“Kawasaki” гэта сусветна вядомы японскі брэнд. Фірма выпускае найперш гоначныя двухколавыя матацыклы.
Матацыкл адметна адцюнінгаваны: з абодвух бакоў стылізаваныя пад полымя (ці пад сімволіку руху?) ільвы, на б′аку залатыя чамусьці безгаловыя ці то арлы, ці то грыфоны. Вялікая частка аздобы мае ідэалагічную нагрузку. Бачым і чырвоныя зоркі, і выявы сярпа і молата.
Не буду хаваць: зацікавіў ход думання ўладальніка гэтага дарагога матацыкла. Яго не было паблізу, і зманліва пабліскваў ключык у замку багажнага куфэрка. Падумалася: а ну як чалавек авантурыст і ў гэтым, правакуе, каб хто адкрыў. Ну ды гэта не мой стыль, таму паехаў сабе сваёй дарогай.
Але наверсе мабыць улічылі мае маральныя паводзіны, і матацыкл акрэсліўся майму зроку праз якіх паўтары гадзіны ў іншым месцы. Гэтым разам ужо з уладальнікам.
Мужчына ў сіле, крыху апасля сярэдняга веку. Спытаў яго, чаму на японскім матацыкле напісаў “За Родину!”. За якую Родину? Чалавек адказаў не вагаючыся: “Я русский!” Дык нумары, кажу, беларускія. Ён усё роўна сваё: “Я русский!”
У мяне узмоцніўся разрыў шаблону. У іх, у Расіі і Японіі, спрэчка за Курыльскія астравы, а гэты чалавек, жывучы ў Беларусі, прыкупіў дарагі і якасны японскі матацыкл і ўсё роўна працягвае настойваць на нечым яшчэ. Дык Хакайдо яны не аддадуць, напэўна.
І ўвогуле, не беларускае гэта думаньне, мяркую. Вось я езджу на “Міцубішы”. Машына па жаночых мерках, нават калі вуснамі мужчыны казаць, далёка не дзяўчынка: каля трыццаці. Але ж як яна ездзіць, як возіць. Мне сусед па гаражу падкінуў нядаўна інфармацыю, што японцы ў апошнюю вайну рабілі самалёты “Міцубішы”.
А другі сусед дадаў, пасля дзвюх атамных бомб пачалі рабіць класныя аўтамабілі. А мы ж ведаем: і не толькі. Любая японская пасляваенная тэхніка гэта брэнды: і фотадывайсы, і музычная апаратура, і экскаватары-бульдозеры, і лядоўні.
А тут: „За Родину!”, але на тэхніцы пераможанага калісьці (амаль сто гадоў назад) ворага. Між тым наша слаўная ДАІ – дае апошнім часам прыкурыць за сімволіку на дарогах. Масава пішуць пратаколы за сімволіку на аўто ды іншым транспарце. А тут не, скразны праезд.
Асабіста мяне такое раздражняе на дарозе, найперш сваёй нелагічнасцю, а часам і глупасцю. А вас?
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