История

Калі пачалася Другая сусветная вайна, або чаму трэба згадзіцца са Сталіным?

Ведалі пра гэта і бальшавікі. Аднак Другая сусветная вайна пачалася не там, дзе яе пачатак лакалізуе афіцыйная і неафіцыйная еўрапейская і амерыканская гістарыяграфія. І не ў тым годзе, і не ў той дзень.

Проста Еўропа і Злучаныя Штаты, еўраатлантычная цывілізацыя па традыцыі сваё ставіць вышэй за чужое, а постсавецкая беларуская, расійская, украінская і г. д. – сваё.

Адразу па сканчэнні Першай сусветнай вайны так званыя вялікія дзяржавы, асабліва Францыя, самі падштурхоўвалі да новай вайны і Нямеччыну, і сваіх учарашніх саюзнікаў. Маю на ўвазе Італію, якую пакрыўдзілі пры новым падзеле свету (у прыватнасці, германскіх і турэцкіх уладанняў).

А таксама Японію. Хворая на расізм еўраатлантычная цывілізацыя, калі стваралася Ліга Нацый, не пажадала ўключыць у яе статут пункт супраць расізму. Японіі, якая не хацела паўтарыць лёс каланіяльных і паўкаланіяльных краін Азіі, удалося на пачатку ХХ ст. давесці, што яна таксама вялікая дзяржава. Яна жадала, каб прынамсі жоўтая раса была афіцыйна прызнана гэткай жа паўнавартаснай, як і белая. Белая раса з гэтым не згадзілася. І японцы гэта не забылі.

Так паступова нараджалася дактрына Вялікай усходнеаазіяцкай сферы суросквіту пад гегемоніяй Японіі, якая пачала складвацца ў эру Тайсё пад лозунгам “Азія для азіятаў” (1912–1926). Канчаткова ж  дактрына аформілася на пачатковым этапе эры Сёва (1926–1941).

Да канчатковага афармлення дактрыны Вялікай усходнеаазіяцкай сферы суросквіту Японію падштурхнулі Злучаныя Штаты Амерыкі сваім актам аб кантролі экспарту (26 ліпеня 1941 г.) Па сутнасці Злучаныя Штаты абвясцілі Японскай імперыі вайну, бо гэтым акту быў забаронены экспарт нафты і нафтапрадуктаў у Японію і яе заморскія ўладанні не толькі са Штатаў, але і з трэціх краін.

Кантроль за экспартам нафты трэцімі краінамі ўсклалі на ваенна-марскі флот ЗША. Амерыканскія войскі на Гаваях прывялі ў баявую гатоўнасць, філіпінскую нацыянальную гвардыю перадалі пад амерыканскі кантроль, японскія авуары ў банках ЗША замарозілі.

Ці гэта ўсё разам узятае не абвяшчэнне вайны? Ці здарыўся б Пёрл-Харбар (7 снежня 1941 г.), калі б не акт 26 ліпеня? Не ведаю, але нагадаю, што японскімі войскамі 7 снежня камандаваў праціўнік вайны са Штатамі і нават іх сімпатык Ісароку Ямамота.

ВАЙНУ ПАЧАЛА ІТАЛІЯ

Першая вайну за новы перадзел свету (імперыялістычную вайну) пачала Італія. Забіраць калоніі ў Брытаніі і Францыі, Партугаліі ды Іспаніі яна не адважылася. Але яшчэ ў ХІХ ст. (у выніку 1-й італа-эфіопскай вайны) італьянцы ўзялі пад кантроль Эрытрэю, якой не да спадобы было эфіопскае панаванне, і частку Самалі.

Італьянская 100-мм гаубіца ў Эфіопіі. паштоўка 1936 года

13 кастрычніка 1935 г. з дапамогай эрытрэйцаў і самалійцаў Італія развязала 2-ю вайну з Эфіопіяй. Імператар Хайле Селасіе мусіў уцячы за мяжу. Пазней, карыстаючы з таго, што ў Еўропе разагарэлася вайна за жыццёвую прастору, італьянцы ўварваліся ў Брытанскае Самалі.

