Стан радзімных лясоў
Некалькі дзён паклаў на інспекцыю лясоў вакол Брэста. Выснова: нашы лясы вельмі “заражаныя” лісічкамі. Аж настолькі, што яны дзе-нідзе недамеркамі тырчаць адна на адной, фарбуючы лясны падсціл у жоўтае.
Італьянцам бы сюды … Любяць яны гэты дарунак прыроды, якому прыпісваюць уласцівасці афрадызіяка. Сказаўшы прасцей, канкурэнта віягры. Ну ды мабыць мы і самі справімся.
Карысных назіранняў некалькі. Першае: вады ў лясы ўкачана ладна. У маларыцкіх масівах месцамі пачалі ажываць старажытныя азярыны. Таму баравікі пасунуліся ўверх і растуць на гарбах, лагчын пазбягаюць або вырастаюць у прыгнечаных формах.
Белыя збольшага яшчэ летнія, светлыя, але пачалі сустакацца і кандовыя баравікі з ярка-бурачковымі шляпкамі. Паколькі летнія, то аддаюць перавагу зямліцы вакол дубоў. Можна арыентавацца на вялікія дрэвы, але большы “вярняк” гэта маладыя прыземістыя дубкі, і каб зёлкі ды мошак. Лепш зялёны, у сівым вырасце восеньскі іх прызыў. Баравікоў больш пры дарожках, але не цураюцца і шчырага лесу.
Растуць і ў хвойніках. Аднак там паперадзе восеньская іх рэдакцыя. Як мне падаецца, будзе яна багатай. А цяпер там месцамі як насыпана лісічак. Ды і ў лістоўных лясах іх дзе-нідзе не менш. Годзіць ім надвор’е.
Баравікі ёсць у Белавежскай пушчы і лясах пры ёй. Нялішне нагадаць: у самім Нацыянальным парку грыбы збіраць не дазваляецца.
Краснагаловікаў (падасінавікаў па-кніжнаму) няшмат. На дзіва, зусім не сустрэліся падбярозавікі. Амаль няма польскіх. З той сама прычыны: яшчэ не восень. Затое людзей як хто паклікаў. Матарызаваных! На бусах!! І нават на трактарах. Лясныя дарогі месцамі нагадваюць асфальтаваныя праспекты.
Як сысці ад нуля?
Сыход ад нуля непазбежны, але ж хочацца большага, хіба не? Дам адну параду. Бярыце парасоны. Ёсць такія грыбы. Яны малапапулярныя, хоць смакам і спажыўнымі ўласцівасцямі не саступаюць белым (баравікам, праўдзівікам, грыбэм ці як іх яшчэ называюць).
Прычына, чаму цураюцца: грыбы пласцінкавыя, танканогія, У маладых кольца пры шапцы, вылазяць з круглай капсулы ў зямлі – карацей, надзвычай блізкія ў гэтых дэталях да карычневых мухамораў. Ды і са смяротнымі бледнымі паганкамі можна пераблытаць.
Адрозненне, як па мне, то дастаткова вялікае. Іхнія шапкі не глянцавітыя, як у мухамораў, маюць менш рэзкую, больш лагодную афарбоўку кавы з малаком. На шапцы не кропкі, а шалупінкі. У маладых грыбоў шапка не шарыкам, а доўгенькім авалам.
З малога цягнецца ўверх! Памерам парасоны таксама зазвычай шмат большыя і вышэйшыя за мухамораў. Аднаго разу знайшоў пры азярыне парасона ў два разы большага за галаву. У акружнасці 80 сантыметраў! Быў бы дождж – закрыўся б ім.
Такім чынам, найперш ад памеру грыба яго назва – парасон (зонтик). З бледнай паганкай яго зблытаць можна, але хутчэй тую атруту можна прыняць за зеленкаватую сыраежку. Калі не звярнуць увагу на капсулу ў зямлі, то лёгка. Сыраежка расце наўпрост з грыбніцы, без капсулы. Ад парасона бледную паганку найперш адрознівае колер – у паганкі няма карычневага адцення, яна малочна-бляклая, найчасцей зеленкаватая.
Парасон характэрны яшчэ тым, што любіць выстраліць наўпрост з высокай травы. Расце пры дарогах, пры траве або паблізу ад травяных масіваў. Любіць вільгаць, у сухмень не расце зусім – яго чакае пакутлівая смерць ад абязводжвання. Ссыхаецца і ўсё. Таму гэтага сабе не зычыць і доўга вытрымлівае: а ці не спыняцца дажджы? Грыб рэдка расце адзін, найчасцей іх калонія ад некалькіх да тузіна.
Некаторыя гідзяцца жаб. А французы дык іх ядуць. Гэта я да таго, што калі зусім ужо гідзіцеся парасонаў, то можаце набраць сінякоў. Зблытаць іх з іншымі грыбамі практычна немагчыма. Мучніста-белыя, яны сінеюць пасля малейшага дотыку.
Такія сабе недатыкайлы. Прэцца гэты грыб наўпрост з плотнай зямлі. Часта расце пасярод утаптаных сцежак-дарожак і нават дарог. Рана раскрывае шапку. Здалёк падобны да белага. Але ніз яго адразу адрознівае. Грыб адназначна ядомы. Праверана з маленства на ўласным досведзе, атрыманым ад бацькі.
У любым разе, калі сышлі ад малой колькасці, дабраўшы “можапарасонаў”, “можасінякоў” або яшчэ якіх “можагрыбоў”, абавязкова парайцеся з дасведчаным знаёмым аўтарытэтам. Спакайней будзе з’есці – заснеш ведаючы, што прачнешся!
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