Аблава, якую правялі сілавікі ў Акадэміі навук, стала адной з самых маштабных «зачыстак» навукоўцаў за апошні час. Паводле незалежных крыніц, КДБ затрымліваў 44 супрацоўнікаў з розных інстытутаў, частку з іх выпусцілі, частку адправілі на Акрэсціна. Таксама паведамляецца, што ў некаторых установах праводзілі гаворку сам-насам у кабінеце дырэктара, некаторым прапанавалі супрацу з «органамі».
Імаверна, гэтая масавае затрыманне адбылося праз тое, што сілавікі атрымалі доступ да тэлеграм-чату навукоўцаў, які ўлады прызналі «экстрэмісцкім».
Наўрад ці тыя, хто планаваў аперацыю, падгадвалі яе пад Дзяды і Ноч расстраляных паэтаў, памяць якіх беларусы ўшанавалі днямі. Але паралелі ўзніклі даволі празрыстыя. Пра тое, ці трэба чакаць новых рэпрэсій у сферы, чаму ўлады не баяцца знішчыць цвет навукі і калі сістэма пачне з’ядаць сама сябе, распавёў гісторык Аляксандр Пашкевіч.
— Наўрад ці цяперашнія падзеі можна звязваць менавіта з Ноччу паэтаў, — мяркуе гісторык. — Наколькі я разумею, падзеі ў Акадэміі навук былі расцягнутыя па часе, усіх забіралі не ў адзін момант: першыя звесткі аб праверках з’явіліся, можа, тыдзень таму. Хутчэй, гаворка ідзе пра планавыя аперацыі сілавікоў — як мы бачым, «зачысткі» закранаюць у Беларусі самыя розныя сферы, прыходзяць то да адных, то да другіх, ёсць і арышты, і суды, і затрыманне за рэпосты.
Таму ўсё гэта варта разглядаць у межах агульнай атмасферы ў краіне: грамадства працягваюць запалохваць, няма тут ніякіх выняткаў — прыходзяць да ўсіх ці прынамсі нагадваюць, што могуць прыйсці на ўсіх. І гэтая атмасфера, канешне, нагадвае 1930-я, калі не было ніводнай галіны, ніводнай сферы, якую рэпрэсіі мінулі б.
— Як бы цынічна ні гучала, калі «вычышчалі» гуманітарыяў — з інстытута гісторыі, цэнтру мовы і літаратуры, — гэта яшчэ можна было патлумачыць тым, што даследчыкаў лёгка замяніць. Але што датычыць «тэхнароў» (а прыйшлі гэтым разам, напрыклад, у фізіка-тэхнічны інстытут, біяарганічнай хіміі), то не так проста паставіць замест нелаяльнага вучонага ў белым халаце лаяльнага чалавека пры пагонах.
Кім улады, якія часта гавораць пра патэнцыял Акадэміі навук і патрабуюць новых прарываў, разлічваюць замяніць такіх спецыялістаў, калі «пасодзяць усіх»?
— Не думаю, што тут можна рабіць нейкія адрозненні паміж «гуманітарыямі» і «тэхнарамі». Праводзячы ўсё тыя ж гістарычныя паралелі — у Савецкім Саюзе калісьці сярод тэхнічнай інтэлігенцыі была ці не большая фронда, чым сярод гуманітарнай. Згадаем таго ж акадэміка Сахарава.
Думаю, не ў апошнюю чаргу наяўнасць такіх вольнадумцаў тлумачылася якраз тым, што іх цяжка было замяніць. Калі гаворка ідзе пра ядзерны сінтэз, пра спецыяльнасці, карысныя для вайсковых мэт ці народнай гаспадаркі, то гэта не так проста.
Але рэч у тым, што цяперашнія беларускія ўлады абсалютна не думаюць пра будучыню. Яны жывуць адным днём і ім важна толькі ўтрымацца ва ўладзе, а дзеля гэтага знішчыць усякую волю да супраціву. Бо гледзячы на падзеі на ўкраінскім фронце, ёсць верагоднасць таго, што неўзабаве аслабне Расія і не зможа ў такім аб’ёме, як раней, падтрымліваць беларускі рэжым — таму для іх трэба, каб уся краіна была закатаная ў асфальт.
Лукашэнка заўжды вызначаўся сваім палітычным стылем, тым, што пра будучыню ён ніколі не думаў. Ён умелы палітык-тактык і выкарыстальнік бягучай кан’юнктуры, якому заўсёды добра ўдавалася вырашаць бягучыя праблемы, але стратэгічнае мысленне, разлічанае на шмат гадоў наперад — не ягонае. І ў лепшыя для яго часы ён надта далёка не заглядаў, а цяпер і пагатоў сітуацыя такая, што хоць бы дзень прастаяць ды ноч пратрымацца.
Наўрад ці Лукашэнка заглядвае далей, чым да 2025 года, калі яму трэба будзе перавыбірацца — а на гэты час, скажам так, можна абысціся і без навукі.
Але рэпрэсіўная машына не можа спыніцца. Па некаторых звестках, у РФ пачаўся ўжо раскол эліт. Ці ўбачым мы ў Беларусі, як сістэма з’ядае сама сябе?
— Безумоўна, дачакаемся. Таму што гэта сістэма не можа быць вечнай, гістарычна яна асуджаная на паразу і нічога ўнікальнага ў ёй няма, каб стаяла цвёрда і непахісна.
Таму тыя часы, калі яна пачне развальвацца і паядаць сама сябе, абавязкова надыдуць. Але наколькі гэта будзе хутка, у блізкатэрміновай перспектыве ці ў сярэднетэрміновай, сказаць цяжка. Адзінае, што, на мой погляд, гаворка пра доўгатэрміновую перспектыву, пра дзясяткі гадоў ужо не ідзе.
Вакансии разных профессий свободны во многих польских городах. Кого же работодатели? Представляем список вакансий и…
В Кремле и Госдуме отрицают планы по блокировке видеохостинга YouTube в России. А пользователи винят…
Посол Беларуси в России Дмитрий Крутой предложил наказывать предприятия, которые отстают от плановых темпов роста…
Национальный банк поделился информацией об объеме денег в беларуской экономике. Широкая денежная масса за февраль…
Практически одновременно Национальный статистический комитет Беларуси (Белстат) и Евростат представили данные опросов о доверии к…
Министр образования Андрей Иванец заявил, что требования к распределению выпускников-платников останутся прежними То есть пока…