На мерапрыемства прыехала кіраўніцтва Івацэвіцкага райвыканкаму, дыпламаты некалькіх краін, прадстаўнікі міністэрства, і госці з розных гарадоў. Нават новая вялікая паркоўка, адкрытая нядаўна каля сядзібы Касцюшкі, не змясціла ўвесь транспарт.
Некаторыя ўдзельнікі мерапрыемства прыйшлі з бел-чырвона-белымі сцягамі, прысутнічала і два дзяржаўных – чырвона-зялёных. Чыноўнікі і міліцыя не пярэчылі прысутнасці недзяржаўных сцягоў, ніякіх канфліктаў на гэтай глебе не адбылося.
Помнік быў агорнуты тканінай, у пачатку мерапрыемства яе здымалі старшыня Івацэвіцкага райвыканкаму Аляксандр Грыцук і скульптар Генік Лойка, які рабіў макет помніка.
Падрабязней, як адбывалася адкрыццё, глядзіце на відэа і фота.
У 2017 годзе згуртаванне беларусаў Швейцарыі паставіла помнік Тадэвушу Касцюшку ў горадзе Залатурн, дзе апошнія свае гады дажываў Тадэвуш Касцюшка. Аднак усталяванне таго помніка не абыйшлося без міжнароднага скандалу, палякі абурыліся, што беларусы на сваім помніку Касцюшку напісалі “Выдатнаму сыну Беларусі ад удзячных суайчыннікаў”. І, хаця помнік ставілі на грошы беларусаў, каб улагодзіць канфлікт, адміністрацыя горада Залатурн папрасіла прыбраць згадкі пра Беларусь на помніку.
Пра гэта пісалі тут:
Пад ціскам палякаў з помніка Касцюшку ў Швейцарыі выкраслілі ўсе згадкі пра Беларусь
Пасля таго скандалу і дыскусіі ў беларускім грамадстве, вядомы журналіст Глеб Лабадзенка прапанаваў сабраць грошы на помнік Касцюшку ў Беларусі менавіта з такім надпісам. На прапанову адгукнуліся сотні людзей, і грошы на помнік былі сабраныя вельмі хутка.
Пасля гэтага устаноўку помніка узгаднілі з Міністэрствам культуры ды іншымі органамі ўлады, помнік быў адліты ва Украіне і дастаўлены ў Беларусь.
Цяпер у Косаве Івацэвіцкага раёну знаходзіцца першы ў Беларусі помнік Тадэвушу Касцюшку. Усяго ж у свеце больш за 200 розных помнікаў гэтаму вялікаму змагару за свабоду розных народаў.
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