Губляць свае ўладанні Брытанія не хацела. У 1940-м яна стала саюзніцай Эфіопіі і з яе дапамогай нгусэ нэгест Хайле Селасіе вярнуўся на радзіму ды узначаліў барацьбу за вызваленне Абісініі ад італьянцаў.  Супольныя брытана-абісінскія дзеянні прывялі да аднаўлення ў маі 1941 г. незалежнасці Эфіопіі.

Як бачым, ваенна-палітычная кампанія, распачатая Італіяй ў 1935 г., была прадоўжана і завяршылася ўжо ў той час, які еўрапейцы ды амерыканцы лічаць часам 2-й сусветнай вайны. Адначасова з Заходнім фронтам з’явіліся Італьянскі і Усходнеафрыканскі франты. Калі ваенныя падзеі на Усходнеаафыканскім фронце завярышліся ў лістападзе 1941 г., дык ваяваць з італьянскімі фашыстамі на поўначы Афрыкі, на Сіцыліі, Сардыніі і Апенінскім паўвостраве аліянтам давядзецца аж да 2 мая 1945 г.

ЯПОНІЯ, МАНЧЖУРЫЯ І КІТАЙ

Падобнае адбылося і ва Усходняй Азіі.

Ніхто з гісторыкаў не важыцца аднесці да падзей Другой сусветнай вайны ўварванне Японіі ў Манчжурыю (1931). Гэтую краіну толькі з нацяжкай можна было назваць часткаю Кітая. Як-ніяк, у Кітаі з 1644 па 1912 год панавала манчжурская дынастыя. Ідучы ў Манчжурыю, японцы маглі разлічваць на апошняга імператара Кітая Пу І (манчжурскае імя Айсін Гёро) і на тых манчжураў, якім пятлёй на шыі было ханьскае панаванне ў іх краіне. У 1932-м была абвешчана дзяржава Манчжоў-го на чале з Пу І. У 1934-м ён афіцыйна стаў імператарам. Іншая справа, што дзяржава знаходзілася пад кантролем Японіі. Але ж саюзны Захаду і Савецкаму Саюзу Кітай наогул не прызнаваў права манжчураў на нейкі асобны быт, як, дарэчы, не прызнае яго цяпер і камуністычны Кітай.

Другая сусветная вайна ва Усходняй Азіі пачалася 7 ліпеня 1937 г., калі Японія напала на ўласна Кітай.

І раней паміж кітайцамі і японцамі адбываліся сутычкі, але цяпер разгарэлася поўнамаштабная вайна.

Японская акупацыя Кітая на 1940 год

Калі чытаць нашы падручнікі, дык можа скласціся ўражанне, што супраць японцаў ваяваў увесь Кітай – і Нацыянальна-рэвалюцыйная армія партыі Гаміньдан на чале з Чан Кайшы, і камуністычная Народна-вызваленчая армія Кітая. Але гэта далёка не так.

Кітай – гэта мноства народаў, мноства рэгіёнаў, якія маюць і сваю дзяржаўную мінуўшчыну, і свае мовы. Прыход японцаў прывёў да драблення і да таго не адзінага Кітая.

Прыняўшы на сябе ўдар японскіх агрэсараў, урад Кітайскай Рэспублікі зрабіў часовай сталіцай дзяржавы Чунцін. Але ў снежні 1937 г. была абвешчана Кітайская Рэспубліка на чале з часовым урадам і са сталіцай у Пекіне.

З 1937 г. існавала таксама Усходняе Цзі. Гэта ўсходняя частка правінцыі Хэбэй. У 1938 г. Усходняе Цзі стала часткай Кітайскай Рэспублікі са сталіцай у Пекіне.

У 1938–1940 гг. існавала і трэцяя Кітайская Рэспубліка – са сталіцай у Нанкіне. На чале яе стаяў так званы рэфармаваны ўрад.

Асобна ў 1937–1938  гг. існаваў урад “Вялікага шляху” горада Шанхай, які прызнаў уладу рэфармаванага ўраду Кітайскай Рэспублікі.

30 сакавіка 1940 г. часовы ўрад Кітайскай Рэспублікі са сталіцай Пекіне і рэфармаваны ўрад Кітайскай Рэспублікі вырашылі стварыць цэнтральны ўрад Кітайскай Рэспублікі. Гэты ўрад, у які  ўвайшлі вядомыя дзеячы Гаміньдана і які выступаў за прымірэнне з Японіяй, працаваў у Нанкіне. Інакш паўсталую ў 1940-м паралельную Кітайскую Рэспубліку называлі рэжымам Ван Цзінвэя.

