Ізалятар часовага ўтрымання ў Брэсце: пра галадоўку і іншыя “прыгоды”

16:49 04 ноября 2020
ОБСУДИТЬ
Працяг успамінаў чалавека, якога затрымалі падчас нядзельнай акцыі і трымалі ў ІЧУ

“Я быў адвольна і даволі смешна затрыманы, пакінуты без веласіпеда, аддадзены клапам. Таму галадаваў. Пазнаёміўся з цудоўнымі і не вельмі людзьмі, атрымаў і аддаў шмат інфармацыі,  нечакана выйшаў на волю”, – так распавёў жыхар Брэста, які падзяліўся з рэдакцыяй “Першага Рэгіёна” сваімі ўражаннямі пра знаходзжанне ў ІЧУ (ізалятар часовага ўтрымання).

Паколькі адміністрацыйная справа ў адносінах да нашага аўтара яшчэ не разгледжана ў судзе, пакуль называць яго прозвішча не будзем.

Першую частку можна пачытаць тут:

https://1reg.by/2020/11/03/zalyatar-chasovaga-tryimannya-bresce-hto-yak-tam-syadz-c/

Галадоўка

Паводле стану на кастрычнік я меў досвед галадання. Галадаваў студэнтам, дзеля здаровага ладу жыцця і каб праверыць, ці магчыма пражыць на адну стыпендыю. А гэта каля двух з паловай рублёў, на сённяшнія. Піў ваду, бо насуха паблажала ў першы дзень ужо. Хапіла мяне на тры дні.

На другі дзень прайшло прагнае жаданне есці, страўнік як замкнула. Затое пачалася нейкая эйфарыя, лёгкасць незвычайная. На трэці дзень зрання на лекцыях пачало нястрымна хіліць у сон. Паабедзе ногі пачалі рабіцца ватнымі, дрогкімі. Цяжка было ісці ўверх па лесвіцы.

І я здаўся. Пачаў убіраць усё запар, праз тыдзень аднавіў страчаныя пару кілаграмаў і нагнаў яшчэ паўтарачку наверх. З эканоміяй атрымалася лепш, ну ды ўсё роўна выйшла нерэальным.

Што да галадоўкі праз амаль паўвека, то паспеў за гэты вялікі абсяг часу набрацца тэорыі правільнага галадавання. Па-першае, не адмаўляўся ад чаю, які (мілілітраў дзвесце ў алюмініевым кубку) даюць у ІЧУ шторанку. Па-другое, піў увечары злёгку разбаўлены апельсінавай мякаццю вар.

І тое, і тое, і вар, і апельсінавая разбаўка, былі заслугай напірыстага архітэктара Бобрука. Той пераканаў раздатчыкаў ІЧУ, што вечарам зняволеным без гарачай вадкасці аніяк (належыць чамусьці толькі другое, гатаваная страва з гарнірам), і яны прыносілі чайнік вару ды разлівалі праз “кармушку” у пластыкавыя (жалезных, керамічных і шкляных нельга) кубкі або ў бязверхія пластыкавыя бутэлькі з-пад пітной вады.

На другі дзень зняволення дачка прынесла перадачку, у ёй бутэлька вады, то і яе піў. Стараўся лішне не рухацца, эканоміў энэргію. Праз гадзіну-дзве мыў пад кранам рукі, асвяжаў твар і шыю. Зусім хутка адчуў, што пусты, як восеньская муха. Прыйшла знаёмая лёгкасць. Пад гумку трусоў (ад англійскага “trousers”) пачалі ўлазіць адразу дзве далані коўшыкам, не адна плазам як раней.

Другой начы пачало тахкаць сэрца. Не, страху не было, яно ў мяне трэніраванае. Веласіпед, футбол штонядзелі. Проста перастраўліваць сябе цяжэй, чым нарыхтаваную ежу. Назаўтра ўдзень пульс нармалізаваўся. І – трымаў таварышаў па камеры ў курсе. На трэцюю ноч без праблем.

У апошні дзень (да суда, паводле закону, маюць права трымаць толькі трое содняў)  адчуванне было цалкам сабе нічога, толькі запаволілася рэакцыя і пачалі халадзець ногі. Кроў не так добра даходзіла. Але нават выйшаў на гадзінны шпацыр,  – нарэшце вывелі. У выніку страціў за тры з паловай дні галадоўкі чатыры кілаграмы. І ні грама годнасці.

