Алесь Разанаў нарадзіўся 5 снежня 1947 гады ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна. Вучыўся на філалагічным факультэце БДУ і паралельна працаваў ліцейнікам.
У 1969 годзе Алеся выключылі з філфака БДУ за арганізацыю звароту студэнтаў у ЦК Камуністычнай партыі Беларусі з патрабаваннем аднавіць навучанне ва ўніверсітэце на беларускай мове. У выніку Разанаў працягнуў навучанне на філфаку Брэсцкага педагагічнага інстытута (зараз – дзяржаўны універсітэт).
Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе вёскі Кругель Камянецкага раёна і ў Мінску, а пасля – у газеце «Літаратура і мастацтва», рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура», намеснікам галоўрэда часопіса «Крыніца». З 1989 года быў віцэ-прэзідэнтам Беларускага ПЭН-цэнтра. Апошнім часам ён цяжка хварэў.
Адзін з вядомых філасофскіх твораў Алеся Разанава – “У крузе”
Свет бязмоўна дапытваецца ў мяне, куды
я іду.
Але хіба я ведаю сваю канчатковую мэту?
Я толькі спраўджваю тое, на што здатны, што
вымагае ад мяне жыццё:
засмяглы — п’ю ваду,
галодны — ем хлеб,
зняможаны — адпачываю,
адпачыўшы, імкнуся наперад — і апынаюся
на сваіх слядах.
Я ў крузе, дзе слова шукае Слова, а чалавек —
Чалавека.
Літаральна праз некалькі дзён у выдавецтве “Тэхналогія” мусіць убычыць свет кніга, прысвечаная петыцыі ў кастрычніку 1968 года, за якую Разанава выключылі з універсітэта.
За кароткі час (усяго за паўдня) пад зваротам з патрабаваннем, каб на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта БДУ ўсе прадметы выкладаліся на беларускай мове, тады падпісаліся некалькі сотняў чалавек.
Радзіма
Радзіма, да цябе з мальбой
і нараканнем не скрануся.
Я ў весялосці не з табой,
з табой у роздуме і ў скрусе.
Высвечвала бяздонным дном,
ў акно ўзіралася з’інела,
і ведзьмавала туманом,
і летам бабіным звінела.
Калі будзіла весялосць?!
А прахаплюся — ты ўсё будзіш.
і мне няўцям, адкуль ты ёсць,
адкуль пасля з’яўляцца будзеш.
Ты не ўмяшчаешся ў куток,
дзе трызніць Буг, дзе Белавежа…
Твае не вызначыць мне межы
і не намацаць твой выток.
У свет балючы дабяла,
у снежны свет, мае усходы
ідуць: там ты… там ты была!..
Ты ўся наводдалі заўсёды.
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