— Мы не можам зараз агучваць шмат вядомай нам інфармацыі, каб у сілу пэўных абставін людзі не падвергліся яшчэ больш моцнаму пераследу, — кажа суразмоўца. — Бо ў нас дакладна ёсць звесткі пра тое, што, калі пачынаюць публічыць інфармацыю пра палітзняволеных, пра ўмовы іх утрымання, гэта адмоўна адбіваецца на стане гэтых зняволеных.
Але ўсё так — на жаль, прыходзяць сумныя навіны, што фізічны стан многіх людзей, якія знаходзяцца за кратамі, вельмі-вельмі цяжкі. Да нас даходзіць інфармацыя пра розныя праблемы са здароўем — пра сапсаваны зрок, праблемы з суставамі, сэрцам, пра пагаршэнні пры анкалагічных захворваннях і іншае.
Прыклад таго ж Віктара Бабарыкі, Марыі Калеснікавай, у нас ёсць і больш сумныя прыклады — забойства ў калоніі Вітольда Ашурка і Мікалая Клімовіча.
Я думаю, што гэта толькі тое, што відавочна, што выплеснулася вонкі. Пра людзей з гучным імем, з багатай палітычнай гісторыяй яшчэ можа штосьці дайсці.
Але мы ведаем, што сёння толькі афіцыйна 1500 палітзняволеных. І, я ўпэўнена, што кожны з іх праходзіць праз гэтыя рэпрэсіі. Вынікам становіцца не толькі цяжкі фізічны стан, але і псіхалагічны. Многія палітзняволеныя знаходзяцца ў дэпрэсіі.
Ім забараняюць перапіску, не аддаюць лісты. Літаральна на днях са мной падзяліўся чалавек сваёй бядой, кажа, не ведаем, што рабіць з нашым сваяком, ён абсалютна ўпэўнены, што ўсе ад яго адвярнуліся, усе яго забылі і ніхто не падтрымлівае.
Так, усе палітвязні ведаюць, што ліставанне наўмысна прыпыняецца, але ад гэтага ім толькі горш. Памятаю, як былы палітвязень Дзіма Гопта казаў маці: «Мяне ніхто не любіць, мне ніхто не піша».
Многія ўспрымаюць гэтую адсутнасць увагі як асабістую паразу. Чалавека змяшчаюць у абсалютны інфармацыйны голад, і ён не атрымлівае падтрымкі нават ад сваіх блізкіх і родных.
Мы таксама дакладна ведаем, што гэтыя 1500 чалавек — далёка не канчатковая лічба тых, хто пакараны за тое, што яны не згодныя з сістэмай, з вынікамі выбараў 2020 года, з вось гэтым ціскам, прыніжэннем чалавечай годнасці.
— Так, усе ведаюць, што гэтыя людзі пакутуюць толькі за іншадумства.
— Нам трапляе вельмі шмат прысудаў, пастаноў па адміністрацыйных справах, якія чытаеш і разумееш, што гэта проста смех, але потым праз гэты смех льюцца слёзы. Бо за гэтымі бязглуздымі фразамі, якія там напісаны, стаяць чалавечыя лёсы, стаіць жыццё, якое даецца адзін раз.
Часцей за ўсё апошнім часам улады вяртаюцца да 1 і 2 частцы арт. 342 КК, які ўжо атрымаў назву «народнага» (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх — С.).
Гэта якраз і гаворыць пра тое, што сапраўды народ выйшаў на акцыі пратэсту і, згодна з Міжнароднай дэкларацыяй правоў чалавека і, нават, Канстытуцыяй Беларусі, яны мелі права на свабоду мірных шэсцяў і свабоду свайго меркавання.
І зараз, трэці год запар, улада помсціць ім за тое, што яны проста скарысталіся гэтым правам.
Вельмі папулярным апошнім часам становіцца арт. 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці).
А гэтае распальванне заключаецца ў чым? У адной-двух фразах датычных суддзі, пракурора альбо іншага прадстаўніка сілавых структур, то-бок людзей, якія парушылі ці абмежавалі правы іншых. І калі ў адносінах да іх напісалі, прабачце, можа і не надта культурныя словы, гэта не можа стаць падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы. Тым больш што гэтыя ж словы ўжываюцца штодня тымі ж міліцыянтамі, пракурорамі, суддзямі!
