У фінале рэспубліканскага конкурса інавацыйных ідэй школьнікаў ён будзе прэзентаваць арыгінальны праект турніра.
Мы пагутарылі з дзесяцікласнікам пра яго ідэю і матывацыю.
– Чаму менавіта шахматы? Як увогуле прыйшла ў галаву такая ідэя?
– Я вырас у сям’і шахматыстаў і сам захапляюся гэтым відам спорта. Аднойчы я дапамагаў маці судзіць абласны шахматны турнір для людзей з абмежаваным зрокам. Мне здалося, што было б лепей, калi б яны гулялі не памiж сабой, а з усiмi. Ідэя ляжала на паверхні – часам тое, што мы шукаем, знаходзiцца на самым бачным месце.
– Пра што твой праект?
– Пілотную версію праекта мы з сябрамі зладзілі ў Жабінкаўскім спецыяльным інтэрнаце для дзяцей з пашкоджаным зрокам. Там вучні брэцкага адукацыйнага цэнтра “My Baby” гулялі ў шахматы з выхаванцамі. У бліжэйшы час планую арганізаваць шахматны турнір, у межах якога людзі з абмежаваным зрокам і з добрым будуць гуляць адзін з адным. Я думаю пра магчымасць зрабіць так, каб людзі з добрым зрокам паспрабавалі гуляць з адмысловымі павязкамі на вачах.
– Навошта?
– Каб прынамсі на час адчулі, як пачуваюцца людзі з не такім вострым зрокам. Магчыма, гэта нават дазволіць больш засяродзіцца на гульні. Гэта пакажа, што людзі, якія кепска бачаць – яны не горшыя, а проста інакш успрымаюць свет.
– Інтэграцыя людзей з інваліднасцю ў грамадства праз шахматы? Хіба могуць шахматы вырашыць такую маштабную задачу?
– Шахматы – гэта спаборніцтва розумаў і ва ўсе часы зводзіла людзей рознага сацыяльнага статуса. У сучасным свеце ўжо не так важныя фізічныя здольнасці чалавека. На першы план выходзіць розум, і старажытная інтэлектуальная гульня можа яскрава прадэманстраваць гэта. Мой шахматны турнір – маленькі крок, але я спадзяюся, што гэта прымусіць кагосьці задумацца.
– Якія планы на будучыню?
– Па-першае, я рыхтуюся да выступа на вялікай моладзевай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk: шмат цікавых ідэй пайшло ў свет дзякуючы руху TED, спадзяюся, і мая прамова натхніць кагосці. Па-другое, мой ментар з праекта velcom YOUTH раіць мне пасля прэзентацыі праекта скантактавацца з «Беларусскай федерацыяй шахмат» і ЮНІСЭФ. Буду старацца арганізаваць вялікі інклюзіўны шахматны турнір пры іх дапамозе.
Сяргей выступіць разам з дзевяццю іншымі фіналістамі, якія, дзякуючы сваім яскравым ідэям, таксама трапілі ў фінал моладзевага конкурса velcom YOUTH і атрымалі магчымасць выступіць перад вялікай аўдыторыяй у рамках маштабнай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk, якая пройдзе 18 мая ў Мінску. Патрапіць на яе зможа любы жадаючы, але варта зарэгістравацца па спасылцы.
Сацыяльна-адукацыйны праект velcom YOUTH ладзіцца кампаніяй velcom | A1 пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Удзельнікамі конкурсу сталі больш за 850 чалавек з больш чым 230 навучальных устаноў краіны. У межах праекта старшакласнікі маюць магчымасць прыдумаць і рэалізаваць уласную ідэю па адным з трох кірункаў: культура, тэхналогіі або інклюзія. Адметнай рысай праекта з’яўляецца тое, што конкурс ладзіцца па-беларуску.
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