Не зусім зразумела, якія стратэгічныя задачы маюцца на ўвазе ва ўмовах значнага росту складскіх запасаў — але, магчыма, гаворка ідзе пра буйныя замовы ад расійскага ВПК ці іншых важных для рэжыма партнёраў.
У дакуменце таксама пазначана, што ліміт звыштэрміновай працы і працы ў выходныя дні можа быць павялічаны, калі ёсць «вытворчая і эканамічная неабходнасць», але — толькі са згоды прафсаюза.
З улікам таго, што незалежных прафсаюзаў, якія рэальна абараняюць правы працоўных, у Беларусі не засталося (і на сёння 42 прафсаюзныя актывісты і лідары дэмакратычных прафсаюзаў знаходзяцца ў зняволенні), клопатам такія агаворкі не выглядаюць — хутчэй, узаконваннем перапрацовак з маўклівай згоды праўладных прафсаюзных ячэек.
Што яшчэ прыцягвае ўвагу ў новым указе, пракаментаваў адзін з лідараў незалежнага прафсаюзнага руху Максім Пазнякоў.
— У першую чаргу ўказ расказвае аб тым, што ў беларускай дзяржавы пры дзеючай уладзе Лукашэнкі з’явіліся вялікія пытанні з наяўнасцю і колькасцю працоўных, — зазначае актывіст. — Тое, што прапісана ў дакуменце, дае магчымасць наймальнікам прыцягваць працоўную сілу, каб людзі працавалі звыштэрмінова, больш гадзін, чым гэта прадугледжана ў Працоўным кодэксе.
На сёння, згадвае спадар Максім, у ПК замацаваны канкрэтныя абмежаванні, якім менавіта можа быць ліміт звыштэрміновай працы: не больш як 180 гадзін у год і 10 гадзін у тыдзень.
— Прыкладна плюс дзве гадзіны на працоўны дзень, калі гаворка пра пяцідзёнку, ці 10 гадзін працы ў суботу. Прычым гэта выходзіць усяго 18 працоўных субот цягам году, а не кожныя выходныя дадатковай працы.
Але тое, што ўказ дае магчымасць, як бы «дамаўляючыся» з прафсаюзам, павялічыць усталяваны тэрмін — фактычна можа прывесці да таго, што прадпрыемствы зробяць усе суботы працоўнымі.
Для саміх рабочых, дадае Максім Пазнякоў, гэта на першы погляд падаецца няблага: усё ж звыштэрміновая праца азначае і значна большую аплату — звычайна па схеме «двайны тарыф і адна прэмія». І каб зарабіць больш грошай, некаторыя самі выклікаюцца выйсці папрацаваць у свае выходныя, незалежныя прафсаюзы бачылі такія сітуацыі не раз.
Але з інашага боку, людзей могуць на падставе новага ўказу прымушаць выходзіць на звыштэрміновую працу ў неабходны для наймальніка перыяд — не тады, калі зручна работніку, а тады і столькі, калі трэба прадпрыемству.
– Як гэта робіцца, мы добра ведаем: пачынаюцца размовы, угаворы, ніхто не адмяняў і дручок у выглядзе тэрміновых кантрактаў.
І каб захаваць добрыя адносіны з наймальнікам, у цяперашніх умовах працоўныя, хутчэй за ўсё, будуць пагаджацца і выходзіць працаваць звыш тэрміну, нават калі гэтага не жадаюць.
І казаць пра абарону з боку дзяржаўных прафсаюзаў немагчыма, бо яны заўжды ідуць у адным накірунку з наймальнікам, з буйнымі прадпрыемствамі — што будзе трэба, тое і падпішуць, — канстатуе прафсаюзны лідар.
— Гучыць крыху трывожна, бо ў апошнія месяцы перыядычна з’яўляюцца паведамленні пра няшчасныя выпадкі на беларускіх прадпрыемствах, і падаецца, што перапрацоўкі яшчэ павялічаць рызыку і частату такіх выпадкаў.
— Так, вы маеце рацыю, бо калі ў чалавека нестае часу на адпачынак, павялічваецца напружанасць працы, стомленасць. І ў такой сітуацыі магчымае павелічэнне колькасці няшчасных выпадкаў на прадпрыемствах — звязаных з нейкімі траўмамі, ці, яшчэ горш, са смерцю працоўных.
Суразмоўца дадае, што вядучыя айчынныя прадпрыемствы маюць небяспечныя ўмовы працы, — і на будоўлі, і на нафта- і хімічнай вытворчасці, і ў машынабудаўніцтве, і ў горнай вытворчасці перапрацоўкі выклікаюць занепакоенасць за стан здароўя рабочых.
Што з гэтым можна зрабіць, калі чалавек не хацеў бы звальняцца, але і працаваць тэрмінова па першым загадзе наймальніка нязгодны, а на праўладны прафсаюз асаблівай надзеі няма? Максім Пазнякоў раіць не ісці на паваду ў кіраўніцтва, а ставіць на першы план сваё ўласнае здароўе і будучыню:
– Кожны чалавек, прыходзячы на працу здаровым, павінен і сысці жывым і здаровым. Ніякія дадатковыя грошы не каштуюць здароўя чалавека і яго жыцця.
Перадусім дбайце аб сабе самі, размаўляйце са сваімі калегамі, каб гэта была не толькі ваша асабістая пазіцыя, але і пазіцыя калектыву. На яго цяжэй будзе націснуць, чым на аднаго чалавека.
Яшчэ адна важная акалічнасць, зазначае актывіст, — умова пра тое, што пры адсутнасці прафсаюза на прадпрыемстве наймальнік не мае права зацвердзіць перапрацоўкі. Гэта можа быць пасткай для тых, хто працуе ў прыватным сектары — падштурхнуць іх да стварэння прафсаюзаў:
— А паколькі ў Беларусі цяпер магчыма ствараць толькі дзяржаўныя прафсаюзы, то гэта непрыемны момант, да якога, імаверна, падштурхоўваюць прадпрыемствы. І гэта яшчэ адзін рычаг уплыву на прадпрыемствы, які хоча мець дзяржава.
Мы ж помнім, як Лукашэнка сустракаўся з Ордам і даваў загад ствараць «пярвічкі» ў прыватным сектары, інакш, маўляў, будзем караць. Але ніякага законнага спосабу пакарання за адсутнасць прафсаюза няма, а бізнес не зацікаўлены ў тым, каб ствараць у сябе структуры, якія цалкам знаходзяцца пад уплывам і кантролем дзяржавы. Толькі калі самі працоўныя, скарыстаўшыся правам на свабоду аб’яднанняў, пажадалі б аб’яднацца ў прафсаюз (а зараз такой магчымасці няма).
То бок, пра пакаранне за адсутнасць «пярвічак» — гэта былі гучныя заявы, але памкненне паўплываць на прыватны сектар ва ўладаў, відаць, засталося.
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