А грамадзян за гэта прыцягваюць да адказнасці, ды яшчэ кажуць, што яны распальваюць варожасць. Атрымліваецца, што людзям у Беларусі трэба заплюшчыць вочы, зашыць раты, заткнуць вушы, каб нічога не чуць, не бачыць, не казаць.
На мой погляд, дзяржслужбоўцы павінны быць больш стрэсаўстойлівымі, бо, відавочна, што далёка не ўсім яны могуць падабацца і рэакцыя на іх дзейнасць можа быць абсалютна рознай. Таму з іх боку пазовы аб кампенсацыі маральнай шкоды выглядаюць бязглузда і нагадваюць узаконены рэкет.
Зараз ідзе гвалтоўнае знішчэнне грамадзянскай супольнасці — і гэта не толькі ліквідацыя грамадскіх арганізацый, незалежнай прэсы і г. д. Я кажу пра звычайных людзей, простых абывацеляў, якія далёкія ад палітыкі і актыўнай грамадскай дзейнасці, якіх вінавацяць у тым, што, у прынцыпе, абсурдна называць злачынствамі.
Вельмі шмат крымінальных спраў, падкрэслівае праваабаронца, было заведзена і працягваюць завадзіць за перасылку фотаздымкаў і відэазапісу ваеннай тэхнікі.
Першы месяц вайны, з 24 лютага, і фактычна да пачатку красавіка быў моцны ўсплёск, калі людзі выказвалі сваю нязгоду з прысутнасцю вайскоўцаў іншай дзяржавы ў Беларусі.
Яны выказваліся супраць таго, што тэрыторыя нашай краіны выкарыстоўваецца як плацдарм для нападу на Украіну. Безумоўна, гэта абурала нармальных людзей. І зараз іх за гэта пераследуюць і прыгаворваюць нават не да 2,5 гадоў ці «хатняй хіміі», а да амаль дзесяці гадоў ці яшчэ больш.
Малады чалавек меў у тэлефоне фотаздымак аэрадрому ў Зябраўцы, прычым ён сфатаграфаваў гэты аэрадром яшчэ да таго, як пачаліся ваенныя дзеянні. Фота знайшлі і вынеслі прысуд — ледзь не здрада радзіме атрымалася.
І такіх людзей вельмі шмат — маладыя, сталага веку, мужчыны, жанчыны. Сілавыя структуры не могуць прыпыніцца. Такое ўражанне, што яны зараз проста харчуюцца гэтым.
Есць кейсы, калі ў людзей знаходзяць перасылкі з «экстрэмісцкіх» каналаў, якія былі зроблены яшчэ да таго, як іх такімі прызналі. І людзям усё роўна выносяць прысуд.
Усім трэба ведаць, калі ў чалавека патрабуюць распароліць яго камп’ютар альбо яго тэлефон, гэта супрацьпраўныя дзеянні з боку прадстаўнікоў сілавых структур. Гэта асабістая рэч чалавека, які мае права на тайну свайго асабістага жыцця.
Увогуле, ёсць дакладнае азначэнне таго, што азначае экстрэмізм. І ўсё, што адбываецца і здзяйсняецца ў Беларусі, гэта не ёсць экстрэмізм. Нават тыя справы «рэйкавых партызан», у дачыненні да якіх была ўжытая проста нечуваная жорсткасць, калі ў іх стралялі і паранілі.
Экстрэмізм — гэта тэорыя і практыка дасягнення пэўных, нацыянальных, рэлігійных ці іншых мэтаў праз крайне забароненыя спосабы. Нічога крайняга, тым больш гвалту ў адносінах да людзей ці парушэння свабоды чалавека, там не было.
Нават спаленая шафа — толькі матэрыяльная шкода. Гэта можа кваліфікавацца як злоснае хуліганства, але ніякі не экстрэмізм з тэрарызмам. І, канешне, гэта не падстава для таго, каб пасадзіць чалавека за краты на 23 гады і здзекавацца з яго.
— У такіх абставінах, здаецца, у нас усіх прытупілася пачуццё жаху. Абсурдных страшных прысудаў так шмат, што мы перасталі іх лічыць шокам, а ўспрымаем проста як такую сюррэалістычную рэчаіснасць.
— Уражвае жорсткасць, з якой беларусы прэсуюць беларусаў. Відаць, гэта такі асобны від людзей, якіх адабралі на службу. Бо часам цяжка ўявіць, што нармальны псіхічна здаровы чалавек можа сабе дазваляць здзекі над людзьмі.
