ХТО ДАПАМОГ ЗАКЛЮЧЫЦЬ ПАКТ ТРОХ ДЗЯРЖАЎ?
Гісторыя не чорна-белая. Іншы раз ахвяры агрэсіі самі штурхалі агрэсара ўчыніць на іх напад. Так было ў Еўропе. Пасля 1-й сусветнай вайны і ўстанаўлення рэспубліканскага ладу самай дэмакратычнай краінай у Еўропе была Германія, але краіны-пераможцы і перш за ўсё Францыя вялі такую палітыку ў дачыненні да пераможанай Германіі, што падрыхтавалі глебу для пераходу ўлады ў гэтай краіне ў рукі рэваншыстаў. І Германія жорстка адпомсціла Францыі.
Калі ў Еўропе дзяржавы-пераможцы з былога ворага стварылі яшчэ раз ворага, то на Далёкім Усходзе і Ціхім акіяне яны зрабілі ворагам свайго саюзніка.
У 1-ю сусветную вайну саюзніцай Францыі, Вялікабрытаніі і Злучаных Штатаў Амерыкі была Японія. Але еўраатлантычныя краіны ніяк не маглі прызнаць, што Японія — таксама вялікая дзяржава, іх раўнапраўны партнёр. Еўрапейскія краіны і Штаты хварэлі на расізм. І калі стваралася Ліга Нацый (1919), яны праігнаравалі прапанову Японіі ўключыць у статут гэтай арганізацыі пункт супраць расізму. Гэта не магло не абразіць японцаў.
Потым (1921–1922) была Вашынгтонская канферэнцыя, якая абмяркоўвала пытанні аб марскіх узбраеннях і парадку на Далёкім Усходзе і ў Ціхім акіяне. ЗША, якія захапілі Гаваі, Філіпіны і драбнейшыя астравы, хацелі ўмацавацца ў Кітаі. Дбаючы пра пра свае інтарэсы, яны дамагліся скасавання брытанска-японскага саюзу. Акрамя таго, былі абмежаваныя марскія ўзбраенні. Калі, напрыклад, ЗША будавалі карабель водазмяшчэннем 50 тысяч тон, то Японіі можна было будаваць карабель на 30 тысяч тон.
Японцаў не магло не абураць таксама стаўленне амерыканскіх расістаў да іх суродзічаў, якія з розных прычын паехалі ў ЗША.
Такім чынам, былыя саюзнікі расісцкай і імперыялістычнай палітыкай ператваралі Японію ў праціўніка. І таму не дзіва, што Японія стала саюзніцай Германіі ды яшчэ адной пакрыўджанай краіны — Італіі.
Ваенна-палітычны саюз трох дзяржаў быў аформлены Берлінскім пактам 27 верасня 1940 г.
Быў у гэтага пакту яшчэ адзін “бацька” — Савецкі Саюз. Заключыўшы 23 жніўня 1939 г. пакт аб ненападзе з Германіяй, кіраўніцтва СССР сакрэтны пратакол да яго зразумела так: раз немцы прызналі Латвію, Літву, Фінляндыю ды Эстонію савецкай сферай уплыву, то чаму б гэтыя краіны не захапіць? І СССР напаў на Фінляндыю, потым, калі Германія была занятая ваеннымі аперацыямі на Захадзе, захапіў балтыйскія краіны, адарваў ад Румыніі Бесарабію. Вось гэтага Германія цярпець не магла, бо тысячы немцаў вымушаныя былі з Латвіі і Эстоніі перабірацца ў Германію, бо савецкае войска стала на мяжы з Прусіяй, бо СССР наблізіўся да румынскіх радовішчаў нафты, якія актыўна выкарыстоўвала Германія.
Не маглі спакойна пачувацца і Японія разам з залежнай ад яе дзяржавай Манчжоў-го. Відавочна, што хутка давядзецца перапісваць гісторыю савецка-японскіх сутыкненняў каля возера Хасан (1938) і ракі Халхін-Гол (1939). Ужо і некаторыя расійскія гісторыкі лічаць, што канфлікты былі справакаваныя не Японіяй, як пішуць у падручніках, а Савецкім Саюзам.
ХТО ПАЧАЎ ВАЙНУ ПАМІЖ ЯПОНІЯЙ І ШТАТАМІ?
