Природа

Залатарнік апанаваў Брэст і ваколіцы. Што з гэтым рабіць?

Дзе яго ў Брэсце многа

Найбольшыя плантацыі залатарніка ў абласным цэнтры ў мікрараёне Дуброўка, вакол вуліцы Рабцава і ў межах вуліц Фартэчнай і Шашэйнай, каля моста цераз чыгунку на мяжы Кіеўкі ды Граеўкі.

Залатарнік пры вуліцы Рабцава ў Брэсце

Чаму – зразумела: там многа пустой прасторы. Паабапал вуліцы Рабцава з часоў СССР былі гіганцкія закрытыя зоны розных складоў, збольшага вайсковых. Каля 9-га форта насупраць Бярозаўкі,  першага ў Брэсце раёна прыватнай катэджнай забудовы,  была гіганцкая балацянка, якую людзі разабралі на агароды. Разабралі – і закінулі, бо састарыліся.

Помнік Леніну ў Брэсце каля залатарніка

Тыя агароды зараслі пустазеллем, а залатарнік гэта найпершае з самых злосных і ўпартых пустазелляў. Працытую злёгку навуковы артыкул: “…лёгка выцясняе мясцовыя расліны, у тым ліку рэдкія і знікаючыя. Мяняе структуру пасеваў. Утварае сваю шчытную дзярніну. Адна расліна здольная даць на 20 тысяч зярнят насення, якое разносіцца ветрам і мае ўзыходжасць ад 50 да 90 %. Алерген, каранцінная расліна, увоз якой у многія краіны забаронены”.

Пагадзіцеся: нішто сабе паспарціна!

Плантацыя залатарніка ў Брэсце

Адкуль гэты госць

Гэта інвазіўная расліна з цікавай гісторыяй. У 1970-я гады, апанаваныя гігантаманскімі праектамі, савецкія будаўнікі камунізму падселі на прывабную вонкава ідэю заваліць радзіму мясам і заліць малаком дзякуючы танным кармам з залатарніка і баршчэўніка.

Залатарнік мае яшчэ назоў сумнік канадскі (яго дом у Канадзе), а “баршчэўнік Сасноўскага” (навуковец, які ім асабліва пільна займаўся) – гэтае дабро з Расіі. Госці нашай флоры ў шмат разоў перавышаюць звыклыя сена-салому па біямасе з гектара. Толькі звальвай у сіласную яму і трамбуй, трамбуй бульдозерам! А зімой галава не баліць.

Зараснікі залатарніку каля 9-га форта

Ён нам не спадабаўся, а мы яму?

Але галава яшчэ як забалела. Аказалася – расліны маюць у сабе труцізну, і каровы адмаўляюцца жэрці гэтую дармаўшчыну. Дык позна ж: развезлі ўжо насенне па калгасах-саўгасах, масава пасеялі, масава заклалі сілас, другія Дажынкі справілі. А даяркі-свінаркі павысаджвалі прыгожы жоўты мятлік у кветніках пры доме.

Што ж, сілас на кампост, старшыні па даярках-свінарках з угаворамі, каб тыя панішчылі наўё кветнікаў, а навукоўцы… іх не расстрэльвалі больш за шкодніцтва, як пры Сталіне. Тэрмінова ўзяліся яны папраўляцца, пачалі выводзіць гатунак залатарніка, які прыйшоўся б кароўкам-быкам да смаку.

Залатарнік упэўнена выцясняе самае лютае пустазелле – пырнік і мятлік

І трэба сказаць, вывелі! Але цягнік ужо адыйшоў – іншыя расліны аказаліся больш рэнтабельнымі. А мы працягваем змагацца з завезеным уласнымі “сьпецылістамі” пустазеллем.

Аднак пайшлі ў гэтай справе ўразнос. Залатарнік бачны ў кветніках пры берасьцейскіх “хрушчоўках”. Даяркі нескароныя, як ён сам – пераехалі ў горад і ўсё роўна сеюць. Яго багата літаральна ва ўсіх лясах вакол Брэста – развезлі на колах машын-трактароў, разнесла ветрам мільённую арду яго парашутнага насення.

Розныя старшыні садовых таварыстваў – розныя вынікі

Адна з зон распаўсюду залатарніка гэта,  натуральна, лецішчы. Не паленаваўся, паездзіў па брэсцкіх ваколіцах, якія з падачы камуністаў часу іх упадку спрэс забітыя садова-агароднымі таварыствамі (САТ). Як і ва ўсіх беларускіх гарадах, дарэчы. Аказалася – не ўсюды справы з залатарнікам швах.

Сцяна залатарніку на адным з надзелаў САТ каля Брэста. Справа надзел, зарослы лесам

Знайшоў адно, дзе яго амаль няма. Спытаў у старшыні садова-агароднага таварыства, Паўла Кандрацюка, як удалося такое.

“Тэлефаную, – кажа ён, – наказваю, каб касілі, каб не атручвалі жыццё суседзям. Бо гэтая дрэнь рассяляецца ўвобміг”.

На дошцы аб’яў вісіць набраная ў колеры вынятка з рэгламента таварыства, раздзел 5, пункт 18. Ён абавязвае змагацца на сваім надзеле з хваробамі раслін, грыбкамі і – увага! – своечасова знішчаць  пустазелле.

