Не будзем прыхоўваць: даем на той непажаданы выпадак, калі нехта сапраўды пацерпіць і падасць у суд на нядбайлаў. То будзе магчымасць паказаць у судзе: вось, папярэджвалі, але на іх дзе сеў, там і злезеш. Наўпроставы доказ адразу некалькіх крымінальных артыкулаў (прыкладам, “прычыненне смерці або цяжкай шкоды здароўю з-за нядбайнасці” (арт.428 п.2 КК РБ) або “нерэагаванне службовай асобы” (арт.425 п.3 КК).
https://1reg.by/2021/08/04/dze-mozhna-zag-nuc-bresckamu-velas-pedyistu/
Але пачнем са станоўчага – бо не маем мэтай канфрантацыю і свары. Хочам жыць канструктыўна.
Правільная станцыя 1
На Гузнянскім мосце цераз Мухавец у моцныя залевы штораз размывала тратуар з боку Кавалёва і Вычулак. Шмат разоў так-сяк засы`палі-цыравалі, і кожны раз пасля мала-мальскі моцнага дажджу кованая агароджа зноў вісела над мікрабезданню.
Пакуль нарэшце напрыканцы гэтага лета не ўзяўся за справу нехта дбайны і ўмацаваў крытычнае месца бетонам ды ўсталяваў штатны зліў вады. І месцічы перасталі жартаваць, маўляў, зноў НАТА разбамбіла. Гэта правільна і важна, але для нашай тэмы больш важнае іншае.
З двух бакоў крытычнага месца, з боку мухавецкай лугавіны і з прымыкаючага да шашы альховага лесу, на тратуар палезлі былі дзве нахабныя купістыя вярбы. Веласіпедысты мелі з імі клопат. Бо едзеш і на табе ў морду пучком лазін. Або кацішся хутка з насыпу, а насустрач калега, і яму трэба вой як зважаць, каб аб’язджаючы дрэва не атрымаць лабавое сутыкненне з табой.
Неверагодна, але рэмонтнікі радыкальна і дарэчна абстрыглі абедзьве вярбы. А нечага чалавеку замінаць рухацца. Людзі, радасць!
Цяпер пра касякі
Станцыя 6
Гэтае гіблае месца знаходзіцца на веладарожцы ўздоўж вуліцы Рабцава. На скрыжаванні з малой вулкай метрах у трохстах ад чыгуначнага пераезда будаўнікі-рукажопы акурат на веладарожцы выштукавалі трайны экстрым.
Веладарожка тут нырцуе ўніз і адначасова зігзагам паварочвае. У дадатак да гэтых прыемнасцей яны пасадзілі тут каналізацыйны люк і сцёк ліўнёўкі з квадратнымі кратамі. Гэтыя інжынерныя кропкі пакладзеныя неахайна, з вялікай ямнасцю. Уехаў на хуткасці ў адну або і абедзьве – і дакладна сыграеш лобам у процілеглае падвышэнне веладарожкі. Калі рухаешся ў цемры, калі нескаардынаваны або расслаблены, дык можаш і вылецець на вуліцу Рабцава пад спадарожны або сустрэчны транспарт – як пашанцуе.
Станцыя 7
Гэтае месца знаходзіцца паміж згаданым Гузнянскім мастом і прыкметным арыенцірам – першым пабудаваным у горадзе падземным пераходам. Ён вядзе ў глухую лесапаласу.
Відаць, будавалі гораду на выраст, ды пакуль што расце ён у іншых месцах. Туды сама, у лесапаласу, вядзе і пуцеправод паміж мастом і пераходам. Каб людзі не ездзілі на пляж, дарогу чамусьці перакапалі. Толькі ў лес! Ну ды нам наверх. Наша смяротная небяспека веласіпедыстаў над пуцеправодам.
На тратуары справа, калі ехаць праспектам Рэспублікі да мікрараёна Усход, класічнае “бутэлечнае горлейка”, звужэнне. І яшчэ тут сама заканчваюцца стальныя парэнчы над вуліцай знізу. Яны ўманціраваныя ў жалезабетонную бэльку, і акурат тут яна выпірае на трыццаць сантыметраў у бок звужэння тратуара і на дзесяць у вышыню.
Калі едзеш хутка, і хтосьці будзе імчаць насустрач і\або аслепіць сустрэчнае аўто, дык схема будзе як у слынным амерыканскім серыяле “Тысяча і адзін спосаб ашчэрыцца ў глебу”. Там абыгрываюцца межава глупыя смерці. Гэта само па сабе смяротна смешна, бо смерць наступае з-за неверагоднай глупасці “герояў”.
У брэсцкім выпадку смеху не будзе: маем безгаспадарнасць, калі не нядбайную злачыннасць. На хуткасці пры сутыкненні з бетонным выступам ты ляціш цераз руль галавой уперад і ўлева – такі там вектар руху. І – сустракаешся або з тоўстым бетонным слупом праз метр, або з вострымі кантамі стальных апор дарожнага адбойніка на паўметра далей. Калі пазбег усяго гэтага і кацішся шчаслівы і расслаблены, дык напрыканцы станцыі чакаюць дзве ямы ў асфальце. Ускочыш у іх – і можаш рыхліць выступамі аблічча плітку аж да падземнага перахода.
