Памёр Алесь Зайка, краязнавец з Заполля Івацэвіцкага раёну, які навучыў правільна казаць «Марачоўшчына»

12 жніўня Алесю Фамічу споўнілася б 70 гадоў.

Аб’ехаў усе вёскі Івацэвіцкага раёну і напісаў іх гісторыю

Алесь Зайка шмат працаваў у архівах, дзе сабраў звесткі пра гісторыю навакольных вёсак. Апроч таго, на матацыкле ён пабываў у кожнай вёсачцы і гутарыў са сталымі людзьмі. У 2012 годзе краязнаўца выдаў кнігу “Населеныя пункты Івацэвіччыны”.

З ініцыятывы Алеся Зайкі ў многіх вёсках Івацэвіцкага раёну райвыканкам усталяваў валуны з памятнымі шыльдамі аб першым упамінанні ў гістарычных крыніцах населенага пункту. Стаіць такі валун і ў саміх Івацэвічах каля пошты.

Менавіта да аўтарытэтнага меркавання Алеся Зайкі прыслухоўваліся кіраўнікі райвыканкаму, калі вырашалася пытанне аб наданні назваў новым вуліцам Івацэвічаў. Дзякуючы парадам нашага краязнаўцы ў Івацэвічах з’явіліся вуліцы імя Кастуся Каліноўскага, Міхала Агінскага, Іллінічаў, ды іншыя.

Не толькі чыноўнікі, але і навукоўцы прыслухоўваліся да меркавання Алеся Зайкі. Калі ў 2009 годзе вучоныя Брэсцкага універсітэту рыхтавалі кнігу “Івацэвіцкі раён. Гарады і раёны Берасцейшчыны”, то значную частку гэтага выдання склалі працы Алеся Зайкі.

Навучыў правільна казаць “Марачоўшчына”

Шмат Алесь Зайка зрабіў і для радзімы Тадэвуша Касцюшкі. Менавіта ён абгрунтавана давёў, што правільна называць урочышча, дзе стаіць дом -музей Касцюшкі Марачоўшчынай, а не Мерачоўшчынай, як памылкова на польскі манер напісана ў многіх энцыклапедыях.

Алесь Зайка вельмі любіў Косаўшчыну. Плёнам гэтай любові сталі яго кнігі “Дыялектны слоўнік Косаўшчыны” (2011), “Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны” (2013), “Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя прымаўкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і адкляцці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны” (2015).

Алесь Фаміч быў сябрам Саюзу беларускіх пісьменнікаў. За сваю першую кнігу прозы “Дым з коміна” (2011 ) ён атрымаў Берасцейскую мядовую літаратурную прэмію. У 2015 годзе выдаў кнігу кароткай прозы “Чысты чацвер” (2015).

Вялікая страта для нашага краю

Да апошніх дзён Алесь Фаміч працаваў над сваімі кнігамі. Хутка павінна выйсці яго чарговая праца “Мікратапаніміка Івацэвіччыны”, якую аўтар ужо не пабачыць…

Пра адыход у вечнае жыццё Алеся Зайкі з сумам выказаліся ў сваіх сетках выбітныя літаратары.

Івацэвіцкі пісьменнік, журналіст Валер Гапееў даўно сябраваў з Алесем Фамічом:

“Чалавек, які не толькі сам любіў сваё, але вучыў іншых любіць. І навучыў мяне любіць сваё. Чалавек, любоў якога матэрыялізавалася ў некалькі краязнаўчых і этнаграфічных кніг. Мабыць, ніводзін раён не мае столькі, колькі наш. Чалавек, які на сваім “Мінскім” аб’ехаў увесь раён мо тройчы, зазірнуў у кожную вёсачку, пагутарыў з жыхарамі, збіраючы адно з галоўных нашых багаццяў – моўнае. У жніўні яму было б толькі 70. Мы планавалі зрабіць… добры і светлы вечар. А жыццё шле нас заўтра на хаўтуры.
———-
Здымак гэтага году. Алесь Фаміч дорыць мне загавораную манету – на грошы. “От пабачыш!” – казаў ён мне і ўсім. – Яе старыя, вельмі моцныя людзі загаворвалі”. Адмаўляць у слушнасці ягоных слоў не выпадае – праз колькі месяцаў я атрымаю прэмію Цёткі. Дзякуй, Алесь Фаміч. І бывай…” – выказаўся Валер Гапееў.