Ізалятар часовага ўтрымання ў Брэсце: пра галадоўку і іншыя “прыгоды”
Каля ІЧУ паліць нельга, а ў цесных цэлях калі ласка

Пратаколы і папярэджанні

Аднаго за адным нас выклікалі для складання асноўнага пратакола. Мне шэнціла на маёраў. Чарговы хатне так выглядаў. Пытае мае персаналіі, дзе жыву. “А Вы хто,”  –  цікаўлюся. “Участковы”. На дзіва, голас роўны. “Наш? – пытаю са спадзяваннем. “Нет, с другого участка.”. Працягвае мне аркушы. Там нейкія падборкі законаў. “Провёл беседу…”. Ага, дык прачытаю, і лічыцца, што Вы мяне азнаёмілі, здагадваюся. Маёр ківае. “А чаму не па-беларуску?” “Няма, так склалася. Я сам беларус”. Гучыць замірэнча. Чытаю. “Але як мне падпісваць? – кажу. – Ваш жа старшы сказаў, што законы адмянілі. А мне што, выконвай?”. Маёр кажа: “Можаце не падпісваць”. Гэта неяк неадэкватна, разважаю ўслых. Быццам я зацяты які. Таму пішу “не з усім згодзен” і стаўлю подпіс.

Другі пратакол мы аформілі хутка. Таксама напісаў заўвагу, што не па-беларуску. А што таго парушэння няма, то гэта ж бачна з апісання.

Ізалятар часовага ўтрымання ў Брэсце: пра галадоўку і іншыя “прыгоды”
Вуліца Савецкая: без міліцыі – ніяк

Абсурды беларускага засценка

Як толькі ты трапіў у іхні ізалятар, махні на цывільнае жыццё рукой. Вывелі з камеры – тварам да сцяны, рукі на мур над сабой, ногі шырэй плеч. Цябе агледзяць: абмацаюць з рук да галавы, абчуйнуюць адмысловым металашукальнікам. Ці не нясеш заточку або лязо. Зняў туфлю, аддаў спецчалавеку на прадмет абсветкі прыборам падэшвы, сагнуўшы у калене максімальна плоска паднёс яму пад прыбор ступак нагі. Другая нага, тое самае.

Адразу згадваецца іхні недатыкальны нават у часы пасля краху ідэі кумір, бронзавы на сёння Ільліч. Як вядома, ленінцы дабіліся ад царскай ахранкі, што “палітычныя” мелі вольнасці, якія амаль раўнялі іх з неарыштаванымі грамадзянамі. Бо якія там заточкі ды гвалт, калі яны ідэйныя.

Цікава, што да нашых гэта ніяк не дайшло. Чаму? Гэта ж так проста. Хай сабе Менск амаль заруку дае нейкай ананімнасці. Але іншыя гарады – яны ж даволі цесныя. Усе ўсіх ведаюць. Узялі на нейкай мірнай акцыі твайго суседа. І вось ты яго дручыш, “а ну ноги правильно поставил, чувырло. Что тебе говрю, б…!” Убрал живенько! Быстрей давай что медленнее нельзя?” “Руки за спину, к стене!” Неўзабаве чалавек выходзіць, і ты з ім сутыкаешся, ранкам…. Дзіч якая, сорамна авой! Ну ды ім, відаць не. Таму які тут імідж. Моцная зарука нянавісці.

Або такі момант. Прыйшоў мне ліст, унутры канверт, маркіраваны, з надпісаным атрымальнікам адказу. Хуценька адказаў, потым пагрукаў, падаю ў “кармушку” нераскрыты канверт, каб працэнзуравалі ды адаслалі. Не, кажа, ужо позна. Дык калі? Заўтра зрання. Зрання тыцкаў разы два. Не. Вывелі на ранішні шмон (абавязковае, зноў “рукі да сцяны” і г.д., у камеры ўсе ўверх дном), дзяжурны рэзка кідае, ці ёсць пытанні. Ліст, кажу, адашліце, з учора ляжыць. “Позже немного”.  Зноў у камеру, час  ідзе. Выводзяць на шпацыр. Бяру канверт. Да сценкі, агляд. Тварам на калідор, сталі ў калону. Падаю спецчалавеку канверт, маўляў адпраўце. “Нет”. “Дык у камеру пакладу.”  “Берите с собой.” Гэта ўжо цераз край. Што вы канцлагер тут зладзілі, кажу, з вечара тыцкаю, дзяжурны сёння казаў, што забярэ. Маю права на перапіску! А не цягаць яго з сабой. І тарнуюся пакласці назад у камеру. Спецчалавек чартыхаецца, адбірае ў мяне канверт, ідзе сам у камеру.

