасць здзіўляліся, што мова ў нас ёсць, і радаваліся, што прыгожыя беларускі карыстаюцца ёй кожны дзень.
Пазнаёміліся з палякам, дамовіліся стэлефанавацца. Я хацела размаўляць па-польску, бо валодаю ёй не горш за англійскую. Але аказалася, што паляк размаўляе па-беларуску лепш, чым я па-польску. «Дзе ты мог яе вывучыць, калі тут ні разу не быў?» — «Гляджу ваша тэлебачанне. Адно толькі мне было незразумела: беларускай у вас валодаюць толькі дыктары, а ўсе іх суразмоўцы заўсёды адказваюць па-руску».
Ніхто з жыхароў каўказскіх краін ні разу не абразіў нашу мову. Часта адразу пісалі па-англійску, не па-руску. Хто ні разу не быў у Беларусі, нават не здагадваліся, наколькі ў нас жудасная сітуацыя з нацыянальнай мовай, і што я на Ціндары, магчыма, адзіная, хто яе папулярызуе.
Быў і яшчэ адзін цікавы выпадак. З раніцы прыходзіць стандартнае вітанне: «Прівет». Пасля майго стандартнага «прывітанне» суразмоўца не выдаліўся, але і не стаў распытвацца пра мову. Дзень перапісваліся пра жыццё ды пра рамонты, а пасля ён запрасіў мяне на каву, пры гэтым некаторыя словы ўжо пісаў па-беларуску. Пачынаем дамаўляцца пра месца і высвятляецца, што ён не мясцовы, нават не ведае, дзе плошча Незалежнасці. «Не мінчанін?» — «Москвіч. Был у вас тут лет 12 назад, нічего не помню». Пайшла паказваць яму горад і адразу запыталася, чаму не папрасіў мяне перайсці на рускую. Яго адказ узрадаваў бы любога беларуса: «Па-першае, большасць зразумела. Па-другое, ёсць перакладчыкі. Але галоўнае — гэта ж я да вас прыехаў, а не вы да нас, я не магу тут камандаваць, на якой мове вам размаўляць».
Вядома, любыя знаёмствы — гэта рызыка. Анлайн-знаёмствы — двайная рызыка. Натрапіла на махляра і я.
Як яго распазнаць? Ён ідэальны. Нават не разведзены — удавец. Фінансава забяспечаны, дзеці вучацца ў прэстыжных універсітэтах, ёсць свой вялікі дом, у якім сумна, таму жадае як найхутчэй ажаніцца. Гатовы забяспечваць і жанчыну, і ўсіх яе дзяцей, і сваякоў, і шмат вандраваць — толькі выбірай куды і калі. Ён ігнаруе нязручныя пытанні пра сваё жыццё і ў яго неідэальная англійская.
Як махляр зарабляе? У апошні момант перад паездкай павінен здарыцца нейкі інцыдэнт. Ён папросіць пазычыць грошы на квіткі і будзе абяцаць вярнуць усё пры сустрэчы. Потым ён знікне і высветліцца, што ўсе кантакты і старонка на фэйсбуку — фэйк.
Схема працуе і з жанчынамі, і з мужчынамі. Адзін замежнік распавёў мне слова ў слова гісторыю пра беларускую жанчыну, якая настойвала на асабістым знаёмстве недзе на моры, але потым у яе захварэла дзіця. Менавіта яе старонка ў фэйсбуку дапамагла мужчыне распазнаць прафесіяналку па выцягванні грошаў.
Насамрэч, асабістая старонка ў сацсетках распавядзе пра чалавека больш, чым ён сам пра сябе ведае. Вось пазнаёмілася я з італьянцам, і столькі ў нас агульных хобі і тэм для размоў, што ён ужо пачынае планаваць свой летні адпачынак у Беларусі. Абменьваемся сваімі старонкамі, і што я там бачу? Дыфірамбы спадару Пуціну. Далейшыя нашы размовы ператварыліся ў лекцыі італьянца пра тое, што ў нас СМІ толькі прапаганду супраць Пуціна друкуюць, а ён, маўляў, шмат чытае, і таму павінен мне распавесці праўду. Вядома, да Беларусі ён гэтым летам не даехаў, а наша сяброўства скончылася.
Дзе я знайшла столькі часу на Ціндар? Насамрэч, вы ў сацсетках сядзіце больш. Я выставіла прыярытэты ў бок знаёмства з жывымі людзьмі, павышэння эрудыцыі і паляпшэння англійскай, таму Ціндар стаў для мяне карысным хобі.
Знаёмцеся, гэта не страшна. Чалавечыя стасункі — сапраўдная каштоўнасць.
Яна Русіна
Вакансии разных профессий свободны во многих польских городах. Кого же работодатели? Представляем список вакансий и…
В Кремле и Госдуме отрицают планы по блокировке видеохостинга YouTube в России. А пользователи винят…
Посол Беларуси в России Дмитрий Крутой предложил наказывать предприятия, которые отстают от плановых темпов роста…
Национальный банк поделился информацией об объеме денег в беларуской экономике. Широкая денежная масса за февраль…
Практически одновременно Национальный статистический комитет Беларуси (Белстат) и Евростат представили данные опросов о доверии к…
Министр образования Андрей Иванец заявил, что требования к распределению выпускников-платников останутся прежними То есть пока…