Таксама дакументы падалі камуністычная и ліберальна-дэмакратычная партыі, «Справядлівы свет»і «Зялёныя». Але апошнія не адправілі ў Мінюст спіс сваіх сяброў, таму іх заяўку адмовіліся разглядаць з-за нібыта няпоўнага пераліку прадстаўленых дакументаў. Раней кіраўнік ведамства Сяргей Хаменка заяўляў, што ў краіне замест 15 застануцца 3-4 партыі.
Між тым чатыры дэмакратычныя беларускія партыі заявілі аб намеры працягнуць працу незалежна ад таго, які статус яны будуць мець у Беларусі. Такія планы агучылі на сумеснай прэс-канферэнцыі прадстаўнікі БНФ, АГП, «Зялёных» і БСДП («Грамада»).
Чаму партыі пайшлі на такі крок, і што дасць ім працяг дзейнасці ў эміграцыі? Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Класкоўскім.
— Як ні парадаксальна, але, мяркую, прадстаўнікі партый, што ладзілі прэс-канферэнцыю ў Вільні, маюць рацыю, — зазначае аналітык, — у тым сэнсе, што ў сённяшняй палітычнай сітуацыі вялікай розніцы няма: ці зарэгістраваныя партыі фармальна, ці не. Таму што рэальна працаваць у легальным полі ім усё адно не даюць, сама апазіцыйная дзейнасць сёння крыміналізаваная.
Аляксандр Класкоўскі нагадвае, што многія лідары і актывісты апазіцыйных партый і ініцыятыў вымушаныя былі пакінуць краіну праз пераслед, а некаторыя знаходзяцца за кратамі — такія, як Рыгор Кастусёў, Мікалай Казлоў, Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Андрэй Дзмітрыеў, Віктар Бабарыка.
Зрэшты, і да 2020 года нармальнай палітычнай сістэмы ў Беларусі не было, сцвярджае аналітык.Так, існавала 15 палітычных партый, з іх блізу паловы — апазіцыйныя, але не існавала ўмоваў для іх паўнавартаснай, цывілізаванай дзейнасці, як гэта адбываецца ў заходніх дэмакратыях: ані выбараў па партыйных спісах, ні рэальнай магчымасці прадстаўнікам гэтых партый быць абранымі ў парламент.
— Дый розніца паміж ідэалогіямі розных партый, кладучы руку на сэрца, шараговым беларусам была не вельмі зразумелая, — гаворыць Аляксандр Класкоўскі. — Лукашэнка на гэтым спекуляваў: маўляў, якія выбары па партыйных спісах, калі людзі не ведаюць пра існаванне тых партый? І насамрэч, нават незалежная сацыялогія, пакуль яна існавала ў Беларусі, паказвала невысокую папулярнасць апазіцыйных партый.
Іншая рэч, што Лукашэнка гаварыў толькі палову праўды, а другая палова палягала ў тым, што менавіта рэжым здушваў актыўнасць партый, не даваў ім базавых умоваў для прасоўвання сваіх ідэй, палітычнай канкурэнцыі. Цяпер жа, калі рэжым, паводле ацэнак многіх аналітыкаў, пераходзіць ужо ў таталітарную фазу, само існаванне апазіцыйных партый крыміналізуецца, абсяг іх дзейнасці зводзіцца да нуля.
Яшчэ адна важная акалічнасць, звяртае ўвагу эксперт, прапісаная ў самім новым законе аб партыях:
— Калі казаць простымі словамі, то праграмы і дзейнасць усіх партый мусяць адпавядаць рашэнням Усебеларускага народнага сходу. І гэта ў прынцыпе робіць карыкатурным усё партыйнае жыццё Беларусі. Бо сэнс існавання партый —прасоўванне сваіх праграм, якія могуць акурат кантраставаць з сённяшняй кіроўнай лініяй, барацьба за ўладу, палітычная канкурэнцыя.
А калі ўсе партыі, паводле закону, павінны ісці ў рэчышчы так званай генеральнай лініі, адлюстроўваць палітыку кіроўнай вярхушкі — то які ў іх сэнс? Атрымліваецца, што гэта бутафорскія структуры — урэшце, менавіта гэтага рэжым і хоча дамагчыся.
