26 жніўня 2026 года на Святой Зямлі пасля цяжкай анкалагічнай хваробы памёр грэка-каталіцкі святар Ігар Кандрацьеў. Яму было 67 гадоў. Але галоўнае ў ягонай гісторыі не дата смерці, а тое, што ён паспеў зрабіць за жыццё.
Больш за тры дзесяцігоддзі яго служэння ў Беларусі сталі часткай гісторыі адраджэння грэка-каталіцкай царквы, развіцця беларускамоўнага рэлігійнага жыцця і дапамогі людзям, якія апынуліся ў бядзе.
Ствараў царкву, якая была патрэбная людзям
У 1995 годзе Ігар Кандрацьеў прыехаў у Беларусь з Расіі. Ён хутка вывучыў беларускую мову, якая стала для яго не проста сродкам зносін, а важнай часткай царкоўнага служэння.
Святар спрычыніўся да стварэння грэка-каталіцкіх парафій і супольнасцяў у Брэсце, Івацэвічах, Баранавічах, Пінску, Слоніме і Астраўцы.
Ён займаўся будаўніцтвам душпастырскіх цэнтраў, развіццём міжканфесійнага дыялогу, распаўсюджваў беларускія пераклады Бібліі. З 1996 года ўзначальваў рэдакцыю газеты «Царква», якая распавядала пра рэлігійнае жыццё і захаванне грэка-каталіцкай традыцыі.
Але сапраўдную сутнасць яго служэння асабліва добра паказвала дапамога тым, хто не меў ні ўлады, ні абароны.
У 2017–2018 гадах брэсцкая грэка-каталіцкая парафія дапамагала чачэнскім уцекачам, якія апынуліся на беларуска-польскай мяжы. Для гэтых людзей, што шукалі бяспекі, падтрымка рэлігійнай супольнасці мела цалкам практычнае значэнне.
Айцец Ігар не дзяліў людзей на сваіх і чужых паводле нацыянальнасці ці веравызнання. Ён бачыў перадусім чалавека, якому патрэбная дапамога.
Калі спатрэбілася абараніць людзей ад улады
Жнівень 2020 года стаў асаблівай старонкай жыцця святара. Пасля прэзідэнцкіх выбараў і жорсткіх затрыманняў у Брэсце Кандрацьеў штодня выходзіў на вуліцы. Размаўляў з удзельнікамі мірных акцый, падтрымліваў жанчын, якія чакалі сваіх мужоў і сыноў каля ізалятараў, маліўся разам з людзьмі.
Ён спрабаваў размаўляць нават з міліцыянерамі і супрацоўнікамі АМАПа. 16 жніўня 2020 года на шматтысячнай сустрэчы берасцейцаў з тагачасным старшынёй гарвыканкама Аляксандрам Рагачуком святар публічна заклікаў вызваліць затрыманых.
Калі чыноўнік пачаў займацца пытаннем іх вызвалення, айцец Ігар пайшоў да ізалятара. Там ён правёў усю ноч, пакуль не выйшлі апошнія затрыманыя. Гэта той выпадак, калі святар не абмежаваўся словамі спачування.
У лістападзе 2020 года Кандрацьеў адслужыў літургію за супакой забітага Рамана Бандарэнкі. Падчас набажэнства маліліся таксама за Беларусь, зняволеных і людзей, пераследаваных за іх погляды.
Калі ўлада забываецца, каму павінна служыць
У інтэрв’ю «Брэсцкай газеце» ў жніўні 2020 года Кандрацьеў разважаў пра вядомае біблейскае сцвярджэнне, што ўсякая ўлада ад Бога. Ён тлумачыў, што ўлада сапраўды можа быць Божым дарам, але гэты дар прызначаны для служэння людзям, а не для іх запалохвання ці прыгнёту.
На думку святара, калі кіраўнік выкарыстоўвае ўладу дзеля сябе, арганізуе рэпрэсіі і тэрор, ён ператвараецца ва ўзурпатара. У Святым Пісанні ёсць словы, якія асабліва сугучныя гэтай пазіцыі.
