— Мяне заўсёды зьдзіўляе, калі пачынаюць разважаць пра беларускую намэнклятуру (будзем разумець пад гэтым тэрмінам цывільны чынавенскі апарат) як пра самастойную сілу. Якая нібыта вельмі ўплывовая і можа выканаць вырашальную ролю, — пiша Сяргей Навумчык у сваім блогу.
Ад асобнага чыноўніка ў жыцьці простага чалавека можа, сапраўды залежыць шмат, і часам нават само жыцьцё. Але ад чынавенства як супольнасьці ў сёньняшняй Беларусі залежыць вельмі мала.
Днямі стала вядома, што ў музэй рэчыцкага «ваенна-патрыятычнага цэнтру» ў якасьці экспаната даставілі «кувалду Вагнэра». Копія той кувалды, якой пад відэазапіс ламалі чалавеку чэрап за тое, што ўцёк з акопа ці не пайшоў у атаку.
У адной з дыскусій у сацсетках хтосьці запытаўся: а ці ўзгоднены такі «экспанат» з рэчыцкімі ўладамі, з аддзелам адукацыі мясцовага выканкаму? У адказ нехта больш інфармаваны напісаў, што прарасейскі «патрыятычны цэнтар” апякаюць мясцовыя чэкісты — і гэтай інфармацыі хапіла, каб лічыць пытаньне вычарпаным. Сапраўды, ці можа нейкі там начальнік рана, ды хоць сам старшыня выканкаму, пайсьці насуперак КДБ?
Страчаныя шанцы намэнклятуры
А ці заўсёды было падобнае становішча? Ці мела калі-небудзь беларуская намэнклятура, да прыкладу, рэальныя магчымасьці адхіліць Лукашэнку ад улады?
Так, мела. Напрыклад, у 1996 годзе, калі Лукашэнку да імпічмэнту заставалася ўсяго нічога, а група сілавікоў гатова была выступіць на баку Канстытуцыі. Тады подпісы старшыні Вярхоўнага Савету Сямёна Шарэцкага і старшыні Канстытуцыйнага суду Валера Ціхіні пад «заміральным» пагадненьнем паставілі кропку ў працэдуры імпічмэнту.
Мела ў 2001-м, калі аб’яднаная апазыцыя на прэзыдэнцкіх выбарах падтрымала вылучэньне альтэрнатыўным кандыдатам Уладзімера Ганчарыка. У яго была тыповая партыйная кар’ера — першы сакратар райкаму, другі сакратар Магілёўскага абкаму, нарэшце, кіраўнік прафсаюзаў і член найвышэйшага ў БССР органу рэальнай улады — Бюро ЦК КПБ. Здавалася, ён быў для намэнклятуры цалкам прымальны. Адразу даў ясна зразумець, што ніякага «ператрахваньня» кадраў, ня кажучы ўжо пра люстрацыю, ня будзе.
Да таго ж дзяржчыноўнікі ведалі, што каардынуе выбарчую кампанію Васіль Лявонаў, былы першы сакратар Магілёўскага абкаму партыі і колішні міністар сельскай гаспадаркі.
Важны момант: менавіта перад галасаваньнем на выбарах 2001 году былі абнародаваныя дакумэнты наконт «расстрэльнага пісталета», зь якога, як сьцьвярджалася, забілі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. У праваахоўных органах яшчэ хапала людзей, прычым на высокіх пасадах, для якіх забойства палітычных апанэнтаў было непрымальным ні зь якіх пазыцый. Гэта да таго, што ў крытычнай сытуацыі падтрымка Лукашэнкі сілавікамі была б далёка не гарантаваная. Усё, што патрабавалася ад намэнклятуры, — правесьці выбары ў адпаведнасьці з законам. Аднак на гэта не хапіла рашучасьці (ня будзем ужо гаварыць пра такія высокія матэрыі, як клопат пра лёс Беларусі).
Пэўныя шанцы былі і ў часе так званага рэфэрэндуму 2004 году аб папраўках у Канстытуцыю, якія павінны былі зьняць абмежаваньні на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў для адной і той жа асобы.
Няма ніякага сумневу, што за тое, каб Лукашэнка заставаўся прэзыдэнтам пажыцьцёва, дзьве траціны грамадзян краіны не выступалі (для канстытуцыйнага рашэньня патрэбна ня простая (50% плюс адзін голас), а кваліфікаваная большасьць (ня менш за дзьве траціны галасоў).
У тым выпадку было дастаткова сумленна падлічыць галасы. Усё залежала ад намэнклятуры — работнікаў раённых і абласных выканкамаў, якія кантралявалі працу камісій на выбарчых участках і ў раённых выбарчых камісіях.
