Пра тое, як абмяркоўвалася пытанне аб магчымасці візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Ганцавіцкі раён (дзе ён ад часу абрання ні разу не быў), мы паведамлялі тут:
https://1reg.by/2019/08/15/priedet-li-lukashenko-v-gancevichi-nash-glavred-obsudil-s-ego-pomoshhnikom/
Другое пытанне тычылася таго, чаму прадстаўнікі ганцавіцкай улады чыняць перашкоды ў працы нашым журналістам. Пётр Гузаеўскі сказаў, што невялікі па колькасці жыхароў Ганцавіцкі раён амаль унікальны тым, што тут працуюць дзве грамадска-палітычныя газеты, якія ў рэжыме канкурэнцыі мусяць увесь час развівацца і пісаць цікавей.
Таксама ён узгадаў, што кіраўнік Ганцавіцкага райвыканкама Уладзімір Бялоў у свой час казаў, што будзе падтрымліваць прыватны бізнес, і ў гэтым накірунку сапраўды шмат робіцца. Аднак да газеты ў мясцовай улады асаблівыя адносіны.
Даходзіць да таго, што журналісты не могуць свабодна прайсці ў райвыканкам, па дваццаць хвілін выстойваючы ля стала ахоўніка, чакаючы, калі той высветліць, ці прыме журналіста чыноўнік, ці спашлецца на страшэнны недахоп часу…
Расказаў рэдактар Анатолю Маркевічу і пра тое, што нашу газету выкінулі з продажу спачатку з сеткі «Еўраопта», а потым і Ганцавіцкага спажыўтаварыства.
«Гэта атрымалася так сінхронна, што ўзнікаюць падазрэнні, што зроблена гэта было наўмысна па нечай падказцы», – сказаў Пётр Паўлавіч.
Ён выказаў думку, што добры гаспадар не будзе марна траціць свае грошы: газета прыносіла прыбытак спажывецкаму таварыству толькі бясплатнай рэкламай на суму 1700 рублёў.
Узгадаў галоўны рэдактар і выпадак, калі журналіста не пусцілі ў райвыканкам на мерапрыемства па ўзнагароджанні людзей, якія дапамаглі Ганцавіцкаму РАУС затрымаць злачынцу.
«Я не прашу ў кіраўніцтва дапамогі, я прашу толькі аднаго – не перашкаджаць працаваць, – сказаў ён і дапоўніў: – Мы не супраць наладзіць канструктыўны дыялог, нармальную працу з мясцовымі органамі ўлады і не больш. Урадам і Прэзідэнтам пастаўлена задача: даваць рост зарплаты. А як я магу гэты рост забяспечваць, калі газеце перешкаджаюць працаваць? Гэта сітуацыя вымушае мяне падаваць у суд заяву і дабівацца сваіх праў».
Кіраўнік райвыканкама Уладзімір Бялоў паспрабаваў апраўдацца і вельмі эмацыйна звярнуўся да рэдактара газеты:
«У чым канкрэтна я перашкаджаю працаваць «Ганцавіцкаму часу»? У акрэдытацыі вам не адмовілі, і вы гэта ведаеце…»
Рэдактар запярэчыў: «Нам адмовілі!»
Уладзімір Бялоў тады сказаў: «Значыць, не палічылі патрэбным вас акрэдытаваць. Далей у чым заключаюцца перашкоды? У якім мерапрыемстве вам забаранілі ўдзельнічаць? Называйце».
А потым ён стаў гаварыць, што журналісты газеты спецыяльна вышукваюць негатыўныя факты, каб ачарніць кіраўніцтва раёна і сваімі дзеяннямі дыскрэдытуюць раён.
«Выцягнуць бруд на любога можна», – дадаў Уладзімір Уладзіміравіч.
«А што, трэба было замоўчваць? Калі дзясяткамі тон гіне рыба, калі стаіць худая жывёла і душыцца нейкай цвіллю ў кармушках? Дык мы і пісалі пра гэта. І пра разваліны, на якія людзі спатыкаюцца, таксама пісалі», – сказаў рэдактар і запытаў:
«Па вашых словам выходзіць, што калі Аляксандр Рыгоравіч прыязджае ў гаспадарку, фактычна паказвае недапрацоўкі і выказваецца мо ў дзесяць разоў больш больш жорстка, чым мы, то няўжо гэтую крытыку трэба ўспрымаць як нейкую крыўду альбо так, што ён дыскрэдытуе краіну? Я лічу, што якраз нейкімі момантамі мы садзейнічаем таму, што ўзнялі пытанне – і яно абавязкова вырашыцца», – парыраваў Пётр Гузаеўскі.
https://1reg.by/2018/09/13/na-ryibhoze-loktyishi-v-gancevichskom-rayone-ryiba-obkurilas-i-sdohla-video-s-drona/
Галоўны рэдактар дадаў, што мясцовае кіраўніцтва як нейкую асабістую крытыку ўспрымае нашы крытычныя артыкулы і сюжэты, якія яны хацелі б замаўчаць і схаваць ад людскіх вачэй.
«Мы паказваем жыццё такім як ёсць. І на гэта не трэба крыўдаваць, а шукаць вырашэння пытання», – сказаў Пётр Паўлавіч. – А кіраўніцтва раёна чапляецца да загалоўкаў і крыўдуе, калі яны ім не падабаюцца».
Калі ў дыялог уступіў памочнік Прэзідэнта Анатоль Маркевіч, ён сказаў, што не трэба пісаць пра ўсё ў негатыве, у чорных колерах.
«А чаму б вам не расказаць пра тое, што Ганцавіцкі раён развіваецца і адраджаецца? Я чалавек новы, толькі паўгода на пасадзе, але бачу пэўную эканамічную дынаміку ў Ганцавіцкім раёне», – сказаў Анатоль Мечыслававіч, чым моцна здзівіў рэдактара, і той нават перапытаў: «Эканамічную?».
І атрымаў станоўчы адказ прадстаўніка ўлады:
«У сферы сельскай гаспадаркі я бачу, што наступілі змены, паляпшаецца становішча спраў. Я браў статыстыку і бачыў дадзеныя. Вось чаму вы пра гэта не пішаце?» – сказаў ён.
І атрымаў адказ рэдактара:
«Дык я аб гэтым і кажу: нам патрэбен доступ да гэтай інфармацыі, а нам яе якраз і не даюць, бо баяцца крытыкі».
Памочнік Прэзідэнта сказаў, што праблем у Ганцавіцкім раёне шмат і іх не трэба хаваць.
«Калі крытыка канструктыўная і калі яна на самай справе пацвярджаецца фактамі, то не трэба гэтага баяцца і дзесьці сумеснымі сіламі бачыць гэтую праблему і ісці на яе рэалізацыю. А яшчэ лепш пайсці на яе апераджэнне, каб не дапусціць такога ў іншай гаспадарцы ці іншай сферы».
Каб вырашыць пытанне ўзаемадзеяння мясцовага кіраўніцтва і газеты, памочнік прэзідэнта сказаў, што, каб даць параду кіраўніку раёна і галоўнаму рэдактару газеты, як наладзіць канструктыўныя зносіны, яму трэба азнаёміцца з артыкуламі «Ганцавіцкага часу» і даць аб`ектыўны аналіз, колькі ў газеце крытыкі і ці мае яна падставу, а не папракаць кагосьці неабгрунтавана.
Кіраўнік раёна Уладзімір Бялоў не захацеў весці дыялог і сказаў Пятру Гузаеўскаму:
«Сустрэнемся ў судзе».
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