Закрыты працэс і жорсткі прысуд
26 лютага 2026 года Брэсцкі абласны суд па абвінавачванню ў “здрадзе дзяржаве” па артыкуле 356 КК РБ вынес прысуд, які выклікаў у журналісцкай супольнасці шок і негадаванне. Пішуць пра гэта ўжо і замежныя СМІ. Суддзя Дмітрый Куроўскі агучыў тэрміны пакарання і велізарныя суммы “нанесенай шкоды”:
- дырэктару выдавецкага дома Інтэк-прэс Уладзімір Янукевіч – 14 гадоў пазбаўлення волі і штраф у 3000 базавых велічынь (135 тысяч рублёў).
- намесніку дырэктара Андрэю Пакаленка – 12 гадоў пазбаўлення волі і штраф у 1000 базавых велічынь (45 тысяч рублёў).
3 лютага 2026 года пачаўся судовы працэс, які праходзіў у закрытым рэжыме. Падрабязнасці абвінавачання публічна не агучваліся. Грамадства не атрымала магчымасці азнаёміцца з доказамі і логікай абвінавачання. Па ўзроўні пакарання гэта супастаўна з найцяжэйшымі крымінальнымі складамі злачынстваў.
КАлі няма даверу суду – няма і веры ў справядліваць
У каментарах пад велізарнай колькасць артыкулаў і пастоў, людзі выказваюць меркаванні і нават не дапускаюць нават думкі, што баранавіцкія прадстаўнікі медыя здраднікі. Многія так і пішуць: “Поўная лухта!”
Гаворка ідзе пра людзей, чыя дзейнасць была звязаная з журналістыкай. З імі нельга непагадзіцца, бо здрадзіць Беларусі, як краіне – адназначна гэта поўная лухта. І не трэба блытаць уладу з Беларуссю.

Многія выказваюцца, што справа аб “здрадзе дзяржаве” супраць баранавіцкіх журналістаў – гэта ўжо не проста працяг ціску, які назіраўся ў апошнія гады. Гэта якасна новы этап, калі журналісцкая дзейнасць пераносіцца ў катэгорыю злачынстваў супраць дзяржавы.
Такія крокі мяняюць не толькі лёсы канкрэтных людзей. Яны мяняюць межы дапушчальнага ў грамадстве, калі прафесія становіцца падставай для абвінавачання ў здрадзе толькі за тое, што уладзе не падабаецца праўда. А сапраўдныя СМІ, замінаюць замбіраваць і верыць у хлусню.
Нездарма тых, што зараз верна прыслужваецца і з аскалам забрызгвае экраны, ужо не саромеючыся называюць сродкамі прапаганды. А па факту – зараз глыбокі крызіс даверу паміж уладай і грамадствам. І акрамя насілля і вось такіх прысудаў, каб пасеяць больш страху, іншых варыянтаў тыя, хто кіруе зараз, не бачаць. Бо страх, які яны ствараюць, паралізуе і іх саміх.
Знішчэнне журналістыкі – сапраўдная шкода дзяржаве
Ціск на Intex-Press, як і на многія іншыя выданні, пачаўся пасля выбараў 2020 года. Рэдакцыя сутыкнулася з блакаваннямі, ператрусамі і канфіскацыяй тэхнікі, а ў 2022 годзе выданне было пазбаўлена дзяржаўнай рэгістрацыі. У красавіку 2023 года сайт і сацыяльныя сеткі Intex-Press прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Уладзіміра Янукевіча аштрафавалі за публікацыю інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай. Па факце, у тым інтэрью не было нічога супрацьзаконнага. Проста задалі пытанні, атрымалі адказы і расказалі людзям.
Але ў супрацоўнікаў органаў аж сківіцы крывіла, што гэта ўбачылі тысячы і дзясяткі тысяч людзей. Іх круціла, што папулярнасць хатняй гаспадыні, якая ў палітыцы была, як кажуць, ні ў зуб нагой, пахіснула псеўдападтрымку таго, што мяняў Канстытытуцыю пад сябе, каб застацца ва ўладзе.
