Каля дома на вуліцы Жукава ў Брэсце сярод кветак – макет палаца, дэкаратыўныя слімак, чарапаха з каронай, вятрак, вазок з канём ды іншае. Ёсць і грэчаскі вугалок. У ім марскія жывёлы, амфары, антычныя калоны. Заснавальніца гэтых прыгостваў мае дабраахвотных злыдняў і памочнікаў.
На гэтым тыдні, нягледзячы на халадэчу, на дзіўнай клумбе шчыравала жанчына. Спытаў, чые артэфакты. Адказ быў, што праект не яе: “Анжэла гэта ўсё робіць. Жыве тут у кутняй кватэры.” Падумаўшы, дадала, што тая дома: “Паклікаць?”
Анжэлу спытаў, як прыйшла да такой ідэі. “Раней тут вялізная шпалера бэзу была, – адказала жанчына. – Але гады з два таму ўсё зрэзалі. Бачныя сталі недакуркі, смецце, сабачыя сляды. Непрыемна было глядзець, таму і ўзялася.” Анжэла пахваліла памочнікаў: “ЖЭС малайцы. Зямлю завозяць, з загародкаю абяцаюць дапамагчы, каб сабакі не бегалі. Суседкі прыбіраюць, полюць. Ірына, вось, нягледзячы што вокны ў іншы бок выходзяць”.
Паскардзілася жанчына на “кантынгент”: “Благія людзі трапляюць. Палацык парушылі. У ім жа і флюгер прыгожы зверху быў, і бок адзін адбілі. “Бычкі” кідаюць без аніякага”.
Спытаў, ці мае мастацкую адукацыю. Бо такое выштукаваць гэта не толькі цярпення трэба. І чаму так шмат мора. Жанчына сумелася: “Вады больш хочацца. А так беларуска я чыстакроўная. Атрымліваецца неяк, а мастакі… Якія тут мастакі, у нас увесь дом дэсантнікі”.
Гэта не дзіва – далей тэрыторыя 38-й паветрана-дэсантнай брыгады. Мікрараён “Паўднёвы” пры СССР увогуле меў статус вайсковага гарадка.
У размове знайшліся яшчэ матывы для навядзення прыгажосці. Выказаныя і не. Выказаны супаў з маім успрыманнем: “Негатыў апошнім часам ідзе клінам нейкім. Ці касяком. То хоць так разбавіць…” А нявыказаны – яго даведаўся ад іншых суседзяў. Муж у Анжэлы нядаўна памёр.
Таксама спытаў Анжэлу, якая частка інсталяцыі ўлюбёная. Выйшла – слімак. Але на чарапасе сядзець латвей.
Там і сфатаграфаваў ініцыятыўную ўпрыгожвальніцу наваколля. Саму і з памочніцай на сёння, Ірынай.
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