Места

Як 155 год таму сяляне за косы ўзяліся. Спіс паўстанцаў-землякоў

У сакавіку 1863 года ў Беларусі пачынаецца стварэнне мясцовых паўстанцкіх атрадаў, у якія ўваходзілі шляхта, чыноўнікі, студэнты, сяляне. Наш рэгіён быў месцам канцэнтрацыі паўстанцкіх аддзелаў. Тут дзейнічалі аб’яднаны Слонімскі атрад Ф.Юндзіла, пружанскі—Ф.Улодэка, ваўкавыскі—Млотака, наваградскі—В.Міладоўскага і іншыя.

РАМАН РАГІНСКІ

Яшчэ да лютага на тэрыторыю Беларусі пачалі пранікаць першыя паўстанцкія аддзелы з Польшчы. Адным з іх быў аддзел Рамана Рагінскага. Ужо 12 лютага ён, аб’яднаўшыся з атрадам С.Сангіна і Б.Рыльскага авалодаў мястэчкам Шарашова, дзе яны вельмі прыхільна былі сустрэтыя мясцовымі жыхарамі. Тут Рагінскі набыў адзенне і абутак для сваіх паўстанцаў, а таксама 6 пудоў пораху. 13 лютага 1863 г. на досвітку паўстанцы без усялякага супраціўлення захапілі павятовы горад Пружаны. Тут, у горадзе яны знайшлі каля 200 карабінаў, у казначэйстве забралі 10 тыс. рублёў і з Пружан рушылі углыб Палесся, маючы намер узняць на паўстанне мясцовых сялян.

Раман Рагінскі

25-26 лютага каля вёскі Боркі (сёння Ганцавіцкі раён) паўстанцы Рагінскага сутыкнуліся з атрадам царскіх карнікаў пад камандаваннем Альбертава, які складаўся з трох рот пяхоты і сотні казакоў. Са звыклай адвагай Рагінскі пайшоў на няроўны бой і быў разбіты.

3 сакавіка 1863 года Рагінскага злавілі каля Турава ў маёнтку шляхціца Млынскага. Ён быў арыштаваны і дастаўлены ў Брэст, а затым у варшаўскую вязніцу.

Дарэчы, калі Рагінскага прывезлі ў Брэст на апазнанне, то ў горад былі ўведзеныя дадатковыя войскі, каб прадухіліць магчымыя хваляванні.

 ФРАНЦІШАК ЮНДЗІЛ

У падрыхтоўцы паўстання і яго правядзенні актыўна ўдзельнічаў Францішак Юндзіл, уладальнік маёнтка Югалін (сёння Івацэвіцкі раён). Кастусь Каліноўскі даручыў яму весці падрыхтоўку паўстання ў Слонімскім павеце. Са сваіх грошай Юндзіл здаў у касу паўстання 3000 рублёў срэбрам. Калі пачалося паўстанне, Юндзіл стварыў атрад, які дзейнічаў у раёне Дабромысля і Югаліна.

Кастусь Каліноўскі

20 мая 1863 года ў атрадзе Юндзіла з інспекцыяй пабываў Кастусь Каліноўскі. Атрад Юндзіла прымаў удзел у бітве з расійскімі карнікамі каля Мілавідаў. Пасля паражэння паўстання Францішак Юндзіл эміграваў у Францыю, дзе і памёр у лютым 1865 г.

ФЕЛІКС УЛОДЭК

У Пружанскім павеце дзеяннямі атрада касінераў кіраваў шляхціц Фелікс Улодэк (ён жа Самуха, Здзяхоўскі), які меў маёнткі Кабакі ў Пружанскім павеце (сёння Бярозаўскі раён) і Матыкалы ў Брэсцкім (пасля падаўлення паўстання яны былі канфіскаваныя).

Гэты атрад сфарміраваўся 20 красавіка 1863 года “каля карчмы Пінак Пружанскага павета”. Неўзабаве ён налічваў каля 300 чалавек. Атрад дзейнічаў на тэрыторыі сённяшніх Пружанскага, Бярозаўскага, Іванаўскага раёнаў, удзельнічаў у бітве пад Мілавідамі (сёння Баранавіцкі раён) 22 мая 1863 года.

Адтуль паўстанцы Улодэка накіраваліся ў в. Пескі цяперашняга Бярозаўскага раёна, дзе 30 мая за некалькі кіламетраў ад Чорнага возера адбыўся бой з царскімі войскамі. Пасля гэтага атрад Улодэка адыйшоў у Пінскі павет.

