У дакладзе праваабаронцы назвалі артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле якіх здзяйсняецца пераслед, канкрэтныя прыклады спраў і колькасць пакараных, пра якіх вядома на бягучы момант. Вось некаторыя важныя моманты з прэзентацыі.
***
Па-першае, сабраныя праваабаронцамі звесткі не канчатковыя, падкрэслівае юрыст Павел Сапелка, бо мноства працэсаў праходзіць за зачыненымі дзвярыма, а сваякі палітзняволеных часта не паведамляюць аб прысудах, баючыся далейшага ціску і пагаршэння ўмоваў для сваіх родных.
— Свабода слова і меркавання прыціскаліся ў Беларусі даўно і паслядоўна, яшчэ задоўга да 2020 года, — зазначае Павел Сапелка. — Але, тым не менш, сёння асабліва яскрава праяўляецца памкненне беларускіх уладаў рабіць гэта нібыта на падставе барацьбы з экстрэмізмам — і гэтая акалічнасць робіць сітуацыю ў краіне яшчэ больш драматычнай.
Мэты беларускіх уладаў, гавораць праваабаронцы, «якасна іншыя, чым у міжнародных арганізацый, якія змагаюцца з тэрарызмам і яго асновай — гвалтоўным экстрэмізмам»:
— У Беларусі гэта барацьба з іншадумствам і пратэстнымі выступамі, а таксама жорсткае задушэнне дзеянняў, што маюць прыкметы правапарушэнняў, аднак здзейсненых з мэтай выказвання грамадска-палітычнай пазіцыі, процідзеяння ўзмацненню патэнцыялу нелегітымнай улады ў адсутнасць магчымасцяў для выказвання меркаванняў іншым шляхам.
Пасля падзей жніўня-2020 беларускія ўлады зрабілі цэлы шэраг захадаў па змене заканадаўства, каб надаць рэпрэсіям выгляд законнасці і значна пашырыць іх маштаб. Так, у 2021-м, 2022-м, 2023-м былі ўнесеныя папраўкі ў Крымінальны кодэкс, у кастрычніку 2021-га Саўмін прыняў пастанову «Аб мерах процідзеяння экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму», у 2022-м з’явіўся закон «Аб генацыдзе беларускага народа».
***
На сёння існуюць ажно чатыры спісы, куды ўлады змяшчаюць «небяспечных» — «датычных да тэрарызму і экстрэмізму» асоб, прадпрымальнікаў, арганізацыі
Цэтлік «экстрэмісцкіх», у прыватнасці, маюць каля 3000 інфармацыйных матэрыялаў — у пералік трапілі тэлеграм-каналы, старонкі ці асобныя публікацыі ў сацсетках, а таксама кнігі, аўдыё- і відэафайлы.
— У мяне запыталі неяк, як звычайны чалавек можа запомніць гэтыя тры тысячы адзінак інфармацыі, перад тым, як выказаць сваё меркаванне на любой пляцоўцы, — гаворыць Павел Сапелка, — і я не знайшоў, што адказаць.
У беларускіх рэаліях, звяртаюць увагу праваабаронцы, суды прызнаюць людзей вінаватымі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў», нават калі апошнія не мелі такога статусу на момант публікацыі ці перапосту ў сацсетках. 401 арганізацыя і больш за тысячу чалавек уключаныя ў спіс «тэрарыстычных».
2531 чалавек (па стане на 15 сакавіка 2023 года) уваходзяць у «экстрэмісцкі» спіс, які складае МУС. Прычым, звяртаюць увагу праваабаронцы, у пералік уключаюцца і тыя, у дачыненні да каго прысуд толькі ўвайшоў у сілу, і хто ўжо цалкам адбыў сваё крымінальнае пакаранне, і нават тыя, у каго ўжо пагашана судзімасць. А абмежаванні ў правах (права распараджацца сваім рахункам і адкрываць новы, займацца педагагічнай і выдавецкай дзейнасцю і інш.) дзейнічаюць цягам яшчэ пяці гадоў.
Акрамя таго, у Беларусі ўжо ёсць 121 «экстрэмісцкае фармаванне» — ад медыя і палітычных суб’ектаў да ліквідаваных грамадскіх аб’яднанняў, падпісчыкаў тэлеграм-каналаў і нават музычных гуртоў.
