110 юных мастакоў з’ехаліся ў Івацэвічы з 13 раёнаў Брэсцкай вобласці, а таксама з Гродзеншчыны, каб паўдзельнічаць у гэтым конкурсе.
І недарма месцам абраныя Івацэвічы, бо менавіта тут маецца сапраўдная школа юных мастакоў, якія штогод заваёўваюць узнагароды на ўсялякіх мастацкіх імпрэзах.
Як распавёў адзін з сябраў журы конкурсу мастак Андрэй Лычкоўскі, юныя мастакі расфармаваліся па трох узроставых групах, ды працавалі над карцінамі ў трох месцах гораду. Хтосьці захацеў маляваць каля царквы, іншыя – каля дому культуры. Так, ці інакш, мастак з Узды Андрэй Лычкоўскі назваў пленэр надзвычай важнай падзеяй:
“Сюды прыехалі 2 каледжы і 33 мастацкія школы з Брэсцкага рэгіёну і не толькі. Дзеці ад 9 да 17 гадоў. Першы этап праходзіў дыстанцыйна – больш за 200 удзельнікаў прыслалі свае працы. З іх палову журы адабрала ўдзельнікамі гэтага пленэру. Я не першы раз ужо ў Івацэвічах. Два гады таму мы ладзілі пленэр на радзіме Касцюшкі ў Косаве і тады палюбілі ваш край,” – распавёў знакаміты мастак.
Андрэй Лычкоўскі выказаў уласнае ўражанне, што падобных пленэраў ён ня бачыў нават у сталіцы, дзе часам такія конкурсы адбываюцца не з такім энтузіязмам.
Як распавяла куратар конкурсу Людміла Крукоўская, на гэты фэст мастакоў прыехала ўплывовае журы на чале прафесарам кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, мастаком Яўгенам Шунейкам.
“Гэты конкурс прысвечаны тэме “Экалогія душы – экалогія Зямлі”. І нам прыемна прыняць у сваім горадзе столькі юных мастакоў”.
Людміла Вікенцьеўна спадзяецца, што падобныя мастацкія пленэры стануць рэгулярнымі і не будуць ужо здзіўляць жыхароў нашага гораду.
Як распавёў карэспандэнту ПР адзін з удзельнікаў пленэру, які маляваў пейзаж каля Дому культуры, вучань 9 класа Агарэвіцкай школы Ганцавіцкага раёну Аляксандр Горбач, яму спадабалася маляваць у Івацэвічах:
“Малюю з малога дзяцінства. Не, у конкурсах не ўдзельнічаў, упершыню тут, і вельмі падабаецца”.
Аляксандр кажа, што сваю будучыню хоча звязаць з мастацтвам. Магчыма, некалі гэтага хлопчыка будзе ведаць уся краіна і не толькі, як вядомага мастака-дызайнера.
І кожны з удзельнікаў пленэру стварыў работы надзвычайнай прыгажосці. Трэба сказаць наперад, што праз пэўны час выстава работ удзельнікаў пленэру будзе прэзентаваная ў Івацэвіцкім музеі.
Усіх пераможцаў конкурсу мы назавем на нашым сайце ў асобным артыкуле.
Сёння ж адзначым найаўтарытэтнейшае журы, сярод якога апроч згаданага выбітнага мастака Яўгена Шунейкі ўвайшлі вельмі вядомыя ў мастацкім асяроддзі Беларусі асобы – сябра Беларускага саюзу мастакоў Фёдар Ладуцька, выбітны мастак з Узды Андрэй Лычкоўскі, выкладчык дызайну Валкавыскага каледжу Гродзенскага універсітэту Валерый Супруненка, дызайнер Мікалай Раманоўскі, народны майстар Беларусі Таццяна Зданевіч.
Вялікую дапамогу ў правядзенні пленэру аказала Праваслаўная Царква, таму ў журы былі кіраўнік аддзела па рэлігійнай адукацыі Пінскай епархіі Віктар Сачкоўскі, благачынны цэркваў Івацэвіцкай акругі, настаяцель царквы Дзяржаўнай іконы Божай Маці Рыгор Піліпчук.
Таксама, сябрам журы была прадстаўніца ідэалагічнага аддзелу Івацэвіцкага райвыканкаму Ірына Чалык.
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