Як бы ні падавалася, што ўсё ў Беларусі заціхла, гэта не так

15:05 09 августа 2022
ОБСУДИТЬ
Сацыёлаг Генадзь Коршунаў разважае пра тое, як беларусы змяніліся ад жніўня 2020-га да цяперашняга часу, пра болевыя кропкі грамадства і досвед еднасці, што нікуды не падзеўся.

Улады дэманструюць, што сітуацыя пад кантролем. Але, відаць, і яны не змаглі да канца перагарнуць старонку 2020-га, пра што сведчыць і «форум патрыятычных сіл», які акурат 9 жніўня плануе правесці «Белая Русь», каб «зверыць гадзіннік па пытаннях развіцця грамадзянскай супольнасці», і апублікаваныя прэс-службай Лукашэнкі вытрымкі са жнівеньскага паслання двухгадовай даўніны — маўляў, паглядзіце, «не аддаў любімую». На ваш погляд, наколькі ў іх гэта атрымалася, і ці працягвае дзейнічаць «эфект сцяга»?

Мне падаецца відавочным, што даць рады таму палітычнаму крызісу, пачатак якога палягае яшчэ ў канцы 2019-га і які пачаў выходзіць на паверхню пад першую хвалю ковіду і выбухнуў падчас выбараў 2020 года — з гэтым улады нічога зрабіць не змаглі. А фактычна, нічога і не рабілі — ніякіх ні эканамічных захадаў, ні іншых мераў рэагавання. Адзінае, што яны рабілі — гэта гвалт ад пачатку, а пасля рэпрэсіі, якія не канчаюцца дасюль. І гэта самы яскравы доказ таго, што самі ўлады не перагарнулі старонку: як спужаліся тады, так у гэтым страху і жывуць.

У 2022 годзе мы бачым пэўныя асаблівасці, звязаныя з пачаткам чарговага этапу расейска-украінскай вайны. Тут сацыёлагі, дый не толькі яны, адзначаюць з’яўленне так званага «эфекту сцяга» — калі ва ўмовах пагрозы, звычайна вонкавай, грамадства пачынае гуртавацца вакол дзейнай улады. Мы гэта добра бачылі на прыкладзе Расіі яшчэ пасля Крыму, тое ж адбываецца і зараз.

У Беларусі такі эфект адбыўся часткова і зусім у іншых памерах. Частка так званага нейтральнага грамадства пачала нібыта прыядноўвацца да прыхільнікаў улады — але, зноў жа, гэта значна меншы маштаб, і адбылося гэта ў першыя месяцы вайны. Зараз было б цікава паглядзець свежыя дадзеныя, што адбываецца — думаю, хутка з’явяцца новыя сацыялагічныя звесткі на гэты конт.

Тое, што яны пакажуць, будзе вельмі важна. Хоць гэта не канчатковая рэч, бо вайна ва Украіне будзе вельмі моцна адбівацца на Беларусі і з пункту гледжання падтрымкі Расеяй Лукашэнкі, і па ўплыву наступстваў вайны на беларускае грамадства, эканоміку і г.д.

Па сваёй дынаміцы 2022 год рызыкуе стаць такім жа магутным і «выбуховым», як і 2020-ы. Але — толькі пры тых умовах, што дынаміка ва Украіне будзе на карысць самой Украіны . Вельмі хочацца на гэта спадзявацца.

Паводле незалежных сацыялагічных даследаванняў («Народнае апытанне», Chatham House, Беларуская аналітычная майстэрня), абсалютная большасць беларусаў выступае супраць вайны ва Украіне, значная частка страчвае думкі аб геапалітычным нейтралітэце, пераразмяркоўваюцца сімпатыі да Расіі і ЕС, а прыхільнікі і апаненты ўладаў усё больш палярызуюцца. На якія яшчэ тэндэнцыі варта звярнуць увагу, каб разумець, што адбываецца ў беларускім грамадстве?

Што да зніжэння прыхільнікаў нейтралітэту і выбару паміж заходнім альбо ўсходнім геапалітычным вектарам — сапраўды, рамантычныя ўстаноўкі на тое, каб быць па-за межамі нейкіх саюзаў, зніжаюцца, бо гэтага вымагае рэчаіснасць. Расце разуменне, што быць асобна ад усіх у сучасным свеце немагчыма і трэба будзе прымаць адзін ці другі бок.

Па стане на май, прыхільнікаў саюза з Расіяй было крыху больш, чым саюза з Еўропай. Але тут вельмі цікава паглядзець на тэмпы прыросту рэспандэнтаў на тым і другім баку. Колькасць прыхільнікаў саюза з ЕС расце хутчэй, прыхільнікаў саюза з Расіяй — павялічваецца, але больш павольна. І гэта важна глядзець у дынаміцы, бо гэтыя лічбы моцна залежаць ад таго, як будуць развівацца падзеі ва Украіне. Калі Украіна выйграе, атрымаюць паразу і прыхільнікі «рускага свету» і ў Беларусі.

