Кнігу “Беларусалім” Павел Севярынец пісаў на працягу 12 гадоў. Частка з яе напісана ў Пружанскім раёне, дзе ён адбываў пакаранне на “хіміі” за палітычную дзейнасць. Увогуле, кажа Павел, значная частка кнігі напісана ў месцах зняволення.
Кніга “Беларусалім” – гэта трылогія, складаецца з трох частак.
“Гэта раман пра канец свету, які пачынаецца ў Беларусі. Чаму ў Беларусі? Ды таму што нямногія нават вернікі ведаюць, што Беларусь мае непасрэднае дачыненне да ключавога прароцтва пра канец свету. Справа ў тым, што ключавое прароцтва пра канец свету – гэта вяртанне народу выбранага Богам, народу ізраільскага на радзіму у Палесціну. На памяці нашых бацькоў у 1940-х гадах Ізраіль аднавіўся, таму што мільёны яўрэяў з усяго свету зляцеліся ў Палесціну, у тую краіну, з якой яны былі рассееныя пасля таго, як укрыжавалі Хрыста. Але адкуль яны сабраліся ў Ізраіль? Ды з Беларусі! Справа ў тым, што ў ХІХ стагоддзі яўрэяў выціснулі з Заходняй Еўропы сюды на ўсход, яны тут занялі пануючае становішча ў гарадах і мястэчках. 60 і болей працэнтаў у любым горадзе ў нас складалі яўрэі. Таму, фактычна, Беларусь пад сэрцам вынасіла Ізраіль. З гэтага я і раблю выснову, што у Божых планах Беларусь займае асаблівую ролю. Якую ролю – я паспрабаваў раскрыць у другой і трэцяй кнізе,” – кажа Павел Севярынец.
Пра што гэтая кніга?
“Гэтая кніга пра карпарацыю, якая хоча даць чалавецтву шчасце. Якім чынам? Уявіце сабе, каб у вас на мабільным тэлефоне было некалькі кнопак, паводле якіх вы можаце змяніць узровень тых ці іншых гармонаў у вашым арганізме. Падвысілі ўзровень эфедрыну – у вас радасць, не трэба шакалад есці. Можна зняць стрэс, сцішыць боль… Ну хто б не хацеў мець пульт ад самога сябе? Кнопку націснуў – і сто грамаў не трэба… Але, гэтай карпарацыі трэба даць шчасце ўсім і трэба правесці даследаванне на людзях. Для гэтага патрэбен такі народ, які б не задаваў лішніх пытанняў, каб не было ніякай шуміхі. Людзі патрэюныя досыць цярплівыя, абыякавыя. Вось на такіх людзях карпарацыі трэба выпрабаваць, а потым ужо даваць шчасце ўсім. І вось карпарацыя бярэ ў арэнду некалькі буйных будынкаў у Мінску і чэргі беларусаў ідуць за грошы спажываць самыя разнастайныя задавальненні. Ці ўдасца гэта карпарацыі “Непагасны свет” і чаму ўсё пайшло не так, чаму героі будуць змагацца з гэтай карпарацыяй, вы даведаецеся з кнігі,” – распавёў Павел Севярынец.
Выглядае на сюжэт для крутога галівудскага блокбастэра. У гэтай кнізе, кажа аўтар, ёсць месца і каханню, і змаганню, і здрадзе.
“Вы, дарэчы, здзівіцеся, гэта зусім не фантастыка. Вы пазнаеце сённяшні Мінск, іншыя гарады, многіх герояў, якія змаляваныя з канкрэтных асобаў. Я думаю, што вы пачытаеце кнігу пра жыццё,” – кажа аўтар.
У Івацэвічах, Бярозе і Пружанах Павел Севярынец падпісаў сваю кнігу усім ахвочым. Акрамя таго, публіка пазнаёмілася і з іншымі выданнямі – легендарнай энцыклапедыяй “Люблю Беларусь” Паўла Севярынца і “Беларускай хрысціянскай азбукай”, якую рэдагавалі праваслаўны і каталіцкі святары, а таксама пратэстанцкі пастар.
Павел Севярынец – беларускі пісьменнік, публіцыст, палітык. Нарадзіўся ў 1976 годзе ў Оршы. Скончыў БДУ па спецыяльнасці інжынер-геолаг. З 1997 да 2004 году – заснавальнік і кіраўнік “Маладога Фронту”, удзельнік многіх акцый пратэсту, з 2004 году – сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.
Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках паводле прысудаў, якія міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызнавалі палітычнымі.
Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Лаўрэат літаратурных прэмій імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава.
Фота з сустрэчы з Паўлам Севярынцам у Івацэвічах
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