Чым фiльм пра гвалт у беларускiм войску падабаецца еўрапейцам?

12:59 12 ноября 2023
ОБСУДИТЬ
Еўрапейская кінаакадэмія анансавала намінантаў на "Еўрапейскі Оскар" - European Film Awards. У шорт-лiст сярод дакументальных фiльмаў трапіла дакументальная стужка беларускіх рэжысёраў "Motherland" ("Радзіма"). Што гэта за фільм?

Як гвалт у Беларусi выходзіць за межы войска

На могілках, дзе пахаваны яе сын, Святлана ходзіць за святаром і просіць асвяціць магілу, а той ледзь заўважае жанчыну. Яе сын Аляксандр у 2017 годзе быў знойдзены павешаным са звязанымі нагамі ў вайскавой часці ў Пячах. Паводле адной з версій – скончыў жыццё самагубствам, а самагубства лiчыцца ў праваслаўі вялiкiм грахом.

Гэтую сцэну мы назіраем у фільме Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча “Motherland”. Англамоўная назва стужкi, па словах аўтараў, – яе квiнтэсенцыя: гэта i радзіма, i, даслоўна, “зямля маці”. Маці, якія згубілі сыноў праз дзедаўшчыну ў войску, у карціне некалькі. Просьбу адной з iх, Святланы, святары не выканалі, таму Аляксандр Мiхалковiч ужо па-за здымак прывёў аднаго з іх на магiлу, не кажучы, чыя яна, і яе ўсё ж такi асвяцiлi.

Хоць аўтары “Радзімы” i не мелі доступу ў беларускае войска, яны змаглi вычарпальна распавесцi аб icнуючай у iм культуры гвалту. Рэжысёры кажуць, што ад пачатку разумелі: каб паказаць пануючую ў войску сістэму, давядзецца шукаць нестандартныя спосабы.

“У нас не было мэты паказваць гвалт наўпрост: такі матэрыял больш падыходзiць для паказанняў у судзе, – тлумачаць Ганна Бадзяка і Аляксандр Міхалковіч, – Мы хацелі прааналізаваць прычыны і наступствы заганнай сістэмы гвалту, як гвалт выходзіць за межы войска і распаўсюджваецца ў грамадстве. Калі праз войска абавязана прайсці фактычна палова насельніцтва, паўстае пытанне, як будзе потым прарастаць прышчэпленая дзембелям культура гвалту”.

Войска супраць народа?

Пасля смерці сына Святлана спрабуе дабiцца справядлівасці і наведвае іншых маці, чые дзеці не вярнуліся з войска, каб аб’яднаць намаганні. Жанчына, напрыклад, прапануе напісаць калектыўны ліст Лукашэнку. Паралельна ў фiльме паказана гiсторыя сяброў, якія ходзяць на тусоўкі, а ўрэшце аднаго з іх, Мікіту, прызываюць у войска. Мікіта вырашае “не касіць”, а бацька кажа, што на службе яму “прывядуць мазгі ў парадак”.

“Мы шукалі прызыўніка, які пойдзе ў войска, і шмат людзей адмаўляліся. Тое, што мы знайшлі Мікіту, можна лічыць поспехам. Поспехам стаўся і бонус у выглядзе кампаніі сяброў, якія пасля ўдзельнічалі ў пратэстах і апынуліся з галоўным героем па розныя бакі барыкад”.

Калі пачаліся пратэсты 2020 года (фільм здымаўся ў 2018-2020 гадах), сябры прызыўніка выйшлі для рэжысёраў на першы план: “Мы з захапленнем назіралі, як яны кожны дзень пераадольваюць страх і штораз, нягледзячы на арышты і гвалт, ідуць на пратэсты”. У “Motherland” паказана, як хлопцы тэлефануюць Мікіту па відэасувязі – гэтыя кадры, мабыць, адзіныя, дзе глядач трапляе ўнутр беларускага войска. Сябры пытаюцца ў Мікіты, ці выступіла б войска супраць народа – той адказвае, што выступіла б большасць.

Міліцыя і АМАП падаўляюць людзей гэтак жа, як войска

“Падчас пратэстаў 2020 года мы ўсвядомілі, што праблема, пра якую мы намагаліся гаварыць, выйшла на іншы ўзровень: гвалт, карані якога ў войску, выліўся на вуліцы і быў выкарыстаны ўладамі для задушэння пратэстаў, – тлумачаць рэжысёры. – Міліцыя і АМАП ужывалі тыя ж метады падаўлення асобы, якія ўжываюцца ў войску. Агулам сістэма гвалту – падмурак для аўтарытарнага рэжыму”.

