Общественный резонанс

«Ці можна ўявіць, каб у Беларусі звычайнаму мужыку далі аўтамат Калашнікава: хай паляжыць у цябе?»

Між іншым Дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч адзначыў, што такое злучэнне «фармуецца з ліку добраахвотнікаў, жыхароў таго ці іншага населенага пункта» і што акрамя дапамогі мясцовым органам унутраных спраў, апалчэнцы будуць «вырашаць задачы ваеннага становішча, барацьбы з дыверсійна-разведвальнымі групамі».

Мэты і задачы новых фармаванняў Филин абмеркаваў з аналітыкам Украінскага інстытуту будучыні Ігарам Тышкевічам, які назіраў, як працуюць злучэнні добраахвотнікаў ва Ўкраіне.

— Памятаю, не так даўно ў Беларусі ўжо спрабавалі ствараць тэрытарыяльную абарону. Народнае апалчэнне — гэта асобная структура, якая знаходзіцца па-за тэрытарыяльнай абаронай, — разважае аналітык. — Мне гэта нагадвае стары савецкі анекдот, калі лектар у калгасе кажа: «Товарищи, мы одной ногой стоим в социализме, а второй вступили в коммунизм». І тут устае дзядуля і пытае: «Шаноўны пан лектар, ці доўга нам так в раскорячку стаяць?».

Перад беларускім кіраўніцтвам на парадку дня стаіць пытанне бяспекі дзяржавы, грамадскага парадку і мабілізацыйных рэсурсаў у вайсковы час.

Тэарэтычна лепшага падыходу пры вайсковай канцэпцыі перадухілення нанясення непрымальнай шкоды, чым зброя на руках у насельніцтва, няма. Гэта відавочна на прыкладах нейтральных дзяржаў — і Швецыі, і Фінляндыі, і Швейцарыі, і інш. У кожнай з іх зброя — звычайны спадарожнік дарослага чалавека.

І Аляксандр Лукашэнка калісьці сказаў, што варта было б раздаць людзям зброю. Але сказаць і зрабіць — гэта розныя рэчы. Як гэта раздаць — а каму яно патрапіць?

Але наяўнасць зброі ў звычайнага насельніцтва толькі адно пытанне. Другое — гатоўнасць і веды гэтага насельніцтва аб тым, як з гэтай зброяй абыходзіцца і што рабіць у выпадку вайны альбо іншай пагрозы.

Звярнуўшы ўвагу на адрозненні тэрытарыяльнай абароны ад народнага апалчэння, аналітык між тым адзначае, што Беларусь пакуль не можа ганарыцца ніякім паспяховым рэзультатам стварэння атрадаў добраахвотнікаў.

— Напрыклад, ва Ўкраіне за ўзор пры стварэнні той жа тэрытарыяльнай абароны бралі ідэі эстонскага Кайтселійта. У Беларусі быў узор і эстонцаў, і, дарэчы, саміх украінцаў.

Тэрытарыяльная абарона — гэта не проста мужыкі са зброяй. Гэта падраздзяленне, якое ў звычайным фармаце аўтаномна, яно дзейнічае па-за сістэмай Мінабароны. Але ў выпадку вайсковага стану ці пагрозы баявых дзеянняў можа забяспечваць і парадак, і ахову крытычна важных аб’ектаў на сваёй тэрыторыі.

Ва ўсім свеце галоўныя складнікі тэрытарыяльнай абароны — гэта падрыхтоўка, зброя і камунікацыі. У выпадку надзвычайнай сітуацыі людзі ведаюць, куды ісці і як.

І там, дзе ва Ўкраіне паспелі стварыць такія злучэнні, у прынцыпе, мы бачылі эфект. Пад Кіевам стварэнне тэрытарыяльнай абароны было ў некаторых месцах правалена.

