У паветранай масе, што нас акружае, утрымліваецца азот, кісларод, аргон і вуглякіслы газ. Прырода заўсёды падтрымлівала іх баланс, пры гэтым усе пахі, нават непрыемныя, у нармальных умовах — экалагічна чыстыя. Але апошнія дзесяцігоддзі навукова-тэхнічнага прагрэсу, акрамя зручнасцяў і камфорту, “падарылі” чалавецтву разнастайныя шкодныя хімічныя злучэнні.
Прырода з такой нагрузкай ужо не спраўляецца, і ў выніку з-за забруджанага паветра мы атрымліваем паніжэнне імунітэту, алергіі і іншыя неадэкватныя рэакцыі арганізма. У выніку 80% сваіх рэсурсаў наша імунная сістэма выдаткоўвае на нейтралізацыю шкодных фактараў навакольнага асяроддзя. Але ці можна ёй дапамагчы? Як зрабіць паветра чыстым хоць бы ў сябе дома — там, дзе мы спім, ядзім, гадуем сваіх дзяцей?
Простыя спосабы засцерагчы свой дом ад шкодных забруджванняў, хімікатаў і мікробаў:
1 Ніякіх прадуктаў гарэння. Дроўныя каміны — чароўная частка інтэр’еру і рамантычнае месца для закаханых. Яны робяць дом больш утульным і дапамагаюць псіхалагічна адпачыць пасля цяжкага дня. Але, як высветлілася, яны нясуць шкоду нашаму здароўю, паколькі выдзяляюць цвёрдыя часцінкі, якія трапляюць у лёгкія і ўскладняюць дыханне.
2 Далей ад курцоў. Курэнне як такое з’яўляецца прычынай вялікай колькасці захворванняў. Таму вам варта пераканацца, ці не з’яўляецеся вы пасіўным курцом ва ўласным доме. Курцы атручваюць паветра не толькі вакол сябе, але і шкодзяць сваім суседзям, родным і дамачадцам. Калі своечасова кінуць курыць і тым самым ачысціць сваю кватэру ад дыму, то можна значна палепшыць якасць паветра.
3 Змагаемся з пылавымі кляшчамі. Пылавыя кляшчы, што насяляюць, у асноўным, жытло людзей, здольныя выклікаць алергічную рэакцыю — клешчавую сенсібілізацыю.
Памер кляшчоў вагаецца ад 0,1—0,5 мм. Шырока распаўсюджана па ўсім зямным шары каля 200 відаў. Гэтыя павукападобныя жывуць у матрацах і дыванах і харчуюцца змярцвелымі часцінкамі скуры, якія чалавек страчвае штогод у колькасці 350—400 г. Кляшчы пакідаюць пасля сябе фекаліі, апошнія і могуць выклікаць моцныя алергічныя рэакцыі ў людзей.
Каб пазбавіцца ад пылавых кляшчоў, неабходна выкарыстоўваць чахлы для матрацаў і навалачкі, што ствараюць перашкоду паміж чалавекам і кляшчамі. Таксама рэкамендуецца спаць на падушках, зробленых з паралону, а не з гусінага пуху або пер’я, і мыць бялізну ў гарачай вадзе як мінімум раз на тыдзень.
4 Скарачаем выкарыстанне хімічных рэчываў. Практычна ўся бытавая хімія шкодная. Але з выкарыстаннем хімічных рэчываў сітуацыя не простая. З аднаго боку, мы вымушаныя імі карыстацца, каб рабіць паўнавартасную ўборку ў доме, праціраць пыл і збіраць поўсць хатніх жывёл. Але чым больш эфектыўны сродак, тым мацней ён пахне і больш ядавітых рэчываў распаўсюджвае вакол сябе, а гэта ўжо небяспечна для здароўя.
Каб не хадзіць у ахоўнай масцы па кватэры кожны раз пасля ўборкі, замяніце хімічныя сродкі на звычайны воцат або мыла. У такім выпадку для чалавечага арганізма больш бяспечныя тыя рэчывы, якія не маюць водару. Гэта таксама датычыцца і лаку для валасоў, парфумы, клею, фарбаў, асвяжальнікаў паветра — усе яны забруджваюць паветра, якім мы дыхаем.