І ўсё ж у 1940-м самай вялікай пагрозай для Японіі быў не Савецкі Саюз, які рыхтаваўся да вайны з Нямеччынай, а Злучаныя Штаты.
Абражаная сваімі ўчарашнімі саюзнікамі, маладая японская нацыя не магла змірыцца з тым, што яе хочуць адсунуць на другі, а то і трэці план у сусветнай палітыцы. Сваю веліч у той час дзяржава сцвярджала не толькі эканамічнай і ваеннай магутнасцю — вялікай лічылася дзяржава, якая мела таксама разлеглыя каланіяльныя ўладанні.
Японія валодала Карэяй, Паўднёвым Сахалінам, Тайванем, Курыльскімі астравамі і былымі германскіімі ўладаннямі ў Ціхім акіяне. Але гэтага было ёй мала. У 1931 г. імператарская армія высадзілася ў Маньчжурыі, якая толькі ўмоўна была часткай Кітая. Пад эгідай Японіі была створана дзяржава на чале з апошнім кітайскім імператарам з маньчжурскай дынастыі.
Дзеянні Японіі ў Маньчжурыі вялі да канфлікту з Кітайскай Рэспублікай. І ў 1937 г. пачалася япона-кітайская вайна, якая вялася 8 гадоў і спынілася толькі 2 верасня 1945 г. Зразумела, што ЗША не жадалі ператварэння Кітая ў японскую калонію ці васальную дзяржаву. І амерыкана-японскі канфлікт пачаў абвастрацца.
Вайну можна весці і без збройных сутыкненняў. Дык вось, Злучаныя Штаты першыя абвясцілі вайну Японіі, пачаўшы адну за адной уводзіць гандлёвыя санкцыі і дапамагаць Кітаю.
Вядома, што японская эканоміка залежыць ад імпарту сыравіны і паўфабрыкатаў, а таксама энерганосьбітаў. Было забаронена экспартаваць у Японію самалёты, матэрыялы, патрэбныя для авіяпрамыловасці, жалеза, сталёвы лом, станкі, авіябензін. І нарэшце Кангрэс прыняў закон аб кантролі экспарту. Амерыканскім і неамерыкнскім кампаніям забаранілі прадаваць Японіі нафту. А кантроль за выкананнем гэтага закона ўсклалі на ваенна-марскі флот.
ЯПОНІЯ АБАРАНЯЕ СВАЕ ІНТАРЭСЫ
Дзеянне амерыканскага закона аб кантролі экспарту рабіла непазбежным збройны канфлікт паміж Японіяй, ЗША і Брытаніяй, якая падтрымлівала Штаты. Каб не спыніліся заводы і фабрыкі, японцам належала прабіць дарогу да радовішчаў нафты (сучасныя Малайзія і Інданэзія). А без захопу французскага Індакітая і брытанскай Бірмы нельга было спыніць амерыкана-брытанскія пастаўкі зброі Кітаю.
Яшчэ ў 1933 г., калі Ліга Нацый выступіла на баку Кітая, Японія пакінула гэтую арганізацыю. Быў узяты курс на нарошчванне ўзбраенняў.
Забягаючы наперад, скажу, што японскі ўрад учыніў адну памылку: ён мала надаў увагі ўзбраенню сухапутных сілаў (магчыма, таму, што азіяцкія праціўнікі Японіі былі слабейшыя). У Японіі было вельмі слаба з танкамі. Не мелася аўтаматычнай стралковай зброі. Праўда, тыя, хто ваяваў з японцамі, адзначалі, што яны вельмі трапна стралялі з вінтовак.
Што ж тычыцца флоту, то Японія была адной з трох краін, якія мелі да 2-й сусветнай вайны авіяносцы. У ЗША іх было 7 такіх караблёў, 5 з іх у 1942 г. патапілі японцы. Вялікабрытанія таксама мела 7 авіяносцаў; адзін з іх патапілі японцы, а чатыры — немцы. Што тычыцца Японіі, то тры яе авіяносцы патапілі праціўнікі, а яшчэ тры (падбітыя праціўнікамі) патапілі самі японцы.