Я таксама тут жыву і ў мяне ў Ворзеле былі людзі са сваёй зброяй, але іх было мала. У Ірпене паспелі стварыць тэрабарону і першыя два тыдні горад абараняла менавіта яна, а не войскі. Там былі сілы спецыяльных аперацый, падмацаванні, але 90% жывой сілы складала тэрабарона.

Але нават у маім Ворзеле добраахвотнікі знішчылі некалькі разведгруп, адну непадалёк ад майго дома. Гэта азначае, што ў людзей дома была зброя, і яны ведалі, з кім камунікаваць.

Наколькі я бачу, у Беларусі тэрытарыяльную абарону ствараюць па прынцыпу старых збораў: мы кагосьці сабралі, раз у месяц далі стрэліць па тры патрона і абазвалі гэта «тэрытарыяльнай абаронай».

Узгадайце, калі ў Беларусі апошні раз былі не паказальныя вучэнні (то бок мы паставілі блокпасты і сфатаграфаваліся), а тое, што называецца баявое зладжванне і капітальная абарона.

Сапраўдная падрыхтоўка — гэта палігон, бруд, акопы, стрэльбы. І галоўнае, калі з табой працуюць інструктары. Ці навучалі так тую ж тэрытарыяльную абарону ці апалчэнне? Я нічога не чуў пра гэта.

Калі такія злучэнні не падрыхтаваныя, калі ў іх няма сувязі, няма камунікацыі, у іх застаецца толькі адзін варыянт — дзейнічаць у традыцыях савецкага войска: закідаем трупамі, адправім у магілу некалькі соцень чалавек, каб выйграць суткі.

Цяпер пра народнае апалчэнне, якое ў Беларусі таксама спрабуюць зрабіць па ўзору Ўкраіны. Гэта фармаванне добраахвотных частак, якія тут ва Ўкраіне альбо праз тэрабарону, альбо непасрэдна дадаваліся ў склад узброеных сіл.

У такіх структурах звычайна касцяк — гэта кадравыя вайскоўцы ці ветэраны. Але ва Ўкраіне ветэран — не нейкі дзядуля, а малады мужчына, які паваяваў недзе ў 2014 годзе. То-бок сярэдні ўзрост ветэранаў тут да 40 гадоў.

І народнае апалчэнне сапраўды дапаможная частка тэрытарыяльнай абароны, можна сказаць, рэзерв. Яны не падпісвалі кантракт, але падпісалі дамову, што калі будзе патрэбна, іх паклічуць.

Гледзячы на тыя фота чальцоў атраду народнага апалчэння, якія прадставіла міністэрства абароны Беларусі, здаецца, што яны вырашылі клікнуць па таварыствах паляўнічых.

Мы бачым людзей за 55, такіх сабе мужычкоў з пузікамі, апранутых хто ва што. Але ж ім сапраўды далі зброю. І вось я чытаю, што яны мусяць змагацца з дыверсійна-разведвальнымі групамі.

Стандартна ДРГ — гэта афіцэры ці кантрактнікі сіл спецыяльных аперацый ці спецпадраздзялення кшталту «Альфы». Ці можаце вы сабе ўявіць гэтых людзей, як яны змагаюцца з ДРГ? Колькі хвілін пражывуць гэтыя людзі?

У мяне такія пытанні ўзнікаюць, калі я гляджу на гэтыя фота. Ну і дэманстрацыя таго, як «весь народ встал на защиту Лукашенко».

— Хочаце сказаць, што гэта робяць толькі дзеля карцінкі, піяр-акцыі?

— Не столькі піяр, колькі імкненне любой цаной выканаць заданне Лукашэнкі. Але праблема беларускай сістэмы ў глыбокім палітычным крызісе, у поўнай дэградацыі выканаўцаў сярэдняга і нізавога звяна, калі кар’еру робіць не разумны, а паслухмяны.

Адпаведна паслухмянаму далі заданне: сфармуйце, умоўна кажучы, ядро будучага партызанскага атраду, якое мы абзавем «народнае апалчэнне». Як ён яго арганізуе?