Калі гаварыць аб тым, на што яшчэ звярнуць увагу — на мой погляд, ёсць некалькі прынцыповых момантаў, якія важна адсочваць. Як мінімум дзве тэмы трэба вывучаць і аналізаваць.

Першая — дэмаграфічныя страты Беларусі, то-бок, міграцыя. Бо фактычна мы страчваем не толькі перспектывы развіцця на будучае, калі з’язджае моладзь, але і цэлыя сегменты эканомікі, пачынаючы ад медыя, экспертнай супольнасці і да IT-шнікаў (той драйвер сацыяльна-эканамічнага развіцця, зыход якога ўсе бачаць). Ці такая сацыяльна-прафесійная група, як медыкі — іх з’язджае вельмі шмат, і калі паглядзець на рынак працы, на запыты ад шпіталяў і паліклінік, лічбы ўражваюць.

Пытанне не толькі ў тым, колькі добрых спецыялістаў з’язджаюць і працягнуць з’язджаць, але і ў тым, хто будзе лячыць тых, хто застаўся ў Беларусі, хто будзе выкладаць і якая будзе якасць адукацыі і ў школах, і ў ВНУ, хто будзе распрацоўваць стратэгіі развіцця — у тэхніцы, у грамадстве, у палітыцы, цi эканоміцы?

Калі гэта звесці ў адзіную карціну, то са стратэгічнага пункту гледжання, калі сітуацыя не зменіцца праз год, два, пяць — краіну чакае натуральная катастрофа.

Другі момант — калектыўная траўма. Яе беларускае грамадства атрымала ў 2020-м, працягвала ў ёй знаходзіцца летась, і ў 2022 годзе тэма зноў рэактуалізавалася. Калектыўная траўма — тое, што кардынальна змяняе жыццё грамадства цалкам, на «да» і «пасля».Цяпер вельмі многія жывуць нібыта на паўзе — прычым не толькі тыя, хто пацярпеў ад рэпрэсій, палітзняволеныя, вымушаныя эміграваць, звольненыя праз сваю палітычную пазіцыю, але і іх сем’і, бацькі, сябры.

Маштабы такой траўматызацыі фенаменальныя, і ў некаторых выпадках яны могуць быць параўнальныя па псіхалагічным адбітку з падзелам Беларусі у 1939 годзе.

На жаль, гэтыя працэсы яшчэ працягваюцца, што замінае іх вывучэнню і асэнсаванню. Свае глыбінныя траўмы ёсць і ў тых, хто лічыць сябе прыхільнікам улады, і, хоць у найменшай ступені, траўмаваныя так званыя «нейтралы». У кожнага свой боль, і нам з гэтым трэба будзе нешта рабіць.

З 2020 года беларусы нібы трапілі ў спіраль негатыву, і кожны год нясе новыя выпрабаванні, высмоктваючы ўшчэнт сілы і рэсурсы, заганяючы ў стан няпэўнасці. Ці засталося ў нас нешта ад беларусаў двухгадовай даўніны, якія верылі ў перамены да лепшага, наладжвалі гарызантальныя сувязі і выдалі беспрэцэдэнтную хвалю ўзаемападтрымкі? І пры якіх умовах атрымаецца зноў акумуляваць тую салідарнасць?

З аднаго боку, сапраўды, страт было вельмі шмат. Не хапае моцы і трываласці, псіхалагічнай устойлівасці, расчараванне адзін у адным — безумоўна, усё гэта ёсць. Але ёсць і іншае. Ёсць агульны досвед падзей 2020-га. Мяркую, той, хто адчуў еднасць, якая была падчас кавіднай узаемадапамогі, а потым на маршах і пасля іх, — гэты эмацыйны досвед застаўся і ён будзе рухаць нас наперад.

Таксама застаўся досвед арганізацыйны, калі заўгодна, менеджарскі — на ўсіх узроўнях, ад буйных грамадскіх структур, платформ узаемадапамогі карпаратыўных, прафесійных супольнасцяў, да дваравых. Зразумела, нехта з’ехаў, нехта ў няволі — але досвед людзей, якія памятаюць, як збіраліся разам для вырашэння праблем, нікуды не падзеўся.

Як паказвае даследаванне «Народнага апытання», захаваліся і гарызантальныя сувязі. Зразумела, яны не выходзяць на ўзровень дзеі, бачнай актыўнасці, як у 2020-м, але на камунікатыўным узроўні яны застаюцца.