Бландзінка ва ўніформе крыху спачувальна заўважае:”А што Вы думалі, курорт Вам тут?” “Абраза гэта, каб цягаў канверт на шпацыр, і Вашая заўвага, – кідаю ёй на гэта. – Вы ж вучылі юрыспрудэнцыю. Буду скардзіцца.” “Вашае права”, – адказвае жанчына і раптам дадае: “Пасля прагулкі з Вамі пра гэта пагаворым”. Гэта мне падаецца правільным. “Добра,” кажу. Хоць што. Праўда, падазраю, што яна мне там будзе казаць пра дысцыпліну, рэжым і статус.

Згадаю тут адну знакавую прыгоду, пра якую тымі днямі распавёў двум спецлейтэнантам. Здарылася мне паездка ў Германію, з прыватнага запрашэння, гадоў дваццаць таму назад. Там гаспадары зладзілі для мяне экскурсію ў турму, якая праславілася тым, што з яе не было ніводнага пабегу. Не таму, што яна неяк адмысловым чынам умацаваная. Найперш, бо туды набралі персанал, які меў абавязак і мог ставіцца да зняволеных дружалюбна, быць іх сябрамі. Яны – ахоўнікі і зняволеныя – называлі адзін аднаго па імені!

Сакрэт просты: гэтыя людзі мусяць праз нейкі час выйсці не зламанымі, а сагрэтымі, абуджанымі да людскасці, каб лягчэй сацыялізавацца пасля часам доўгай страты волі, што само па сабе для нармальнага а і нават не зусім нармальнага чалавека агромністае пакаранне. Па-другое, там унутры выдатных карпусоў, ззяючых свежай фарбай, была школа прафесійнага навучання з навейшымі на той час станкамі. Гэта каб даць маладым і не вельмі “сядзельцам” моцны шанец уладкавацца ў жыцці пасля турмы.

Як цяпер перад вачыма яшчэ адна карцінка. Шлэпае ў хатніх сланцах мужчына сярэдняга веку, развозіць на каталцы па засеках, там ложак, стол, газеты, тэлевізар,  – развозіць кнігі. Бібліятэкар. Забіў жонку, тут восем гадоў ужо, засталося яшчэ два.

А мы тут, у Брэсцкім ІЧУ акурат ЛЕНІНскага РАУС, неяк удвая больш апушчаныя, або і ўтрая, калі ўлічыць жахлівы стан гэтай ніцай спаруды. Прытым што і суда яшчэ не было, наша віна не даказаная.

Ну ды не ўсё так блага. Ёсць нават пэўны сэрвіс. Паслуга нумар адзін: штогадзіны “кармушка” адчыняецца, і бадзёры голас пытае “Спички? Зажигалку?” Віктар Бобрук сказаў, што раней тых, хто паліць, выводзілі, але цяпер абумовілі, каб палілі пры дзвярах, і абносяць чым прыкурыць. Па-другое, маску ад СОVID’у даюць, спытаўшы, ці няма сваёй. Потым, бялізна гэта ж таксама сэрвіс! Як і рэгулярная яда.

Казалі, што каштуе гэты гатэль з усім яго наборам паслуг 13.50 у дзень. Фактычна гэта яшчэ адно пакаранне за парушэнне. Як дадатковае яно не забаронена Кодэксам аб адміністратыўных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, але неяк цынічна выглядае з маральнага боку.

Ізалятар часовага ўтрымання ў Брэсце: пра галадоўку і іншыя “прыгоды”
Дзядуля з кветкамі на вуліцы Савецкай, дзе збіраюцца удзельнікі пратэстаў

Веласіпед

Высветлілася: звязку ключоў дачцы не перадалі. Толькі назаўтра зрання прыйшоў дзяжурны, сунуў у “кармушку” паперу і ручку, пішыце заяву на імя начальніка ІЧУ, што можна аддаць з вопісу ключы. Потым сказала, што іх аддалі ёй толькі на трэці дзень. Так што мне пашэнціла: увесь гэты час мой ровар прастаяў без нагляду. Добра, што не проста прыклаў велазамок, а надзейна яго замкнуў.