Гвалтоўнае затрыманне
У лістападзе 2024 года адбыліся затрыманні супрацоўнікаў новага інтэрнет сайта BAR24, ператрусы ў рэдакцыі і кватэрах, зноў выцягнулі тэхніку. Узбудзілі крымінальную справу паводле завялі крымінальныя справы па арт. 3614 Крымінальнага кодэкса («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Чатыры супрацоўнікі атрымалі пакаранне ў выглядзе «хатняй хіміі», паехалі ў Баранавічы і былі ўключаныя ў спіс «экстрэмістаў». А кіраўніцтва рэдакцыі мурыжылі год і некалькі месяцаў. Схема выглядае знаёмай: спачатку – публічная дыскрэдытацыя, затым – юрыдычная маркіроўка, пасля – крымінальная кваліфікацыя.
Выданне ў Баранавічах, якое служыла людзям
Intex-Press больш за чвэрць стагоддзя быў часткай гарадской гісторыі Баранавічаў. Гэта не было выданне адной пазіцыі. Яна асвятляла падзеі без аглядкі на тое, ці падабаецца матэрыял уладам, ці апазіцыі. Публікавала розныя пункты гледжання, задавала нязручныя пытанні, разбірала канфлікты, пісала пра праблемы ЖКГ, пра эканоміку, пра жыццё людзей.
Менавіта гэта і называецца аб’ектыўнасцю. А аб’ектыўнасць не любіць ніхто, асабліва тыя, хто хоча поўнага кантролю. Незалежнае СМІ у іх разуменні – гэта перашкода ў замбіраванні людзей, бо яно пакідае прастору для самастойнай думкі.
Тыя, хто ведае Уладзіміра Янукевіча, успрымаюць прысуд па артыкуле 356 КК як нешта настолькі адарванае ад рэальнасці, што гэта выклікае не проста абурэнне, а агіду. Для людзей, якія гадамі бачылі яго працу, абвінавачанне ў «здрадзе» выглядае як спроба публічнай дыскрэдытацыі чалавека, які заставаўся прынцыповым.
Уладзіміру Янукевічу 65 гадоў
Янукевіч не палітычны радыкал і не выпадковая фігура. Гэта рэдактар, медыямэнаджар, які больш за чвэрць стагоддзя ствараў і развіваў рэгіянальнае СМІ. Ствараў прафесійна – як адзін з наймацнейшых рэгіянальных медыяменеджараў.
І калі б умовы былі сапраўды роўнымі для ўсіх СМІ, як некалі заяўлялі чыноўнікі-прапагандысты, то супрацоўнікам раённай газеты райвыканкама “Наш край”, заставалася б толькі выбіраць – ісці працаваць у Intex-Press або шукаць іншую працу.

Парадокс сітуацыі ў тым, што сапраўдная здрада дзяржаве адбываецца інакш. Яна пачынаецца тады, калі дзяржаўныя інстытуты перастаюць служыць грамадству, калі Канстытуцыя становіцца дэкларацыяй, а законы перапісваюцца пад палітычную мэтазгоднасць. Менавіта ў такія моманты падрываецца аснова дзяржаўнасці.
А праўда ў тым, што журналістыка не з’яўляецца пагрозай бяспецы. Яна – сістэма зваротнай сувязі. Пазбаўляючыся яе, улада не ўмацоўвае дзяржаву, а пазбаўляе сябе здольнасці чуць грамадства.
Закрыты працэс. Што хаваюць рэжым хавае ад грамадства?
Калі звярнуцца да нормаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, сумненні выклікае не толькі закрыты характар працэсу, але і ўся логіка крымінальнага пераследу. Прынцыпы законнасці, публічнасці і роўнасці бакоў – гэта аснова правасуддзя, а не фармальныя формулы.
Назіраючы агрэсіўную рыторыку дзяржаўнай прапаганды, якая на розных пляцоўках адкрыта распальвае варожасць, нянавісць і непрыязнасць да людзей з іншымі палітычнымі поглядамі, цяжка не заўважыць дысбаланс.
Асобы, якія дазваляюць сабе адкрытыя абразы і дыскрэдытацыю іншадумцаў, застаюцца па-за прававой ацэнкай. Надзорныя і кантралюючыя органы ў такіх выпадках дэманструюць бяздзейнасць.
У такой рэальнасці ў людзей узнікае лагічнае пытанне: ці вераць яны, што ў судах сёння існуе сапраўдная роўнасць перад законам? Ці вераць яны, што нормы Канстытуцыі і кодэксаў прымяняюцца аднолькава да ўсіх?