Што японскае караблебудаўніцтва было на высокім узроўні, сведчаць лінейныя караблі класа “Ямато” і лінейныя крэйсеры тыпу “Конга”, а таксама падводныя авіяносцы (іх было тры тыпы; адзін з іх мог несці тры гідрасамалёты). Авіяпрамыловасць таксама была пастаўлена непагана. Спецыялісты высока ацэньвалі, напрыклад, японскія знішчальнікі класа “Зэро”.
Такім чынам, Японія была някепска падрыхтавана да вайны са Штатамі на моры і ў паветры. Праўда, былі ў Японіі і прыхільнікі дыялогу. Супраць вайны выступаў, бадай, самы таленавіты военачальнік таго часу Ямамота Ісароку. Але і ён мусіў выконваць прысягу, калі было прынята рашэнне аб вайне. Гэта пад яго кіраўніцтвам быў распрацаваны план нападу на амерыканскую марскую базу Пёрл-Харбар на Гаваях.
Гэтая аперацыя прывяла да таго, што Японіі давялося амаль чатыры гады ваяваць са Злучанымі Штатамі, Вялікабрытаніяй, Аўстраліяй, Канадай, Мексікай, Новай Зеландыяй, ды інш. краінамі. І працягваць вайну з Кітаем.
Узяўшы курс на збройную абарону сваіх інтарэсаў ад ЗША, Японія 13 красавіка 1941 г. тэрмінам на 5 гадоў заключыла з Савецкім Саюзам пакт аб нейтралітэце. Дзякуючы гэтаму пакту СССР пазбег удару з усходу ў час вайны з Германіяй, а Японія змагла засяродзіць свае лепшыя сілы на іншых напрамках.
ВІНАВАТЫЯ І НЕВІНАВАТЫЯ
Калі пішуць пра 2-ю сусветную вайну, то звяртаюць увагу на зверствы японскіх акупантаў. Як прыклады называюцца разня ў Нанкіне (паўднёвая сталіца Кітая), выпрабаванні хімічнай і бактэрыялагічнай зброі, медыцынскія доследы на людзях. І сексуальная эксплутацыя жанчын на так званых станцыях уцехаў.
Японцы і самі прызнаюць учыненыя імі злачынствы і не адзін раз прасілі за гэта прабачэння.
На шчасце, кітайцы і карэйцы не бралі ўдзел у баявых аперацыях на Японскім архіпелагу. Таму яны паўстаюць толькі як ахвяры. Але ахвяры і японцы.
Я пісаў ужо аб вывучцы японскіх матросаў і салдатаў. У слоўнікі, бадай, усіх моваў увайшло японскае слова “камікадзэ”. Камікадзэ — гэта беспрэцэдэнтны прыклад масавага гераізму і самаахвярнасці ў імя імператара і айчыны. Да гэтага дадамо, што японскія салдаты не здаваліся ў палон. У палон траплялі, як правіла, параненыя і хворыя, а таксама тыя, хто атрымаў загад свайго камандавання падняць рукі ўгору. І нават камандзіраў не заўсёды слухаліся салдаты і афіцэры. Не адзін з іх учыніў самагубства.
У лютым 1945 г. амерыканцы пачалі баі за Банінскія астравы і астравы Рукю. Ужо ў бітве за малы востраў Івадзіма, якая працягвалася больш за месяц, амерыканцы ўбачылі, што на тэрыторыі Японіі ваяваць давядзецца за кожны дом, што супраціўленне будзе лютае. І тады амерыканцы ўжылі тактыку выпаленай зямлі. У ноч на 10 сакавіка яны скінулі запальныя бомбы на Токіо. А трэба ведаць, што горад у той час быў пераважна драўляны. Загінула не менш як 80 тыс. жыхароў. Некаторыя лічаць, што больш за 100 тыс. чалавек. І такі налёт быў не адзін. Усяго амерыканцы бамбілі 67 гарадоў. У выніку гэтых акцый загінула не менш як 500 тыс. чалавек (пераважна жанчын, дзяцей і старых), а 5 млн. засталіся без жылля.
І ўсё ж дух імператарскай арміі не быў зламаны. У бітве за востраў Акінава Японія страціла больш за 100 тыс. жаўнераў, саюзнікі — ЗША, Вялікабрытанія, Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя — больш як 38 тыс. Загінула палавіна цывільнага насельніцтва вострава, разбурана 90% будынкаў. Мелі месца масавыя самагубствы. Саюзнікі атрымалі базу для ваенных дзеянняў на астравах Кюсю, Сікоку і Хансю, але яшчэ раз пераканаліся, што іх аперацыі на гэтых астравах прывядуць да велізарных стратаў (некаторыя лічылі, што амерыканцы могуць пакласці не менш за мільён салдацкіх жыццяў).