Абсалютна ўсё трымаць у сакрэце немагчыма, і ўжо тады зьяўлялася інфармацыя, што мясцовыя адказныя за галасаваньне (а лепш сказаць – за фальсыфікацыю) атрымалі добрую падтрымку сямейнага бюджэту. Вядома, што праца некаторых членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі была адзначана куды больш адчувальна — аж да правядзеньня іхных дзяцей у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
У наступныя гады сыстэма фальсыфікацый усё больш удасканальвалася – пры поўным спрыяньні чынавенства і пад усё больш шчыльным наглядам сілавікоў.
Не з народам
У 2020 годзе непрыманьне Лукашэнкі ў грамадзтве дасягнула апагею, найперш, вядома, з прычыны абразьлівай абыякавасьці да здароўя людзей падчас эпідэміі каранавірусу. Тычыцца гэта і стаўленьня да Лукашэнкі сярод чынавенства. Менавіта чыноўнікі на месцах бачылі рэальную жудасную карціну эпідэміі і ведалі, што ў якім-небудзь раёне колькасьць памерлых за адзін дзень значна перавышае лічбу, якую падаваў Менск па ўсёй краіне.
Менавіта мясцовым уладам, супрацоўнікам раённых ды абласных выканкамаў даводзілася ў экстраным парадку і ў надзвычайных умовах вырашаць масу пытаньняў, зьвязаных і з бракам месцаў у шпіталях, і з адсутнасьцю патрэбнага абсталяваньня. А потым зьбіраць па прадпрыемствах подпісы за Лукашэнку, выслухоўваючы ўсё тое, за што ў першай палове 2020-га яшчэ не арыштоўвалі.
Не хачу цяпер аналізаваць расклад палітычных ды электаральных інтарэсаў у выбарчай кампаніі (безумоўна, прысутнічалі там і інтарэсы Масквы). Адзначу толькі, што свайго прадстаўніка, умоўнага Румаса, намэнклятура як альтэрнатыву Лукашэнку ня вылучыла. У тым ліку і таму, што ўжо мала што вырашала, знаходзячыся пад поўным кантролем сілавых ведамстваў, асабліва спэцслужбаў.
У часе галасаваньня чынавенства спрацавала роўна гэтак, як і патрабаваў Лукашэнка: пайшло на маштабныя татальныя фальсыфікацыі. Будзем гаварыць адкрытым тэкстам: здрадзіўшы свайму народу (што праўда, ня першы ўжо раз).
Калі спэцслужбы былі пад кантролем
Пэрыяд пасьля жніўня 2020-га зафіксаваў поўнае падпарадкаваньне намэнклятуры спэцслужбам. Тое самае адбылося і ў Расеі — упершыню ў яе гісторыі. Ні пры царскай манархіі, ні пры камуністычным рэжыме тайная паліцыя не кіравала чыноўнікамі.
У СССР ВЧК-НКВД-КГБ падпарадкоўваліся партыйнаму апарату, прычым як на цэнтральным, так і на мясцовым узроўнях. Вось адметны фрагмэнт з кнігі Барыса Ельцына «Споведзь на зададзеную тэму», дзе ён апісвае эпізод у канцы 1970-х. Сцэна адбываецца ў кабінэце Ельцына, у той час першага сакратара Сьвярдлоўскага абкаму партыі. Іншыя ўдзельнікі — госьць з Масквы намесьнік старшыні КДБ СССР Уладзімір Піражкоў і начальнік мясцовага абласнога ўпраўленьня КДБ Юры Карнілаў.
«Сядзелі ў мяне ўтрох — я, Піражкоў, Карнілаў. Ішла спакойная гутарка, і Карнілаў між іншым сказаў, што ўпраўленьне КДБ працуе дружна з абкамам партыі. І раптам Піражкоў раўнуў: «Генэрал Карнілаў, устаць!». Той ускочыў, рукі па швах. Я таксама ў зьдзіўленьні. Піражкоў, чаканячы кожную фразу, вымавіў: «Засячыце сабе на носе, генэрал, ва ўсёй сваёй дзейнасьці вы павінны ня «дружна працаваць» з партыйнымі органамі, а вы абавязаны працаваць пад іх кіраўніцтвам, і толькі».
Адкуль у КДБ зьявіўся генэрал Піражкоў? З пасады другога сакратара Алтайскага крайкаму КПСС. А сам генэрал Карнілаў? Да таго, як начапіць пагоны, быў першым сакратаром райкаму. Ну а тагачасны старшыня КДБ Андропаў да таго, як зрабіўся гаспадаром Лубянкі, кім быў? Сакратаром ЦК КПСС.
З часоў Хрушчова на пасаду старшыні КДБ СССР прызначаліся выключна і толькі былыя партыйныя работнікі, ад Шалепіна да Чэбрыкава (з паўгадавым выключэньнем у 1982 годзе), палова намесьнікаў старшыні КДБ СССР былі сакратарамі абкамаў. Кожныя 5-7 гадоў праводзіліся «камсамольскія» і «партыйныя» «прызывы” у КДБ — адпаведны аддзел ЦК КПСС рупіўся, каб над «унукамі Дзяржынскага» быў па-бацькоўску клапатлівы, але пільны партыйны нагляд.