Але паспрабуем уявіць, кажа суразмоўца, што спраўджваецца неверагоднае — нейкая апазіцыйная партыя падае ў Мінюст дакументы, у якіх пазначаны мінімум пяць тысяч сяброў і пададзены іх поўны спіс — з імёнамі, прозвішчамі, адрасамі, тэлефонамі і г.д. Пры тым, што, як звяртаюць увагу лідары дэмакратычных партый, само гэта патрабаванне супярэчыць закону аб абароне персанальных звестак— то бок улада не выконвае ўласныя ж законы.
Аднак калі нейкая партыя пройдзе праз сіта патрабаванняў улад і падгоніць сваю праграму пад рашэнні УНС, яна перастане быць апазіцыйнай, ператворыцца ў «Белую Русь-2» ці нешта накшталт таго. Так што і гэты шлях, падкрэслівае Аляксандр Класкоўскі, заганны і тупіковы.
— Таму натуральным ёсць рашэнне гэтых партый працягваць сваю дзейнасць незалежна ад афіцыйнай рэгістрацыі, — дадае аналітык.
— Дзеля чаго тады яны ўсё ж робяць гэту, як можа падацца, сізіфаву працу — складаюць пакет дакументаў і адсылаюць яго ў Міністэрства юстыцыі? Думаю, што гэта збольшага рытуальныя дзеянні, але усё ж з сэнсам.
Абвяшчаць пра самароспуск, фармальна ставячы ўласнымі рукамі крыж на сваім дзецішчы,— гэта псіхалагічна, маральна цяжка, недапушчальна з гледзішча кіраўніцтва і актыву. Такім чынам яны паказваюць: мы змагаліся да апошняга, аднак рэжым канчаткова закрыў легальныя магчымасці далей дзейнічаць у Беларусі.
Потым, як гаварыў, у прыватнасці, прадстаўнік партыі «Зялёныя», яны хочуць дайсці ў аспрэчванні гэтага чаканага рашэння Мінюста да Вярхоўнага суда. Мяркую, прадстаўнікі іншых партый таксама трымаюць у галаве, што варта прайсці афіцыйныя інстанцыі, атрымаць адмовы на ўсіх узроўнях, — але ўсё гэта застанецца ў гісторыі, і пры змене ўлады, у новай Беларусі, можна будзе прадставіць архіўны стос дакументаў і мець, сярод іншага, юрыдычныя падставы аднавіць сваю дзейнасць.
Што да практычнай дзейнасці партый — дэ-факта яна перамяшчаецца ў палітычную эміграцыю, зазначае Аляксандр Класкоўскі. Заявы некаторых прадстаўнікоў апазіцыйных партый аб працягу дзейнасці ў Беларусі ён лічыць хутчэй момантам бравады і піяру.
У цяперашніх умовах магчымасці легальнай працы нулявыя, а станавіцца на шлях падпольнай барацьбы — «гэта не зусім партыйная справа, пад гэта заточаны іншыя структуры праціўнікаў рэжыму — ваенізаваныя, з акцэнтам на сілавы складнік, але тое ўжо з іншай оперы». Ды і ахвотнікаў так рызыкаваць унутры краіны ў сённяшніх умовах багата не набярэцца.
У эміграцыі ж, на думку эксперта, важна не страціць сам партыйны брэнд, хай сабе ў згорнутым выглядзе, захаваць арганізацыйную структуру — кіроўныя органы, частку актыву, — каб у перспектыве ў новых палітычных умовах як мага хутчэй аднавіць сваю дзейнасць.
— І гэта не проста сімвалічныя крокі, —рэзюмуе Аляксандр Класкоўскі, — бо сапраўды, як гучала на прэс-канферэнцыі, можна забараніць тую ці іншую партыю, але знішчыць адпаведныя ідэі нельга.
Мы ўбачылі ў 2020 годзе, як шмат ёсць людзей, хто супраць цяперашняй — прымітыўнай, жорстка-аўтарытарнай сістэмы, хто хоча іншай будучыні для нашай краіны. Таму ідэі змены грамадскага ладу, дэмакратычнай і вольнай Беларусі — будуць жыць.
КОММЕНТАРИИ
ОБСУДИТЬ ПРАВИЛА КОММЕНТИРОВАНИЯ