Калі напрыканцы лістападу хвост чаргі заканчваўся ля з’езду ў вёску Чэрні (адсюль да памежнага пераходу Казловічы 16 кіламетраў), то, паводле стану на вечар 5 снежня, калона цяжкавагавых аўтамабіляў доўжылася да Тэльмаў.
https://1reg.by/2021/12/01/pra-shto-raskazvayuc-dalnaboyshchyik-charze-na-myazhyi-lya-kazlov-cha/
Гэта месца, дзе асноўная аўтамагістраль краіны пад прамым вуглом паварочвае на Казловічы. З абеду было яшчэ тыповае надвор’е позняй восені: нуль, праясненні, лёгкі ветрык. Таму некаторыя кіроўцы праміналіся побач са сваімі грузавікамі. Амаль усе былі лёгкія на размову: а як жа, яны фактычна ў бядзе, і тут імі хоць хто цікавіцца.
Андрэй з Мінска, круглявы хлапец гадоў за трыццаць, заўзята ганіў урад, маўляў, парадку няма, бо каб быў, то не стаяў бы ён тут чацвёртыя ўжо суткі.
“За сёння за цэлы дзень не прасунуліся ні на крыху!” – абураўся ён.
Вінаваціў брэсцкіх кіроўцаў, маўляў, тыя на Камянецкім кальцы заязджаюць у чаргу. Спытаў, ці плаціць фірма камандзіровачныя.
“Так, суткавыя. Вунь на запраўцы крамка, то можна пайсці закупіцца”.
А ці абносяць чаргу мясцовыя карабейнікі?
“Так, былі тут учора, прапаноўвалі. Хто хацеў, купіў тое-сёе”.
Калі ўжо пра куплю-продаж зайшло, спытаў, а ці не прапаноўвалі-ся? Сябе не прапаноўвалі? Дзявулі? Чалавек спачатку не зразумеў, потым кажа:
“Ды якія тут дзеўкі – холад, цярпілава. Тут бы да мяжы датрываць. І – не, не было нікога такога”.
Андрэй сказаў, што ён – не самы доўгацярплівец.
“Тут некаторыя шостыя суткі размянялі”.
А хто едзе? “Расія, Казахстан, але найбольш беларусаў”.
Наконт парадку не зусім ён меў рацыю. Прысутныя былі, мяркуючы па форме, нейкія сілавікі. Сядзелі ў няформенным аўто, прыпаркаваным на процілеглай для калоны ўзбочыне. Сноўдалі сюды-туды ДАІшныя аўто. Двое інспектараў даказвалі нешта чалавеку ў “аэрадромцы”, кепцы з шырачэнным верхам. Даўблі ўказальнымі пальцамі ўніз – сцвярджалі. Меркаваны азербайджанец наадварот рэзка разводзіў рукі ў бакі – аспрэчваў. “Аткуда такіе дэньгі…” – данёс вецер яго словы. Мабыць, гума “лысая”, падумалася.
Ля павароту на Чэрні стала бачна, што ў чарзе роўных ёсць больш роўныя. Легкавік з жоўтымі мігалкамі праканваяваў дзве фуры са спецгрузам, нейкімі масіўнымі жалезнымі прычындаламі.
Уздоўж трасы ляжаў паслед драматычнага побыту гэтай аточанай у “кацёл” арміі кіроўцаў – ніткавыя пальчаткі ў салярцы, торбы з абгорткамі з-пад крамнай ежы, там-сям сурвэткі, якімі падцёрліся. Не, не вусны, калі вы што такое падумалі – натуральна падцёрліся па поўнай праграме.
Сурвэткі белыя, то на іх заўважна, а калі пайшоў бы шукаць кучкі, то нагамі жыва адшукаў бы. Ды не меў намеру, паверыў сурвэткам. У адным месцы трапіўся зацвілы батон. Мяркуючы па нумарах фур побач, яшчэ з Расіі ён парыўся і не вытрымаў, хапіў там-сям зялёнага.
За Камянецкім кальцом чарга ў каторы ўжо раз раздвоілася і ўтварыла даволі вузкі калідор. Узбочына занятая – веласіпедыстам і пешаходам аёй. На прымерзлых гарбах стаяла каларытная пара, высокі маладзейшы і нізкі круглявы старэйшы. Аказалася едуць разам з Казахстана. “Вунь нашы фуры на казахскіх нумарах”. Аказалася, Пеця і Грыша да ўсяго абодва з Гомеля.
“Так вось жыць даводзіцца, нібыта ў Беларусі, а працуем далёка.”
Абодва кажуць, што не прапускаюць якраз беларусы.
“У палякаў пуста – “едзь не хачу”. Нашы тармозяць, а потым па тэлевізару гоняць, маўляў, палякі нелюдзі. Глядзеў у сеціве ўчора”, – кажа Грыша і злосна сплёўвае. – “Мы для гэтых уверсе мяса, проста мяса. Хай бы селі дамовіліся, дык не, зробяць нешта на роўным месцы і потым намі гуляюць як картамі”.
Даехаць ні за дзень, ні за два да мяжы абодва не мараць. “За сёння ад кальца і дасюль даехалі – гэта мізэрныя трыста метраў”.
“У Казахстане ўсё было б інакш, – кажа Пеця. – Праз паўдня тут гандаль ішоў бы ваўсю, і пловам абносілі б, і шашлыком. А ў нас – была дні з два таму нейкая бабіска. Два з паловай рублі за чабурэк патрабуе. Кажу, на табе два рублі і па руках. То дзе там, зацялася, скідваць не схацела”.
Абодва аднадушна сказалі, што ў Казахстане парадкі іншыя. “Там хоць і баі, кланы, але чалавеку простаму дыхаць даюць, зарабіць капейчыну якую”.
Фуры абодвух стаялі на пад’ёме на мост. На самім мосце таксама былі цяжкавагавыя аўтамабілі. Няйначай, былі яны і на іншых мастах гэтай трасы – іх некалькі. А ці вытрымае мост адразу столькі? Як вядома, ПДР забараняюць паркавацца на мосце.
Праз гадзіну зіма нібыта праявіла літасць і пачала пакрываць увесь гэты чалавечы вэрхал белым саванам. Пачало месці.
Згадалася, што ўчора глыбока ўвечары з боку Брэсцкай крэпасці, а можа, Гершон або Міцькоў (гэта зусім каля беларуска-польскай мяжы) вецер даносіў нейкія афіцыйныя заявы па гучнагаварыцелю.
Можна было ўцяміць адно толькі, што мова не руская і не беларуская – мабыць, польская. Доўга вяшчалі. А перад гэтым доўга лётаў туды-сюды верталёт. Няйначай, вышукваў бежанцаў з арабскіх краёў. Мабыць, там яшчэ горш, чым тут на трасе. Балота, лес, Буг… Трывожна.
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