«Яны ўносяць пастаянна прапановы аб пераўтварэнні некаторых грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку «Белай Русі», у партыйную арганізацыю. Я пастаянна іх не тое што стрымліваю (гэта іх права), а папярэджваю, што тут спешка абсалютна не патрэбная. Да гэтага трэба даспець, прыйсці ў спакойным рытме, step by step. Яны згаджаюцца са мной», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.
Ён таксама заявіў, што пытанне такога пераўтварэння можа актуалізавацца пасля прыняцця закону аб палітычных партыях, і што ўлады плануюць развіваць «усе арганізацыі, якія займаюць патрыятычную пазіцыю».
Паўтара месяцы таму на семінары мясцовых вертыкальшчыкаў Аляксандр Лукашэнка абвясціў, што не супраць стварэння партый, калі ініцыятыва будзе ісці знізу, «ад народу», і калі гэтыя новыя структуры будуць дзейнічаць выключна ў інтарэсах дзяржавы.
Чаму Лукашэнка як быццам і не супраць партый, але і сам замаруджвае гэты працэс, і ці чакаць на «выпаленай зямлі» пасля знішчэння іншых партый і аб’яднанняў кветніка праўладных структур. Гэтую тэму абмяркоўваем з палітолагам, акадэмічным дырэктарам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Пятром Рудкоўскім.
– Лукашэнка заявіў, маўляў, ён не супраць пераўтварэння «Белай Русі» ў партыю, але спяшацца з гэтым не трэба А ўласна, чаму не трэба?
— Што тычыцца «Белай Русі» як магчымай партыі, то гэта мыльная опера, якая цягнецца з 2004 года. З частатой раз на тры гады з’яўляліся паведамленні аб намеры ўладаў пераўтварыць дадзенае аб’яднанне ў партыю, але кожны раз справа заканчвалася расплывістымі заявамі. Найвідавочней, усё ўпіралася ў тое, што Лукашэнка не даваў дабро на стварэнне партыі.
Пасля падзей 2020 года заявы наконт патрэбнасці «партыі ўлады» (на базе «Белай Русі», канешне) загучалі часцей. У верасні 2021 года Давыдзька, тагачасны старшыня «Белай Русі», сказаў так: «Плануецца, што калі ў нас пройдзе рэферэндум, калі зробяць змены ў заканадаўства аб палітычных партыях, калі будзе зразумелая роля партый (яна павінна змяніцца — роля партый — у фармаванні ўрада і гэтак далей), калі будзе праведзена перарэгістрацыя партый, вось тады, хутчэй за ўсё, мы заявім аб сваіх амбіцыях. (…) Працоўная назва партыі — «За Радзіму».
Рэферэндум прайшоў, праз паўгода — дэдлайн прыняцця закона аб Усебеларускім народным сходзе, то бок структурныя змены, ну і трэба вызначацца наконт іншага заяўлянага элементу рэформаў: узмацнення ролі партый.
Трансфармацыя «Белай Русі» ў партыю тут была б лагічным ходам, кажа Пётр Рудкоўскі. Ён заўважае таксама, што Беларусь з’яўляецца адной з нямногіх аўтакратый, якія функцыянуць без партыі ўлады:
— Адсутнасць такой партыі, то-бок, адсутнасць інстытуцыйнага інструмента кансалідацыі кіроўнага апарата — гэта фактар рызыкі для рэжыму.
Цяперашняе выказванне Лукашэнкі — чарговае сведчанне таго, што ён надалей не вызначыўся наконт партыі ўлады. Чаму? Бо гэта азначала б змяненне некаторых кіраўніцкіх звычак.
Цягам 28 гадоў ён кіраваў чынавенствам без інстытуцыйнага пасярэдніка. І цяпер, на старасць гадоў трэба было б мяняць звычкі. «Не, тут спяшацца не трэба» — ужо чарговы раз нешта такое чуем.
Перспектыва стварэння партыі ўлады ўпіраецца ў больш фундаментальнае пытанне: далейшы палітычны лёс Лукашэнкі. Надалей няясна, якія наступствы будзе мець для яго рэжыму вайна ва Украіне, няясна, у якой ролі ён збіраецца функцыянаваць пасля 2025 года. Магчыма, у ролі ТОЛЬКІ кіраўніка УНС, магчыма, пастрабуе яшчэ раз пераабрацца прэзідэнтам.
Калі першае, то дужа імаверна, што цягам году-двух ён дасць дабро на стварэнне партыі ўлады як падстраховачнага дзецішча для сябе — каб павысіць шанцы на пераемнасць ягонага курсу пасля сыходу з пасады прэзідэнта.
— Хіба няма небяспекі з’яўлення прарасейскіх ігракоў на гэтым полі, якія будуць прасоўваць зусім не інтарэсы Лукашэнкі?
— Прарасійскіх гульцоў ужо цяпер нямала, але Лукашэнка жорстка адстойвае манаполію на быццё выражальнікам прарасійскіх настрояў. Нават глыбокая залежнасць ад Крамля не прымусіла адмовіцца ад манаполіі.
Напрыклад? «Бессмертный полк», які два разы рабіў спробу атрымаць рэгістрацыю ў 2022 годзе, надалей застаецца незарэгістраваным рухам.
Памкненні прарасійскіх сіл стварыць партыю «Саюз» вось ужо больш за год аказваюцца безвыніковымі. Наколькі паўплывае на ўсё гэта гіпатэтычная рэформа партыйнай сістэмы — складана сказаць, бо невядома, калі яна пачне адбывацца і ў чым будзе палягаць.
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