З 1940-га на тэрыторыі Кітая, апроч ураду Кітайскай Рэспублікі (Чунцін) і рэжыму Ван Цэзінвэя (Нанкін), існаваў і трэці ўрад – Мэнцзяна.

У 1937–1939 гг. аўтаномны ўрад у дзейнічаў у Паўночнай Цзінь. Гэта паўночная частка правінцыі Шаньсі, якая тры тысячагоддзі мела сваю дзяржаўнасць (царства Цзінь, сінонім Шаньсі).

На поўдні правінцыі Хэбэй у 1937–1939 гг. дзейнічаў аўтаномны урад Паўднёвага Чахара.

У 1937–1939 гг. дзейнічаў і аўтаномны ўрад Аб’яднаных мангольскіх аймакоў.

1 верасня 1939 г. (калі пачалася германа-польская вайна) аўтаномныя ўрады Паўночнай Цзінь, Паўднёвага Чахара і Аб’яднаных мангольскіх аймакоў стварылі аб’яднаны аўтаномны ўрад Мэнцзяна (у перакладзе – мангольскіх памежных земляў, мангольскага памежжа). У 1941 г. японцы дазволілі гэтаму ўтварэнню называцца Мангольскай аўтаномнай федэрацыяй. Але захоўвалася і назва Мэнцзян. Прыйшоўшы да ўлады, кітайскія камуністы вымушаны будуць стварыць ва Унутранай Манголіі сваю аўтаномію. Што праўда, некаторыя землі з мангольскім насельніцтвам у склад аўтаноміі не трапілі.

Нарэшце, нельга не прызнаць, што ў Кітаі  час вайны з Японіяй меўся яшчэ адзін урад – камуністычны, пад кантролем якога знаходзілася немалая частка краіны. У гісторыю ўвайшла Пячорная Яньань, дзе ў 1937–1947 адседжвалася кіраўнцітва КПК на чале з Мао Цзэдунам. Гэта быў чацвёрты кітайскі ўрад, калі не лічыць Манчжоў-го.

Лідэр камуністычнага Кітаю Мао Цзэдун

Асноўны цяжар барацьбы з японцамі ўзвалілі на свае плечы саюзныя заходнім дзяржавам і Савецкаму Саюзу ўрад Кітайскай Рэспублікі (Чунцін) і Нацыянальна-рэвалюцыйная армія на чале з Чан Кайшы.

Калі пачытаць гісторыю барацьбы камуністаў з японскімі захопнікамі, дык міжволі прыходзіш да высновы, што пэўны час змагалася толькі адна Восьмая армія, бо з усіх дзесяці маршалаў КНР шэсць рабілі кар’еру менавіта ў яе шэрагах. Ну, і Чэнь І вызначыўся ў 4-й арміі. А што тычыцца такога палкаводца, як Е Цзянінь, дык гэта тыповы палітык, нават палітычны інтрыган. Кар’еры ж маршала Сюй Сянцяня паспрыяла яго перамога над… кітайцамі з Нацыянальна-рэвалюцыйнай арміі Гаміньдана ў 1932 г. Пра яго поспехі у вайне з японцамі чытаць не давялося. Нічога не ўдалося мне пачытаць пра подзівгі у вайне з Японіяй і маршала Не Жунчжэня.

2-я япона-кітайская вайна (першая адбылася ў 1890-х гг.), пачаўшыся ў ліпені 1937 г., доўжылася восем гадоў – да верасня 1945 г. Яна папярэднічала ваенным падзеям у Еўропе і працягвалася пасля іх. Ужо гэта дае права сцвярджаць, што 2-я сусветная вайна пачалася задоўга да 1 верасня 1939 г.

Японскія салдаты ў бітве пры Кантоне

“Вялікая вайна Супраціўлення кітайскага народа японскім захопнікам паклала пачатак галоўнаму ўсходняму фронту сусветнай вайны з фашызмам”, – чытаем мы  ў кнізе “Вялікі ўклад – Кітай у сусветнай вайне з фашызмам” (Пекін, 2015). Гэтае выказванне належыць старшыні КНР Сі Цзіньпіну.