Каб пазбегнуць такіх стратаў, у Вашынгтоне было вырашана выкарыстаць атамныя бомбы. І гэтыя бомбы былі скінутыя на Хірасіму і Нагасакі 6 і 9 жніўня. Толькі ў дні выбухаў ў Хірасіме загінула больш за 200 тыс., а ў Нагасакі — больш як 75 тыс. чалавек. І гэта, зноў жа, былі пераважна жанчыны, дзеці і старыя.
Ці можна пасля гэтага гаварыць аб слаўнай ці вялікай перамозе Злучаных Штатаў і іх саюзнікаў?
МАСКОЎСКІЯ УРВІЦЕЛІ
Як мы памятаем, ЗША не жадалі ўмацавання Японіі ў Кітаі і таму актам аб кантролі экспарту справакавалі вайну. Гісторыя пасмяялася з Амерыкі: у выніку яе дзеянняў у Кітаі перамог камунізм, і гэтаму камунізму Штаты ніяк не могуць даць рады.
А дапамог кітайскім (і карэйскім) камуністам амерыканскі саюзнік Савецкі Саюз.
Яшчэ ішла вайна з Германіяй, а Штаты і Вялікабрытанія ўгаворвалі Сталіна пачаць вайну з Японіяй. Сталін, як прадстаўнік краіны, што заключыла з Японіяй пакт аб нейтралітэце, мог стаць пасрэднікам паміж японцамі і амерыканцамі, але яму карцела урваць тое, што страціла царская Расія: Паўднёвы Сахалін і Курыльскія астравы. І ён паабяцаў праз два-тры месяцы пасля спынення ваенных дзеянняў у Еўропе напасці на Японію, якая ў цяжкі для Савецкага Саюза час цвёрда выконвала пакт аб нейтралітэце.
СССР напаў якраз тады, калі амерыканцы скінулі на Японію другую атамную бомбу і сыход вайны вайны быў прадвырашаны.
Ці можна назваць слаўнай старонкай парушэнне пакта, паход Чырвонай арміі пасля двух атамных бомбаў і асабліва пасля таго, як імператар Сёва насуперак армейскай апазіцыі заклікаў па радыё армію і флот спыніць супраціўленне? Да таго ж на Квантунскім паўвостраве, куды рухалася Чырвоная армія, былі размешчаныя не самыя баяздольныя часткі японскай арміі. І хоць саюзнікі раілі Сталіну пасля спынення баявых дзеянняў адправіць палонных на радзіму, ён адправіў іх у Савецкі Саюз.
У імперскім запале Масква захапіла і тыя астравы Курыльскай грады, якія ніколі не належалі Расіі: Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан і граду Хабамаі.
Быў у Сталіна яшчэ адзін план. 8 жніўня 1945 г., напярэдадні паходу супраць Японіі, маршал Аляксандр Васілеўскі выдаў загад аб акупацыі вострава Хакайда. Але тут ужо саюзнікі, перш за ўсё прэзідэнт Гары Трумэн, сказалі рашучае “не”.
Калі для заходніх саюзнікаў перамога над Японіяй бясслаўная, то для СССР і цяперашняй Расіі яна быццам і не перамога. Хацеў СССР устанавіць сваю гегемонію ў Кітаі — не ўдалося; хацеў дыктаваць свае ўмовы ў Карэі — не удалося; захапіў тое, што ніколі Расіі не належала, — атрымаў праблему: мірнага дагавору з Японіяй як не было, так і няма. Вайна нібыта і не скончылася. Імператар Сёва мог паехаць у ЗША, у Вялікабрытанію, у іншыя краіны, з якімі Японія ваявала, а ў СССР і Расію ні ён, ні яго сын не прыязджалі. А каб прыехаў унук, цяперашні імператар Нарухіта, трэба вярнуць Японіі украдзенае.
Загалоўнае фота – Японская дэлегацыя падчас падпісання акта аб капітуляцыі 2 верасня 1945 года
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