— Напэўна, яму патрэбны час, каб высветліць планы Пуціна. Ці плануе ён увогуле завозіць ядзерную зброю, ці толькі сховішча, а потым будзе новы раўнд шантажу ў бок Захаду, — каментуе маўчанне Лукашэнкі аналітык Арцём Шрайбман.
Зараз ён бярэ паўзу, як было з інцыдэнтам у Мачулішчах. Проста высвятляецца версія, якая будзе афіцыйнай, што падказвае нам, што хутчэй за ўсё момант абвяшчэння з боку Пуціна не быў ніяк ўзгоднены з Лукашэнкам.
На пытанне, ці зможа Украіна нанесці прэвентыўны ўдар па ядзерных аб’ектах у Беларусі, калі там усё ж будзе размешчана ядзерная зброя, Шрайбман адказвае так:
— Я не бачу сэнсу Украіне правакаваць Расію на размову на ядзернай мове. Ёсць больш актуальныя праблемы на полі бою, трэба выціскаць расійскую армію. Калі б Украіна ударыла па ядзерных аб’ектах у Беларусі, гэта было б адкрытае запрашэнне да Расіі ўжываць сваю ядзерную зброю на полі бою ва Украіне. Тое, ад чаго зараз Пуцін стрымліваецца пад ціскам Кітаю, Захаду, наступстваў, якія адбудуцца.
Таму, я думаю, Украіна з прагматычнага пункту гледжання сваю сустрэчную эскалацыю будзе рабіць пакрокава, а не замахвацца адразу на расійскія ядзерныя сілы. Але ж могуць быць розныя сітуацыі: напрыклад, даведаюцца ад сваіх выведак, што Расія плануе ўдарыць, і тады, канешне, будзе сэнс зрабіць прэвентыўны ўдар.
Нават у гэтым выпадку, я думаю, яны будуць чакаць калі не дазволу, то нават нейкага супрацоўніцтва з ЗША, бо трэба будуць гарантыі, што ў выпадку моцнага адказу Расіі НАТА «ўпішацца».
Таксама аналітык сумняваецца, што беларускай прапагандзе ўдасца пераканаць беларусаў у неабходнасці знаходжання на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі.
— Па-першае, гэта даволі цяжка прэзентаваць і пераканаць беларусаў, што ядзерная зброя — гэта для абароны, таму што гэта ў прынцыпе наступальная зброя. Я б разумеў, калі б усім народам капалі акопы.
Тут прапаганда будзе ісці насуперак вельмі глыбінным падсвядомым устаноўкам пераважнай большасці беларусаў, і нават сваіх прыхільнікаў. Гэта для іх цяжкая справа.
Магу дапусціць, што ўлічваючы, што зараз вайна і ў прыхільнікаў Лукашэнкі можа быць большая схільнасць да культу асобы, большы давер да таго, што кажа іх лідар падчас вайны — можа быць, прапагандысты з 20% наросцяць да 30%, калі вельмі напружацца разам з расійскай прапагандай, але не больш.
Я не бачу, як гэта можна зрабіць з большасцю беларусаў, якія будуць хацець ядзернай зброі пасля Чарнобыля і пасля таго, як улада сама апошні час будавала свой унутраны імідж менавіта на тым, што яна гарант міру. Гэта для Пуціна Лукашэнка такі ваяр, які заўсёды кажа пра зброю, для хатняй аўдыторыі ён кажа супрацьлеглыя меседжы, маўляў, гэта не наша вайна і нам трэба зберагчыся.
Пры ўсім гэтым Лукашэнка атрымлівае шэраг плюсаў ад размяшчэння расійскай ядзернай зброі ў Беларусі, лічыць эксперт. Па-першае, гэта большая лаяльнасць з боку Расіі, па-другое, Расія будзе аплачваць гэтыя паслугі.
— Тут, безумоўна, ёсць іміджавыя рызыкі, рызыкі новых санкцый, вайсковыя рызыкі. Але ж гэта таксама новы аргумент для Лукашэнкі, каб патрабаваць новых саступак у эканамічным кірунку. І, гандлюючы вайсковым суверэнітэтам, не гандляваць палітычным. Казаць: «Добра, я табе здаў амаль увесь вайсковы суверэнітэт, але мы не будзем інтэгравацца, рабіць адзіную валюту, парламент, урад і г.д.».
Гэта яго лінія аргументаў, ён будзе яе прасоўваць далей.
Вакансии разных профессий свободны во многих польских городах. Кого же работодатели? Представляем список вакансий и…
В Кремле и Госдуме отрицают планы по блокировке видеохостинга YouTube в России. А пользователи винят…
Посол Беларуси в России Дмитрий Крутой предложил наказывать предприятия, которые отстают от плановых темпов роста…
Национальный банк поделился информацией об объеме денег в беларуской экономике. Широкая денежная масса за февраль…
Практически одновременно Национальный статистический комитет Беларуси (Белстат) и Евростат представили данные опросов о доверии к…
Министр образования Андрей Иванец заявил, что требования к распределению выпускников-платников останутся прежними То есть пока…