Зварот накірваны ў Пружанскі раённы выканаўчы камітэт, Пружанскі раённы аддзел унутраных спраў, Суд Пружанскага раёна, Пракуратура Пружанскага раёна, а таксама ў СМІ.
“Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, жыхары Пружаншчыны, сябры Пружанскай раённай арганізацыі “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” звяртаемся да вас, дзяржслужачыя, супрацоўнікі МУС, работнікі судовай сістэмы і пракуратуры.
Мы вас усіх ведаем, жывём побач з вамі: вы – нашы суседзі, знаёмыя, знаёмыя знаёмых і іх родныя. Вы займаеце адказныя пасады, выконваеце свае абавязкі перад народам, за што мы вам шчыра ўдзячныя. У гэты лёсавызначальны год для нашай Рэспублікі – год выбараў Прэзідэнта Беларусі – кожны беларус павінен зрабіць свой сумленны выбар.
Сёння для кожнага зразумела, што краіна патрабуе перамен, і перш за ўсё – змен ва ўладзе: 26 гадоў – шмат для любога менеджара. Мы разам з вамі бачым, як народ, а галоўнае – наша моладзь, хоча новай краіны, хоча развіваць нашу Беларусь, жыць і працаваць на гэтай зямлі. Давайце зробім правільны выбар – на карысць змены ўлады, за будучыню моладзі, каб наступіў новы дзень у свабоднай Беларусі, без страху ды прыгнёту. Мы не прападзём: у Беларусі шмат разумных і моцных людзей, кожнаму знойдзецца праца ў новай краіне.
Вы прымаеце вызначальныя рашэнні – няхай гэтыя рашэнні будуць чалавечныя і па сумленні. Як сказаў Гельвецый, “Згрызоты сумлення пачынаюцца там, дзе канчаецца беспакаранасць”. А канец яе будзе. І мы не хочам, каб гэтая доля закранула вас.
Мы кажам “Не!” незаконным затрыманням і супрацьпраўным дзеянням у дачыненні да пружанцаў і грамадзян Беларусі.
Мы кажам “Не!” палітычнаму пераследу і ціску на грамадзян.
Мы кажам “Не!” загонам на датэрміновае галасаванне.
Заставайцеся сумленнымі! Заставайцеся беларусамі!”
Нагадаем, 14 ліпеня ў Пружанах на плошчу выйшлі некалькі чалавек. Семярых затрымалі, двух асудзілі і арыштавалі на 15 сутак.
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