У Дзеях Апосталаў (5:29) сказана:
«Трэба слухацца Бога больш, чым людзей».
А ў Другім пасланні апостала Паўла да Карынцянаў (11:14–15) ёсць папярэджанне:
«І не дзіва, бо паколькі сам сатана ўдае з сябе анёла святла, то і слугі яго ўдаюць слугаў справядлівасці».
Гэтыя біблейскія радкі нагадваюць пра важную рэч: ні высокая пасада, ні гучныя заявы пра маральнасць не робяць чалавечыя ўчынкі праведнымі. Пра чалавека трэба меркаваць па тым, што ён робіць. І менавіта ўчынкамі айцец Ігар паказваў сваё разуменне хрысціянскай веры.
Ад Сібіры да Брэста. Жыццёвы шлях і пераслед
Ігар Кандрацьеў нарадзіўся 5 сакавіка 1959 года ў Сібіры ў сям’і рэпрэсаваных. Ягоныя продкі паходзілі з Беларусі, сярод іх былі святары і іканапісцы. Ён атрымаў мастацкую і архітэктурную адукацыю, займаўся рэстаўрацыяй храмаў і іканапісам. Яшчэ ў савецкія часы ўдзельнічаў у распаўсюдзе Бібліі.
У 1988 годзе быў рукапакладзены ў святары. Спачатку служыў у Расіі, а з 1995 года працягнуў служэнне ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве. Значная частка яго жыцця была звязаная з Брэсцкай вобласцю.
Пасля падзей 2020 года Кандрацьеў сутыкнуўся з ціскам. Пракуратура вынесла яму афіцыйнае папярэджанне, улады пагражалі праблемамі з рэгістрацыяй рэлігійнай супольнасці.
Святар патрапіў пад рэпрэссіі
2 лістапада 2022 года сілавікі прыехалі ў грэка-каталіцкі храм у Брэсце і затрымалі святара перад вячэрнім набажэнствам. У той жа дзень затрымалі і рэдактара газеты «Царква» Ігара Бараноўскага. У доме святара і царкоўных памяшканнях правялі вобшукі.
4 лістапада суддзя Андрэй Грушко прызначыў Кандрацьеву 12 сутак адміністрацыйнага арышту. Справу звязвалі з абвінавачваннем у распаўсюдзе матэрыялаў, прызнаных беларускімі ўладамі «экстрэмісцкімі».
Пасля вызвалення святар вярнуўся да набажэнстваў. У 2023 годзе ён пакінуў Беларусь. Апошнія гады жыў на Святой Зямлі, дзе змагаўся з анкалагічнай хваробай.
Ужо пасля яго ад’езду ўлады ліквідавалі грэка-каталіцкую парафію Святых братоў апосталаў Пятра і Андрэя ў Брэсце, якую ён шмат гадоў узначальваў. 9 красавіка 2026 года Вярхоўны суд адхіліў скаргу парафіі на рашэнне аб ліквідацыі.
Чалавек сыходзіць. Яго справы застаюцца
У 2020 годзе айцец Ігар выказваў надзею дажыць да часу, калі Беларусь атрымае справядлівую і сумленную ўладу. Не дажыў. Але за сваё жыццё паспеў зрабіць тое, што не вымяраецца пасадамі, узнагародамі ці афіцыйным прызнаннем.
Ён дапамагаў адраджаць рэлігійныя супольнасці, падтрымліваў беларускую мову, клапаціўся пра людзей, суцяшаў сем’і затрыманых і не баяўся патрабаваць ад чыноўнікаў чалавечага стаўлення да людзей.
Ё казаў, што ўлады могуць ліквідаваць юрыдычную асобу рэлігійнай арганізацыі, закрыць парафію, пазбавіць яе рэгістрацыі. Але судовым рашэннем немагчыма скасаваць дапамогу, якую чалавек ужо аказаў іншым.
Мабыць, гэта і ёсць галоўная спадчына айца Ігара Кандрацьева. Ён паказаў, што служэнне Богу не патрабуе паслухмянасці перад несправядлівасцю, а вера без чалавечнасці рызыкуе ператварыцца ў пустую абраднасць.
