Прыйшло цёплае лета, травастой даспеў для касьбы, і супрацоўнікі камунальнай гаспадаркі абласнога цэнтра не спудлавалі. Сена нагрузілі цэлы “МАЗ”. У пярэднім правым кутку кузава прытулілася ладная вязанка венікаў з цярэбленых галінак бярозы. Работнік, які закідваў сена віламі і трамбаваў, патлумачыў: гэта яго венікі.
“Сказалі мне, то вяжу. З бярозавых лапак. Дворнікам нашым”. Пра план на венікі я чамусьці пасаромеўся пацікавіцца, спытаў, куды сена. На выкід, сказаў хлапчына.
Кіроўца, мужчына больш сталага веку, не пагадзіўся. “Ды не. Возім на Плоску. Складзіруем там, і яно перагнівае. На падкормку потым бяруць.” Спытаў, ці могуць гэта быць магільшчыкі, брыгада, якая сочыць за парадкам. Кіроўцу такая версія не спадабалася, але сам ён дакладна не ведаў. “Каму трэба, тыя і бяруць”.
Каму там, на Плосцы, такое трэба, акрамя жанчын, якія сочаць за аздобай ды кветкамі (ёсьць такая брыгада, даглядае ўсе могілкі, якія на гарадскім балансе). Плоска гэта і ёсць самыя вялікія брэсцкія могілкі. Закрылі іх нядаўна, хаваюць за горадам, на Паўночных могілках, а на Плоску возяць тых, у каго бронь, і асабліва заслужаных – ёсць там такі сектар асабліва роўных сярод роўных.
Што да венікаў, то для такіх, як нарабіў хлапчына-камунальнік, ёсць ёмістае беларускае слова “драч”. Выдзірае ўсё смецце дазвання. І што з таго, што чалавек з такім інструментам выглядае як сто, а мо і дзвесце гадоў таму. Ці трыста? Асабліва калі ў двары стаіць прыбіральня тыпу “выграбная яма” (ёсць яшчэ такія ў цэнтры Брэста). Гармонія – да яе ж імкнемся.
І хіба не гарманіруе нумар гэтага крыху іржавага (угледзьцеся ў фота) самазвала са звыклым дзяржаўным сцяжком у левым верхнім, тэрміналогіяй футбалістаў кажучы, кутку з парай такіх сама чэ-зікаў у кабіне?
Праўда, я аддаў бы сена якім-небудзь траваедным жывёлам. Або прадаў бы. А венікі… Не ведаю. Надта турыстаў адпужаць можна. Ці прывабіць?
А як вы думаеце?
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