Фiльм сапраўды распавядае не толькі пра войска, а пра беларускую сістэму ў цэлым, рознымi спосабамi адлюстроўваючы яе аўтарытарнасць. “Мы шукалі рысы таталітарызму ў паўсядзённым жыцці, архітэктуры, сачылі за гукавым пейзажам Беларусі, асабліва падчас пратэстаў. Важным элементам стала выкарыстанне лістоў з войска”.

Лісты з войска да маці, якія гучаць за кадрам, – лейтматыў стужкі. Можна падумаць, што гэта лісты загінулага Аляксандра, але насамрэч падчас службы іх пісаў сваёй мацi рэжысёр фiльма Аляксандр Міхалковіч. У адным з іх ён распавядае, як і сам скарыстаўся ўладай над навабранцамі, прымусіўшы іх выконваць прыніжальныя загады, і адчуў ад гэтага асалоду.

“Лісты звязалі шмат элементаў у фільме і паказалі трансфармацыю асобы ў працэсе вайсковай службы ў Беларусі, – кажуць аўтары.

Даводзiцца тлумачыць, што Беларусь – не Расiя

“Motherland” паўдзельнічаў ужо прыкладна ў 20 міжнародных кінафестывалях. Фільм атрымаў галоўную ўзнагароду Капенгагенскага міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно CPH:DOX, дзе адбылася яго прэм’ера, прыз FIPRESCI на кінафестывалі goEast у Вісбадэне, прыз сімпатый гледачоў на Кракаўскім міжнародным кінафестывалі.

“Цікавы момант – перад прэм’ерай некаторыя фестывалi спрабавалі звязаць наш фільм з Расiяй, нават ставіць яго ў секцыі кшталту “кіно пра Расiю”. Мы былі вымушаны напісаць стэйтмент, у якім cфармулявалі антыкаланіяльную пазіцыю, – кажуць Ганна і Аляксандр.

Паводле аўтараў, карціна закранае ўніверсальныя тэмы – мацярынскага гора і страты, развітання з маладосцю, сяброўства і адзіноты, самаідэнтычнасці, барацьбы, гвалту. Магчыма, таму ён прыходзіцца даспадобы міжнародным кінафестывалям і замежнай публіцы.

“У нас заўсёды працяглыя і змястоўныя размовы з гледачамі. Пытанні закранаюць і сітуацыю ў Беларусі, і лёс герояў, і мастацкія рысы фільма. Даволі частае пытанне, якое падаецца нам наіўным і ў той жа час выклікае сум, – ці можам мы паказаць фільм у Беларусі. З нечаканых пытанняў, якія мы атрымлівалі ў постсавецкім рэгіёне, ці не з’яўляецца фільм iгравым. Мы звязваем гэта з тым, што наш аператар скончыў школу iгравога кіно, і гэта адбілася на яго працы”.

Фільм хоць і распавядае пра Беларусь, і зняты беларускімі рэжысёрамі, беларускім не з’яўляецца – гэта сумесная вытворчасць Швецыі, Украіны і Нарвегіі. 7 лістапада Еўрапейская кінаакадэмія абвясцiла намінантаў European Film Awards – “Motherland” трапіла у шорт-лiст.

ЧИТАТЬ ЕЩЕ СТАТЬИ

22 декабря 2023 15:22

Как санкции влияют на культурное наследие Беларуси

Каждый год Беларусь получала около 5 млн долларов на восстановление историко-культурного наследия. С введением санкций финансирование приостановлено. Теперь можно рассчитывать в основном на средства из бюджета.

29 ноября 2023 15:26

Анна Кондратюк: “Беловежская пуща – отдельная цивилизация”

Первый приз белорусской литературной премии Ежи Гедройца за 2022 год получила книга литературных репортажей Анны Кондратюк "У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай Пушчы" ("В пристенке старого леса. Истории людей из Беловежской пущи").

25 ноября 2023 18:40

“Экстремист” Дунин-Марцинкевич. За что власти мстят классику белорусской литературы?

Белорусские власти уже дважды объявляли "экстремистскими" произведения классика 19-го века Винцента Дунина-Марцинкевича. За что поэт попал в немилость и как реагируют на это решение его родные?

20 октября 2023 16:15

Почему фестиваль «Славянский базар» в Беларуси может умереть?

Аналитик Игорь Тышкевич высказался про любимую игрушку Александра Лукашенко, какой является фестиваль «Славянский базар». Он напоминает, что в 90-е годы фестиваль начинался как достаточно неординарное событие.