Культура

Як у Івацэвічах этапіруюць зэкаў у калонію

Беларускі паэт Аляксей Белы нарадзіўся ў 1952 годзе ў вёсцы Міхнавічы Івацэвіцкага раёну. У яго апошняй кнізе “У абдымках дажджу” знайшліся вершы, якія звязаныя з Івацэвіцкім раёнам.

Кніга Аляксея Белага “У абдымках дажджу”

Напрыклад, Алексей Белы стаў сведкам, як на вакзал прывезлі вязняў у мясцовую калонію, ды выклаў гэта ў сваім вершы.

Івацэвічы. Сталыпін. 11.03.20

Вячэрні час. Амаль пусты перон.
Пражэктар цеплавоза ноч разрэзаў.
Для некага жыццё –бы пад адхон…
У саставе тым – “сталыпінскі” вагон,
Дзе вокны ўсе забраныя жалезам.

У калонію, што мае нумар пяць,
Даставілі пад ноч чарговых вязняў.
Цяпер ім на праверках там стаяць,
Хадзіць то ў прамзону, то ў лазню…
Там ёсць парадак свой і свой рэжым,
Адтуль не шлюць дадому фотаздымкі.

А тут ад цягніка смуродны дым,
Тут камуфляж, аўчаркі і дубінкі.

Вядома, што вязуць іх у турму
(Пакуль у куртках, не ў целагрэйках).
І “выклікаюць” тут па аднаму,
І ў аўтазак яны бягуць праз рэйкі.

…Нязведанасці мучыць пачуццё:
Як прымуць іх, этапнікаў, у “хаце”?
Ды, зрэшты, й там, як ні кажы, жыццё,
І там, напэўна, ложкі, не палаці.

……………………
…Быў сакавіцкі вечар, трошкі золка,
Калёсы стукалі на перагонах.
А ўдзень над горадам была вясёлка…
Ці бачыць хто яе з такіх вагонаў?

Аляксей Белы

Аляксей Белы жыве ў Баранавічах, ён больш за трыццаць год працаваў ў журналістыцы. Часта ў яго вершах мы бачым тэму любові да малой радзімы, радімы бацькоў.

Ніякія не шкодзяць чары,
Ніколі там не будзе цесна,
Калі жывеш ты каля Шчары
На ўскрайку лесу.

Тым больш, калі там дом матулі,
Там месца, лепшае ў свеце,
Бо там у чэрвені – зязюля,
А ў лютым – вецер.

За плотам – чырвань арабіны,
Далёка недзе гарады…
Калі душу ты тут пакінуў,
Ты вернешся сюды!

А ў гэтым вершы нават у назве вёскі Івацэвіцкага раёна. Тут таксама агучваецца тэма сустрэчы з раднёй на радзіме.

Ад вёскі Аўсто да Міхнавіч

Тут каля вёскі – сосны,
Але не паляць печы…
Поцесь вазьму ў хроснай,
Гачку, каб зелле секчы.

А ў час з раднёй спаткання,
Дзе ўжо, як жыць, не раяць,
Просты з латуні кранік,
Што малако адпускаюць.

Хоць ён ад часу рыжы,
Вычышчу – што тут вохкаць.
І зраблю з яго крыжык,
І пастаўлю на покуць.

Паэт Аляксей Белы быў не толькі паэтам і журналістам. У юнацтве ён скончыў мараходнае вучылішча і служыў на флоце. У 2017 годзе ў Івацэвічах каля райвыканкаму адкрылі помнік уражэнцам раёну, якія служылі ў марфлоце.

Помнік маракам у Івацэвічах. Фота з адкрыцця ў 2017 годзе

У адным са сваіх вершаў Аляксей Белы напісаў на гэтую тэму.

Каля мемарыяла ў гонар маракоў ў Івацэвічах

Сёння ты без гарэлкі вясёлы
І не трэба хіліцца да плоту…
Сціснуць лапу якара Холла,
Казырнуць Паўночнаму флоту.

Узгадаць пра свае шаснаццаць,
Калі скончыў десяцігодку…
Ах, якое было бнацтва
І якім быў адчай салодкі!

Не стаяўшы на раздарожжы,
З’ехаў з дому часам світальным…
Твой “Хабараў” быў дапаможным,
Але быў ён вы-ра-та-валь-ным!

А вады жывая прастора
Зачароўвае – не забудзеш!
Мы выходзілі ў шторм у мора…
Так тады выходзілі ў людзі.

Не на печцы, не каля грубкі,
Не ў рамонкава-белым полі…
Часам не пакідаў ты рубкі
Па дванаццаць гадзін і болей.

Там, на Поўначы, стаць Асобай
Вельмі проста і так няпроста…
Чуб пад міцай і гюйс над робай,
Ды “нічыйны” між мора востраў.

