Ізалятар часовага ўтрымання ў Брэсце: хто і як там “сядзіць”

20:39 03 ноября 2020
ОБСУДИТЬ
У рэдакцыю “Першага Рэгіёна” звярнуўся жыхар Брэста, які быў затрыманы падчас адной з нядзельных акцый у горадзе і амаль 72 гадзіны знаходзіўся ў ІЧУ (ізалятар часовага ўтрымання).

Паколькі адміністрацыйная справа ў адносінах да нашага аўтара яшчэ не разгледжана ў судзе, пакуль называць яго прозвішча не будзем. Аднак расповяд пра абставіны затрымання, галадоўку ў ІЧУ і ўмовы знаходжання варта прачытаць. Як кажуць, “ад першай асобы”.

“Я быў адвольна і даволі смешна затрыманы, пакінуты без веласіпеда, аддадзены клапам. Таму галадаваў. Пазнаёміўся з цудоўнымі і не вельмі людзьмі, атрымаў і аддаў шмат інфармацыі, нечакана выйшаў на волю.

Падпалкоўнік не вытрымаў

25 кастрычніка (гэта была нядзеля) паабедзе сеў на велік і паехаў па сваіх справах у горад. Заехаў на рынак, паглядзеў грыбы (збіраўся ў лес, а на рынку ёсць падказкі). Потым былі яшчэ дзве кропкі, і вось на вуліцы Савецкай чакаўся каларыт: без яго там ніколі не абыходзіцца.

Збочыў з паралельнай вуліцы, выглянуў. І адразу сакавітая карцінка. Стаіць мажны святар у расе, вакол гурток людзей, а збоку яму штось выгаворвае чалавек у міліцэйскай форме. На пагонах дзве зоркі пры дзвюх палосах. Ровар быў падменны, з касой рамай, прытуліць да нагі аніяк, то хуценька пакінуў і паспеў вярнуцца.

Ізалятар часовага ўтрымання ў Брэсце: хто і як там “сядзіць”
Святар і “сілавікі”

Народу было даволі многа: хаатычны такі рух, збольшага наперад да помніка 1000-годдзю Берасця. Дай думаю, прайду яшчэ крыху. І літаральна праз пару крокаў – у яблычак! Насустрач руху збольшага маладых і маладзенькіх людзей – дзядуля, зусім старэча, ідзе паўкрокамі, калені разам, ногі перасоўвае. А ў руках – букет кветак. Іх ён працягвае насустрач людзям – яўная прапанова, маўляў, купіце, калі ласка і нават дзеля прамілага Бога купіце.

Доўга не думаю, дастаю апарат, кажу пароль: “А ці можна Вас сфатаграфаваць?”  Дзядуля дазваляе. Шчоўкаю кадр і з другога яго боку …адчуваю лютую агрэсію. Яе выток – за дзядулем. Прымаю камеру ад вока – аказалася, там у кадр трапіла група міліцыянтаў, на чале іх колішні падпалкоўнік, і мова яго цела – гэта гнеў і непрыманне. Да іх – якіх дзесяць метраў. Падымаю руку, крычу заспакаяльна, што не хацеў яго ў кадр, што зараз пагашу, зраблю сабе яшчэ.

Ізалятар часовага ўтрымання ў Брэсце: хто і як там “сядзіць”
“Сілавікоў” прырасло

Фатаграфую дзядулю ў іншым ракурсе, крыху гутару з ім. Пачым кветкі, чаму прадаяцё. Ён пытае, ці не з Польшчы я. А што, кажу, Вы паляк? Не, адказвае. А пенсіі мне даволі. А чаму тады прадаяце? Хадзіць мне трэба, рухацца, пажыць яшчэ хачу. Падумаўшы крыху, кажу:”А ці можна спытаць, колькі Вам гадоў?” “Можна, чаму не. 84”. Зычу старэнькаму прадаць кветкі, раблю пару крокаў…

Тут мяне цвёрда бяруць з перад. двух бакоў пад локці. “Пройдёмте!”. Аглядваюся туды-сюды: два міліцыянты. Пруць наперад, а там – тры мікрааўтобусы і “касманаўты”. Садзяць у бус і з’яўляецца колішні падпалкоўнік.