З сумам кажа беларускі літаратар Міхась Скобла:

“Адышоў у гаспадарства вечнае Алесь Зайка – краязнавец, пісьменьнік, зьбіральнік моўных скарбаў Заходняй Беларусі. Нават позьняй восеньню яго можна было сустрэць на дарогах Берасьцейшчыны – на сваім старэнькім “Мінску” ён, не зважаючы на холад, ехаў ад вёскі да вёскі, ад хутара да хутара, слухаў людзей, рабіў нататкі, якія потым сталі “Дыялектным слоўнікам Косаўшчыны” (2011), “Фразеалагічным слоўнікам Косаўшчыны” (2014), кнігай “Прымаўкі і прыказкі Косаўшчыны” (2015). На прэзентацыі апошняй у Купалаўскім музеі Алесь Фаміч захоплена расказваў пра сваю новую працу “Мікратапаніміка Івацэвіччыны”. Праз які месяц яна выйдзе ў выдавецтве “Тэхналогія”, ды аўтар ужо не парадуецца…”

View Comments

  • Царствие небесное...Соболезнование родным...Очень талантливый и интересный человек...по-настоящему любящий родной край...Совсем недавно приезжал на своем мотоцикле ко мне.Сидели в беседке и говорили об Иосифе Шиманчике-фотографе из Коссово Полесского .Подарил мне свою книгу с подписью...

  • Сёння 2 ліпеня. Роўна тыдзень таму мы сядзелі з мужам за камп’ютарам і складалі тэматычны слоўнік Івацэвіччыны, дакладней, складаў ён, а я друкавала. І вось няма майго Сашы (сябры звалі яго Алесем). Як цяжка, не выказаць словамі боль душы, немагчыма змірыцца са стратай. Яшчэ раніцай 26 чэрвеня ўсё было добра, у 8 гадзін ён адчуў рэзкі боль, выклікалі хуткую дапамогу, завезлі ў раённую бальніцу. Мы думалі, можа, каменьчык у нырках утварыўся, але дзесьці пад 11 гадзін Саша пазваніў і сказаў, што ў яго праблемы з сэрцам. У час нашай размовы зайшоў у палату ўрач, тэлефон не быў выключаны, і я пачула:”Зайко, у вас тяжёлый случай, надо делать операцию, но в районной больніце мы таких операций не делаем. Если вы согласны, то отправим вас в Брест. Быстро решайте”. Я упрасіла мужа, каб ён даў згоду.
    Прайшло некалькі гадзін, раздаўся званок: гэта быў Алесь. Голас быў слабейшы, ён скардзіўся, што вельмі баліць, паставілі кропельніцу, не павернешся, а боль цярпець немагчыма. Потым быў яшчэ званок:”Тоня, выдай мае кнігі, што ўжо падрыхтаваныя, а што не скончылі, то, можа, хоць у часопісе надрукуюць. Мне будуць рабіць аперацыю ў Івацэвічах, выклікалі спецыялістаў з Брэста”.
    Я была ўпэўнена, што яму робяць аперацыю і не тэлефанавала, і не ехала, бо ў рэанімацыю мяне не пусцяць. А выйшла, што ніхто яму аперацыю не рабіў, урачоў з Брэста выклікалі толькі пасля 15 гадзін. З 11 да 15 нечага чакалі. Чаго? Ён курчыўся ад болю. Пасля 17 гадзін да Сашы паехаў пляменнік. Ён некалькі разоў хадзіў да медсястры на пост, прасіў, каб дзядзьку ўкалолі абязбольваючы ўкол. Яна заявіла: “Он нас за сегодняшний день достал!” Яго не стала ў 19.30. Мне патэлефанаваў урач і паведаміў пра гэта, сказаў, што не паспелі зрабіць аперацыю. А чаму цэлы дзень чакалі невядома чаго? Магчыма, ён мог памерці ў час аперацыі, але была надзея, што абыйдзецца. А самае галоўнае, чаму Алесь паміраў у такіх муках? Няўжо ў наш час няма чым суцішыць боль? Ці гэта ўжо ад людзей залежыць: табе абязболім, а табе не, цярпі. Мой муж быў вельмі цярплівы, і калі ён скардзіўся, што немагчыма трываць боль, то так і было. Як будзе жыць тая медсястра, няўжо яе не будзе мучыць сумленне, што не дапамагла чалавеку ў апошнія хвіліны яго жыцця?
    Алесь ехаў у бальніцу з надзеяй на дапамогу. Ён верыў урачам, нягледзячы на тое, што з-за ўрачэбнай памылкі стаў 20 гадоў назад інвалідам. Кажуць, на ўсё воля Божая, але мы людзі і павінны заставацца імі заўсёды.
    На пахаванне з’ехаліся сябры з Брэста, з Мінска, з Івацэвіч, з Пружан, прыехалі аднакласнікі з Косава, былыя вучні, калегі, прыехалі ўсе родзічы, прыйшлі аднавяскоўцы. Шчыры дзякуй усім, хто раздзяліў наша гора, дзякуй за маральную і матэрыяльную дапамогу.
    Алесь любіў людзей, захапляўся імі, многае яшчэ планаваў зрабіць. Цяпер ужо не зробіць. Вечная яму памяць. Мне трэба навучыцца жыць без яго, толькі я не ведаю, як гэта зрабіць: усё навокал, як было, а яго няма. Жахліва…

