Лідары апазіцыйных партый і рухаў вызначаюць адзінага кандыдата на кандыдата ў прэзідэнты. Наша рэдакцыя днямі даслала запыты да ўсіх пяці прэтэндэнтаў з пытаннямі, якія турбуюць грамадскасць, неабыякавых беларусаў.
Сёння мы атрымалі першы адказ ад Юрыя Губарэвіча, старшыні руху “За свабоду”.
– Якую альтэрнатыву вы бачыце расійскім энергарэсурсам, у прыватнасці нафце і газу?
– Альтэрнатыва простая – пакупка той самай нафты з розных крыніц. Якая доля ў пастаўках з цягам часу будзе расійская – залежыць ад коштавай кан’юнктуры. Трэба гандлявацца.
Яскравы прыклад – значнае зніжэнне коштаў на нафту ў апошнія дні. У выніку настаў зручны момант, каб дамовіцца з Расіяй і купіць нафту танней і паболей. Нават напампаваць нашы нафтасховішчы, каб, калі кошты зноў падскочаць, а з Расіяй зноў узнікнуць перамоўныя праблемы, мець паліўную падушку бяспекі.
Бо прынцыпова ясна, што перамовы з Расіяй па пастаўках энергарэсурсаў і надалей будуць складанымі. У нафту прымешваецца вялікі палітычны фактар. І мы не зможам ужо зарабляць, купляючы танна расійскую нафту ў ранейшых вялікіх аб’ёмах, перапрацоўваючы і экспартуючы нафтапрадукты. Калі, канечне, мы не гатовы наўзамен ахвяраваць суверэнітэтам.
Па газе сітуацыя падобная. Трэба працаваць над альтэрнатыўнымі пастаўкамі. Ну і, канечне, развіваць альтэрнатыўную энергетыку і наагул «зялёную» эканоміку, каб паступова змяншаць выкарыстанне традыцыйных відаў паліва. Гэта частка стратэгіі эканамічнай незалежнасці і экалагічнай бяспекі. Ветракоў, сонечных батарэяў, электрамабіляў будзе станавіцца ўсё болей. Натуральна, што не супертэмпамі, але гэта будучыня.
– Ваша пазіцыя па АЭС? Як вы лічыце, ці можа АЭС вырашыць праблему энергазабеспячэння краіны?
– Натуральна, АЭС – гэта самыя розныя рызыкі. Але давайце разважаць прагматычна. І думаць над рашэннямі ў прывязцы да канкрэтнай сітуацыі.
Калі цяпер закансерваваць гэтую будоўлю, гэта адзін узровень стратаў. Калі б мы былі пры ўладзе цяпер, то закансервавалі б! Калі ж рэактар ужо будзе запушчаны, то гэты іншы ўзровень стратаў – у разы большы.
Разборка можа зацягнуцца на дзясяткі гадоў і таксама з пэўнымі рызыкамі. Бо трэба будзе вырашаць процьму наступстваў – куды падзець ядзернае паліва, апрамененае абсталяванне станцыі і так далей. Таму разбіраць «атамку» з утылізацыяй, не пакарыстаўшыся зусім з яе, можа быць эканамічна нявыгадна.
Што да вырашэння праблемы энергазабеспячэння Беларусі з дапамогай АЭС, то яна б прыдалася, каб пазбавіцца залежнасці ад паставак энерганосьбітаў з адной краіны – Расіі. Але, на жаль, тэхналогія станцыі пад Аўстраўцом якраз-такі расійская, завязаная на расійскае ж паліва і запускаецца на расійскі крэдыт…
Таму будзем дзейнічаць так: пытаннем, што больш выгадна – эксплуатаваць запушчаную АЭС ці выводзіць з эксплуатацыі, зоймецца адмысловая камісія. Таксама патрэбная экспертыза аўтарытэтнай міжнароднай камісіі: калі яна пастановіць, што запуск і эксплуатацыя беларускай атамнай станцыі небяспечныя, тады будзе прасцей прыцягнуць замежныя фінансавыя сродкі на замарозку гэтага праекта.
– Калі Расійская Федэрацыя спыніць падачу нафты і газу, чым гэта будзе пагражаць Беларусі? І якім вы бачыце выйсце з гэтай сітуацыі?
– Як я ўжо сказаў, на выпадак рознага кшталту шантажоў з боку Масквы варта зрабіць запасы нафты цяпер, калі яна спрыяльна для нас патаннела. Але перакананы, што на доўгі тэрмін Расія пастаўкі энерганосьбітаў нам і праз нас не перарве. Бо гэта не толькі паступленні ў іхні бюджэт, але і ўзбагачэнне тых алігархічных групаў, якія шыкоўна жывуць з продажу нафты ды газу.
Прадаваць будуць у любым выпадку. Паглядзіце на Украіну. Нягледзячы на ваенны канфлікт, прадавалі і надалей хацелі б, але ў выніку ўкраінцы самі ўсё-такі адмовіліся купляць, вырашыўшы перайсці на азербайджанскую нафту.
– На колькі вы лічыце адэкватнымі цэны на паліва на АЗС, газ, электраэнергію для жыхароў Беларусі?
– У коштах на аўтамабільнае паліва вялікі складнік акцызу. Рэгуляваць кошты на АЗС можна яго змяншэннем. Хаця праўда і ў тым, што цэннік на запраўках у Беларусі ніжэй, чымсьці ў многіх краінах рэгіёну. У любым выпадку людзі павінны ведаць, куды гэтыя акцызныя грошы ідуць і як фармуецца кошт бензіну. Бо дзіўна, калі нафта таннее, а паліва на запраўках даражэе.
Што да газу і электрычнасці для насельніцтва, праблему магла б вырашыць рэформа жыллёва-камунальнай гаспадаркі: знізіць кошты не дазваляе карупцыя і манаполія дзяржавы.
Пасля абрання «адзінага кандыдата» ад апазіцыйных структур да яго будзе шэсьць патрабаваньняў:
- выступаць за незалежную Беларусь і супраць дыктатуры,
- за абарону сацыяльных і эканамічных правоў грамадзян,
- за выхад Беларусі з АДКБ,
- скасаванне дамовы аб «саюзнай дзяржаве» Беларусі і Расіі і вывад замежных вайсковых аб’ектаў з тэрыторыі Беларусі,
- за развіццё беларускай мовы і культуры,
- за добрасуседзкія раўнапраўныя стасункі з Еўрасаюзам, ЗША, Расіяй і іншымі краінамі.
Калі пройдуць праймерыз апазіцыі ў Брэсцкай вобласці чытайце тут:
Когда и где пройдут выборы единого кандидата от оппозиции в Брестской области
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