Як жылі, жаніліся, у Амерыку на заробкі ездзілі ды ад вайны ўцякалі: маналог касаўчанкі пра жыццё ў мінулым стагоддзі

12:52 27 апреля 2018
ОБСУДИТЬ
Гэты запіс зроблены ў далёкім 1996 годзе. Нарадзілася Марыя Аляксееўна ў вёсцы Заполле Івацэвіцкага раёна, замуж выйшла ў Косава, дажывала век у дачкі ў Ружанах. Не стала яе ў 2005 годзе. Пад час сустрэч ад саёй зямлячкі я запісаў амаль пяцьдзесят народных песень. Мела прыемны голас, светлую галаву, добрую душу. Яе лёс доўга хваляваў мяне, уражваў чалавечай мудрасцю. Марыя Аляксееўна, спраўджваючы вашу волю, пакуль што не называю ваша прозвішча. Але мне вельмі хочацца, каб пра вас ведалі іншыя людзі.

“Ой, Шурачка, не буду я табе ні спяваць даўнейшых песень, ні ўспамінаць пра даўнейшае, як ні прасі. Памятаеш, як на Сёмуху ты ў мяне быў? І наспявалася я тады, і наўспаміналася ўсяго-усяго. Паехоў ты ўжо надвячорком, а я павячэрала, лягла спаць, а заснуць не магу. Як пачала перабіраць у памяці, як маленькая была, як у дзявоцтва ўбіралася, як жыла пры тату і мамі, пры братах і сёстрах, ажно жаль некі ўзяў.

Як гэто хутко мінуласё. А жытка мая ўся перад вачыма стаіць.

Я табе не казала: бацько мой старым кавалером ажаніўся. Сям’я бацькава была велькая, але дружная. Самых двое і дзяцей шэсцяро: пяць сыноў і дачка Марылька. Дзеда Якава я кепско помню: маленькая была, як памёр, а бабу Тэклю добра  памятаю.   Дванаццаць мне было, як памярла, у 1934 годзі. Сівенькая такая,маленькая. Усё брала мяне ў цэркоў у Бялавічы. Ідзем па сцежцы, а жыто вышэй нас, а яна мне ўсё расказвае ці песні пяе. Ад яе  я і навучылася.

А падрасла, то трэба мацяры памагаць, бо я самая старэйшая з дзяцей была. То ўжэ з бабай  менш была. Я ў полі, а яна дома, з меншымі дзецьмі.  На святы ці нядзелькай хадзілі з ёю па грыбы ды па ягады.”

Працавалі на яўрэяў

“Але забегла я наперад. І бацько мой, Аляксей, тожа быў старэйшы ў сям’і. Расказвоў, зямлі было ў іх мало: чацвяртуха – чатыры дзесяціны зямлі і дзесяціна  балота ў Віжджарах. Увабраўся мой бацько ў сілу, і дзед аддаў яго да жыда Боруха ў Косаво, на смольню. Карчаваў пне на выразаных дзялянках, вазіў, калоў, а з гэтых смалістых карчоў рыцыну гналі. А драўляны вугаль вязлі па чыгунцы ў Клайпеду, грузілі на параход і адпраўлялі ў Амерыку. А там ужэ брат Боруха Янкель гэты вугаль прадаваў. Добры з гэтаго мелі барыш. Гэдак мне бацько гаварыў”.

Як бацька ў Амерыку на заробкі трапіў

“І вось аднаго разу прысылая пісьмо Янкель Боруху, брату свайму. Піша ў пісьме, каб ён тут знайшоў якого добраго дужаго хлопца і адправіў да яго ў Амерыку, бо яму трэба добры памочнік. А бацько мой быў рослы, дужы хлопяц. Паклікоў Борух  дзеда ды кажа: “Якоў, хай едзя твой Аляксей да нашаго Янкеля ў Амерыку, хай заробіць там добрых грошай – далярамі завуцца. То купіш зямлі сабе, сенакосу, станеш багаты”.

І не паахвочвоў дзед, надто шкадаваў  старэйшаго сына, але ўпрасіў Борух: “Згаджайся, Якоў, добра яму там будзя”.

Вось так мой бацько ў 1914 годзі трапіў у Амерыку. Як дабіраўся? А так, як вугаль вязлі. Да Клайпеды па чыгунцы ў вагоні, а там тайно бацька на цеплаходзі перавязлі ў Амерыку. Яўрэі. Там яго Янкель  сустрэў, прыставіў вартаўніком да складоў з гэтым вугалём, бо кралі много. Дакументоў у бацькі німа: днём нідзе не пакажацца – паліцыі баіцца. Так і жыў: ноч пры складах, а днём там жа , нека хатка ля складоў была, казаў.  Не адзін быў, яшчэ чэх з ім там старажыў. Бацько ўспамінаў: “Дахаты хочацца, хочацца, то ўсё песні спявалі. Я – свае, а чэх – свае. Альбо пра родны куток расказвалі. Кожны пра свой. І разумелі адзін аднаго. Перакладчык не трэба быў”.  І хацеў бы тато дахаты вярнуцца, ды не было як. У тым жа 1914 годзі вайна пачалася. Вярнуўся мой бацько ажно ў 1921, пасля таго, як Польшча з Расеяй дагавор заключылі, і наша зямля адышла да Польшчы”.