Не цяжка здагадацца. Ён патэлефануе адстаўнікам МНС, пенсіянерам з ваенкамата і, магчыма, пенсіянерам сістэмы міністэрства ўнутраных спраў. Ну, і ў таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

— Таму што яму трэба толькі даць справаздачу, нічога большага.

— Так, яму не трэба паказваць эфект. Яму трэба паставіць гэтых дзядзек з аўтаматамі перад будынкам, у якіх у выпадку рэальнай пагрозы нават страляць не трэба, можна бульбай збіць. Гэта, даруйце, проста два цела стаяць. Карцінка для мясцовай раёнкі, для нейкай бабулі.

Таму што калі ідзе гаворка пра стварэнне контрдыверсійных групаў, барацьбу з ДРГ, вучэнні мусілі быць прыкладна такімі: роце Мар’інагорскага спецназа дадзена заданне захапіць адміністрацыйныя будынкі, напрыклад, гораду Смалявічы, а мясцоваму апалчэнню, адпаведна, трэба не дапусціць гэтага.

На выкананне двое сутак — вось гэта нармальная падрыхтоўка дзейнасці контртэрарыстычнай групы з мясцовага насельніцтва. Прычым гэта робіцца некалькі разоў, таму што першы раз гэтым мужыкам моцна надаюць падзатыльнікаў.

І другі раз давядзецца збіраць тых, хто пагадзіцца сабрацца зноў. І так другі, трэці, пакуль яны хоць нешта ўцямна не будуць сабе ўяўляць.

А пакуль усе шмат апелююць да Беларусі партызанскай, і Лукашэнка нават параўнаў сённяшняе «народнае апалчэнне» з партызанамі ў 1943 годзе. Але калі паглядзець статыстыку канца 1941 года нават на сайце міністэрства абароны, можна ўбачыць, што 70% тых, хто партызаніў у пачатку 1942 года, былі падрыхтаванымі атрадамі, закінутымі на тэрыторыю краіны.

Пасля ўжо да іх далучаліся мясцовыя, але касцяк быў падрыхтаваны. Паводле падручніка Бруханава, толькі за 1941 год у Беларусь было закінута 7200 чалавек. Гэты ж даследчык кажа, што ў жніўні 1942 года было ўжо каля 20 тысяч партызанаў.

А ў снежні таго ж года, па дадзеных беларускага гісторыка Кавалені, каля 55 тысяч. Такім чынам, амаль палова партызанаў на тэрыторыі Беларусі была з тых, каго закінулі праз фронт у 1941-м. Але ж закідвалі і далей.

Таму ў нашым выпадку той, хто аддаваў загад аб стварэнні падобных атрадаў сёння, кепска вучыў гісторыю яшчэ ў школе, на троечку. Ён бы ведаў, што для гэтага павінен быць падрыхтаваны касцяк.

Да таго ж, трэба разумець, калі ўсё падраздзяленне складаецца з мужыкоў за 50, ім будзе вельмі цяжка з пункту гледжання фізічнай кандыцыі ганяцца за ДРГ, у якіх сярэдні ўзрост да 30. Але з іншага боку, там, патруляванне, нейкая дапамога ім цалкам пад сілу.

Калі вярнуцца да таго, з чаго мы пачыналі, то ў Беларусі да канца не стварылі тэрытарыяльную абарону і ўзяліся выконваць новы загад — ствараць народнае апалчэнне. То-бок «мы стоим раскорячкой», не скончылі аднаго і не стварылі другога.

У ідэале народнае апалчэнне не павінна з’яўляцца падраздзяленнем тэрытарыяльнай абароны, а мусіць быць завязана на органы мясцовай улады. Накшталт таго, як ва Ўкраіне арганізавана муніцыпальная варта. Гэта не паліцыя, а дапаможная паліцыя, якая фармуецца менавіта мясцовай уладай.