***
Сярод самых распаўсюджаных артыкулаў, па якіх улады здзяйсняюць пераслед за выказванне меркавання, праваабаронцы называюць арт. 369-1 Крымінальнага кодэксу («Дыскрэдытацыя РБ») — вядома як мінімум 16 асуджаных па гэтым артыкуле з лета 2020 года. Не менш чым 1192 прысуды вынесеныя па дыфамацыйных арт.369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), арт.368 («Абраза прэзідэнта РБ»), арт. 391 («Абраза суддзі»).
Акрамя таго, вядома пра 295 палітычна матываваных прысудаў, якія былі вынесеныя ў беларускіх судах паводле арт.130 («Распальванне варажнечы»). Многія з іх, дарэчы, былі вынесеныя за каментары па так званай «справе Зельцара».
— Мы дапускаем, што лічба такіх прысудаў значна большая, — удакладняе юрыст Павел Сапелка, — бо адной з формаў барацьбы ўладаў з іншадумствам з’яўляецца правядзенне закрытых судовых паседжанняў.
Пры гэтым, напрыклад, крымінальныя справы па некаторых з названых артыкулаў захоўваюцца ў судах усяго цягам 5 гадоў — то бок, пазней немагчыма пацвердзіць, што чалавек мае палітычна матываваны вырак, ён проста «былы крымінальнік».
— І калі мы не будзем збіраць, захоўваць, сістэматызаваць і ацэньваць звесткі аб тым, за што асуджаныя гэтыя людзі, іх чакае забыццё, — зазначае Павел Сапелка.
Да «экстрэмісцкіх» праяваў улады адносяць і такія формы выказвання свайго меркавання, як нанясенне надпісаў — пратэстных, антываенных і г.д. — на розныя аб’екты, кваліфікуючы гэта як хуліганства і вандалізм. Як прыклад праваабаронцы згадваюць размаляваныя цюкі сена — сямёра беларусаў, якія нанеслі на ўпакоўкі пратэстныя надпісы і сімвалы, атрымалі ад 1 да 1,5 гадоў пазбаўлення волі, некаторых сілавікі збівалі і малявалі на іх свастыку.
***
Гэта толькі частка захадаў, якія прымаюцца ў Беларусі для задушэння ўжо не вулічных пратэстаў, але выказвання беларусамі свайго меркавання, у тым ліку ў інтэрнэце, і любой формы іншадумства і крытыкі на адрас дзейнай улады.
Такая рэпрэсіўная практыка, робяць выснову юрысты «В*сны», ужываецца «ў абстаноўцы насаджэння страху ва ўсіх сферах адносінаў», а аднымі з яе непасрэдных удзельнікаў сталі суддзі, дзейнасць якіх у перспектыве мусіць быць прызнаная, у тым ліку на міжнародным узроўні, злачынствам супраць чалавечнасці.
— З аднаго боку, пад забаронай аказваецца любая незалежная інфармацыя, злучаная з шырокім колам пытанняў, ад грамадска-палітычнай сферы да культуры і беларускамоўнага кантэнту. З іншага, парушэнне забаронаў прыводзіць да пераследу людзей у розных формах: жорсткае абыходжанне і катаванні, штраф, канфіскацыя маёмасці, адміністрацыйны арышт і крымінальны пераслед, прымусовае псіхіятрычнае лячэнне, пагрозы пазбаўлення грамадзянства, — рэзюмуюць аўтары дакладу.
Вакансии разных профессий свободны во многих польских городах. Кого же работодатели? Представляем список вакансий и…
В Кремле и Госдуме отрицают планы по блокировке видеохостинга YouTube в России. А пользователи винят…
Посол Беларуси в России Дмитрий Крутой предложил наказывать предприятия, которые отстают от плановых темпов роста…
Национальный банк поделился информацией об объеме денег в беларуской экономике. Широкая денежная масса за февраль…
Практически одновременно Национальный статистический комитет Беларуси (Белстат) и Евростат представили данные опросов о доверии к…
Министр образования Андрей Иванец заявил, что требования к распределению выпускников-платников останутся прежними То есть пока…