Здаецца, узяў бы неяк вечарком кувалду ды ўрэзаў бы па гэтым выступе, каб не выступаў. Скажу вам, што так робяць там-сям. Каля сабора на праспекце Рэспублікі нехта малаточкам, бачна, пашчыраваў на веладарожцы, збіў сантыметр бардзюра. Каля палаца спорту “Вікторыя” кінулі былі шуфлю бетону, зрабілі вузенькі з’езд. Ну ды гэта саматужніцтва, не ёсць добра. Трэба, каб рабілі адмыслоўцы. З’езд той прастаяў год і разбурыўся. А тут – біць кувалдай па нясучай бэльцы інжынернай канструкцыі … нават школьнік разумее: гэта няправільна.
Станцыя 8
Гэтая станцыя доўгая, з кіламетр. Гэта ўся вуліца Суворава ад скрыжавання з Кар’ернай і да мікрараёна Паўднёвы. Калі еду сюдой, маю дзве асацыяцыі. Першая асабістая. Аднаго разу ў грыбах за пасёлкам Мухавец і вёскай Падлессе Камянецкае выпадкова паехаў не той дарожкай. Узяў занадта ўправа і выехаў няйначай на спецдарогу вайсковага палігона. Яна каб трэніраваць кіроўцаў вайсковых грузавікоў і танкістаў па бездаражы. Яма за ямай, то ўніз то ўверх. Аж галаву завінае. Дарэчы, такая дарога ў лесе, – Танкавай яе называлі, – была ад Медна ў бок Брэста. На ёй сапраўды пасля апошняй вайны трэніраваліся танкісты. Але потым палігон паменшылі. І ёй ездзілі грыбнікі, дык пясок паддаўся, і ямы сталі плоскімі, выраўняліся.
Другая асацыяцыя мабыць прыходзіць у галаву большай колькасці людзей. Яна гістарычная. “Переход Суворова через Альпы” – ёсць такая карціна рускага мастака Сурыкава. На ёй хілы, але нястрымны генералісімус паперадзе свайго войска з’язджае на пятай кропцы з круценнай гары. Твар геройскі. Маўляў, хранцузскую рэвалюцыю засьпеем знянацку. Сказаў цар-бацюшка, дык учынім кердык. А нечя!
Што да веласіпеднага маршрута па вуліцы яго імені ў нефранцузскім Брэсце, то ён з’явіўся ў выніку нядаўняга капітальнага рэмонта вуліцы. Раней гэта была вёска Пугачова, то паабапал вуліцы стаяць выключна прыватныя сядзібы. Дзеля выгоды іхніх гаспадароў, у якіх практычна ва ўсіх ёсць аўтамабілі, тратуар зрабілі тыпу “карыта, яшчэ карыта” – вуліцу і тратуар пад`сыпалі, а ўезды пакінулі на нізкім узроўні. Таму тут едзеш, як на выпрабавальным палігоне. Галаву завінае аж во як.
Калі да гэтага дадаць, што на тратуары стаяць бетонныя апоры максімальнага калібру, якія нясуць тралейбусную лінію, то адразу зразумела: без шлема веласіпедысту ехаць тут вялікая рызыка. А ўвечары, калі слепяць фары сустрэчных аўто, варта падумаць над тым, ці не весці тут свайго коніка ў руках.
На фота бачна, што з боку вуліцы на ўезды пастаўленыя штатныя скошаныя бардзюры. Яны маюць максімальны градус скосу, прадугледжаны будаўнічымі нормамі, Пры яго перавышэнні рэгламентам прадугледжана для пешаходаў рабіць лесвіцу з прыступкамі не вышэй за 12 сантыметраў. Але перавышэнне, бліжэй да падворкаў, месцамі ці не ўдвая, а лесвіцу рабіць як, калі тут мусяць ездзіць веласіпедысты. Таму маем што маем.
Добра, што нядаўна акурат тут пабудавалі станцыю хуткай медычнай дапамогі. Няўжо з разліку на траўмаваных тут веласіпедыстаў?
І яшчэ дзве рэчы нялішне будзе сказаць пра гэтае месца. Яны несмяротныя, але калі хто нервовы… Першая. Рабілі нядаўна, паніжэнні тратуару пры перасячэнні з праезнай часткай ёсць, але на палове з шасці перасячэнняў яны не “нулявыя”, як прадугледжвае апошяя рэдакцыя нормаў будаўніцтва дарог. Вязуць людзі з лецішчаў хто кошык гуркоў, хто вядро з ягадамі і стук-стук, бах-бах…
Баліць гаспадарскае сэрца, але толькі ім і баліць. Адказным не баліць ні сэрца, ні дупа. Другое. Колькі перасячэнняў, столькі разоў, паводле мудрых беларускіх арганізатараў нашага жыцця, трэба спешвацца і пераводзіць ровар. Ні разу не бачыў, каб хто гэта выконваў. І правільна робяць. Ператварыць жыццё людзей у кашмар можна, але яны ж не будуць паддавацца. Трэба мяняць глупыя правілы!
