Старшыня праўладнага Беларускага саюза жанчын (БСЖ), дырэктар міжнароднай тэлерадыёкампаніі «Мір» у Беларусі Вольга Шпілеўская заявіла, што ў краіне «безумоўна, з’явіцца жаночая партыя».
Праўда, адбудзецца гэта не заўтра і, мабыць, не ў бліжэйшай будучыні: кіраўніца аб’яднання дадала, што ініцыятыва «павінна саспець з нізоў», таму партыя з’явіцца, «калі прыйдзе час».
Пры гэтым пра палітычныя задачы і амбіцыі сказана нічога не было — па сутнасці, старшыня БСЖ толькі паўтарыла сказанае Аляксандрам Лукашэнкам на ранейшай сустрэчы з «жаночым актывам»: маўляў, калі б у краіне існавала жаночая партыя, то ёй проста не было б роўных.
Але пра што абодва адкладальнікі на будучыню не сказалі — гэта пра тое, што такая партыя ў суверэннай Беларусі ўжо існавала — яна насіла назву «Надзея», узнікла ў 1994 годзе на базе прафсаюза работнікаў асветы і існавала да восені 2007-га, пасля чаго была ліквідаваная Вярхоўным судом. Магчыма, хтосьці сапраўды спалохаўся, што жаночай партыі не будзе роўных па ўплыву на грамадства?
Тады што дасць стварэнне жаночай партыі Лукашэнку — гэта яшчэ адна шырма ў імітацыі палітычнага жыцця, ці насамрэч разлік на дадатковую падтрымку з боку жанчын — нездарма ж правіцель нярэдка называе сябе «жаночым прэзідэнтам»? Пра гэта распыталі дырэктарку Цэнтра новых ідэй, паліталагіню Лесю Руднік.
— На ваш погляд, словы пра стварэнне жаночай партыі — гэта размовы дзеля размоў, ці ўсё ж іх выказалі з пэўнай мэтай?
— Думаю, тут ёсць некалькі складнікаў. Першы, можа быць, крыху больш глыбінны, але, мяркую, ён з’яўляецца галоўным.
Ён звязаны з тым, што пасля выбараў 2020 года і на фоне тых новых дыскусій, якія цяпер узнікаюць у беларускім грамадстве (хай сабе перадусім у бурбалцы эміграцыі), улады Беларусі таксама разумеюць, што ёсць пэўны запыт грамадства на прадстаўленасць жанчын у палітыцы.
Вядома, ніхто не збіраецца даваць ім, як і іншым палітыкам, сапраўдную ўладу — хутчэй за ўсё, стаўка на імітацыю, у межах якой дзяржава спрабуе задаволіць пакуль што флюідную патрэбу грамадства.
У пэўным сэнсе, дадае Леся Руднік, гэта можна разумець як рэакцыю рэжыму на папулярнасць жанчын у колах дэмакратычных сілаў, і спробу стварыць а-ля канкурэнцыю Святлане Ціханоўскай — «і хоць можна лічыць, што Качанава недацягвае крыху па паралелях, але рэжым усё ж дзіўным чынам прасоўвае жанчын у публічную прастору».
— Чаму я думаю, што гэта ў пэўным сэнсе фармат канкурэнцыі, — бо і ў іншых дзеяннях рэжыму мы заўважаем акурат тое самае, — тлумачыць паліталагіня. — Напрыклад, прапаганда, фармуючы свае наратывы, вельмі часта выбудоўвае тэзісы праз «а вось яны…, а мы не горш», альбо «яны такія, а мы так не робім».
Калі мы ў Цэнтры новых ідэй рабілі даследаванне пра наратывы рэжыму ў сацсетках, было вельмі яскрава бачна: улады сочаць за тым, што адбываецца ў колах дыяспары, у дэмакратычных палітыкаў. Таму ў мяне ёсць падазрэнне, што справа менавіта ў канкурэнцыі.
Пра патрэбу грамадства ў большай прысутнасці жанчын у палітыцы, зазначае Леся Руднік, цяпер казаць складана, хоць ранейшыя даследаванні (у прыватнасці, хваля апытання Chatham House у лістападзе-2020) зафіксавалі сярод беларусаў вельмі высокую падтрымку жанчын-кандыдатак.
