Вандроўкі па брэсцкіх лясах: грыбы падмануліся на холад

07:50 06 сентября 2021
ОБСУДИТЬ
Як Піліп з канапель, там-сям выскачылі кастрычніцкія рыжыкі і лістападаўскія кошкі. Падманула іх надвор’е! Надмерна дажджыстае і ветранае, яно цяпер уражвае яшчэ і холадам: бліжэй да ранку рэальна патыхае замаразкам.

Чарговая інспекцыя лесу для “Першага Рэгіёна” прынесла нечаканыя знаходкі. Як належыць, у нізкім месцы пры балоце на шчытнай зямліцы, але  ў неналежны ім час выраслі … рыжыкі! Ім бы яшчэ як мінімум месяц у зямлі сядзець, да першых кастрычніцкіх халадоў пасля “жыдоўскіх кучак” ды “бабінага лета”.

А на высокім гарбу пад дубамі ды хвойкамі, пасярод сівога моху, мяшанага з зялёным, знайшліся каля паўсотні “кошак”. Многа, але ўсе дробнага і драбнюткага, прыгнечанага памеру. Яно і зразумела: іх пара лістапад.

Вандроўкі па брэсцкіх лясах: грыбы падмануліся на холад
У зборы рыжык (у авале) і кошкі (у квадраце).

“Кошка” – грыб не надта папулярны, яго мала бяруць. Мабыць, насцярожвае ніз ­– там барада з тонкіх трубак. У іх грыб вырошчвае споры, сваё насенне. Ён спажыўны (ядомы), адно што трэба ў больш пажылога гэтую бараду саскрабаць, бо яна ў кошыку аблазіць і засмечвае збор. У маладога спакойна пакідайце.

Вандроўкі па брэсцкіх лясах: грыбы падмануліся на холад
Сіняк заступіў дарогу.

Малады грыб карычневы, цянёны (па цэнтру шапкі цямнейшы, да краю больш светлага адцення), ніз колеру кавы з малаком. Стары мае вялікую шапку, часам з патэльню велічынёй, мясісты. Калі нацерпіцца дажджоў, то ўвогуле чарнее.  Пры гатаванні гэтыя грыбы пахнуць ёдам, звараныя ўстойліва чорнага колеру. Можа, і гэта дадаткова паўстрымлівае людзей. Але не мяне. Пагатоў што іх позняй восенню можна набіць мяшок за паўгадзіны. Натуральна, калі не прайшоў паперадзе спанатраны, спрактыкаваны канкурэнт.

Вандроўкі па брэсцкіх лясах: грыбы падмануліся на холад
Лісічак поўна

Працягваюць ашарашваць колькасцю лісічкі. На маёй памяці столькі не было! Трапляюць і баравікі, але галоўнае: папёрлі польскія! Купамі. Прытым што да іх звычайнага масавага старту тыдні два. З такімі тэмпамі, мусім чакаць падзялёнак і зялёнак!

Яшчэ адна прыкмета гэтага сезону: ядомыя грыбы растуць плямамі –  тут ёсць, там няма. Нават калі лес падобны. Чуллівыя да паветра\глебы.

Што ж, анамальнае надвор’е мае і такі вынік. Як раздумацца, то лагодны, – станоўчы.

Вандроўкі па брэсцкіх лясах: грыбы падмануліся на холад
Трапляюць і белыя, іншым разам сем’ямі

Напрыканцы адзін рэцэпт. Можна сказаць, што ён ад бацькі, але ўдасканалены. Бацькава версія называлася “баравікі шляпкамі”. Я далучыў сюды, з падачы сябравай матулі, парасоны, і з уласнага ведання, польскія баравікі і рыжыкі.

Бярэм грыб з цвёрдай шляпкай, прамываем у халоднай вадзе ад пяску і бруду. На патэльню не шкадуючы наліваем алею, укладваем грыбы шапкай уверх. Солім і перчым – на ніз такія дадаткі лепш кладуцца. Вытрымліваем хвілін пяць-дзесяць на умеркаваным полымі, потым пераварочваем.

Вандроўкі па брэсцкіх лясах: грыбы падмануліся на холад
Сёлетняя патэльня шляпак у асартыменце: белыя, польскі баравік, парасон і рыжык

Перавярнуўшы, чакаем, пакуль грыб не “ападзе ў сябе”, не аддасць асноўную вільгаць. Потым прыціскаем кожную шапачку лапаткай да рэзкага шыпення. Гэта каб гарантавана прасмажыўся. Калі шапка вельмі тоўстая, можна кульнуць туды-сюды яшчэ раз. Згатаваныя грыбы высакародна падфарбаваныя залацістым адценнем, апроч рыжыкаў. Тыя занадта рудыя, золата губляецца. Але затое яны – па-за канкурэнцыяй у смаку. Нават белыя ім прайграюць. Лагодна салодкія!

ЧИТАТЬ ЕЩЕ СТАТЬИ

13 ноября 2023 13:17

«Сам себе КПСС». Какие политические партии останутся в Беларуси при Лукашенко?

“Мы не воссоздаем КПСС, не строим партию власти”, — заявил Александр Лукашенко на встрече с руководителями политических партий 10 ноября. Президентскую же форму правления в Беларуси, по его словам, люди должны “не просто понимать, а принимать как аксиому”. Короче, он сам себе КПСС.

19 июля 2022 16:37

Беларусь прекращает участие в Орхусской конвенции: что теряет от этого страна?

Беларусь прекращает участие в Орхусской конвенции о доступе к информации, участии общественности в процессе принятия решений и доступе к правосудию по вопросам, касающимся окружающей среды.

16 июля 2022 10:07

Стена на белорусско-польской границе. Что думают экологи?

О том, как строительство Варшавой защитного забора на границе Польши и Беларуси влияет на природу в этом регионе, расспросили специалистов: многие из них бьют тревогу.

10 мая 2022 10:03

Колбаса из зубра, или Нужна ли Беларуси еще Красная книга?

Бывший министр внутренних дел Беларуси Игорь Шуневич назвал Красную книгу "рудиментом" и предложил исключить из нее ряд животных, в том числе зубра, медведя и рысь. Согласны ли с этим экологи?