Станцыя 9
Гэтая станцыя кур’ёзней не прыдумаеш. Знаходзіцца яна ў дварах дамоў па бульвары Шаўчэнкі, адразу за Цэнтральнай гарадской бібліятэкай. Тут паклалі “гарбатага міліцыянта”, але яўна не для аўтамабіляў. І гэта вось чаму.
Штучная перашкода пакладзеная… наўскась! Так робяць, калі здымаюць фільмы катастроф – перашкоду кладуць наўскась. Аўто пры наездзе атрымлівае вектар руху па спіралі, штопарам увінчваецца ў паветра і потым доўга куляецца. Каб каскадзёр у такім аўто не загінуў, у салон уварваюць раму з труб. Але ж у дварах аўто не разгоніцца да хуткасці куляння. Значыць, клалі для веласіпедыстаў.
Дарэчы, такіх касых падрэзаў, каб зрабіць з мірных раварыстаў каскадзёраў, на брэсцкіх афіцыйных веладарожках процьма. Ці не палова афарбаваных зялёным пераездаў цераз скрыжаванні ўпіраюцца ва ўкосны бардзюрны камень. А каля палаца спорту “Вікторыя” і ўвогуле ў поўнай вышыні бардзюр. Двойчы запар можна стаць каскадзёрам, калі едзеш штатнай веладарожкай з мікрараёна Усход у бок цэнтру і потым у Кавалёва.
Спачатку гэта магчыма насупраць Брэсцкага электрамеханічнага завода, потым трэба падгадаць зялёнае святло на скрыжаванні Маскоўскай і Піянерскай, разагнацца і ўвінціцца ў неба штопарам з “зялёнага” пераезду ў бок Палаца водных відаў спорту.
Аднойчы ехаў тудой і раптам бачу: на паркоўцы насупраць таго рукатворнага каскадзёрства стаіць ДАІшны “Опель”, у ім сядзіць важкі такі капітан і нешта задаволена падсумоўвае. Падбіў мяне чорцік унутры: а ці бачыць ён той кульбітны з’езд. Той жа наўпрост перад яго машынай. Спыніўся, перарваў капітанаву ідылію, спытаў, ці бачыць. Той на мяне як на прывід які глядзіць, ні каліва разумення. Нарэшце ўключыўся, што хачу. Паабяцаў заўтра ранкам перад разводам зрабіць запіс у нейкай кнізе. Так, напэўна, і да сённяшняга дня піша. Пашкадаваў, што не спытаў, з кім маю справу. Спаслацца можна было б, пры нагодзе.
Станцыя 10
Гэтае месца асабліва небяспечнае ў так званую шар`ую гадзіну. Ужо не дзень, але яшчэ не ноч. Сутонне. Едзеш, бачыш лініі. Як раптам бац! – уязджаеш у бардзюр. Аўтобусны прыпынак!
Аб’езд не паказаны, злева збоку аўтапаласа. Яна і разгонная, і па ёй можа чаліцца да прыпынка “Скрыжаванне” аўтобус. Карацей, чарговае ўлова на штатных брэсцкіх веладарожках. Яно ў ста метрах ад нулявога кіламетра на трасе Р 94 Брэст – Дамачава – мяжа з Украінай.
Станцыя 11
Зноў на другі канец горада, на вуліцу Рабцава. Так распарадзіўся рэйтынг небяспечнасці. Люк на фота знаходзіцца якраз пасярэдзіне адной з лепшых веладарожак горада. Як бачым, ён не падняты з ямы пасля падсыпкі дарогі і ўкладкі асфальту. Мабыць, забыліся, як, бывае, хірургі забываюцца пальчаткі ў целе пацыента.
Журналісцкі дывайс у люку паказвае: глыбіня шмат большая за 5 сантыметраў, за глыбіню ямкі, якую канадаўства краіны прызнае аварыйнай. Калі ўедзеце, маеце стоадсоткавую перспектыву выйграць справу ў судзе. Абы справа тая не пайшла наперакасяк.
Цікава, колькі людзей уехалі ў гэтую пастку? І колькі гаралі лобам тую веладарожку апасля? Абяцаю распытацца пра гэта ў траўматолагаў.
Вакансии разных профессий свободны во многих польских городах. Кого же работодатели? Представляем список вакансий и…
В Кремле и Госдуме отрицают планы по блокировке видеохостинга YouTube в России. А пользователи винят…
Посол Беларуси в России Дмитрий Крутой предложил наказывать предприятия, которые отстают от плановых темпов роста…
Национальный банк поделился информацией об объеме денег в беларуской экономике. Широкая денежная масса за февраль…
Практически одновременно Национальный статистический комитет Беларуси (Белстат) и Евростат представили данные опросов о доверии к…
Министр образования Андрей Иванец заявил, что требования к распределению выпускников-платников останутся прежними То есть пока…