Тая самая «мудрасць» прадаецца цяпер у выглядзе цытатаў на адзенні, у якім з нядаўніх часоў фатаграфуюцца цэлымі райвыканкамамі.
Пра тое, як змяняецца вобраз кіраўніка палітычнага рэжыму Беларусі паразмаўлялі з гісторыкам Аляксандрам Пашкевічам.
— Ці няма ў вас адчування, што Беларусь ператвараецца ў такі сабе Туркменістан на мяжы з Еўразвязам?
— Мы ў значнай ступені назіраем вяртанне да той сітуацыі, што была да 2020 года. Мы памятаем, як Лукашэнка абыходзіўся тады з чыноўнікамі, ставіў іх па стойцы «смірна», увесь час рабіў публічныя вывалачкі, прыніжаў, навешваў усіх сабак у прамым эфіры.
Пасля падзей 2020-га многае змянілася. Прынамсі, год-паўтара ён ездзіў па рэгіёнах і прадпрыемствах, і пры гэтым не было гэтай брутальнай крытыкі, выцірання ног аб чыноўнікаў. Крэсла пад ім захісталася, ён адчуў, што чынавенства, вертыкаль — гэта ягоная апора, без якой ён ніхто, і што з імі не трэба сварыцца.
Ён адчуваў, што калі выпадзе яшчэ і гэтая падпорка, як выпала падтрымка нейтральнай часткі грамадства, то можа заваліцца ўся канструкцыя.
Тое, што адбываецца цяпер, паказвае, што Лукашэнку ўдалося не толькі ўтаймаваць народныя пратэсты, але праўдамі і няпраўдамі зноў накінуць аброць на чынавенства і вярнуцца да былой схемы.
Мы бачым, што ён зноўку ставіцца да сваіх падначаленых, як да халопаў. Напэўна, гэта звязана з тым, што іначай ён і не можа. Ён не ўяўляе па-іншаму сваю сістэму ўлады. І вось толькі так і ўмее кіраваць.
Акурат тое, што мы назіралі ў 2020-2021 гадах, было часовым адступленнем ад ягонага стылю кіравання, і цяпер мы бачым ягонае вяртанне.
У 2020-м шмат гаварылася, што калі Лукашэнка нават і застанецца пра ўладзе, то гэтая ўлада ўжо не будзе ранейшай. Што рэжым вымушаны будзе мяняцца, эвалюцыянаваць. Тое, што гэтага не адбылося, лішні раз паказвае: гэты рэжым не здольны да эвалюцыі, Лукашэнка не здольны праводзіць унутраныя рэформы, нават касметычныя.
З аднаго боку, гэта дазволіла яму захавацца. З другога боку, гэта дадатковая міна пад ягоную сістэму. Бо ўсе тыя прычыны, з-за якіх сістэма дала трэшчыны, нікуды не зніклі. Тое, што Лукашэнка не ўмее рабіць працу над памылкамі — паказальны момант. І гэта можа яму вылезці бокам, калі для ягоных апанентаў ізноў адкрыецца акно магчымасцяў.
Што датычыць таго, ці ператвараецца краіна ў Туркменістан, то пэўныя праявы таго, што можна назваць культам асобы, ужо заўважныя. Хоць яны яшчэ і не дасягнулі нейкіх маштабных размахаў. І прапагандысты шчыруюць, і ён сам дзе-нідзе гэтаму спрыяе.
Па вялікім рахунку, штосьці падобнае было і раней. На прапагандысцкім узроўні, і на ўзроўні чыноўніцтва. Але ўсё ж гэты рэжым быў без разгалінаванага на масавым узроўні культу асобы.
Ён і цяпер яшчэ не дасягнуў нейкіх пачварных формаў, хоць у тым кірунку рухаецца.
Я думаю, гэта сама логіка жыцця падобных сістэмаў. Пра гэта шмат і слушна гаварылі, што гэты рэжым пачаў хутка дрэйфаваць ад аўтарытарнага да таталітарнага, а для апошняга культ асобы з’яўляецца неад’емнай часткай.