Ізалятар часовага ўтрымання ў Брэсце: хто і як там “сядзіць”
А што ў смартфоне?

Што адбываецца, кажу, я ж паабяцаў што выдалю, а там з папом дык гэта звычайная сітуацыя… “Гэта не поп, гэта служыцель культа грэка-каталіцкага абраду, варожага нам,” – адказвае ён. Пытаю, ці сам верыць у Бога. “Так, я праваслаўны”. А ці будзеце змагацца за веру?  “А як жа. Калі трэба, то і са зброяй”. “Дык што рабіць мне, атэісту? – пытаю. – Я ж таксама хачу абараніць сваё нявер’е. А калі ваяўнічы іслам?” Потым кажу, што застаўся там на вуліцы мой веласіпед.

Але гутарка была для падпалкоўніка збольшага баўленнем часу.  Нехта патэлефанаваў, і ён адмахнуў: “В Ленинский РОВД!”. А веласіпед, кажу. Спецчалавек хвіліну думаў, потым параіўся з замаскаваным міліцыянтам, а можа згрузіць у Брэсцкі? (гэта паблізу, РАУС Брэсцкага раёна, там стаяў вялікі блок-пост з людзьмі ў чорным). Але потым вярнуўся да ранейшага рашэння: “Нет, в Ленинский!”

Дык веласіпед жа скрадуць, заяўлю прэтэнзію, кажу. “В Ленинском разберутся, отпустят”, адказвае. Як толькі прагучала гэтае “отпустят”, зразумеў, што не адпусцяць. Міліцыянтаў ведаю, іхні слэнг і манеры. Стаж журналізму вялікі.

Ізалятар часовага ўтрымання ў Брэсце: хто і як там “сядзіць”
Крыж прыцягвае ўвагу

“Стакан” і ізалятар

Крыху паездзілі, потым тармазнулі. Акурат каля блокпаста.  Там мяне перагрузілі ў аўтазак. Забралі ўсе асабістыя рэчы, запіхнулі ў “стакан”. Гэта такая малюсенькая загонка – уся з жалеза. Іх у аўтазаку шэсць ці восем. Мая была на два месцы. Хутка да мяне запіхнулі маладога чалавека. У стрэсе, нервовыя рэакцыі.

Яшчэ ў адну паперадзе запіхнулі некага. Той падаў голас. Малады чалавек. Крычаў, за што. Біў у дзверы нагамі. Яшчэ з аднаго “стакана” азваўся нехта, казаў, дыхаць няма чым, у яго астма і боязь замкнёнай прасторы. У вакенца бачны быў амапавец у балаклаве. Аніякай рэакцыі.

Стаялі мы так ладную гадзіну. Адзін сядзелец папрасіўся ў туалет, яшчэ нехта. “Ждите, скоро поедем”. Прыйшоў нейкі старшы, загадаў даць паветра. Адкрылі люк зверху. Хлапца з клаўстрафобіяй вывелі ў калідорык, пасадзілі на лаўку.

У прыцемках нас прывезлі ў Ленінскі РАУС. Пакуль стаялі там, старшы задаволіў нарэшце просьбы: некалькіх вывелі ў туалет.

Потым нас выгрузілі, цераз “калідор” міліцыянтаў прагналі ўнутр. Там ужо стаялі пры сценах чалавек з трыццаць, амаль выключна моладзь. Маёр пісаў пратаколы затрымання. “Дзе нарадзіліся?” А гэта прычым, пытаю. Той пагартаўся ў смартфоне, запісаў нешта. Закончыў. Падпісвайце, кажа. Дайце пачытаю, адказваю. Во, ёсць дзе я нарадзіўся. Значыць, у вашай базе дадзеных? Маёр ківае. Што, не стрымаўся я, усіх беларусаў пад калпак хочаце?

