Калі разграбаў гісторыю дзесяціпавярховіка з падпоркай, усяведная гандлярка нерухомасцю з фірмы “Бугрыэлт” Вікторыя Грычык згадала пра сацыяльны дом у панэльным раёне Вулька-3, які “з цэглы і ледзь трымаецца”. Абяцаў чытачам сайта, дык паехаў глянуў.
Што кажуць жыхары патрэсканага дома
Дом знайшоўся на вуліцы Сальнікава, 36. Гэта Замухавечча. Сапраўды, ён з цэглы. Нізкі – усяго пяць паверхаў, – і тым не менш лічы аварыйны.
Парэпалася адмостка, месцамі шчыліны да трох сантыметраў. Такая сама і вышыня перападаў паміж масівам, які застаўся на месцы, і часткай, якая “паплыла”. Уражвае, што цэглы трэснулі “па жывому” часам на ладны метр. Відавочна, гэта больш за звычайную ўсадку новага дома.
“Калі там пачалі сваі забіваць – вось тады мы “паплылі” нашым пад’ездам,” – малады мужчына з дзіцём у вазку паказаў на школу цераз дарогу.
“Трэшчыны ў сценах, – роспачна сказала жыхарка бядовага левага пад’езда і, каб карацей, завяршыла вобразна. – То нават спіралі туды нейкія ставяць, як жаночыя, каб не распірала”.
“Які сацыяльны, – абурылася яшчэ адна маладзіца. – Плацілі не пакладаючы рук. Адно што крэдыт ільготны, і ўся сацыялка”.
Адну з кватэр мне пагадзіліся паказаць. “Мы не самыя аварыйныя. Найбольш у двухпакаёўках, у падвале. Але і мы на спакой забыліся – восем гадоў, колькі тут жывем – суды і рэмонты, рэмонты і суды”.
Сапраўды, растрэсканая сцяна ў санвузле, відавочна плыве нясучая калона пад цэнтральнай плітой.
Пазіцыя старшыні кааператыва
Судзіцца маглі хіба што з забудоўшчыкам – будтрэстам №8. Які вынік? Старшыня Жыллёвага будаўніча-спажывецкага кааператыва № 332 Мікалай Кучынскі адказаў па тэлефоне.
З яго словаў, старшынюе толькі ў гэтым доме. Гарантаваць, што заўтра дом яшчэ будзе стаяць, ён не можа. “Там у праекце фундамент рознаўзроўневы закладзены. Таму адзін пад’езд на месцы, а другі “паплыў”. А судоў не было ніякіх”.
Мікалай Уладзіміравіч быў хацеў згарнуць гаворку, але калі перадаў яму словы адной з пацярпелых жанчын, маўляў, абслугоўвае кааператыў “шайка ідыётаў і махляроў”, узрушыўся і выклаў больш рэльефна.
“Мы пісалі і ў Брэсцкі гарвыканкам, і ў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, і ў Адміністрацыю прэзідэнта, – голас яго дрыжэў ад крыўды. – З ініцыятывы гарвыканкама склікалі сход, на ім людзі з Упраўлення капітальнай будоўлі прапанавалі ісці ў суд. Маўляў, закончым міравым пагадненнем, 8-мы трэст прызнае пралікі ў судовым парадку і змушаны будзе іх прыбраць. Але ж ісці ў суд трэба з добрым адвакатам, з экспертызай, а яна дарагая. Казаў ім пра гэта, то не схацелі назбіраць грошай на суды”.
Але ж там ёсць сляды рэмонту, кажу. “Так, – пагаджаецца старшыня кааператыву. – Касметычны. 8-мы трэст пагадзіўся з дыягностыкай трэшчын, і замазалі. Але гэта як замазваць хвораму балячкі, лячыць сімптомы замест каб пачаць лячыць саму хваробу”.
На гэтай неаптымістычнай ноце і закончу. Не я выдумваў гэтую гісторыю, не мне надаваць танальнасць. Ёсць як ёсць.
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