Ды на беразе дзесь – Каханне,
Як яе, а тваё – дакладна.
Ды ў дзве гадзіны ночы раптам – світанне,
Ды ў каюце флоцкі парадак.
Ды з сябрамі зноў абдымацца.
Так цудоўна было ў юнацтве!

У кніжцы Аляксея Белага ёсць і вершы, у якіх ён апісвае нейкія падзеі са свайго жыцця. Напрыклад, весела ўдалося апісаць шпацыр з галоўным рэдактарам “Ганцавіцкага часу” і “Першага Рэгіёну” Пятром Гузаеўскім. Што праўда, у вершы Аляксей Белы прозвішча не называў, але мы ж то ведаем)

Гадзіна дваццаць дзве глухое ночы,
(У ліпені значлежыць так няпроста),
А мы з Пятром па Ганцавічах крочым
З гармонікам яго ідзем наросхрыст.

Да долу цягнецца лісток намколы,
Ля сметніцы бялеюць недакуркі.
А нехта ўзіраецца ў вокны
І думае: а што там за прыдуркі?!

Ну што ж, даруйце, людцы, за грахі,
Вядома, што мы сёння вінаваты…
Мы ўжо ў пад’ездзе сціснулі мяхі.
Час доўгае гамонкі. І гарбаты.

Але пакуль не час цікавым снам,
Усё гасцінна тут, па-беларуску,
Таму Наталля прыгатуе нам
Спачатку не гарбату, а закуску!..

Канешне, пандэмія каранавірусу не магла застацца неадзначанай у вершах Аляксея Белага. Пра свет у масках і як трэба жыць, чытаем у наступным вершы.

Вясна-2020

Ні адчаю ў цябе, ні злосці,
Хоць няма й адчування казкі…
Вельмі хочацца Прыгажосці,
А наўкол толькі “маскі”, “маскі”.

Куст чаромхі – нібы букет,
І слупы ў святочных аздобах…
Прыгажосць не ратуе свет.
Пэўна, свет не такі і добра…

……..
Трасуць Зямлю цунамі, штормы, войны,
Даўно тут не Эдэм, даўно не рай.
Рабі ўсё, па магчымасці прыстойна,
Жыві прыстойна й гэтак памірай…

А ў наступным вершы Аляксей Белы раскрытыкаваў сучасную моладзь, якая сядзіць у сацсетках, маўляў, цяпер людзі слабейшыя і нічога іх не цікавіць. Але паэт своечасова спахапіўся, і што ён дадаў у канцы гэтага верша, чытайце:

Па-рознаму жывуць на свеце людзі:
Хто ў манахі рушыў, хто ў гейшы.
Але такіх, як мы, ужо не будзе,
Бо нараджаюцца цяпер слабейшыя.

Яны не здольныя ісці ў разведку,
Нашто ім сёння ўздымацца ў неба.
Сядзяць сабе ў “сацыяльных сетках”,
А болей ім нічога і не трэба.

Няма жадання ў іх згубіцца ў жыце
З дзяўчынай ці хоць пастаяць ля тына…
Няўжо ім Воля трэба і Айчына?
Дзеля чаго яны жывуць, скажыце,
І што, скажыце, па сабе пакінуць?

…………….
Пайшлі дажджы, і спахмурнела неба,
І ўбачыў свет, што ім Айчына трэба!
Ім трэба Воля і калоссе ніў…
Відаць, я маладых не ацаніў…

Вершы Аляксея Белага вельмі дасціпныя, відаць, што паэту проста апісаць любую сітуацыю, дзякуючы багатаму жыццёваму вопыту.

Пытайце кнігу Аляксея Белага “У абдымках дажджу” ў Івацэвіцкай бібліятэцы. “Першы Рэгіён” перадасць туды асобнік кнігі земляка.

Recent Posts

Работодатели в Польше ищут сотрудников. Зарплаты от 1500 и больше 5 тысяч долларов

Вакансии разных профессий свободны во многих польских городах. Кого же работодатели? Представляем список вакансий и…

2 месяца ago

Клиенты стали разрывать договоры с операторами в регионах

В Кремле и Госдуме отрицают планы по блокировке видеохостинга YouTube в России. А пользователи винят…

3 месяца ago

Как изменились условия торговли для Беларуси на российском рынке

Посол Беларуси в России Дмитрий Крутой предложил наказывать предприятия, которые отстают от плановых темпов роста…

8 месяцев ago

Денег в экономике Беларуси за год стало больше

Национальный банк поделился информацией об объеме денег в беларуской экономике. Широкая денежная масса за февраль…

8 месяцев ago

Доверяют ли в Беларуси официальной статистике

Практически одновременно Национальный статистический комитет Беларуси (Белстат) и Евростат представили данные опросов о доверии к…

8 месяцев ago

Власти Беларуси передумали вносить изменения по распределению выпускников

Министр образования Андрей Иванец заявил, что требования к распределению выпускников-платников останутся прежними То есть пока…

8 месяцев ago