Я разумею, што праца ў іх такая. Але нідзе ў іх, скажам так, службовых інструкцыях не напісана, што яны могуць парушаць правы чалавека. Нават калі перад імі самы злосны злачынца, трэба памятаць, што ён найперш чалавек і ён таксама абараняецца законам.
Людзей, якія ўнесены ў спіс «экстрэмістаў» ды «тэрарыстаў», улада проста імкнецца раздавіць, не толькі маральна, яны нават фізічна гатовыя гэта зрабіць і, як не сумна гэта канстатаваць — робяць.
У камерах запальваюць святло ноччу, ці будзяць арыштантаў шмат разоў за ноч, не даючы спаць, не перадаюць карэспандэнцыю, забараняюць перадачы — усё гэта жорсткае абыходжанне і катаванні. Прычым гэта ўсё і шмат чаго яшчэ робяць і ў адносінах да людзей, якія прыцягваюцца толькі да адміністрацыйнай адказнасці і адбываюць арышт. Такіх фактаў таксама вельмі шмат.
Што тычыцца колькасці, то, напрыклад, па Гомельшчыне літаральна за два апошнія месяцы адбылося каля 200 толькі нам вядомых затрыманняў! У розных гарадах вобласці, калі пачаць пералічаць, то амаль у кожным раённым цэнтры.
Найчасцей людзей адпраўлялі адбываць так званыя «суткі», то-бок адміністрацыйны арышт. І вось пад час гэтага арышту, па меншай меры два дзясяткі чалавек распавядалі і пра ўключанае святло, і пра ўсё астатняе, што мы, праваабаронцы, разглядаем як катаванні.
Людзям не даюць бялізну, прымушаюць спаць на металёвых прутах, для іх не прымаюць перадачы, адбіраюць цёплае адзенне. Але ж, наколькі нам вядома, ніякія змены ў Грамадзянскі працэсуальны кодэкс не былі ўнесеныя наконт таго, што гэта трэба рабіць.
Яшчэ факт, якога ў прынцыпе не можа быць — адміністрацыйна арыштаваныя не павінны пераводзіцца ці перавозіцца ў кайданках.
А гэта стала распаўсюджанай з’явай у Беларусі: чапляюць кайданкі не толькі мужчынам, але і жанчынам.
Далей, уломваюцца ў дамы, выбіваюць дзверы, хаця сэнсу ў гэтым ніякага няма, дастаткова пагрукаць, і, калі чалавек у доме, ён адчыніць. Сваякам не паведамляюць пра месцазнаходжанне затрыманага, хаця абавязаны. Усё гэта абсалютна відавочныя факты парушэння правоў грамадзян. І мы маем гэтыя звесткі, усё дакументуем і запісваем.
У колькіх палітвязняў памерлі блізкія, а іх не адпускаюць на пахаванне, не даюць магчымасці развітацца. Гэта таксама вельмі цяжкі псіхалагічны злом.
Вядома таксама, што татальны кантроль устанаўліваюць не толькі за людзьмі, якіх затрымалі, але і… за самімі сабой. Ёсць інфармацыя пра тое, што ў ІЧУ ўстаноўлены камеры, якія сочаць не толькі за арыштантамі, а і за самімі супрацоўнікамі.
Робяць такое дзеля таго, каб назіраць за тымі, хто выконвае гэтыя абуральныя распараджэнні, а, фактычна, парушае закон. Бо не давяраюць. І такім чынам замазваюць усіх.
— Вы сказалі пра тое, што родным не паведамляюць пра месцазнаходжанне чалавека, часта такое адбываецца па некалькі тыдняў і нават месяцаў. Безумоўна, гэта само па сабе злачынства.
Куды знікаюць людзі, калі пра іх няма ніякай інфармацыі?
— Яны могуць быць у ПКТ ці ШЫЗО, на жаль, наогул з гэтымі людзьмі можа быць усё што заўгодна. Я, канешне, не хачу верыць у тое, што іх фізічна не існуе.
Хутчэй за ўсё ад самага банальнага — не перадаваць лісты, каб трымаць у напружанні. Такая гнюсная помста ўлады людзям, якія пасмелі «людзьмі звацца» і патрабаваць свабоды, дэмакратыі, справядлівых выбараў.
