— У цэлым — так. Таму што ніякіх парушэнняў іх мэтаў, запланаванага працэса мы не назіралі. Так, можна сказаць, што аперацыя BelPol з трансляцыяй выступу Ціханоўскай была эфектным крокам. Але, калі казаць пра нейкія структурныя рэчы, то чагосьці экстраардынарнага мы тут не назіралі.
Кандыдаты — усе людзі правераныя, што называецца. Выбарчыя камісіі адпрацавалі як аўтамат Калашнікава. Так што з гэтага пункту гледжання можна сказаць, што калі выбары 2025 года пройдуць гэтак жа, як сёлетнія, то ва ўладаў не будзе падставаў пераймацца.
Хоць, дарэчы, я параўнаў яўку на парламенцкія выбары за розныя гады. І гэтым разам агульнай яўкай улады не сталі нікому нічога дэманстраваць. Бо цяпер яна была самая нізкая — каля 73%. А раней былі лічбы і 77%, і 74%.
То бок, вынік прыблізна такога ж маштабу, але крышачку менш. Яны не сталі рабіць, як у савецкія часы — 99%, ці нават 80%. Не, 73%, пераканаўчая яўка. І не сказаць, што яна агулам неяк дзіка напампоўвалася.
Так, былі такія моманты з датэрміновым галасаваннем. Тут яўку абвесцілі максімальна блізкай да той, якую агучылі ў 2020-м. тады было 41,7%, а цяпер 41,71%. Крышачку больш, але агульную яўку не напампоўвалі.
— Тады навошта Лукашэнка публічна «здзівіўся» нібыта высокай яўцы? Маўляў, у нас ніколі на парламенцкія выбары людзі не хадзілі, а вось гэтым разам узялі і масава пайшлі.
— Гэта такая хлестакоўшчына. Адсюль і «87% беларусаў, якія падтрымліваюць уладу». Ён і на ранейшых выбарах казаў, здаецца, у 2010-м, што асабіста загадаў сфальсіфікаваць вынікі. Маўляў, за яго ледзь не пад 90% прагаласавала, а ён загадаў зрабіць лічбу ніжэй.
Гэта ягоная звыклая рыторыка. Акрамя таго, гэтая заява не адпавядае іншым лічбам. Бо калі яўка склала 73%, то адкуль узяліся 87%? Магчыма, ягоныя сацыёлагі і «малююць» такія лічбы, але агучаная яўка гэтага не паказала.
Так што, гэта такая рыторыка. За намі — ўсе, за намі – пераважная большасць. Я не думаю, што гэта вынік нейкіх падлікаў. І не думаю нават, што нейкія сацыёлагі далі яму такія лічбы.
Гэта нагадвае гісторыю пра Суворава, калі ён пасля чарговай бітвы з туркамі пісаў рэляцыю імператрыцы: «Забіта 20 тысяч турак». Тут нават пісар не вытрымаў: «Аляксандр Васільевіч, ды неяк зашмат будзе». На што Сувораў падумаў і сказаў: «А што іх, бусурманаў, шкадаваць? Пішы паболей».
Дык вось гэта прыкладна тое самае. А што тут нейкія 73%? Скажу, што 87%. Гэта ўжо не мае значэння, правяраць ніхто не будзе. Нехта плячыма пацісне, магчыма, усміхнецца пра сябе.
Гэта як Бісмарк неяк казаў, што ніколі так не хлусяць, як у часе вайны, пасля палявання і перад выбарамі. Ну, вось хтосьці вырашыў, што можна не толькі перад, але і пасля выбараў працягнуць гэтую традыцыю.
— Лукашэнка зняў інтрыгу ў пытанні, ці пойдзе на выбары. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што зроблена гэта было даволі рана. У чым можа быць прычына такой паспешлівасці?
— Гэтую кампанію ён, насамрэч, пачаў даўно. І пра цяперашнія выбары ён фактычна казаў, як пра выбары-2025.
Я думаю, што цяперашняя заява — гэта, па-першае, спроба кансалідаваць апарат. Каб апарат загадзя ведаў — што, хто і дзе. Бо ў сітуацыі няпэўнасці, нявызначанасці лаяльнасць апарата зніжаецца.
Лукашэнка пра гэта моцна дбае. Я, напрыклад, ягоную заяву пра беларуска-расійскія адносіны, што нам не трэба аб’ядноўвацца ў адну краіну, разглядаю ў якасці спробы абсекчы праявы лаяльнасці не Лукашэнку, а Пуціну. Той жа шаўрон Вагнера на рукаве Карпянкова.
І таму, каб не было нейкіх ваганняў, сумневаў, а хто ж у нас бацька, а ці не Пуцін, была зроблена заява, каб людзі з апарата ведалі перспектыву. Прынамсі, на год наперад.
У тут усім ужо відавочна, хоць Лукашэнка сам пра гэта не сказаў, менавіта ён зойме пасаду старшыні прэзідыума УНС, які праз два месяцы будзе створаны. То бок, усё будзе пад яго кантролем.
А мы ж памятаем, як у 2020-м і ў 2021-м ішлі размовы пра перафарматаванне беларускай палітычнай сістэмы. Цяперашняя заява Лукашэнкі пра тое, што ён ідзе ў наступным годзе на выбары, я думаю, з’яўляецца адказам на тыя размовы: нічога не перафарматуецца. Я сам буду ўсё фарматаваць. І зраблю гэта так, што займу ўсе патрэбныя мне месцы.
Не выключаю нейкія іншыя тэарэтычныя варыянты, ён і сам пра гэта ўчора казаў. Але думаю, Лукашэнка ўжо вызначыўся. І самы галоўны матыў, чаму так рана — каб апарат, ягонае атачэнне ведалі, што будзе.
Зразумела, што жыццё змяняецца. У 2020-м Лукашэнку таксама падавалася, што ён усё вызначае, а высвятляецца, што не зусім усё. І тым не менш, людзі з апарата прызвычаныя ведаць усё на перспектыву.
А ў сітуацыі нявызначанасці могуць узнікаць пэўныя ваганні. І ён іх сваёй заявай зняў. Гэта быў ягоны адказ на цень нелаяльнасці, на цень ваганняў — каб іх не было.