Першая сусветная вайна і бежанства

“Сын паехаў да Амерыкі, а ўсе нашыя людзі і дзед мой Якоў з жонкай і дзецьмі восенню 1915 года паехалі ў бежанство (ішла першая сусветная вайна, многія людзі вызджалі ўглыб Расіі, – ПР). Мне пасля баба Тэкля расказвала. Кажа, восень тады была цёплая, сухая. Пахавалі, пазакопвалі якое дабро, нагнулі каблукоў, прывязалі да драбінок, нацягнулі радзюжкамі, паселі, укінулі адзежу ў палукашок, картоплёў трохі, сала, солі, круп, мяшок аўса каню і паехалі. Ехалі, начавалі дзе пры лесі, пры лугу, пры вадзе. Каб можно было есці наварыць ды каня папасвіць.

Многа такіх, як мы, было адусюль. З-пад Брэсця, Кобрыня. Памятаеш Сідара, то ён жонку сабе з-пад Брэсця ўзяў, ужэ там, у Расеі, зышліся. Ехалі так, канём, аж да Крычава, расказвала баба. Немцы наступаюць, а яны перад імі ехалі. Бо чутно было, як артылерыя страляла. У Крычаві прадаў каня дзед. Прадаў абы прадаць, за бясцэнок.  Пасадзілі ў вагоны-цяплушкі, завязлі да Масквы. А ўжэ з Масквы каго куды. Каго ў Варонежскую, каго ў Тамбоўскую, каго ў Саратаўскую. Баба казала, яны ў Самарскую губерню папалі, а суседзі, Стасевыя, – у Тамбоўскай былі.

Людзі, казала, неблагія былі, добра да іх адносіліся, шкадавалі. Багацей жылі: цэлыя амбары пшаніцы мелі. Акуратней жылі, культурней. У нас, кажа, яшчэ курныя хаты ў сяле былі, а там хаты на тры акны ад гуліцы, прасторныя, велькія.

Але хутко і там стаў голад, як рэвалюцыя пачалася. I там у іх стаў разброд. Сын проці бацька ішоў. Надто ў 1920 годзі голад велькі быў. Неўраджай, і бальшавікі лютавалі, адбіралі апошняе ў людзей”.

Вяртанне на радзіму з бежанства і вяртанне бацькі з Амерыкі

“А мы ўсё, кажа, рваліся дахаты, а нас, як магнітом, цягнуло дамоў. Далі вагоны, як бы яны гэто ўжэ завербаваліся акопы капаць. Завязлі пад Кіеў, у Святошыно. Неразбярыха кругом. З Святошына прыехалі ў Шапятоўку, а адтуль ужэ ў 1921 годзе дахаты.

Прыехалі на папялішча, з голымі рукамі, на пачатку лета. Каб хацеў што пасеяць, то не пасеяў бы – позно. Пасадзілі яны пад лапату два кашэ картоплёў. Рэзалі таго картопля, каб ано вочко было. Ды капусту ля аселіцы пасадзілі. Выкапалі зямлянку, пачалі жыць.

А тут восенню тато ўжэ з Амерыкі прыехоў. Не з пустымі рукамі прыехоў. Зарабіў трохі долароў у таго Янкеля. Зямля тады прадавалася: пазаставаліся некаторыя нашы людзі ў Расеі, альбы грошы. Купілі яны пяць дзесяцін зямлі, чатыры дзесяціны балота, каня, карову. Купілі лесу на хату. Але адразу дзве пачалі ставіць, бо мой бацько, не доўга думаючы, узяў ды ажаніўся з маею мацяраю.

Вянчаліся ў 1922, на Коляды. Мая маці – круглая сірата. Жыла ў цёткі свае, Алены. Ты ж памятаеш яшчэ маю мацяру, Настусю. Жыла з намі да самай смерці ў 1978 годзі. I яны былі ў бежанстве. Ад голаду яшчэ неяк можно выжываць. Старыя людзі, казалі, кару сушылі ды таўклі, а іх сям’ю ціф пакасіў. Памярлі там, у Расіі, і бацько, і маці, і трое старэйшых дзяцей. Не памятаю, здаецца, мама казала, што дзве сястры і хлопяц. Ужэ вялікія, ужэ дзяўчатам замуж можно было ісці. Але не хацелі за чужых, надто дахаты хацелі.