— Таксама вядома, што палітвязні нават у тых умовах знаходзяць у сябе мужнасць і пішуць скаргі, некаторыя галадаюць, каб адстаяць свае правы. То-бок прыбягаюць да законных метадаў. Ці даходзяць куды-небудзь іх скаргі, ці мае гэта нейкі сэнс?
— Хачу сказаць, што з вялікай павагай стаўлюся да тых людзей, якія, фактычна з’яўляючыся закладнікамі сістэмы, і ў месцах зняволення працягваюць сваю барацьбу. Мы добра ведаем, што такіх людзей найбольш катуюць, ствараюць для іх невыносныя ўмовы існавання, але пры гэтым, хутчэй за ўсё, іх больш паважаюць і нават баяцца.
Мяркую, што менавіта з гэтай падставы здзекваюцца і над Вікторыяй Кульшай, і над Палінай Шарэндай-Панасюк, і над Аленай Гнаук. Ужо дакладна вядома, што было з Вольгай Класкоўскай, Наталляй Хершэ і многімі іншымі палітычнымі зняволенымі.
Ці даходзяць кудысьці іх скаргі? Цалкам магчыма, што з калоніі гэта не выпусцяць, але гэта толькі меркаванне. Сто адсоткаў, што турэмшчыкі іх чытаюць, і тое, што скарга напісаная, для іх становіцца вядомым. Яны ведаюць, што парушылі закон і аб гэтым абавязкова будзе вядома, таму і імкнуцца ўсё хаваць.
— Чаму гэта павінна іх насцярожваць, наогул, вы сказалі, што ўся інфармацыя, якую вы атрымліваеце, фіксуецца. Чаму гэта важна?
— Звяртаюся да ўсіх людзей, якім становіцца вядома пра катаванні палітвязняў, парушэнні правоў чалавека, пра ўсе супрацьпраўныя дзеянні ўладаў, і прашу, каб пра гэта паведамлялі праваабаронцам. Такія факты замоўчваць нельга, хаця б таму, што ўлады гэтага найбольш дамагаюцца.
Гэта сапраўды вельмі важна зафіксаваць, задакументаваць. Гэта робіцца дзеля таго, каб у нас былі рэальныя доказы таго, як парушаліся правы чалавека ў Беларусі, што яны не проста парушаліся, а адбываліся злачынствы. Парушалася Канстытуцыя і ўся заканадаўчая база.
І ўсіх, хто гэта рабіў, пры змене рэжыму неабходна бузе прыцягваць да адказнасці. Кожны чалавек павінен адказаць за свае дзеянні. Прыйдзе час — і кожны факт будзе агучаны. Я ў гэтым не сумняваюся.
Да лютага гэтага года мы маглі яшчэ звяртацца ў Камітэт ААН па правах чалавека. Што гэта дае? Паказаць твар краіны, расказаць, якія парушэнні дапускае ўлада. Гэта міжнародны аўтарытэт, якога няма.
Вось напярэдадні беларускія журналісты Таццяна Смоткіна, Зміцер Лупач, Тамара Шчапёткіна і Ларыса Шчыракова выйгралі справу супраць Беларусі, звярнуўшыся ў Камітэт. Аб гэтым становіцца вядома ва ўсім свеце.
Так, зараз я, па шчырасці, не веру, што гэта можа дапамагчы той жа Ларысе Шчыраковай, якая знаходзіцца за кратамі. Нават лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму не дапамагло. Але ўпэўненая, што гэта зменіць сітуацыю з правамі чалавека ў перспектыве.
З іншага боку, ва ўсім гэтым адмоўным ёсць і станоўчае. Гэта, скажам так, напісанне партрэту сучаснай улады ў Беларусі. І ўлады ведаюць пра сваю рэпутацыю ў свеце.
Я згодная, што ёсць адчуванне нейкай бездапаможнасці, бессэнсоўнасці. Але насамрэч усе гэтыя працэсы маюць пад сабой вельмі глыбінны сэнс. Бо ёсць прамежкавыя мэты, а ёсць канчатковая. І вось зараз мы працуем на перспектыву, фіксуем і дакументуем парушэнні правоў чалавека беларускімі ўладамі, каб у бліжэйшай будучыні дасягнуць нашай канчатковай мэты — зрабіць Беларусь вольнай і дэмакратычнай.
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