І так, калі ты хочаш жыць у міры і калі ў цябе армія невялікая, ты мусіш думаць пра розныя структуры добраахвотнікаў. Нічога кепскага ў ідэі іх стварэння і ў ідэі раздачы зброі насельніцтву няма. Пытанне толькі ў тым, што гэта не павінны рабіць троечнікі.

Бо я не ўяўляю сабе, якім чынам у цэнтралізаванай Беларусі ўмоўны старшыня райвыканкаму самастойна будзе прымаць рашэнне, колькі ў яго штаце будзе гэтага самага апалчэння.

— Ці можа быць такое, што гэтым «апалчэнцам» зброю раздалі толькі дзеля таго, каб зрабіць гэтыя здымкі?

— Каб зрабіць справаздачу ў сталіцу. Вы можаце сабе ўявіць, каб у Беларусі звычайнаму мужыку сказалі, на, бяры, няхай гэты аўтамат Калашнікава паляжыць у цябе?

— Не, канешне. Таму ў выпадку рэальнай небяспекі яны спачатку павінны будуць бегчы кудысьці шукаць тую зброю?

— У выпадку небяспекі ў беларускіх рэаліях ёсць каманда «па вертыкалі». Калі яе няма, старшыня райвыканкаму і ваенны камісар гораду сядуць і нічога не будуць рабіць, таму што быць ініцыятыўным страшна.

І нават калі з чужымі сцягамі будуць хадзіць па вуліцах твайго гораду, быць ініцыятыўным страшна. Таму спачатку яны некалькі гадзін будуць тэлефанаваць у вобласць, вобласць будзе тэлефанаваць у Мінск і чакаць загаду.

Калі прыйдзе загад, у ваенкамаце сакратар сядзе на тэлефон і па тэлефоннай кніжцы стане вызваніваць апалчэнцаў. На гэта сыдзе ад некалькіх гадзін да сутак. Збяруцца тыя мужыкі і далей высветліцца, што ім трэба зброя.

Зброя знаходзіцца нават не ў ваенкамаце, а ў той воінскай часці, да якой прыпісана гэта самае апалчэнне, гэта азначае, што ваенком павінен звярнуцца да начальніка тылу, альбо, калі вайсковы стан, да генштабу, з просьбай.

Пасля яму трэба будзе запоўніць кучу фармуляраў, ведамасцяў, ад рукі, канешне, пад роспіс атрымаць тую зброю. І ўсё гэта час.

Думаеце, увесь гэты час ДРГ будзе смажыць шашлыкі і чакаць, пакуль да іх выйдзе славутае народнае апалчэнне? Пакуль гэта выглядае менавіта так, весела.

Recent Posts

Работодатели в Польше ищут сотрудников. Зарплаты от 1500 и больше 5 тысяч долларов

Вакансии разных профессий свободны во многих польских городах. Кого же работодатели? Представляем список вакансий и…

2 месяца ago

Клиенты стали разрывать договоры с операторами в регионах

В Кремле и Госдуме отрицают планы по блокировке видеохостинга YouTube в России. А пользователи винят…

3 месяца ago

Как изменились условия торговли для Беларуси на российском рынке

Посол Беларуси в России Дмитрий Крутой предложил наказывать предприятия, которые отстают от плановых темпов роста…

8 месяцев ago

Денег в экономике Беларуси за год стало больше

Национальный банк поделился информацией об объеме денег в беларуской экономике. Широкая денежная масса за февраль…

8 месяцев ago

Доверяют ли в Беларуси официальной статистике

Практически одновременно Национальный статистический комитет Беларуси (Белстат) и Евростат представили данные опросов о доверии к…

8 месяцев ago

Власти Беларуси передумали вносить изменения по распределению выпускников

Министр образования Андрей Иванец заявил, что требования к распределению выпускников-платников останутся прежними То есть пока…

8 месяцев ago