Маці маладзенькая, усяго 18 гадкоў. Яно, маці казала, каса, дзявочая краса, да пояса была. А яшчэ сірата. Браў, ды пайшла. А майму бацьку якраз трыццаць стукнуло. Але тожа хлопяц ладны быў, свету пабачыў. На Коляды вянчаліся, а восенню таго года і я ўжо нарадзілася. Сваякі маміны далі яе долю зямлі ў пасаг, ні ўсю, а тры дзесяціны. А бацько яшчэ дзве купіў, да балота тры дзесяціны, і яны аддзяліліся ад бацькоў.

Хату паставілі, сталі жыць. Дзеці пайшлі. Нас усіх дзесяцёро было, але чэцвяро малымі паўміралі. Тады надто дзеці малыя ўміралі. Бальніц не было. Застудзіцца дзе трохі – за тры дні згарыць. То адзёр нападзя, то коклюш. Шэсцяро нас выгадавалі. Яшчэ жывая адна мая сястра, на Украіні ажно жыве.

Добра бацькі жылі. Дружно, у згодзе і ласцы. Шчаслівыя былі.

Цяжко жылося, але, я табе скажу, некія весялейшыя былі, чым мы навет. I елі не гэдык, як мы, і рабілі цяжэй за нас. А збяруцца нядзеляю, як пачнуць спяваць, аж сэрцо млея. Не, і мы спявалі, маё пакалення, гэто цяпер ужэ, за маёй памяццю, паціхлі, змоўклі. Вечаром летом выдзяш, ано сабакі гаўкаюць ды ў вокнах сінім агнём, як каціныя вочы, целявізары свецяцца. А даўней, каб летом вечаром ціхо было ў сяле? Сказалі б – вымярло. Уся гуліца разлягалася ад спевоў. I тут, і там песня чутна. Во як было”.

Як раней замуж ішлі – бацька выбіраў жаніха дачцэ

“Ой, але загаварылася я. Хачу расказаць, як я замуж пайшла. Мама мая ў 18 гадоў замуж пайшла, а я яе апярэдзіла – у 17. Але не па сваёй волі, па бацькавай. У 1937 годзі ўсю зямлю ў нас палякі парэзалі на хутары. Трэба было многа межавых слупоў, то ў Косаве на бетанярні нейкі палячок пачаў рабіць іх. Вось тато і наняўся да яго. А ў напарнікі да бацька паляк прыставіў маладога хлопца, косаўскага мешчаніна. Але з бедных. Недалёка ад цэрківі жыў. Мой бацько да таго ўпадабаў гэтаго хлопца, палюбіў, як сына. Казаў, такі спрытны, хваткі ў рабоце, ды яшчэ з галавой светлай, кемнай. Я яго бачыла. Часам, калі много заказаў на тыя слупкі, то бацько заставаўся рабіць аж да цямна. То я яму вячэру насіла. Ніц сабе хлопяц. Толькі худаваты, танклявы. Але я мало глядзела на яго, бо ўжэ з вясны кахалася з Паўлам Базылёвым. Дзень ждала, каб хучэй той вечар прышоў, каб яго ўбачыць. I мацяры, шчаслівая, прызналася, што маю хлопца.

А бацько задумаў за Барыса мяне аддаць (так звалі таго косаўца). I  заступалася мама за мяне, і плакала, гаварыла, што ў чужыя людзі, да яшчэ ў мястэчко. Цяжко будзя прывыкаць. Бацько злаваўся. А як маці сказала яму, што хлопяц е ў мяне, Павел Базылёў,  То тут бацько ўскіпеў: “То гэто ўжэ сталы хлопяц, работнік, а гэто ж сапляк. Яму ж столькі гадоў, колькі і ёй!”

Не ведаю, калі паспеў тато з Барысавай мацярай перагаварыць, але на Сёмуху прыехалі мяне сватаць.

Ой, Шурачка, гэто зараз бацькоў не слухаюць, з-за свету вязуць сабе жаніхоў, не ведаючы, якога яны роду і паводу, а даўней адзін аднаго ведалі, калі хочаш, да пятаго калена. Адным словом, засваталі мяне. А маладая была, дурная. Не веру, што засватана, вечаром гукне Павел, і бягу да яго. Сыдземся, схаваемся ад людзей і давай плакаць. I ён, і я. Плачам, як тыя бабры. Бо ведаем, што ніц не пераменім.