5 Хатнія гадаванцы — крыніца алергенаў. Галоўнай бядой ад хатніх жывёл з’яўляецца іх поўсць, якая запаўняе кватэру, у выніку чаго павялічваецца колькасць пылу і даводзіцца прыбірацца значна часцей. Але перхаць хатніх жывёл насамрэч значна больш шкодная, чым поўсць. Нягледзячы на тое, што часцінкі гэтай перхаці даволі вялікія і не могуць пры дыханні патрапіць у глыб дыхальных шляхоў, яны таксама з’яўляюцца прычынай многіх захворванняў. Асабліва наяўнасць жывёл у доме небяспечная для алергікаў, якім “супрацьпаказаны” сабакі, коткі і нават птушкі.
Калі ў вас ужо ёсць жывёла, то абавязкова мыйце рукі пасля таго, як пагладзілі яе. Таксама свайго гадаванца лепш трымаць далей ад спальні — там, дзе вы спіце і праводзіце большую частку свайго часу, яму дакладна не месца.
6 Штучнае ачышчэнне паветра. Розныя электронныя ачышчальнікі, іанізатары і ўвільгатняльнікі паветра могуць значна скараціць колькасць дробных часціц, якія лунаюць вакол нас і пападаюць у нашы лёгкія. Галоўнае — не забываць прачышчаць рэгулярна фільтры гэтых прылад.
7 Трымайце вокны зачыненымі. З вулічным пылам у нашы лёгкія трапляюць розныя алергены. Асабліва вялікая іх колькасць у гарадах і прамысловых раёнах.
Каб засцерагчы сябе ад іх уздзеяння, рэкамендуецца большую частку дня трымаць вокны ў кватэры зачыненымі. Аднак перыядычна адчыняць вокны і праветрываць кватэру проста неабходна, асабліва калі вы толькі што зрабілі ўборку дома і вакол моцна пахне хімікатамі, што ўтрымліваюцца ў ачышчальных сродках.
8 Барацьба супраць цвілі (плесні) і грыбка. Цвіль распаўсюджаная паўсюдна. У асноўным, шырокія калоніі цвілі вырастаюць у цёплых вільготных месцах, у пажыўных асяродках. Многія плесневыя грыбы выпрацоўваюць мікатаксіны, якія валодаюць выражанымі таксічнымі ўласцівасцямі і могуць выклікаць атручэнні.
Разнастайныя патагенныя грыбы правакуюць у чалавека дэрматозы, хваробы валасоў, пазногцяў, дыхальных і палавых шляхоў, ротавай поласці.
І ад цвілі, і ад грыбкоў можа дапамагчы добрая сістэма вентыляцыі ў спальні і ванным пакоі. Таксама неабходна падтрымліваць у кватэры пэўны ўзровень вільготнасці (каля 40%). Для гэтага не варта злоўжываць увільгатняльнікамі паветра. Павышаная вільготнасць і тэмпература паветра могуць прывесці і да парушэння балансу цеплаабмену і абмену рэчываў.
9 Гатуем і праветрываем. Газавыя пліты таксама ўтойваюць у сабе небяспеку. Пры згаранні газу паветра напаўняюць шкодныя рэчывы: аксіды вугляроду, двухвокіс серы і іншыя.
Каб зменшыць шкоду ад газавай пліты, рэкамендуецца падчас прыгатавання ежы часцей праветрываць памяшканне або трымаць фортачку заўсёды прыадчыненай. Таксама лепш трымаць дзверы на кухню зачыненымі, пакуль ідзе працэс прыгатавання ежы, і ўстанавіць выцяжку, якая будзе ўцягваць не толькі прадукты згарання, але і таксічныя рэчывы, што выдзяляюцца пры гатаванні.
10 “Дазіруем” фізічную нагрузку. Кісларод удзельнічае практычна ва ўсіх хімічных працэсах нашага цела, адыгрывае важную ролю ў абмене рэчываў, паляпшае кровазварот і засваенне вітамінаў і мінералаў. Любая фізічная нагрузка павялічвае яго спажыванне, што садзейнічае прафілактыцы хранічных захворванняў лёгкіх і алергіі. Але ўрачы папярэджваюць, што калі ў вас ужо дыягнаставалі захворванне, то не трэба перанапружвацца — гэта саб’е ваша дыханне і ўзмоцніць праявы хваробы.
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