Мужчына сталага веку ляжаў пры веладарожцы. Ягоны веласіпед валяўся на газоне побач. Відавочна, мужчына ўпаў на хаду.
Медыкі прывялі яго да цямы. Але аказалася, што мужчына проста ў дыміну п’яны. Ён не мог самастойна стаяць. Хлапцы паднялі ягоны савецкіх часоў яшчэ веласіпед і прысланілі да ліхтарні.
Медыкі хвілін дваццаць праводзілі маніпуляцыі з мужчынам: намаўлялі яму рухацца, прысаджвалі, каб ён прыйшоў да сябе. Фельшарка тэлефанавала свайму дыспетчару, казала пра стан п’янага раварыста.
Маладыя людзі неўзабаве пакацілі на сваіх крутых вела па сваіх справах. Дзядзька на кароткі час перастаў ківацца і хістацца, і аказалася, што ён падобны да французскага кінаакцёра камедыйнага жанру Жана Поля Бельмандо.
Тым не менш медыкі відавочна не хацелі браць “Бельмандо” на базу. Але і пакінуць яго на траве было таксама рызыкоўна: дзядзька зусім лыка не вязаў. “Здаць у міліцыю, хіба? “ – спытала сама сябе фельшарка. Інтанацыя была няпэўная. Вядома, там цукру не будзе. Адны турботы будуць апівоху.
Хвілін праз пятнаццаць “Хуткая” з’ехала. Дзядзька паплёўся ў мікрараён Кавалёва. Не факт, што яму трэба было туды.
Калі праязджаў скрыжаванне, начную ўжо цішу разбурылі ровам матораў два “стрытрэйсэры”. На злом галавы паімчаліся яны ў бок, дзе нядаўна стаяла “Хуткая”. Калі дзядзька якраз плёўся цераз дарогу, шанцаў у яго не было.
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