Паводле пашпарта будоўлі, працу мелі закончыць два тыдні таму. Цяпер будаўнікі рыхтуюць тэхніку да эвакуацыі, падчышчаюць дробныя недаробкі.
Паваленыя летам дзясяткі таўшчэзных высокіх белых таполяў, якія раслі ўздоўж меліярацыйных каналаў, ужо пазвозілі.
Падчысцілі меліярацыйныя каналы, паставілі бетонныя кольцы, пры шашы замест штатнага пункта адпачынку ўсталявалі большую паркоўку і адгарадзілі яе жалезным плотам.
Як паведамлялася раней, пад будоўлю адвялі 10 гектараў зямлі.
https://1reg.by/2021/07/12/v-brestskoy-oblasti-poyavitsya-grazhdanskiy-aerodrom/
Аб’ект знаходзіцца воддаль ад населеных месцаў, але знайшліся людзі. Два рыбакі, прыехалі з пасёлка Мухавец (гэта на 10-м кіламетры).
Адзін выказаўся, што пад аэрадром выдзелілі аж гэтулькі меліяраваных сельгасугоддзяў, хоць “зяцю не далі пад хату побач са мной і дзесяць сотак”.
Маўляў, поле, аграрныя землі нельга, існуе забарона з самага верху. І працытаваў у інтанацыях, як гучала забарона. Выйшла нешта накшталт “Ни метра нашей земли врагу не отдадим”.
Другі падзяліўся пачутым пра тэхніку. “Германскі трактар раўняў. Адвал выстаўлены па спадарожніку. Міліметровыя допускі! Вось гэта дык тэхніка. І тут мяжу на Захад закрываць сабраліся. Дык чым раўняць будуць?”
Аэрадром знаходзіцца на ўскрайку Маларыцкага раёна (да райцэнтра 35 кіламетраў). Старшыня райвыканкама выказаўся дзяржаўным СМІ, што аб’ект вельмі цікавы для раёна і можа быць турыстычнай атракцыяй.
Можна будзе палётаць на самалёце, скокнуць з парашутам. Пазней маюць набыць і верталёты. Таксама плануюць абсталяваць музей аэратэхнікі.
Дзеля гэтага будуць супрацоўнічаць з пошукавым атрадам, які падымае з балотаў самалёты часоў вайны з фашысцкай Германіяй.