  • Мы былыя вучні Запалянскай школы, просім ушанаваць памяць нашага настаўніка, краязнаўца, аўтара навукова-папулярных выданняў і мастацкіх кніг, Зайка Аляксандра Фаміча. 26 червеня будзе год з дня яго смерці.
    Аляксандр Фаміч нарадзіўся ў весцы Заполле Івацевіцкага раена Брэсцкай вобласці ў 1948 годзе. Скончыў Косаўскую сярэднюю школу, а затым Брэсцкі педагагічны інстытут, працаваў у роднай школе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры.
    З юнацкіх гадоў захапіўся вывученнем гісторыі Косаўшчыны, сабраў незвычайна багаты матэрыял. Ен аўтар шэрага кніг: “Дыллектычны слоўнік Косаўшчыны” (2011г.), “ Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны” (2014г.), “Населеныя пункты Івацевіччыны” (2012г.), “ Прыказкі і прымаўкі з Косаўшчыны”(2015г.), “Мікратапаніміка Івацевічыны”(2018г.); мастацкіх кніг – “Дым з коміна” (2011г.), “Чысты чацверг” (2015г.)
    Нядаўна вышла кніга “Крыніцы і вытокі” (2019г.), нарысы з гісторыі і культуры Івацевіччыны. У кнізе, па словах аўтара, “глыбока і праўдзіва паказана жыцце нашых людзей у розных праявах – у мірнай працы і ў час ваенных ліхалеццяў”, есць тут звесткі з розных архіваў, дзе згадваецца шмат іменаў нашых землякоў, удзельнікаў драматычных падзей.”
    Аляксандр Фаміч – таленавіты пісьменнік . Яго мастацкія творы з захапленнем былі ўспрыняты чытачамі. За кнігу “Дым з коміна” яму ўручымі мядовую літаратурную прэмію. У сваіх мастацкіх творах Алесь Зайка апісвае жыцце вескі, землякоў, паказвае розныя характары і робіць гэта з вялікай любоўю да чалавека.
    Мы прапануем у гонар 500-годдзя г. Івацевічы ўшанаваць памяць нашага настаўніка Зайка Аляксандра Фаміча ў назве вуліцы ў г. Івацевічы і ў яго роднай весцы Заполле.
    Былыя вучні: Зайка, Максімчык, Крыштопік, Воўна і др.

Recent Posts

Работодатели в Польше ищут сотрудников. Зарплаты от 1500 и больше 5 тысяч долларов

Вакансии разных профессий свободны во многих польских городах. Кого же работодатели? Представляем список вакансий и…

2 месяца ago

Клиенты стали разрывать договоры с операторами в регионах

В Кремле и Госдуме отрицают планы по блокировке видеохостинга YouTube в России. А пользователи винят…

3 месяца ago

Как изменились условия торговли для Беларуси на российском рынке

Посол Беларуси в России Дмитрий Крутой предложил наказывать предприятия, которые отстают от плановых темпов роста…

8 месяцев ago

Денег в экономике Беларуси за год стало больше

Национальный банк поделился информацией об объеме денег в беларуской экономике. Широкая денежная масса за февраль…

8 месяцев ago

Доверяют ли в Беларуси официальной статистике

Практически одновременно Национальный статистический комитет Беларуси (Белстат) и Евростат представили данные опросов о доверии к…

8 месяцев ago

Власти Беларуси передумали вносить изменения по распределению выпускников

Министр образования Андрей Иванец заявил, что требования к распределению выпускников-платников останутся прежними То есть пока…

8 месяцев ago