Адзінства рознага

У “непалячай” цэлі трое былі старэйшага пакалення, трое ўдвая маладзейшыя. Кожны меў разнастайную інфармацыю, і тыя, хто браў удзел у беларускіх акцыях пратэсту рэгулярна, і тыя, каго прыхапілі проста так. “Рандамна”, як выразіўся праграміст Паша. Падымалі настрой нейкія жыццёвыя гісторыі. Аказалася, што Аляксандр Сахарук фактычна гатовы аўтар кнігі ўспамінаў пра Афганістан, а былы грузчык Дзіма можа на прыватных прыкладах раскласці, чаму ў нас не ладзіцца з малым бізнесам.

Трое з нас аказаліся знаўцамі ды аматарамі року. І – на трэці дзень мы заспявалі! Праграміст ведаў “Тры чарапахі”, кранаўшчык “Разбуры муры” ў рускай версіі, літаратар (гэта я) і кранаўшчык змаглі да канца “Магутны Божа”. Я паспрабаваў згадаць „Yesterday”. Ну ды не ўдалося: галава пачала кіраваць памяццю павольней, чым гэта дазваляла мелодыя. Уяўная, вядома. Бо a capello.

Нашы спевы відавочна моцна паўплывалі на спецлюдзей спецустановы. Масіў адразу распаўся. Хто быў чорным, той не пабялеў. Але другія пацяплелі, інтанацыі зусім іншыя. Некаторыя нават па-беларуску нешта пачалі ўстаўляць.

Было б нясціплым напяльваць на сябе першынства. Першымі заспявалі жанчыны. Па голасу распазналі Зінаіду Міхнюк, кіраўнічку Берасцейскага аддзялення прафсаюза РЭП. Значыць, і яе затрымалі 25 кастрычніка.

Ізалятар часовага ўтрымання ў Брэсце: пра галадоўку і іншыя “прыгоды”
З кветкамі і ўсмешкай

Жахі Бобрукавых суседзяў

Спадар Віктар распавёў пра трох мужчынаў з яго дома. Аднаго вечара ў жніўні выбраліся яны ў цэнтр. На падыходзе да Савецкай заступілі ім дарогу тры “касманаўты”. Нацэліліся на самага моцнага, плячыстага. Двое павіслі на руках, а трэці пачаў малаціць дубінай па нагах ззаду. Двое таварышаў адбегліся ўбок, не ведаюць рады. Той, што біў, загадвае: “На калені!”

Мужчына кажа: “Не стану.” Тады чорны малоціць яго вышэй спіны, па нырках, па рэбрах. Мужчына падае як падкошаны. Самлеў. “Касманаўты” замітусіліся, выклікалі “хуткую”. Медыкі прыбралі непрытомнага ў салон, далі нашатыру пад нос, працерлі вадой твар. І ён прыйшоў да сябе. “Далей ужо ад яго асобы, сам мне распавёў”, – кажа Віктар.

“Расплюшчваю вочы, у галаве ўсё плыве, забыўся дзе я, што было. Медык пытае, дзе баліць, аглядае, ціскае. Як тут у шчыліну прачыненых дзвярэй нехта плішчыцца. Амапавец. “Што Вам? Я з пацярпелым,“ –  пытае лекар. Той паказвае рукі. Яны ўсе ў крыві. “У вас промыть чем не найдётся?”. Мяне як працяла. Дык гэта ж мая кроў! Адкуль і сілы ўзяліся – кажу: “Ты гэтую кроў да канца тваіх дзён не адмыеш”.

Ветлівыя спецлюдзі

З затрыманымі гутарылі не толькі ўніфармаваныя. Давялося і мне, у апошні дзень. Двое маладых людзей, гадоў 23-25. У добрых касцюмах, з гальштукамі. Адзін вельмі ветлівы, другі не зусім. Прынамсі, спачатку. “И как же Вы, в таком возрасте и здесь”, – пачаў быў ён. Па тэме больш цікавы аказаўся той другі. Не буду адкрываць без настойлівай патрэбы ўвесь змест, але некалькі контрапунктаў выкладу.

Інфармацыя пра клапоў уразіла. Спытана было пра масавыя выступы ды акцыі, то назваў адну з іх прычын, нагадаў пра збіццё людзей на Акрэсціна ў жніўні “а ля фашыстоўская Германія ўзору 1935 году”. Што гэта, калі не экстрэмізм? Было прынятае да ведама маё цытаванне Звароту літаратараў Берасцейскага аддзялення Саюзу беларускіх пісьменнікаў да мясцовых уладаў з прапановай перамоваў паміж уладамі і пратэстоўцамі, каб пачаць шукаць выйсце. Хочаце прыбраць людзей з вуліц – дык пачніце размаўляць з імі як з такімі, як з людзьмі! Даволі простае рашэнне.