— Але ёсць адчуванне, хоць і не да канца пацверджанае фактамі, што гэтая патрэба маецца не толькі ў прадэмакратычных беларусаў, — гаворыць экспертка.
Яшчэ адзін магчымы чыннік, на які яна звяртае ўвагу, — спроба паслаць сігнал заходнім краінам, дзеля чаго Лукашэнка агучыў і тое, што «ініцыятыва стварэння партыі мусіць ісці з нізоў», і намякнуў на тое, што падтрымлівае большае прадстаўніцтва жанчын у палітыцы.
— Гэта адбываецца, на мой погляд, невыпадкова, бо шмат гадоў яшчэ да 2020-га беларускі рэжым згадваў: глядзіце, як мы высока ў рэйтынгу гендарнай роўнасці, у тым ліку за кошт таго, што маем шмат жанчын у парламенце, на мясцовым узроўні і г.д. Аднак сёння, падаецца, ніхто на Захадзе такі сігнал не ўспрымае.
Раней кантраляваныя дзяржавай грамадскія арганізацыі маглі выконваць нейкую функцыю сувязі з заходнімі краінамі, былі прыклады іхняга партнёрства. І цяпер рэжым спрабуе адкаціць назад, стварыць імітацыю дзейнасці грамадскай супольнасці і вярнуцца да лэйбла краіны, у якой з правамі жанчын і гендарнай роўнасцю ўсё ў прынцыпе добра.
— Лукашэнка любіць называць сябе «жаночым прэзідэнтам», аднак калі ўважліва паглядзець, у кіроўнай вярхушцы жанчын — па пальцах пералічыць. Умоўна, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, міністарка працы і сацабароны Ірына Касцевіч (хутка пяройдзе на працу дэпутаткай ў Палату прадстаўнікоў) і адна з намесніц у Адміністрацыі Лукашэнкі Вольга Чупрыс. Улада бачыць жанчын як палітычную сілу ці адводзіць ёй ролю масоўкі?
– Інструментальна Лукашэнка ставіцца і да мужчын, і да жанчын як да выканаўцаў яго палітыкі, тых, хто забяспечвае ягоную ўстойлівасць на пасадзе прэзідэнта ці любой іншай, дзе ён захоўвае ўладу.
Мяркую, ёсць пэўныя крытэрыі адбору, і перавага аддаецца жанчынам, якія гатовыя выконваць загады і не праяўляць ініцыятыву, змірыцца з патрыярхальнымі ўстаноўкамі, якія ёсць і ў сістэмы, і ў Лукашэнкі.
Што маем у выніку? Камбінацыю аўтарытарызму, у якім улада моцна персаніфікаваная, і патрыярхальнага грамадства. Таму на практыцы жанчыны ў палітыцы ёсць, але рэальнага ўплыву на сітуацыю яны не маюць.
Пры тым нават у апошнім індэксе Gender Gap 2023, заўважае даследніца, Беларусь захавала даволі высокія пазіцыі (41-е месца — вышэй за Польшчу, Аўстрыю, ЗША).
— І гэта вельмі сумна, бо ўлікам намінальных паказнікаў падобныя рэйтынгі, па сутнасці, легітымізуюць тое, што адбываецца ў Беларусі — між тым як рэальная сітуацыя не паляпшаецца, — рэзюмуе Леся Руднік.
Вакансии разных профессий свободны во многих польских городах. Кого же работодатели? Представляем список вакансий и…
В Кремле и Госдуме отрицают планы по блокировке видеохостинга YouTube в России. А пользователи винят…
Посол Беларуси в России Дмитрий Крутой предложил наказывать предприятия, которые отстают от плановых темпов роста…
Национальный банк поделился информацией об объеме денег в беларуской экономике. Широкая денежная масса за февраль…
Практически одновременно Национальный статистический комитет Беларуси (Белстат) и Евростат представили данные опросов о доверии к…
Министр образования Андрей Иванец заявил, что требования к распределению выпускников-платников останутся прежними То есть пока…