ПАЎСТАНЦКІ МАНІФЕСТ

“17 мая ў 8 гадзін на дванаццаці паштовых тройках прыбылі ў вёску Любішчыцы ўзброеныя інсургенты (паўстанцы). Яны пачалі званіць, разаслалі конных збіраць па вёсках сялянаў у царкву…”

Такія словы рукою мясцовага святара былі запісаныя ў царкоўнай кнізе. Далей там адзначалася, што пасля таго, як сяляне сабраліся ў царкве, быў зачытаны дэкрэт паўстанцкага нацыянальнага ўрада  аб надзяленні сялянаў зямлёй і ўраўнанні іх у правах са шляхтай.

Начальнік штаба карных войскаў у Гарадзенскай губерні пісаў: “Каля вёскі Мілавіды ў маі сяляне цэлымі станамі бралі прысягу на вернасць мяцяжу”.

І сапрауды, у канцы мая 1863 года кіраўнік паўстанцкага атрада, заняўшы в. Дабромысль, сабраным у царкве членам воласці абвесціў маніфест паўстанцкага ўраду. Аб’яву гэтую зрабіў ён разам з тутэйшым праваслаўным святаром Хрыневічам. Затым сяляне пакляліся быць адданымі нацыянальнаму ўраду. Пад рашэннем падпісаліся начальнік слонімскага паўстанцкага аддзелу І. Лукашэвіч (верагодна, пахаваны на каталіцкіх могілках у Косаве), старшыня воласці Ян Лазарчук і сяляне Змітрук Шачэла і Тамаш Каневехта.

МІЛАВІДЫ

Капліца ў гонар паўстанцаў у Мілавідах
Помнік у Мілавідах

Да канца мая ў лясах блізу Мілавід былі згуртаваныя каля тысячы паўстанцаў пад агульным кіраўніцтвам палкоўніка Ляндэра (Аляксандра Лянкевіча).

22 мая адбылася бітва пад Мілавідамі. Супраць лагера паўстанцаў, узброеных стрэльбамі, пісталетамі і косамі, была выстаўлена рэгулярная армія ў складзе трох рот Стараінгерманландскага палка, артылерыі і казакоў. Камандаваў карнай аперацыяй палкоўнік А. Чартоў.

Паўстанцы нанеслі праціўніку неспадзяванае для яго паражэнне. У выніку, пасля бітвы Чартоў прасіў падмацавання і значна перавялічваў сілы паўстанцаў.

ШЫБЕЛЬНАЯ ГАРА

Крыж на Шыбельнай гары

Непадалек ад Івацэвічаў, па дарозе на Косава знаходзіцца  памятная мясціна, звязаная з паўстаннем — Шыбельная гара. Тут, у лесе, пасля паражэння паўстання царскія карнікі павесілі 20 інсургентаў. Тут жа яны былі і пахаваныя. Як распавядалі краязнаўцу Аляксандру Зайку івацэвіцкія старажылы, яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя на соснах на Шыбельнай гары з-пад кары былі бачныя ўрослыя ў дрэва іконкі. Так пасля паражэння паўстання мясцовыя жыхары ўшаноўвалі забітых тут змагароў. У памяць пра іх на гэтым месцы ў другой палове 1990-ых гадоў быў устаноўлены і асвячаны крыж.

ПОМНІК ПАЎСТАНЦАМ

Каля Косава знаходзяцца старыя каталіцкія могілкі, дзе з 1927 году стаіць крыж-помнік на магіле трох паўстанцаў. Адно з іх імёнаў невядомае, прозвішчы двух – Красінскі і Лукашэвіч. Цалкам верагодна, што гэты Лукашэвіч з’яўляецца кіраўніком слонімскага паўстанцкага атраду.

ІМЁНЫ ЗЕМЛЯКОЎ-ПАЎСТАНЦАЎ

Краязнавец Алесь Зайка, працуючы ў Гродзенскім дзяржаўным архіве, знайшоў “Імянны спіс мяшчан, якія адлучыліся з месц свайго жыхарства ў І стане Слонімскага павета” (фонд 1624, вопіс 2, справа 20. Пачата 9 верасня 1863 г.).

Станавы прыстаў (подпіс неразборлівы) склаў спіс тых людзей, якія пакінулі месца жыхарства (пасля некаторыя з іх вярнуліся да сваіх хат).

Няцяжка здагадацца, што гэта былі грамадзяне, якія прынялі ўдзел у паўстанні. Тых, хто вярнуўся ў родныя мясціны, арыштоўвалі і адпраўлялі ў слонімскую турму. Вось гэты спіс. Можа хто з жыхароў раёна даведаецца і пазнае ў іх сваіх продкаў. Тым больш, што сустракаюцца распаўсюджаныя ў Івацэвіцкім і суседніх раёнах прозвішчы.

Ігнат Лукоўскі, часоваабавязаны селянін Косаўскай воласці. 22 красавіка 1863 г. пакінуў Гуту (там знаходзіліся шклозавод і смалакурня памешчыка Пуслоўскага. Цяпер гэта месца ў Гута-Міхалінскай пушчы – А. З.). Вярнуўся 6 верасня 1863 года і адпраўлены ў Слонім.