Потым пярэчу яшчэ: “Тут няма, што было”. “Дык гэта пратакол затрымання, падазрэнне на артыкул 23-34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве)”, адказвае афіцэр. “Але ж там напісана “Обоснование: ст.23-34””, кажу. “Можаце не падпісваць,”–  кажа ён. А чаму не па-беларуску? “Можаце не падпісваць.” “Ваша прозвішча неразборліва, “С.В.Степ…”. Степурко хіба? Бо Вы ж мяне з ног да галавы апісалі”. Маўчыць, потым кажа напаўпагрозліва-стомлена: “Давайце падпісвайце хутчэй або не, набралася тут… “. Падпісваю пратакол з заўвагай “Не згодзен”.

Кажу пра веласіпед. Мяне зноў ігнаруюць. Двое выводзяць на двор і вядуць. Ведаю, куды. У дальнім куце ў падвале ізалятар. Там я “сядзеў” за пікет гадоў з 25 таму назад.

Перад вакенцам афармлення распавядаю маладым міліцыянтам гісторыю затрымання. Адзін коратка падумаўшы азваўся, што купляе ў гэтага дзядулі кветкі жонцы.  Цікавіцца, а чаму ж той прадае. “А пачым букет?” ­ пытаю ў адказ. “Дорага. За пяцерык”. “Ну калі ўжо Вы падзяліліся інфармацыяй, то і я скажу. Бо трэба хадзіць яму, хоча яшчэ пажыць”.

У памяшканні яшчэ тры чалавекі. З’яўляецца новы, бамжаватага выгляду і відавочна моцна п’яны. Міліцыянты як адзін ускідваюцца: “Рома! А што ты тут згубіў? Гэта ж не па тваім профілі!”. Той тлумачыць, што не сышоў з месца “хапуна”. “Мне говорили. Но не успел. Дурак”. Сядае на адно з трох крэсел у зборнай батарэі і занурваецца ў думкі.

Бяру тэлефон, набіраю дачку. Кажу, што мяне затрымалі, дзе я, і каб прыехала забрала ключы ад кватэры і веласіпеда. Міліцыянты глядзяць на мяне як на марсіяніна. “Вам нельзя…”. Памкнуліся забраць дывайс. “Маю права на тэлефанаванне”, – адказваю. Адключаю лінію, адыходжу ад Ромы, бо той моцна патыхае перагарам, чакаю.

У мяне забіраюць пад вопіс усе рэчы. Ці ёсць якія асаблівыя пажаданні? Кажу, не куру. “У нас ёсць такая камера, але там усе месцы занятыя”. Вядуць унутр. Кажуць, каб узяў матрас, даюць бялізну, вядуць у камеру.

Ізалятар часовага ўтрымання ў Брэсце: хто і як там “сядзіць”
Асабістая гутарка з бацюшкам

Клапы

Яна вельмі адрозніваецца ад той, дзе сядзеў колісь. Няма “сцэны” з дошак пасярэдзіне, замест яе ляжанкі з дошак на таўшчэзных жалезных кранштэйнах у два паверхі, з аднаго боку дзве, з другога чатыры.

Перад вакном пасярэдзіне нягеглы стол з жалезнага вугалка на так-сяк прыляпаных зваркай да стальніцы трубах. Вакно ў сцяне закратаванае і забранае плексігласам з дзіркамі. Дзіркі, іх можа трыццаць, заткнутыя закарэлым ужо хлебным мякішам. Пад вакном у нішы батарэя, злёгку цёплая.

Сцены страшныя, наляпана крутой цэментнай гушчы, усё пашэрганае. Надпісы. Нейкія чачэнцы. 2017 год – нейкі “Джур Максим Малорита”. Ёсць і свяжэйшыя, пазнавальныя. “Инна Постолюк Восток Каменец 23.10.20.” “Гнаук Елена 23.10.”