Я б цалкам згадзіўся са старшынёю Сі, калі б не ведаў, што галоўным фронтам на Усходзе стаў Ціхаакіянскі тэатр ваенных дзеянняў, якія адбываліся і ва ўсходняй частцы Індыйскага акіяна, калі б не ведаў, што Кітайскай Рэспубліцы істотную мілітарную дапамогу аказалі Злучаныя Штаты (і тут безумоўна вялікая заслуга выхаванай у Амерыцы Сун Мэйлін, жонкі Чан Кайшы).

Нельга цалкам згадзіцца і з падзагалоўкам першай часткі кнігі, у якім напісана: “Кітай першы падняў заслону сусветнай антыфашысцкай вайны і стаў  першым  буйнамаштабным фронтам, дзе разгортвалася барацьба з фашыстамі”.  У вайну супраць аўтэнтычных фашыстаў, італьянскіх, першая ўступіла ўсё ж Эфіопія. Што ж тычыцца буйнамаштабнасці фронту, дык гэта праўда. Але ці можна назваць Японскую імперыю таго часу фашысцкай дзяржавай?

АБСЯГ ВАЙНЫ

Да 1 верасня 1939 г. у сусветную вайну былі ўцягнутыя Італія, Эфіопія, Японія, Кітай, Савецкі Саюз, Манголія…

Так, і Савецкі Саюз з Манголіяй. Я маю на ўвазе падзеі ля возера Хасан (ліпень– жнівень 1938 г.) і ля ракі Халхін-Гол  (май–верасень 1939 г.). Маю на ўвазе і тое, што Далёкаўсходні фронт Савецкага Саюза сфарміраваўся ў чэрвені 1938 г.

Фарсіраванне савецкімі танкамі ракі Халхін-Гол

Апошнім часам пра падзеі ля Хасана і ракі Халхін-Гол у электронных СМІ з’явіліся рэвеляцыйныя публікацыі. Працытую: “Да мая 1939 г. Еўропа была гатовая абрадзіцца вялікай вайной, на Далёкім Усходзе [вайна] палала, хоць не гэтак ярка і горача: японцы завязлі ў Кітаі, але і кітайцы сталі выдыхацца. Сталін не мог дапусціць ні перамогі Японіі ў Кітаі, ні замірэння з ёю кітайцаў – з далейшым разваротам да СССР ужо не адной толькі Квантунскай арміі, але і ўсёй японскай армады, якая магла б выкарыстаць не толькі манчжурскі плацдарм, але ўжо і ўвесь Кітай з яго рэсурсамі, у тым ліку з невычарпальным чалавечым. Адсюль і задача: не даць японцам магчымасці разграміць Кітай, не дапусціўшы выхаду з вайны самога Чан Кайшы”.

Аўтары даводзяць, што баі ля Халхін-Гола спатрэбіліся Савецкаму Саюзу, каб зрабіць бяспечным яшчэ адзін канал пастаўкі ўзбраенняў Нацыянальна-рэвалюцыйнай арміі  (першы канал пралягаў праз Уйгурстан, другі пракладвалі праз землі манголаў).

Танкавая атака японцаў перад ракой Халхін-Гол, ліпень 1939

Утрымаць Японію і Кітайскую Рэспубліку (Чунцін) у стане вайны Сталіну было патрэбна перш-наперш таму, што ўжо ўвесну 1939-га ён меў свой план наконт Нямеччыны і ўсёй Еўропы. Скаваная ў Кітаі, Японія не магла ўдарыць з усходу, з тылу.

Баі на Халхін-Голе папярэднічалі ваенным падзеям у Еўропе і скончыліся пасля нападу Германіі на Польшчу. Можна іх выкрасліць з гісторыі 2-й сусветнай вайны?

СЛОВА ІОСІФА СТАЛІНА

Ужо даўнавата я спытаўся ў былога рэдактара “Беларускага гістарычнага часопіса” Васіля Кушнера, ці надрукуе ён мой артыкул пра тое, як СССР рыхтаваўся на нападу на Германію. Я абяцаў, што ў артыкуле будзе выкарыстана толькі адна стэнаграма XVIII з’езду бальшавікоў (сакавік 1939 г.). І больш нічога. Кушнер маю прапанову адкінуў.

