Паэт-пчаляр з Лінова (каля Пружан) Мікола Папека 16 снежня ў чарговы раз уручыў сваю Мядовую прэмію. Пуд мёду дастаўся Міколу Аляхновічу за зборнік вершаў “Вясновы роздум”.
Пару радкоў з яго – на суд чытачоў сайта “Першы Рэгіён”.
“Шчаслівы той на гэтым свеце белым, \\ Хто, верачы ў душу, не забываў пра цела.”
“… Талерантныя, памяркоўныя… \\ Мёд атрутны лагодзіць слых. \\ У краіне сваёй бязмоўныя – ад каго ж такі ўдар пад дых? \\ Так няпроста, нялёгка наўпрост ісці, \\ свой цярэбячы шлях і след. \\ Аглядаюся – мудрыя постаці. \\ Углядаюся – запавет.”
ПРАДВЕСНЕ
Напрадвесні – а быў канец лютага – \\ ды тэрмометр у мінусе ўзрос, \\ ты прыйшла да мяне, пачутага \\ праз мяцеліцу і мароз. \\ Не былі мы нязгодай зацятыя. Боль расстання – даруй мне яго… \\ А далоні твае птушанятамі \\ гасяць скроняў маіх агонь.”
Апошні верш гэта даніна памяці жонкі аўтара, якая пайшла з жыцця даўно, але гэтая свежая кніга поўніцца знакамі памяці.
Зборнік выйшаў з друку ў выдавецтве “Альтэрнатыва” акурат у лютым 2020 года невялічкім накладам. Яно і зразумела: цяпер фінансы на такое зусім скупыя. Гэта трэцяя кніга паэзіі Міколы Аляхновіча.
Яшчэ ён мае на рахунку кнігу перакладаў з чатырох моваў “Тонкая размовы ніць” (2013). Адна з моў-крыніц венгерская. Гэта невыпадкова: перакладчык вядомы найперш як навуковец-мовавед, шматгадовы дэкан філалагічнага факультэта Брэсцкага ўніверсітэта. Таксама спадар Аляхновіч выкладаў беларусістыку ў Будапешце, адтуль веданне венгерскай.
Пасля выхаду кнігі, адзначанай цяпер Мядовай прэміяй, Мікола Аляхновіч цяжка занядужаў. Змаганне з інсультам, з другім… Нам застаецца пазычыць аўтару волі і вяртання.
Што да заснавальніка Мядовай прэміі – паэта-пчаляра Міколы Папекі, то ён выказаў пэўную асцярожную задаволенасць. Рэч у тым, што яго зрабілі фігурантам крымінальнай справы за пратэст супраць фальшавання на мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Маўляў, 13 верасня вадзіў карагод на скрыжаванні праспектаў Машэрава і Касманаўтаў.
Адседзеў нават нядаўна Мікола Папека двое сутак ў брэсцкім ізалятары, у рамках следства. “Выпусцілі, мабыць, да суду, калі дойдзе“, – скупа падзяліўся ён на ўручэнні сваёй прэміі.
https://1reg.by/2020/11/30/pruzhansk-paet-pchalyar-m-kola-papeka-zatryimanyi-pa-kryim-nalnay-sprave/
Было тое дома ў Аляхновіча. І я там быў, віна і мёду, праўда, не піў. Не да віна, не да мёду. Але кніга выйшла добрая.
Мядовая прэмія сёлета была ўручаная ў 19-ты раз. Аднойчы (у 2013 годзе) 16 кілаграмаў мёду паехалі ва Ўкраіну да паэткі Ніны Горык. Былі яе лаўрэатамі шмат хто з берасцейскіх творцаў. Сярод іх – Алесь Каско, з якім Мікола Папека 28 снежня 2011 года адзначаў (на двух) 110-я народзіны, і Мікола Пракаповіч (на здымку без маскі, з вусамі).
Папека дык якраз замаскаваны. Хто яго ведае, а гэта нямала людзей, то ўявіць сабе яго чорныя вусы. Такім чынам, двое вусатых?
Усё не так проста. Калі віртуальна здымеце з яго маску, акажацца, што мае Папека нязвыкла голы, бязвусы твар. Чаму? А спытайце ў каментарах, гэта ж асобная тэма. То і адкажу асобна. Або звярніцеся да яго наўпрост. Мы ж усе тут цяпер суседзі, дзякуй тэхнічнай рэвалюцыі.
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