Андрэй Рудзьман, адстаўны салдат. 19 лютага 1863 г. пакінуў маёнтак Пескі. Затрыманы і адпраўлены ў Кобрын.

Мікалай Рудзьман, часоваабавязаны селянін з Песак. Адлучыўся 19 лютага 1863 г. з м. Пескі. Затрыманы і адпраўлены ў Кобрын.

Міхаіл Паўшко, часоваабавязаны селянін Косаўскай воласці. Пакінуў Гуту 22 красавіка 1863 г.

Адам Кавалеўскі, жыхар Царства Польскага. Пакінуў Гуту 22 красавіка. Вярнуўся 6 верасня 1863 г. і адпраўлены ў Слонім.

Іван Мураўскі, жыхар Царства Польскага. Пакінуў Гуту 22 красавіка. Вярнуўся 6 верасня 1863 г. і адпраўлены ў Слонім.

Восіп Сяргейчык, селянін Косаўскай воласці. 22 красавіка пакінуў Гуту. Вярнуўся 10 верасня 1863 г., адпраўлены ў Слонім.

Міхал Барцінскі, жыхар Царства Польскага. 22 красавіка пакінуў Гуту. Вярнуўся 6 верасня 1863 г. і адпраўлены ў Слонім.

Ксаверы Карпінскі, вольны чалавек. 10 мая пакінуў Аўсто. Вярнуўся 6 верасня 1863 г., адпраўлены ў Слонім.

Казімір Ярошчык, селянін Косаўскай воласці. Пакінуў Косава 22 красавіка 1863 г.

Уладзіслаў Главацкі, шляхціц. Пакінуў Косава 10 мая 1863 г.

Аляксандр Гжацкі, селянін Кастровіцкай воласці. 16 мая пакінуў паштовую станцыю Заполле (цяпер Няхачава – А. З.). Вярнуўся 6 верасня 1863 г., адпраўлены ў Слонім.

Сцяпан Хоміч, селянін Дабромысленскай воласці. 16 мая пакінуў паштовую станцыю Заполле. Вярнуўся 4 верасня 1863 г., адпраўлены ў Слонім.

Аляксандр Еранчыкаў, вольны чалавек. 16 мая пакінуў паштовую станцыю Заполле. Вярнуўся 4 жніўня 1863 г.

Валерый Захаржэўскі, вольны чалавек. Пакінуў маёнтак Марачоўшчына 19 мая 1863 г.

Адам Герман, казённы селянін Жыровіцкай воласці. Пакінуў Гошчава 19 мая 1863 г.

Адольф Вольскі, шляхціц. 29 мая 1863 г. пакінуў ферму Булу.

Антон Глушэня, селянін Івацэвіцкай воласці. Пакінуў в. Руду 7 чэрвеня 1863 г.

Адольф Малахоўскі, вольны чалавек. 29 мая 1863 г. пакінуў маёнтак Харошчу.

Андрэй Бялевіч, казённы селянін з Пружанскага павета. 29 чэрвеня 1863 года пакінуў вёску Совін.

Сігізмунд Мушынскі, вучань Пінскай гімназіі. 8 жніўня 1863 г. пакінуў маёнтак Некрасаўшчыну.

Павел Хоміч, селянін Дабромысленскай воласці. Пакінуў в. Дабромысль 25 красавіка 1863 г.

View Comments

  • Лукоўскі, Паўшко, Сяргейчык, Глушэня - такіх прозвішаў шмат зараз у Івацэвічах

Recent Posts

Работодатели в Польше ищут сотрудников. Зарплаты от 1500 и больше 5 тысяч долларов

Вакансии разных профессий свободны во многих польских городах. Кого же работодатели? Представляем список вакансий и…

2 месяца ago

Клиенты стали разрывать договоры с операторами в регионах

В Кремле и Госдуме отрицают планы по блокировке видеохостинга YouTube в России. А пользователи винят…

3 месяца ago

Как изменились условия торговли для Беларуси на российском рынке

Посол Беларуси в России Дмитрий Крутой предложил наказывать предприятия, которые отстают от плановых темпов роста…

8 месяцев ago

Денег в экономике Беларуси за год стало больше

Национальный банк поделился информацией об объеме денег в беларуской экономике. Широкая денежная масса за февраль…

8 месяцев ago

Доверяют ли в Беларуси официальной статистике

Практически одновременно Национальный статистический комитет Беларуси (Белстат) и Евростат представили данные опросов о доверии к…

8 месяцев ago

Власти Беларуси передумали вносить изменения по распределению выпускников

Министр образования Андрей Иванец заявил, что требования к распределению выпускников-платников останутся прежними То есть пока…

8 месяцев ago