Цяпер ёсць магчымасць не на поўніцу тую стэнаграму выкарыстаць.

Першая глава справаздачнага даклада Іосіфа Сталіна мае загаловак “Міжнароднае становішча Савецкага Саюза”. Першы раздзел даклада заканчваецца двума кароткімі абзацамі. Вось яны:

“Так стаў складвацца блок трох агрэсіўных дзяржаў.

На чарзе паўстала пытанне аб новым перадзеле свету з дапамогай вайны”.

Другі раздзел мае загаловак “Абвастрэнне міжнароднага палітычнага становішча, крушэнне паваеннай сістэмы мірных дагавораў, пачатак новай імперыялістычнай вайны”.

Пачынаецца гэты раздзел са сказа: “Вось пералік важных падзей за справаздачны перыяд, якія паклалі пачатак новай імперыялістычнай вайне”. Далей ідзе гэты пералік: напад Італіі на Абісінію і захоп яе; ваенная інтэрвенцыя Германіі і Італіі ў Іспаніі, замацаванне Германіі ў Паўночнай Іспаніі і іспанскім Марока, замацаванне Італіі ў Іспаніі і на Балеарскіх астравах; уварванне ў 1937 г. Японіі ў Паўночны і Цэнтральны Кітай, захоп Кантона (1938) і вострава Хайнань (1939). Згадваецца таксама аншлюс Аўстрыі і захоп Судэцкай вобласці Чэхаславаччыны.

Пералічыўшы ўсе гэтыя гістарычныя факты, Сталін, рабіў выснову: “Такім чынам, вайна… уцягнула ў сваю арбіту больш за 500 мільёнаў насельніцтва, распаўсюдзіўшы сферу свайго дзеяння на агромністую тэрыторыю ад Цзянціна, Шанхая і Кантона праз Абісінію да Гібралтара”. І праз абзац: “Новая імперыялістычная вайна стала фактам”.

Гэтыя словы, нагадаю, прамоўленыя амаль за 6 месяцаў да нападу Гермніі на Польшчу, які з еўропацэнтрычнага (еўраатлантычнага) гледзішча лічыцца пачаткам 2-й сусветнай вайны. Калі ж глядзець на падзеі таго часу шырэй, то трэба згадзіцца з генеральным сакратаром бальшавіцкай партыі: імперыялістычная, або 2-я сусветная, вайна пачалася значна раней – у Эфіопіі.

Сталін ведаў, пра што казаў. Ён сам быў адным з падпальшчыкаў гэтай вайны і нават меў на гэты конт адмысловую тэорыю. Але пра тэорыю калі-небудзь асобна.

Анатоль Міхайлавіч Сідарэвіч (нарадзіўся 1 сакавіка 1948 году, вёска Задуб’е Ганцавіцкага раёну) — беларускі гісторык, палітоляг.

Recent Posts

Работодатели в Польше ищут сотрудников. Зарплаты от 1500 и больше 5 тысяч долларов

Вакансии разных профессий свободны во многих польских городах. Кого же работодатели? Представляем список вакансий и…

2 месяца ago

Клиенты стали разрывать договоры с операторами в регионах

В Кремле и Госдуме отрицают планы по блокировке видеохостинга YouTube в России. А пользователи винят…

3 месяца ago

Как изменились условия торговли для Беларуси на российском рынке

Посол Беларуси в России Дмитрий Крутой предложил наказывать предприятия, которые отстают от плановых темпов роста…

8 месяцев ago

Денег в экономике Беларуси за год стало больше

Национальный банк поделился информацией об объеме денег в беларуской экономике. Широкая денежная масса за февраль…

8 месяцев ago

Доверяют ли в Беларуси официальной статистике

Практически одновременно Национальный статистический комитет Беларуси (Белстат) и Евростат представили данные опросов о доверии к…

8 месяцев ago

Власти Беларуси передумали вносить изменения по распределению выпускников

Министр образования Андрей Иванец заявил, что требования к распределению выпускников-платников останутся прежними То есть пока…

8 месяцев ago