Што да пытання пра адну з акцый у Берасці з блакаваннем вуліц і прымяненнем вадамёту, то паўтарыў сваю версію, што гэта магла быць пастаноўка мясцовых “сілавікоў” з мэтай атрымаць падставу для брутальных разгонаў наступных пратэстаў. Відаць было, што маладыя людзі, камандзіраваныя з Менску, уважліва вычыталі ўсё, што “Новы час” пісаў пра Берасце, і я іх не здзівіў.

Ізалятар часовага ўтрымання ў Брэсце: пра галадоўку і іншыя “прыгоды”
На выхадзе з ІЧУ: радасць сустрэчы

 

Што на выхадзе?

Мы ўнутры ІЧУ ўжо ў першы дзень даведаліся, што 25 кастрычніка затрымана было ў Берасці 78 чалавек. Гэта вельмі шмат. Пенітэнцыярная друзлая машына працавала з перагрузкамі, рыпеннем. Магчыма, гэтым, часткова, тлумачацца не зусім роўныя паводзіны спецлюдзей. Але мала што знойдзецца больш простага для папраўкі. Нейкія азы ж гэта, да таго ж прапісаныя ў Канстытуцыі – права на мірныя сходы.

І правільна кажа спадар Рагачук (старшыня гарвыканкама)  – вуліцы і плошчы Берасця належаць берасцейцам. Прыбраць абсурдныя абмежаванні з Закона аб масавых мерапрыемствах, і ўся праблема. Тады міліцыянтам застанецца ўцямная праца па ахове мірных маніфестацый ды мітынгаў, як гэта прынята ў перадавых краінах, і не трэба будзе гнобіць масы адэкватных людзей за нішто. Ганьбіцца і атручваць грамадства.

У сераду паабедзе службовец, які насіў мой ліст подбегам у камеру, мармычучы па дарозе, як я пачуў, “а штоб оно сгорело”, –тыцнуў мне яго назад у “кармушку” са словамі “Отдадите сами вечером дома.” Нібыта нейкая радасць прачувалася ў яго голасе. Ці здзек? Нашых міліцыянтаў часам цяжка браць наўпрост, літаральна ўспрымаць сэнс таго, што яны кажуць. Мы пераглянуліся. Ён што, суддзя? Або цэнзуру не прайшло?

Але ён казаў праўду. Праз якую гадзіну мне “с вещами на выход”. Ля брамы ІЧУ стаяў людскі тлумік. З радасцю і абдымашкамі родныя сустракалі тых, хто выйшаў на волю. Падыйшлі бацькі Андрэя, архітэктара. Параспытваліся. Хоць галава крыху плыла, знайшоў чым іх парадаваць. У іх выдатны сын.

З галадоўкі выходзіў паволі. Спачатку крыху вады, потым лёгкая гербатка, твораг. Назаўтра зрання яшчэ лёгкая кава, твораг, у абед дазволіў сабе суп, фрукты і – сеў за гэты тэкст.

ЧИТАТЬ ЕЩЕ СТАТЬИ

29 декабря 2023 16:39

Империя должна умереть. Без серьезного ослабления России новая Беларусь вряд ли возможна

На финише года, в декабре, демократические силы, сгруппированные вокруг Светланы Тихановской, наконец предложили проект стратегии перехода к новой Беларуси.

03 декабря 2022 20:10

Экс-командир брестских десантников заявил о создании белорусской части в Украине

При этом представитель Кабинета по обороне и национальной безопасности Валерий Сахащик отметил во время пресс-конференции 2 декабря 2022 года, что после окончания войны в Украине на белорусскую территорию она не пойдет.

16 сентября 2022 13:04

Как себя ведет белорусская пропаганда?

Медиаэксперт Павлюк Быковский рассуждает об изменчивой риторике государственных СМИ.

04 июля 2022 10:19

За три весенних месяца в Беларуси официально уволилось более 5% айтишников

Белстат опубликовал статистику о белорусах, принятых на работу и уволенных за май 2022 года. Благодаря этому мы можем узнать, что происходит на рынке труда.