Неўзабаве да мяне далучыўся Рома. Спрабуе загаварыць, але мне з ім не вельмі хочацца. Адварочваюся, каб заснуць. Як тут грымяць жалезныя дзверы. Папаўненне! Прыводзяць яшчэ, і яшчэ, і яшчэ. Маладзёны з калідора. Васьмярых насавалі праз нейкую гадзіну. Двое на падлозе.

Знаёмімся. Рабочы Дзіма, тэхнік з будаўнічай арганізацыі, Яўген, як помню,  муляр Віталь, бізнэсовец Андрэй, “рабацяга” Яўген, студэнт Багдан. Амаль усе кураць. Дым віруе. У Ромы не забралі карты. Сядаюць да стала, неканцэнтравана перакідваюцца “ў дурня”. Яно зразумела, бо ўся ўвага на размовах пра затрыманні на пратэстнай акцыі сёння. Двое ці трое ўцякалі ад “касманаўтаў”, але не ўцяклі.

Ізалятар часовага ўтрымання ў Брэсце: хто і як там “сядзіць”
Садружнасць сцягоў каля Брэсцкага электрамеханічнага завода

Яўген з тату здзіўляецца, адкуль яны “нарысаваліся, па пяцера з двух бакоў, так раптам”. Андрэя забралі з кавярні. “А мог бы цераз службовы ўваход сыйсці.”  Некаторыя патрапілі ў другі раз, таму мяркуюць крыху са скрухай, “пятнашка гарантаваная”.

Распавядаюць пра першае сядзенне. Дзіма кажа, што ў СІЗА было лепш.”Там увесь следчы ізалятар вызвалілі ад крымінальнікаў 9 жніўня. Набіта нашых, як селядцоў было. 28 чалавек у камеры на 10. Але вокны там звычайныя, камеры светлыя. Самы светлы яго ўспамін, што вызвалілі датэрмінова – прыйшла тысяча людзей, скандавалі “Вызваляй, вызваляй”. Яўген згадвае, што малацілі люта. “Что тебе скотина свободы захотелось? Да? Так получай!” І па нагах, і па рэбрах дубіналам.

Заўважаюць мышак. Тыя спусціліся ў вакно і жывяцца ад хлебных затычак. То адна, то дзве. Тыя самыя? Ці кожным разам іншыя?

Рома крыху ачомаўся ад одуры. Кідае раз-пораз рэплікі, якія паказваюць, што ён арыентуецца-такі ў палітыцы. Цікавіцца ў мяне, чаму крычаць “Жыве Беларусь!” Кажу, гэта словы з верша класіка літаратуры Янкі Купалы. Увогуле потым аказваецца, што Рома як чалавек даволі праніклівы розумам. Гэта ніяк не выключае, што ён “падсадны”.

Бліжэй да начы размовы заціхаюць. Жартую наконт цыгарэтаў. Нашто, кажу, смыкаеце ўсё іх да рота і назад, тут і так дыму даволі. Проста глыбока ўдыхнуў і ўсё. Да ранку запасу. Неяк гэта дзее. Стараюцца “смокаць” ля дзвярэй, там вентыляцыя.

Мы амаль заснулі, як тут Віталь на верхняй шконцы з крыкам спахопліваецца. “Клапы!” Яшчэ праз момант з бязмежна гідлівай інтанацыяй: “Задушыў вялікага!” Прыкмеціў і я, што бегаюць. Пачынае часацца цела. Уражанні студэнцкіх гадоў. Найнепрыемнейшая дрэнь. Да таго ж, не так задушліва цёпла, як было тут 25 гадоў таму. Коўдры не далі, цяпер бачна, што не пройдзе. Нацягваю штаны і куртку і спрабую заснуць. Доўга-доўга гэта не ўдаецца.

