Пахавалі нашага збіральніка духоўнай спадчыны на могілках у Бялавічах.
Алесь Разанаў, беларускі пісьменнік і перакладчык, сябра Алеся Зайкі з студэнцкіх гадоў, у сваёй прамове падкрэсліў значнасць яго працы для духоўнай спадчыны народу:
“Азіраюся на гэты шлях Алеся Зайкі – гэта быў шлях служэння. Ён служыў свайму краю, свайму народу, ён з усімі быў зрошчаны і зроднены. І з гэтым краем, які ён акрэсліваў найменнем Косаўшчына – найболей. Выдаў стос кніг, і засталіся тыя, якія выйдуць неўзабаве. Дзеля гэтай справы ён жыў і служыў. Калі гавораць пра скарбы, якія людзі збіраюць у сваім жыцці, то гэтым скарбам зайздросцяць, іх рабуюць, а ён збіраў нябесны скарб,” – кажа Алесь Разанаў.
Яшчэ адзін сябра Алеся Зайкі, паэт-пчаляр, заснавальнік мядовай літаратурнай прэміі Мікола Папека сказаў:
“Перад намі чалавек, які быў у захапленні ад свайго роднага краю, ад роднага слова. І гэта мы бачым у яго слоўніках, у яго творах, як тая кніга, што павінна выйсці неўзабаве – “Мікратапаніміка Івацэвіччыны”. Калі я пабачыў яго кнігу “Дым з коміна”, я адзначыў яе сваёй прэміяй, таму што гэта нельга было не адзначыць. На пахаванні Алеся Каско Алесь Зайка сказаў, што мы – гэта насенне. І тое, што зрабіў Алесь Зайка ў сваіх слоўніках, кніжках – гэта тое насенне, якое мае быць высеена і ўзыйсці для таго, каб мы перамаглі апалячванне і русіфікацыю ў нашай мове”.
Цёплыя словы пра свайго сябра сказаў і івацэвіцкі пісменнік і журналіст Валер Гапееў, які шмат дапамагаў Аляксандру Фамічу Зайку ў рэдагаванні і выданні яго кніг. Валер Гапееў прыгадаў, што Алесь Зайка спрачыніўся да надання некаторым вуліцам Івацэвічаў імёнаў нацыянальных беларускіх дзячоў.
“Перакананы, што будзе ў нас і вуліца імя Алеся Зайкі,” – сказаў Валер Гапееў.
Алесь Фаміч Зайка адыйшоў 26 чэрвеня, ён выбітны збіральнік народнага фальклору, моўных асаблівасцей нашага рэгіёну. На развітанні з ім беларускія пісменнікі выказалі, што Алесь Зайка быў сапраўдным навукова-даследчым інстытутам у адной асобе.
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