Добры дзень, паважаная рэдакцыя.
А дзень сапраўды добры, далібог, добры. Была ў мяне калісьці такая прыкмета: сустрэнеш за дзень хоць аднаго шчырага, адкрытага, прыемнага чалавека, і дзень ужо сам па сабе добры.
Зараз такі неверагодны час па колькасці шчырых і добрых людзей на квадратны метр, што кожны дзень мне добры. Як беларусы сплачаюцца, знаёмяцца, дапамагаюць і пасміхаюцца адзін аднаму! Са шчырым адкрытым позіркам, з смелымі слушнымі словамі, распраўленымі плячыма нараджаецца Нацыя. І проста не можна стаяць збоку, само сабой хочацца пасміхацца, вітаць, знаёміцца, дапамагаць, падтрымліваць.
Ад відэа прамовы звычайна не такія ўражанні, як у рэале. Але ад гэтай – 4 хвіліны 40 секунд – нельга было адарвацца, пераглядала некалькі разоў. Не можна маўчаць, не можна, хочацца звярнуцца, хочацца аддаць усе мае словы, усе думкі, усе эмоцыі і пачуцці ад пачутага і пабачанага Васілю Пятровічу:
Шаноўны Васіль Пятровіч, я бачыла момант Вашага выступу. Гэта неверагодна кранальная прамова. Літаральна, глядзела як нараджаецца кожнае слова, на рухі рук і плячэй, якія намагаліся перасіліць хваляванне і дапамагалі словам ляцець да сэрцаў.
Васіль Пятровіч, вялікі Вам дзякуй за такую інтэлігентную і шчырую прамову, вялікі дзякуй за слёзы-катарсіс, вялікі дзякуй за шчымленне недзе ў пераносіцы і скронях, вялікі дзякуй за надзею і веру, што будзе жыць вечна наша Беларусь, пакуль ёсць такія людзі як Вы, вялікі дзякуй за словы, якія даляцелі да многіх і многіх сэрцаў.
На вялікі жаль, прамову да канца мы так і не пачулі.
Але, ведаеце што, Васіль Пятровіч, гэта не кропка! Выключаны мікрафон, дэцыбелы музыкі, маханне флагам у вочы і дзікі рогат – гэта не кропка! Гэта так, маленькая непрыемная паўза. Яна скончыцца! Далібог, скончыцца.
Я ўпэўнена, мы пачуем ад Вас сотні прамоў, і Вы пачуеце ў адказ усе нашыя апладысменты, тыя апладысменты, якія накіраваў кожны сумленны чалавек па тую старану айфона/планшэта/манітора да Вас. Васіль Пятровіч, ведайце, што апладысменты былі! Вось некаторыя толькі з іх:
“Паважаны спадар Васіль, Ваш мужны ўчынак вельмі мяне закрануў! Вы сапраўдны герой, калі паспрабавалі данесьці праўду да людзей! Я слухала Вас і адчувала гонар! Дзякуй! Аляксандра Супрон”.
“Вітаю вас, спадар Васіль! Мяне глыбока ўразіла і натхніла Вашая прамова, і мне хочацца, каб Вы пра гэта ведалі. Казаць праўду перад такой аўдыторыяй, перад якой стаялі Вы, – гэта акт грамадзянскай мужнасці. Дзякуй Вам за яе! Кожны такі ўчынак – каменчык у моцны падмурак новай, прыгожай, здаровай краіны. Спадзяюся калі-небудзь асабіста паціснуць вам руку. З павагай, Кацярына Трубовіч (Мінск)”.
“Шаноўны спадар Васіль! Дазвольце выказаць Вам маю павагу і падзяку за Вашу актыўную пазіцыю. Вы сапраўдны шчыры беларус! Ваша смелая прамова будзе натхненнем усім беларусам, якія чакаюць перамен. Вольга Кавальчук.”
“Васіль Пятровіч, шчырая падзяка Вам ад усяго сэрца і нізкі паклон за мужнасць, вернасць сваім прынцыпам. Я таксама педагог, і мне балюча слухаць і бачыць, як паступова знікаюць такія важныя чалавечыя каштоўнасці, як гонар, павага, справядлівасць, смеласць. Як далей выхоўваць дзяцей, калі яны з першых дзён знаходжання ў сістэме адукацыі акунаюцца ў прастору падману, асуджэння, беззаконня, падвойных стандартаў, прыстасоўваюцца да гэтага. Кім яны вырастуць у такім атачэнні? Будуць таксама гнеўна крычаць на сталага чалавека, настаўніка толькі за тое, што яго думкі не супадаюць з чыейсьці асабістай ідэалогіяй? Я абурана і не хачу такой будучыні дзецям і краіне. Эдзіта Бранцэвіч”.
“Васіль Пятровіч, добрага вам часу! Вашага тату звалі як і майго – Пётр, і, слухаючы Вас, я ўспамінала яго. Таты ўжо няма, але мне было так светла і цёпла ад Вашых словаў, ад таго, як шчыра і смела вы казалі, ад таго, што Вы казалі тое, што і адчувалі. Як і мой тата рабіў. Я ганаруся тым, што жыву з Вамі на адной зямлі, ганаруся тым, што вы – мой зямляк! Шчыры Вам дзякуй за Ваш светлы і мужны ўчынак, за Вашыя словы! Пакуль ёсць такія людзі як Вы – будзе жыць наша любімая Беларусь! Нізкі Вам паклон і блаславенне нябёс няхай будзе з Вамі! Вераніка”.
Паважаная рэдакцыя, я/мы не ведаем што рабіць з нашымі словамі, думкамі, пачуццямі…. Вельмі хочацца, каб іх пачуў/пабачыў/адчуў шаноўны Васіль Пятровіч. Мы ўпэўнены, што яму незалішняй будзе маральная падтрымка, хаця б і ў такім выглядзе. Мы адсылаем гэты ліст Вам і просім дапамогі ў тым, каб ён дайшоў да адрасата. У якім выглядзе: на старонках Вашай газеты, альбо як асабістае паведамленне спадару В. П. Бураку – пакідаем на Вашае рашэнне і магчымасці.
Шчыры дзякуй за працу!
З вялікай павагай, Віталія Глаз.
Ад рэдакцыі.
Выступ Васіля Пятровіча, сапраўды, выклікаў незвычайны рэзананс у інтэрнэце. Людзі перасылалі яго адзін адному, дзяліліся ў сацыяльных сетках. Толькі на адным ютуб-канале выступ паглядзелі больш за 450 тысяч разоў. На самім мітынгу ў Ганцавічах прысутнічала некалькі соцень чалавек.
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