А шостай раніцы ў “кармушку” (жалезную адкідушку ў дзвярах) дзяжурны гаркае “Пад’ём!” Прыбіраемся, мыемся. Жалезны ўнітаз з кранам наўпроставага змыву адразу ў кутку пры дзвярах, над ім эмаляваны чугунны змыў крана для больш шляхетнай вады. Усё адгароджана невысокай цаглянай сценкай, толькі збоку. Нейкая мікраІндыя, непрыемна, прыніжальна і антысанітарна.

Крычым дзяжурнаму, што клапы. З таго боку кармушкі гучыць: “Чево?”. Яна закрываецца. Падыходжу, стукаю. Крокі, зноў адкрываецца. Яна на ўзроўні грудзей. Кажу ў вочка-“шпіён” вышэй: “У вас тут клапы”.

Знізу раздаецца: “Так на Вас клопы. Вон ползёт. И вон”.  Мяне перасмыкае. На левым плячы маёй белай паўсвітэркі і насамрэч перамяшчаецца чырвоная невялікая пачварка. Душу. Пырскае кроў. Гляджу дзе яшчэ, грэбліва змахваю. “Гэта вашы клапы,” – кажу. Як раптам тут мне прылятае з “кармушкі: “Нет, это Вы их принесли сюда”.

Нагінаюся, пільна гляджу ў вочы над чорнай маскай. Яны нахабныя, пэўныя. “Што-што? За 26 гадоў Вы не змаглі нават турму нармальную паставіць”, – прамаўляю ў гэтыя вочы і ўжо ведаю, што буду рабіць далей.

Гэта проста ахоўнік. Праз хвілін пяць стукаю, патрабую дзяжурнага. Той доўга няйдзе.  Патрабую паперу і чым пісаць. “Навошта? Заявіць пра клапоў?”

“Так, і пра клапоў у тым ліку.”. Ігнор. Праз нейкі час ізноў стукаю. “Кармушка” адкрываецца. Патрабую зноў сваё.  Але там іншая маска. “Усе на выхад, з вопраткай і прадуктамі. Будзе дэзінфекцыя. Прапарым камеру. Рэчы прасмажым.” Дэзінфектар аглядае нас на прадмет пакусаў. Некаторыя вельмі пацярпелі. Я аказаўся “невкусным”, ніводнага. Верхнюю вопратку пільна правяраем і рэзка страсаем клапоў на падлогу.

Пасля прасмажвання рэчаў нас растусоўваюць па іншых камерах. Я трапляю ў цэлю для непалячых.

Камера, дзе не паляць

Тут публіка крыху іншая. Адзін даўні, 22 дні ўжо, вядомы брэсцкі архітэктар, выкладчык тэхуніверсітэта, альпініст і прагрэсіст Віктар Антонавіч Бобрук. Сівыя кудзеркаватыя валасы да плячэй амаль, праніклівыя вочы, гучны голас. Гэта ён дабіўся, каб была камера для непалячых. Вельмі дбае пра людскае стаўленне ўсіх да ўсіх. Яму налічылі 15, потым яшчэ 15, потым яшчэ… “Падпісваеш пратакол наўпрост у тамбуры. У суд хутка, туды-назад. Усё фармальна.”. За што? “Трапіў ім у кадр на Савецкай. Стаяў з калегам”.

Бобрук мае адваката. “Той кажа, што можна было прызнаць віну, і тады штраф. Але ў чым віна.” У “Антонавіча” ёсць папера, стрыжань, шахматы. У шахматы ён іграе з праграмістам Пашам. У іх ужо нейкі лік па турнірах. Раней у камеры былі збольшага сапраўдныя крымінальнікі, і Бобрук пераказвае дэталі.

Увогуле сказаўшы, бачна, што ён чалавек энцыклапедычных ведаў, можа гаварыць глыбока і аргументавана амаль на любую тэму. І добры паэт. Дэкламуе напамяць свае амаль выключна афарыстычныя чатырохрадковікі дзясяткамі, чым вельмі ўздымае настрой. Параіў яму абавязкова надрукаваць іх. Дарэчы, не адзін я, Віктар падзяліўся, што паэт і рэдактар Мікалай Аляксандраў назваў некаторыя з чатырохрадковікаў “брыльянцікамі”.

