Муж жанчыны цяпер таксама ляжыць у бальніцы. «Госпадзе, бедная мая дзяўчынка… Яна ўвесь час сядзела дома, была на пенсіі. Схадзіла толькі ў паліклініку за тыдзень да смерці, па рэцэпт», — расказаў ён журналістам.
Жанчыне стала кепска ў нядзелю, 29 сакавіка. Уначы тэмпература падскочыла да 39 градусаў.
Муж выклікаў хуткую, але жонка адмовілася ад шпіталізацыі, хоць і былі падазрэнні на пнеўманію. Днём у панядзелак у сям’ю прыйшла ўчастковы тэрапеўт, паслухала жанчыну і настаяла на шпіталізацыі. Пасля абеду Вольгу адвезлі ў 2-ю гарадскую клінічную бальніцу.
У аўторак муж прынёс ёй неабходныя рэчы — посуд, бялізну. Сустрэцца сужэнцам не дазволілі, толькі перагаварыць па тэлефоне.
«Потым пачаў тэлефанаваць ёй пасля ціхай гадзіны — не бярэ слухаўку. Патэлефанаваў яшчэ праз гадзіну — не бярэ. Я на пост пазваніў, сказалі, што яна ў рэанімацыі. А раніцай у сераду мне патэлефанавалі, што жонка памерла а першай гадзіне ночы, — пераказвае тыя падзеі мужчына. — Ужо пасля абеду, калі я прыйшоў дадому, мне патэлефанавалі з паліклінікі і сказалі, што тэст у жонкі на каранавірус станоўчы. Мяне выклікалі ў паліклініку. Загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення мяне праслухала — лёгкія быццам чыстыя, тэмпературы не было наогул. Сказала, што, як будзе вынік майго тэсту, патэлефануюць.
А бліжэй да ночы я гляджу — у мяне тэмпература 37,4. Выклікаў хуткую, і мяне прывезлі ў бальніцу. Чакаю выніку».
Цяпер мужчына знаходзіцца на каранціне ў Мінскім анкалагічным цэнтры, што каля Акадэміі навук, частку якога перапрафілявалі цяпер пад прыём каранавірусных кантактаў. Адчувае сябе добра — толькі невялікая тэмпература і крыху баліць горла.
Мужчыну 65 гадоў. Да таго як трапіў на каранцін, хадзіў на работу. Кажа, у калектыве пра сітуацыю ўжо ведаюць:
«Усё пад кантролем. Нехта ўжо тэст нават рабіў, з кім я сустракаўся ў пятніцу».
Яўген расказвае, што ў яго жонкі былі праблемы з сэрцам і інсулінавы дыябет.
«Была пнеўманія і сардэчная недастатковасць, і ў выніку ацёку лёгкіх яна памерла… Госпадзе, бедная мая дзяўчынка… Яна ўвесь час сядзела дома, была на пенсіі. Схадзіла толькі ў паліклініку за тыдзень да смерці, па рэцэпт, у яе шмат лекаў».
Пахаваннем яго жонкі займаецца агент.
«У нас складзеная дамова. Нікога не пускаюць [на пахаванне]. Гэта крэмацыя будзе, я ўжо забяру урначку», — кажа муж.
https://1reg.by/2020/04/03/v-brestskoy-oblasti-oficialno-priznaetsya-tolko-odin-sluchay-koronavirusnoy-infekcii/
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