Ці існуе прынцып роўнасці перад законам у судзе
Адказ на гэта пытанне можна даць той, хто сутыкаўся з судовымі справамі. Вопыт паказвае, што ні ў адміністрацыйных, ні ў грамадзянскіх справах у дачыненні, калі справу падвязваюць пад “палітычную” – роўнасці няма. Але ж у нас так любяць казаць пра законнасць і справядлівасць…
Што ж, артыкул 20 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прама замацоўвае “Роўнасць грамадзян перад законам і роўнасць абароны іх правоў і законных інтарэсаў”
- Усе асобы, якія ўдзельнічаюць у крымінальным працэсе, роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону іх правоў і законных інтарэсаў.
- Вытворчасць па матэрыялах і крымінальнай справе ажыццяўляецца на аснове роўнасці грамадзян перад законам незалежна ад іх паходжання, сацыяльнага, службовага і маёмаснага становішча, расавай і нацыянальнай прыналежнасці, палітычных і іншых перакананняў…
Гэта ў законе не проста дэкларацыя, гэта норма прамога дзеяння. Яна павінна гарантаваць, што палітычныя погляды, прафесія або грамадзянская пазіцыя не ўплываюць на ацэнку дзеянняў у крымінальным працэсе.
Але калі працэс праходзіць у закрытым рэжыме, калі грамадства не бачыць аргументаў бакоў, а абвінавачванне фармуецца ў медыя яшчэ да вынясення прысуду, цяжка гаварыць пра поўную рэалізацыю гэтага прынцыпу. Аналізуючы аб’ектыўны і суб’ектыўны бок складу артыкула 356 КК РБ, узнікае шмат пытанняў, на якія зараз нельга атрымаць адказ з-за закрытага працэса.
Прысуд па разнарадцы, як помста
У кантэксце апошніх гадоў гэты прысуд выглядае не толькі як крымінальная справа, але і як чарговая спроба паказаць: рэальнасць і нормы закона могуць існаваць асобна. Калі прафесійная дзейнасць трактуецца як здрада, гэта сігнал не толькі журналістам, але і ўсяму грамадству – маўчыце або рызыкуйце.
Але такія рашэнні працуюць як інструмент запалохвання. Яны дэманстуюць, што межы могуць быць перанесены ў любы момант. Што прафесія, якая дзесяцігоддзямі лічылася легальнай і неабходнай, можа быць пастаўлена ў адзін шэраг з найцяжэйшымі злачынствамі. Рэальнасць і нормы закона – гэта розныя рэчы. Калі прафесійная дзейнасць трактуецца як здрада – гэта днішча.
Тыя, хто меў дачыненне да гэтай справы, сёння, магчыма, адчуваюць сябе часткай сістэмы. Але гісторыя паказвае, што кожная сістэма не вечная. І суд, які адбываецца цяпер, не абавязкова будзе апошнім у ацэнцы гэтых падзей. Існуе яшчэ суд часу і сумлення. І менавіта ён вызначае, хто служыў краіне, а хто – толькі ўладзе.
Калі ў грамадстве назіраецца агрэсіўная рыторыка супраць іншадумцаў, калі прапагандысцкія пляцоўкі адкрыта распальваюць варожасць, а надзорныя органы не рэагуюць на гэта, узнікае недавер да таго, як у цэлым выконваюцца нормы закона і Канстытуцыі.
Зразумела, Для многіх людзей, якія ведаюць Янукевіча, гэтая гісторыя стала маральным маркерам. Яны бачаць у ёй не аднаўленне справядлівасці, а адсутнасць сумлення, гонару і павагі да закона.
Суд і гісторыя
Судовае рашэнне, якое не ўступіла на момант публікацыі ў законную сілу, яшчэ юрыдычнай сілы. І гэта яшчэ выклік тым, хто будзе разглядаць справу у апеляцыйнай і надзорнай інстанцыях, калі абвінавачваемыя абскардзяць прысуд. Ведаючы, як судовая сітэма зараз разглядае справы, то шансаў, што зменяць рашэнне, знойдуць парушэнні суддзі Вярхоўнага суда, вельмі мала.
Але гісторыя не заканчваецца тэкстам прысуду. Ёсць іншы ўзровень ацэнкі – маральны, гістарычны і ёсць суд, які не зважаючы на чыны і асобы, справядліваць установіць. Як павернецца лёс – на сёння ніхто не ведае, бо ніхто не ведае, што будзе заўтра. І гэтыя суддзі і пракуроры таксама не ведаюць.
Іншы суд – гэта суд часу і сумлення. І ён, як паказвае гісторыя, часта аказваецца больш строгім і больш дакладным у сваіх ацэнках.