У камеры таксама – архітэктар Андрэй (як потым аказалася, ягоны бацька вучыўся у адной групе з Бобрукам). Яшчэ адна асоба, да таго ж мне знаёмая – “афганец” Аляксандр Сахарук, кранаўшчык “Брэстжылстроя”, актывіст прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Яго “павязалі” 25 кастрычніка яшчэ на подступах да помніка 1000-годдзю Брэста апалове 15-й. Тыповае адвольнае затрыманне.

Жанчыны падбеглі, адбівалі яго, парвалі міліцыянту рукаў. Сахарук паспеў выхапіць і распасцерці ў руках бчб-сцяг. Але судзіць будуць за эпізод яшчэ са жніўня. Так сказалі на “разборцы палётаў” – у панядзелак кожнаму паведамілі пра тое, што мае супраць яго міліцыя аховы грамадскай бяспекі.  Віна Аляксандра палягала ў тым, што ён перад шэрагам АМАПаўцаў заклікаў не ўжываць зброю. Відэа круцілі нядаўна на БТ, з чым канваіры-міліцыянты віншавалі рабочага. Маўляў, стаў тэлезоркай.

У гэтай камеры клапоў няма. Затое болей мышак, і яны не толькі на сцэнічным вакне, але і ўнутры. Віктар Бобрук засведчыў, што іх максімум шэсць. “Бегаюць па дыяганалі. Калі шмат было затрыманых, спалі на падлозе, дык і па іх. Хлеб ім кладзем. Калі многа іх збяжыцца, то нават б’юцца за хлеб, спрачаюцца.”

Паперы мне зноў не даюць. Але са мной дзеляцца. Пішу заяву на імя начальніка ІЧУ. У ёй паведамляю пісьмова ўжо, што зрання 26 кастрычніка (а фактычна з нядзелі, бо тады толькі лёгка паабедаў),  галадаю ў знак пратэсту супраць клапоўства і звязанага з ім хамства супрацоўніка, на што патрабую рэакцыі. Пішу, што быў затрыманы адвольна, што пратакол складзены, і хадайнічаю аб тым, каб адпусцілі да суда, на які абавязуюся з’явіцца.

ЧИТАТЬ ЕЩЕ СТАТЬИ

11 января 2024 12:56

Сколько “вагнеровцев” осталось в Беларуси?

Белорусские силовики и пропагандисты активно пиарят наемников из ЧВК "Вагнер", которые до сих пор остаются в Беларуси. Нередко на телекадрах c совместных тренировок рядом с государственным флагом РБ и флагами белорусских силовых ведомств можно увидеть и флаг "Вагнера", а замминистра МВД Николай Карпенков носит шеврон с символикой ЧВК.

25 декабря 2023 10:52

Чаму ў Беларусі падоўжылі бязвізавы рэжым для грамадзян Літвы, Латвіі і Польшчы?

У 2024 годзе грамадзяне суседніх Літвы, Латвіі і Польшчы змогуць прыязджаць у Беларусь у бязвізавым парадку. Прапанову МЗС падтрымаў Аляксандр Лукашэнка. Такім чынам, бязвіз, які дзейнічае з вясны 2022 года (для Польшчы — з 1 ліпеня 2022-га) падоўжаны ў трэці раз.

15 декабря 2023 15:10

Кого в Беларуси смогут лишать пенсий за особые заслуги перед страной?

В Беларуси пересмотрели список причин, по которым могут лишать выплаты пенсий за особые заслуги перед страной. Соответствующее постановление опубликовано на Национальном правовом портале.

12 декабря 2023 15:48

В России беда с яйцами: жуткий дефицит и резкий рост цен. А что в Беларуси?

В соседней стране куриные яйца дорожают не первый месяц, они уже стали "золотым" товаром. Стоит ли беспокоиться белорусским потребителям?