Магчыма, гэтая звычка Ельцына ўспрымаць чэкістаў як падначаленых, выпрацаваная яшчэ ў Сьвярдлоўскім абкаме, і адыграла фатальную ролю пры выбары пераемніка ў 1999-м. Ельцын не ўлічыў, што апарат КДБ толькі памяняў назву, мэтады ж засталіся старыя.
Затое зьявіліся новыя магчымасьці — можна было падграбаць пад сябе былую дзяржаўную маёмасьць. У гэтым захапляльным працэсе чэкісты хутка апярэдзілі чынавенства, а іхны стаўленік Пуцін стварыў чэкісцка-алігархічную сыстэму, якая ўзяла пад кантроль усю Расею і пачала аднаўленьне савецкай імпэрыі, толькі ўжо без усялякага кантролю.
У Беларусі працэс узыходжаньня людзей у пагонах меў свае асаблівасьці, але на сёньняшні дзень сытуацыя на расейскую вельмі падобная.
Мы, зразумела, ня можам апэраваць дакумэнтамі ці нарматыўнымі актамі, яны сакрэтныя, але ўсё сьведчыць пра тое, што беларускімі спэцслужбамі кіруюць з Масквы.
Ва ўсялякім разе, КДБ праводзіць палітыку «русского мира» і спаборнічае з ГУБАЗіКам у выпальваньні з грамадзкага жыцьця ўсяго, што можа спрыяць беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці.
Замест мясцовых — тамбоўскія
Што да чынавенства, дык паўтор сцэны, якая адбылася ў кабінэце кіраўніка Сьвярдлоўскай вобласьці, у кабінэце старшыні Магілёўскага ці Берасьцейскага аблвыканкамаў абсалютна не рэальны. Сёньня мясцовыя органы ўлады працуюць пад кіраўніцтвам КДБ ды іншых спэцслужбаў. Мне расказвалі, як другі-трэці па рангу чыноўнік у адной з абласьцей кінуўся выконваць распараджэньне мясцовага чэкіста далёка ня самага высокага ўзроўню.
Ужо даўно ніводнае прызначэньне на колькі-небудзь значную пасаду не адбываецца без узгадненьня з КДБ. Цяпер, наколькі вядома, чэкісты правяраюць чынавенства і членаў іх сем’яў на наяўнасьць прозьвішчаў у падпісных лістах за альтэрнатыўных кандыдатаў у часе прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году. З наступнымі «аргвысновамі», трэба думаць.
І, нарэшце, пытаньне: у якой ступені беларуская намэнклятура падтрымлівае незалежнасьць Беларусі ад Расеі? На пачатку 90-х у асноўным не падтрымлівала — як парлямэнцкая дэпутацкая большасьць, гэтак і апарат кебічаўскага Саўміну мелі выразна прарасейскія настроі.
Сёньня чынавенства разумее, што ў выпадку анэксіі Беларусі Расеяй на ключавыя пасады аж да райвыканкамаў уключна прыедуць людзі з Тамбоўскай, Яраслаўскай ці Кемераўскай губэрняў. Цалкам магчыма (і нават верагодна), што цёплыя крэслы зоймуць і вэтэраны «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», і нават вагнэраўцы — зь іх своеасаблівым успрыманьнем каштоўнасьці чалавечага жыцьця.
Мэнтальнасьць расейскага чыноўніка істотна адрозьніваецца ад мэнтальнасьці чыноўніка беларускага, ня кажучы ўжо пра апэтыты — у гэтай сфэры з часоў Салтыкова-Шчадрына не зьмянілася нічога.
Словам, пэрспэктыва апынуцца пад людзьмі з Тамбова ці Башкірыі магілёўскага ці полацкага чыноўніка не натхняе. Ды вось бяда — ніхто ў іх і пытацца ня будзе.
Нельга сказаць, каб настроі ў асяродзьдзі намэнклятуры зусім ня мелі значэньня, але значэньне гэтае зусім не такое, як было ў 1996 ці нават у 2004 годзе. Можна сьмела лічыць, што намэнклятура як асобная палітычная кляса ўжо не існуе. Яна гэтак жа сама падпарадкаваная і падкантрольная сілавікам, як, напрыклад, настаўнікі, на якіх ускладаецца пэўная місія падчас выбарчых кампаній, альбо тыя, каго раней было прынята лічыць «рабочай клясай». Ад сёньняшняй намэнклятуры ўжо сапраўды мала што залежыць.
Тых жа асобных чыноўнікаў, якія адважваюцца праявіць грамадзянскую пазыцыю, чакаюць ужо ня проста звальненьні, як дзесяць ці дваццаць гадоў таму, а кувалда рэпрэсій, якія робяцца ўсё больш маштабнымі ды бязьлітаснымі.
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