На Пятра маё вяселле было. Так я стала мяшчанкай. Праўда, я табе не сказала, што ён быў сірата, гадаваўся без бацькі, жыў з мацярай. Маю свякроў (ах, добрая, душэўная была!) звалі Аляксандра. Цёзкі вы з ёю. Царства ёй нябеснае, усіх маіх дзяцей пагадавала. І я яе глядзела, як родную маці”.

Бацька выбраў добрага мужа, а першая любоў загінуў на вайне

“А бацька Барыса забілі на польска-бальшавіцкай вайне. Палякі яго мабілізавалі. Пад Варшаваю забілі. Ён быў кулямётчыком. Снарад разарваўся блізко, яго асколкамі пасекло. Не пакінула польская ўласць удаву ў бядзе. Добрую пенсію за бацька плацілі. Я ж табе не сказала, што Барыса маці аддала ў гандлёвую школу тут, у Косаве. Ён быў вучоны чалавек. Але добрую работу пры паляках цяжко было знайсці, асабліва беларусу. От, перабіваўся такой-сякой работай, а так жылі на пенсію за бацька.

Мне Барыс прызнаўся,  што прыгледзёў мяне, як бацьку есці насіла. Можа, і праўда я ніц сабе была. (Смяецца)

Пажылі мы трохі. Тато мой з Барысом расстараліся цэглы на хату. Залілі фундамент, пачалі класці. А тут увосянь 1939 году Саветы прышлі. Уласць памянялася. Цяжко нам прышлося. Хату ўзяліся будаваць, а пенсію перасталі плаціць.

Добра, што Барысу работу далі: прызначылі людскую маёмасць апісваць. Як жа? Сацыялізм – гэто учот. То хадзіў пісаў, у каго што е. А былі ў людзей і малатарні, і арфы, і матацыклы, і раварэ. Яго капейка, да бацько мой з братамі маімі памаглі – закончылі будоўлю. Бацько даў карову, двоя парасяток. Каля хаты быў агарод 15 соток. Так і пачалі жыць.

А тут вайна. Майго Барыса забралі на фронт восенню 1944 года. Ужэ мы мелі двоя дзяцей. Бог мілавоў, прыйшоў з вайны. Паранены, пакалечаны, але прыйшоў. Неблагі быў чалавек. Кепскага слова на мяне не сказаў, і дзяцей шанаваў, вучыў.

А Паўла, маю першу любоў, забілі на вайне. Ужо ў самым Берліне. Дачулася, то пайшла ў царкву і свечку за ўпакой убіеннаго паставіла, і плакала моцно. А як было пасля, як я жыла, ты ведаеш.

Ты ано, Шурачка, не пішы, хто я. Хай людзі не ведаюць. Бо скажуць: “Во, старая,  выхваляецца”.

Бо я тады, на Сёмуху, цэлую ноч не спала. Устала ранянько, вышла: туман плыве над вадою, а ў кустах салаўі спяваюць. Ды да таго харашэ. А я стаю, слухаю. I здаецца, што я маладая, і не верыцца, што жыццё прайшло. Аж слёзы градом пакаціліся. А можа, і напішы пра мяне”.

Запісаў Алесь Зайка, краязнавец з вёскі Заполле Івацэвіцкага раёну.

Фота палескай хаты 1930-х гадоў косаўскага міжваеннага фатографа Юзафа Шыманчыка

ЧИТАТЬ ЕЩЕ СТАТЬИ

10 ноября 2023 18:04

У Беларусі з’явіцца помнік Аляксандру Неўскаму. Чаму гэта адбываецца?

У Мінску ўсталёўваюць помнік расійскаму князю Аляксандру Неўскаму. Робіцца гэта паводле ініцыятывы пасла Расіі Барыса Грызлова.

01 ноября 2023 12:54

Что не так с инициативой закреплять за школами памятники в Беларуси?

Во время недавнего субботника в Ратомке министр образования РБ Андрей Иванец рассказал об инициативе, над которой работает возглавляемое им ведомство.

19 марта 2023 16:00

Наколькі глыбока можа зайсці рэвізія гісторыі Беларусі?

Частка нумароў часопісаў «Наша гісторыя» і Arche папоўнілі спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Гаворка ідзе пра публікацыі за розныя гады — ад 2018-га да 2021-га. На думку сённяшніх цэнзараў, у гэтых публікацыях «имеются признаки экстремизма, реализуемые в форме скрытой, но легко распознаваемой экстремистской тематики, направленной на пропаганду идей, дискредитирующих и очерняющих советскую власть и советское прошлое Беларуси».

18 августа 2022 08:38

Потомки репрессированных в БССР: фамилии палачей до сих пор скрыты

Белорусы годами ищут информацию о родных, репрессированных во времена сталинского террора. В Беларуси архивы КГБ так и не были открыты, доступ к делам, и то весьма ограниченный, есть только у родственников жертв сталинских репрессий.