І тое, што робяць прапагандысты, чыноўнікі, што сам Лукашэнка прасоўвае, выглядае лагічным. Бо калі не рабіць гэтага, ім давядзецца прыдумаць нешта іншае, а з крэатывам у гэтай сістэме не вельмі добра. Таму і карыстаюцца ўзорамі, распрацаванымі да іх.
— То бок, выкарыстоўваюць правераную часам дыктатарскую франшызу.
— Так, знаёмую для падобных рэжымаў. Дзе ўсё кантралюецца і ў цэнтры ўсяго павінен быць культ правадыра. Вось і ў нас такі культ спрабуюць прасунуць. Хоць, праўда, у карыкатурнай форме, бо звычайна гэта адбываецца, калі лідар насамрэч папулярны, калі значная частка насельніцтва яго і ўзносіць як бога.
А тут узяліся ўсё гэта рабіць, калі ўжо і сам Лукашэнка выдатна разумее, наколькі большая частка народа яго любіць і паважае. Таму і ненатуральна ўсё гэта глядзіцца.
— Наколькі трывалай можа быць падобная мадэль? У той жа Паўночнай Карэі ёсць моцны механізм перадачы ўлады ў рамках адной сям’і, а што ў нас?
— Мне падаецца, што Лукашэнка не гатовы ўвогуле камусьці перадаваць уладу. Так, ёсць ягоныя размовы пра гэта, Канстытуцыю на рэферэндуме памянялі, але ў ёй няма канкрэтыкі наконт транзіту ўлады.
Бо ён можа адначасова займаць пасады прэзідэнта і старшыні Усебеларускага народнага сходу, то бок маем чалавека, на якога ўсё завязана. Не бачна праяваў таго, што ён хоча пры яснай памяці перадаць уладу свайму сыну, а сам адыйсці ў бок.
Ягонае ўладалюбства настолькі моцнае і ўсеахопнае, што ён будзе да апошняга трымацца за пасаду.
Гэта азначае, што ўсё будзе залежыць ад таго, пры якіх умовах адбудзецца ягоны сыход — усе людзі смяротныя, усе могуць цяжка захварэць. А там будзе бачна, ці будзе ягоны сын здольны перахапіць уладу ў свае рукі, ці апынецца ў патрэбным месцы ў належны час.
У тым жа Туркменістане, калі памёр Сапармурат Ніязаў, ягоную ўладу атрымаў не ягоны сын, а набліжаны паплечнік. А ўсё таму, што і Ніязаў-малодшы не надта здольны быў да гэтага, а да ўсяго не было прапісаных ясных працэдураў перадачы ўлады.
У Паўночнай Карэі ўсё ж існуе цэлая сістэма — ёсць партыя, механізмы, з дапамогай якіх пасада кіраўніка перадаецца ад бацькі да сына.
У Сірыі Хафес Асад перадаваў уладу сыну Башару. Як мы памятаем, смерць старэйшага Асада была даволі нечаканай, Башар ужо фактычна трымаў уладу ў сваіх руках, але ўсё ж давялося хуткімі тэмпамі перапісваць Канстытуцыю краіны, бо яму не хапала гадоў для займання пасады.
У Азербайджане ў часы старэйшага Аліева ўлада была фактычна перададзеная Аліеву-малодшаму, у патрэбны момант гэта трэба было толькі зацвердзіць.
Па вялікім рахунку, усё залежыць ад таго, наколькі дзейсны ўладар рэжыму заклапочаны неабходнасцю транзіту, як ён рыхтуе для гэтага глебу. А таксама ад агульнай сітуацыі ў краіне і свеце.
Лукашэнка, як мне падаецца, пакуль не рыхтуецца перадаваць уладу хоць каму, у яго хапае здароўя самому кіраваць і ён не ўяўляе, як будзе сядзець на пенсіі.
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