Шмат чаго адбываецца ў партызанскім фармаце, і «рэйкавая вайна», супраціў беларусаў вясной 2022 года паказалі — як бы ні падавалася, што ўсё заціхла, гэта не так. Людзі сядзяць ціха, бо ўсе ўжо ведаюць, што бывае за любую праяву самастойнасці і годнасці. Таму нізкі паклон тым, хто зараз у Беларусі і хто трывае, чакае моманту.

Але і людзі, якія выехалі з Беларусі, нікуды не зніклі — прынамсі, большая іх частка. І хоць яны вымушаныя вырашаць агромністую кучу побытавых пытанняў, аднак яны таксама разам з Беларуссю, і гэта бачна па вуліцах еўрапейскіх гарадоў, па дзейнасці незалежных медыя, якія намагаюцца працягваюць сваю працу, па справах арганізацый грамадзянскай супольнасці і гэтак далей.

Усё гэта працягваецца, і, як мы бачым, досыць эфектыўна. Так, ёсць непаразуменні, ёсць канфлікты, асабліва ў сферы палітычных гульцоў. Але гэта цалкам нармалёвая справа: няма ніякай дэмакратычнай краіны, дзе абыходзілася б без узаемных папрокаў, і нашы палітыкі толькі вучацца быць дэмакратычнымі, а людзі — вучацца аналізаваць, вывучаць і дзейнічаць.

То-бок, можна зрабіць выснову, што беларусы за два гады, натуральна, стаміліся, змяніліся — але не здаліся?

А беларусы ніколі не здаваліся. Мы проста, «дзякуючы» савецкай цэнзуры, слаба ведаем, як беларусы супраціўляліся гэтай уладзе — і пра Слуцкі збройны чын, і пра сялянскія паўстанні 1930-х, пра спецыфіку партызанскага руху, які быў далёка не «чырвоным», так бы мовіць. Бо нам удзяўблі, што «шматок зямлі», што «беларусы — тыя ж самыя рускія са знакам якасці»…

Але насамрэч беларусы — партызанская нацыя ў тым сэнсе, што заўсёды мае свой погляд на сітуацыю і дзейнічае, як лічыць патрэбным. Адзіная праблема ў тым, што гэтыя погляды збольшага індывідуалізаваныя, бо Беларусь ніколі не была такой калектывісцкай, як Расія, беларус сядзіць у сваім гародзе, не лезе ў чужы, але і не пускае ў свой. Гэтая лакальная сацыяльнасць вельмі постмадэрнісцкая і пасуе да таго часу, калі разварочваецца лічбафікацыя, што дазваляе кожнаму выбудоўваць самастойна сваё жыццё.

І для нас вельмі важнае пытанне, як для спракавечнай гарызантальнай сацыяльнасці выбудаваць палітычную прастору, якая адпавядала б сучаснасці. Думаю, якраз зараз мы шукаем тут свой шлях, каб тыя справы, што кожны робіць паасобку, ішлі ў агульным напрамку. І каб гэтыя розныя галінкі звязаць у моцны венік, якім можна вымесці да лесу ўсё тое, што не патрэбна ў хаце, і выбудаваць новую Беларусь.

ЧИТАТЬ ЕЩЕ СТАТЬИ

11 января 2024 12:56

Сколько “вагнеровцев” осталось в Беларуси?

Белорусские силовики и пропагандисты активно пиарят наемников из ЧВК "Вагнер", которые до сих пор остаются в Беларуси. Нередко на телекадрах c совместных тренировок рядом с государственным флагом РБ и флагами белорусских силовых ведомств можно увидеть и флаг "Вагнера", а замминистра МВД Николай Карпенков носит шеврон с символикой ЧВК.

25 декабря 2023 10:52

Чаму ў Беларусі падоўжылі бязвізавы рэжым для грамадзян Літвы, Латвіі і Польшчы?

У 2024 годзе грамадзяне суседніх Літвы, Латвіі і Польшчы змогуць прыязджаць у Беларусь у бязвізавым парадку. Прапанову МЗС падтрымаў Аляксандр Лукашэнка. Такім чынам, бязвіз, які дзейнічае з вясны 2022 года (для Польшчы — з 1 ліпеня 2022-га) падоўжаны ў трэці раз.

15 декабря 2023 15:10

Кого в Беларуси смогут лишать пенсий за особые заслуги перед страной?

В Беларуси пересмотрели список причин, по которым могут лишать выплаты пенсий за особые заслуги перед страной. Соответствующее постановление опубликовано на Национальном правовом портале.

12 декабря 2023 15:48

В России беда с яйцами: жуткий дефицит и резкий рост цен. А что в Беларуси?

В соседней стране куриные яйца дорожают не первый месяц, они уже стали "золотым" товаром. Стоит ли беспокоиться белорусским потребителям?