Сцяна залатарніка – від знізу

Якраз гэтага дабра поўна ў суседнім таварыстве. Гэта цераз нешырокую грунтоўку. Залатарнік там-сям стаіць сцяной, некалькі надзелаў зусім зараслі. А чатыры надзелы зараслі нават… лесам. Асіны, бярозы па пяць-дзесяць метраў вымахалі! Таксама свайго роду пуста… пустадрэўе. І гэта ў якіх двух кіламетрах ад горада! Што тады казаць пра таварыствы, да якіх дзясяткі камэ? Ну ды гэта асобная тэма, з ёй неяк па вясне паразбіраемся.

Цяпер пытаю ў Паўла Кандрацюка, як яму такое суседства. Залатарнік жа не ведае межаў. Калі ў вашым таварыстве яго няма, то суседзі дапамогуць у размнажэнні, як?

“Што казаць, сеецца з ветрам, ­ – адказвае старшыня. – Але пакуль што з суседзямі не кантачыў”.

То пакантачыў я. Прайшоўся – акурат каля зусім зарослага надзелу корпалася пара. Мужчына будаваў з блокаў дом, жанчына ладзіла на зіму грады.

Гаспадар Сяргей патлумачыў, што суседзі з год ужо як амаль зусім не бываюць. “Каб залатарнік не перайшоў да нас, падкошваем суседа з краю”.

Далі мне нумар тэлефона старшыні. Андрэй Іванавіч, з голасу малады чалавек,  слабасць сваёй пазіцыі кампенсаваў рэзкасцю тона. “Прыватная ўласнасць гэтыя надзелы, – патлумачыў ён. – Ніхто не мае права ўмешвацца. Залатарнік стаіць, бо гаспадар нядбайны. Але што хоча, тое і робіць”.

Яшчэ адзін занядбаны і зарослы надзел

Дзіўная трактоўка: такі сабе радыкальны капіталізм, пасля камуністычнай раздачы зямлі. “Дык суседзям шкодзіце, – кажу. – Ён жа рассяваецца з ветрам. І ўвогуле, у вас некалькі ўчасткаў лесам зараслі. Зямлю далі пад агуркі-памідоры, а ў вас залатарнік і лес”.

Старшыня кажа, што паўтара месяцы таму аддаў справаздачу ў райвыканкам, там пра недагледжаныя надзелы ўказана. Ну, гэта ўжо па пракурорскай лініі, хіба разборкі павінны быць.

Меркаванне пчаляра з нечаканага месца

Ведаю, што пару гадоў таму існавала ў Беларусі дзяржаўная праграма барацьбы з зазалатнікам. А як сёння? Звярнуўся ў Палескі аграрна-экалагічны інстытут. На канцы ланцужка пераадрасаванняў аказаўся намеснік дырэктара па навуцы Андрэй Ажгірэвіч. Сказаў запоўніць фармуляр на сайце, маўляў, так цяпер працуем са зваротамі. Падкрэслена паабяцаў прасачыць, каб быў адказ, і абавязкова на беларускай мове.

Было тое два тыдні таму. Мыслю так, што спадар Ажгірэвіч разумее: пад Новы год пра залатарнік нам не трэба. Яго самы час цяпер ламаць\касіць і спальваць.

Зямельны надзел ва ўладзе асін

Патэлефанаваў вядомаму знаўцу прыроды, дыпламаванаму пчаляру Міколу Папеку. Добры мой знаёмец адказаў не з Лінова пад Пружанамі, дзе жыве, а з … Мазыра. Аказалася, прысудзілі яму два гады “хіміі”, бо летась увосень у Брэсце ўдзельнічаў у пратэстным “карагодзе”.

Пра залатарнік спадар Мікола сказаў так: “Меданос ён добры. А што пустазелле, то гэта і праўда, і не. Селіцца збольшага на пясчаных няплодных глебах. Ну і наша прырода – яна не такое каўтала. Неяк справіцца і з залатарнікам”.

Залатарнік акупуе лясную палянку

Дык можа таму і маўчаць навукоўцы? Мабыць, дзяржаве не да залатарніка, так яна засяродзілася на самазахаванні. Бо сёння так, а заўтра зробяць па-іншаму і нейкі новы залатарнік прывалакуць. І нічога за гэта не будзе.

Чытайце таксама:

https://1reg.by/2021/09/07/v-ivacevichah-zhaluyutsya-na-zolotarnik-chto-eto-takoe-i-chem-opasen/

Recent Posts

Работодатели в Польше ищут сотрудников. Зарплаты от 1500 и больше 5 тысяч долларов

Вакансии разных профессий свободны во многих польских городах. Кого же работодатели? Представляем список вакансий и…

2 месяца ago

Клиенты стали разрывать договоры с операторами в регионах

В Кремле и Госдуме отрицают планы по блокировке видеохостинга YouTube в России. А пользователи винят…

3 месяца ago

Как изменились условия торговли для Беларуси на российском рынке

Посол Беларуси в России Дмитрий Крутой предложил наказывать предприятия, которые отстают от плановых темпов роста…

8 месяцев ago

Денег в экономике Беларуси за год стало больше

Национальный банк поделился информацией об объеме денег в беларуской экономике. Широкая денежная масса за февраль…

8 месяцев ago

Доверяют ли в Беларуси официальной статистике

Практически одновременно Национальный статистический комитет Беларуси (Белстат) и Евростат представили данные опросов о доверии к…

8 месяцев ago

Власти Беларуси передумали вносить изменения по распределению выпускников

Министр образования Андрей Иванец заявил, что требования к распределению выпускников-платников останутся прежними То есть пока…

8 месяцев ago